Вы тут

Ці магчыма вырасціць арэхі на ўласных сотках?


Многія культуры, якія раней патрабавалі ад садавода віртуознага валодання агратэхнічнымі навыкамі, сёння паспяхова растуць і даюць ураджай і ў нашых шыротах.


Ужо нікога не здзіўляюць «уласныя» дыні і кавуны, ды нават персікі і абрыкосы «абжыліся» ў Беларусі. Сёння ў модзе ў садаводаў-аматараў — арэхаплодныя культуры. І гэта зразумела: арэхі любяць і дзеці, і дарослыя. Старадаўнія медыцынскія трактаты называлі арэхі «эліксірам жыцця». Сучасная медыцына пацвярджае іх карысць для здароўя: у коле сям’і вам будуць удзячныя за працу і клопат. Ды і такі «цуд», як уласны ўраджай арэхаў, не застанецца незаўважаны суседзямі…

— Клімат змяняецца, і гэта адкрывае магчымасці для цэлага шэрагу культур, — адзначае намеснік дырэктара па інавацыйнай рабоце РУП «Інстытут пладаводства» Віталь Васеха. — З’яўляюцца новыя культуры і ў садаводстве. Шырока распаўсюджваюцца ў Беларусі вінаград, персік, абрыкосы і ў апошнія гады фундук.

Работа на перспектыву

Ідэя сабраць калекцыю сартоў фундуку ў беларускіх селекцыянераў узнікла ў 2014 годзе, расказаў вучоны. Пазней з’явіліся і энтузіясты-практыкі, якія захацелі паспрабаваць вырошчваць гэтую культуру на даволі значных плошчах. Піянерам вырошчвання фундуку ў нашай краіне стаў «Вязавецкі сад» — пад Маладзечнам былі закладзены 75 га арэхавых плантацый.

— Гэты шлях мы пачалі разам, — адзначае Віталь Валер’евіч. — Трэба было выбраць сарты, таму што ў той час уласнай селекцыі яшчэ не было, распрацаваць базавую тэхналогію. У выніку аналітычнай работы спыніліся на трох сартах: «Каталонскі», «Барселонскі» і «Касфорд». Яны, так бы мовіць, у тым ліку і народнай селекцыі, бо вядомыя больш за сто гадоў і правераны часам. Да таго ж нядрэнна растуць у краінах з падобным да Беларусі кліматам. Выпрабавалі гэтыя сарты праз дзяржаўную сістэму сортавыпрабавання, уключылі ў дзяржрэестр, і першая пасадка адбылася ў 2017 годзе.

Сёння ў людзей, якія захапляюцца садоўніцтвам, высокая цікавасць да арэхаплодных культур, канстатуе Віталь Васеха. І ў першую чаргу — менавіта да фундуку.

— Па стане на пачатак мінулага года ў Беларусі ўжо было больш за 100 га плантацый фундуку, — распавядае суразмоўца. — Зразумела, што ў прыватнікаў гэта невялікія плошчы, да 5 га, але дадзенай культурай усё часцей цікавяцца як фізічныя асобы, так і індывідуальныя прадпрымальнікі, фермерскія гаспадаркі розных форм уласнасці. Закладваюць арэхавыя сады. Мы працуем сумесна, распрацоўваем тэхналагічныя прыёмы, адпрацоўваем іх непасрэдна ў вытворчасці. Створаны рэгламент для маладога саду: як выбіраць участак, якія сарты закладваць, якія патрэбны ўгнаенні і базавыя аперацыі першыя 5–6 гадоў догляду арэхаплодных культур.

Калі вы вырашылі вырошчваць арэхі, важна разумець, што гэта «гульня ў доўгую», кажа навуковец. Пладаносіць вашы насаджэнні пачнуць толькі праз 5-6 гадоў. Першыя ўраджаі, вядома, можна атрымаць і раней, але аддачу зможаце адчуць толькі на шосты, а то і на сёмы-восьмы год.

— У цэлым, для арэхаплодных характэрна даволі позняе ўступленне ў плоданашэнне, — кажа Віталь Васеха. — І фундук якраз раней за іншыя дае ўраджай. Хоць у параўнанні са звыклымі нашымі пладовымі культурамі — яблыняй, слівай, вішняй — многім здаецца, што шэсць—восем гадоў — тэрмін доўгі.

Варта ўлічваць і перспектыву: арэхавая плантацыя (нават калі гэта 2-3 кусты на вашым дачным участку) закладваецца гадоў на 40–50, не менш.

Для фермераў і дачнікаў

Сёння ў Беларусі ёсць сарты фундуку ўласнай селекцыі, а таксама шэраг раяніраваных у нашай краіне сартоў ад замежных селекцыянераў. Гэта найперш тыя тры сарты, з якіх усё пачыналася — «Каталонскі», «Барселонскі» і «Касфорд».

— Яны прайшлі ацэнку па цэлым шэрагу паказчыкаў, нядрэнна пераносяць нашы кліматычныя ўмовы. Больш за тое, ёсць энтузіясты, якія заклалі насаджэнні гэтых сартоў нават у Расонскім раёне Віцебскай вобласці, на самай поўначы Беларусі. Мы назіраем за гэтай плантацыяй, і пакуль расліны нядрэнна сябе адчуваюць.

Паралельна была распачата селекцыйная работа, створаны два ўжо шырокавядомыя беларускія сарты: «Яшма» і «Лал».

— Сёння яны ўключаны ў дзяржрэестр, і мы актыўна працуем над развіццём матачнай базы, каб ужо ў 2025 годзе можна было ў поўным аб’ёме забяспечыць пасадачным матэрыялам насельніцтва, — расказвае Віталь Васеха.

У 2022 годзе ў нашай краіне быў створаны яшчэ адзін сорт фундуку, які атрымаў імя «Аркадий». Пакуль ён знаходзіцца на сортавыпрабаванні. Фундук — ветраапыляльная культура. На адной расліне закладваюцца і мужчынскія, і жаночыя кветкі. Мужчынскія — гэта «каташкі», жаночыя ж, калі не прыглядацца, можна і не заўважыць — настолькі яны не кідаюцца ў вочы ў адрозненне ад кветах іншых садовых дрэў. Многія сарты фундуку могуць быць самаапыляльнымі, але для высокіх ураджаяў усё ж лепш, калі на ўчастку ёсць добры апыляльнік. Сорт «Касфорд», напрыклад, якраз і з’яўляецца такім апыляльнікам. А айчынны сорт «Яшма» валодае такой уласцівасцю, як самаплоднасць — у гады, калі выпадаюць дажджы і вільготнасць паветра высокая, гэты рэзервовы механізм дазваляе ўсё ж атрымаць ураджай. Хоць перакрыжаванае апыленне заўсёды больш прадукцыйнае.

— Задзел ёсць і ў гэтым кірунку: плануем да 2027 года вылучыць новы сорт і перадаць яго на сортавыпрабаванне. Акрамя іншых каштоўных якасцяў, ён будзе валодаць яшчэ і самаплоднасцю, — падкрэсліў суразмоўнік.

Алгарытм ураджаю

Такім чынам, вы — садоўнік-аматар і вырашылі сёлета пасадзіць на сваіх сотках фундук. Калі памеры ўчастка дазваляюць, высаджваем пяць саджанцаў: апыляльнік і яшчэ чатыры расліны. Суадносіны адзін да чатырох навукоўцы называюць аптымальным. На невялікім дачным участку можна абысціся і двума кустамі. Апыляльнік садзім, зразумела, з падветранага боку.

Вельмі важна пакінуць дастатковую плошчу пад вашу арэхавую плантацыю.

— У ідэале ад ужо існуючых пасадак я рэкамендаваў бы адступіць не менш за пяць метраў, а лепш — шэсць. І паміж раслінамі фундуку пакінуць такую ж адлегласць, — кажа спецыяліст.

Плошча, якую варта адвесці пад фундук, залежыць ад таго, як вы плануеце яго ўтрымліваць, дадае ён. Штамбавая форма (у выглядзе дрэва) патрабуе большых выдаткаў, затое меншай плошчы, чым кустовая.

— На маленькім участку можна пасадзіць кусты шчыльней, адступіўшы чатыры метры ад ужо наяўных насаджэнняў, — раіць Віталь Васеха. — Але тады варта спыніцца менавіта на штамбавай форме вырошчвання фундуку. Важна ўлічваць, што фундук — расліна моцнарослая, і калі галіны пачнуць змыкацца, гэта можа скласці складанасці з ахоўнымі мерапрыемствамі і апрацоўкамі раслін. А ў цэлым для садаводаў-аматараў гэта не занадта складаная культура, і, думаю, пры жаданні атрымаць на сваім участку ўраджай арэхаў цалкам рэальна.

Пасадка саджанцаў дапушчальная і ўвесну (красавік), і ўвосень (кастрычнік).

— Расліна даволі патрабавальная да вільгаці і не любіць перасушаную глебу. Таму вясной фундук садзім, як толькі зямля адтала, — кажа спецыяліст. — Пры пасадцы неабходны паліў: хоць бы 10 літраў на адну расліну. Так вы насычаеце прыствольнае кола вільгаццю і забяспечваеце максімальны кантакт каранёў з зямлёй.

Важна правільна абраць месца для «навасёла» на вашым участку.

— Не падыходзяць месцы, дзе вы заўважалі застой вады пасля дажджоў. Гэтая культура любіць вільгаць, але блізкае заляганне грунтавых вод дрэнна адбіваецца на фундуку, — тлумачыць Віталь Васеха. — Калі ёсць (гэта відаць па раслінах-індыкатарах, такім як хвошч) моцна закісленыя ўчасткі, яны таксама пад фундук не падыходзяць: лепш спачатку ўнесці даламітавую муку, таму што гэтая культура аддае перавагу глебам, блізкім да нейтральных.

Пры пасадцы неабходны ўгнаенні. Калі глебу садавод рыхтаваў загадзя, то фосфар і калій у яе ўжо ўнёс. Але калі глеба не падрыхтаваная, можна гэтыя ўгнаенні ў невялікай колькасці проста змяшаць з грунтам, якім і засыпаць саджанец.

— Што да азоту, парэкамендаваў бы ў першы год не перакормліваць фундук. Тыя 50–80 г азотных угнаенняў, якімі плануеце падкарміць расліну, лепш падзяліць на тры часткі. Першую частку ўнесці адразу пасля таго, як расліна прымецца і пачне распускацца ліст, наступныя — з інтэрвалам у два-тры тыдні. Важна, каб ваша апошняя падкормка была не пазней за сярэдзіну ліпеня: інакш можна прастымуляваць другасны рост, і расліна не зможа падрыхтавацца да зімы. Фундук добра адгукаецца на калій. Увосень, падчас лістапада, варта ўнесці калійнае ўгнаенне ў прыствольнае кола пад рыхленне глебы. Можна выкарыстоўваць хлорысты калій, але лепш — сульфат калію.

Пабудаваць дом, пасадзіць дрэва

Грэцкі арэх усё яшчэ ўспрымаецца ў нашых шыротах экзотыкай, хоць гэта расліна ўжо прыжылася ў клімаце сучаснай Беларусі. Расліна дастаткова непатрабавальная, можа развівацца і пладаносіць практычна па ўсёй тэрыторыі нашай краіны, сцвярджаюць навукоўцы.

— Цікавасць да гэтай культуры вялікая, плантацый таксама шмат, не адзін дзясятак гектараў: яны ёсць у Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях, — распавядае намеснік дырэктара Інстытута пладаводства. — Вырошчваюцца і беларускія сарты грэцкага арэха, і французскія. Хоць гэта культура яшчэ пазней уступае ў плоданашэнне.

Здавалася б, грэцкі арэх — не самы відавочны выбар для беларускіх садаводаў-аматараў, дачнікаў або фермераў. І ўсё ж попыт на саджанцы гэтай культуры высокі, як і на ўраджай.

Грэцкім арэхам як культурай у Інстытуце пладаводства займаюцца даволі даўно, расказвае Віталь Васеха. Гэтую работу пачаў яшчэ ў 1980–1990-х гадах знакаміты беларускі селекцыянер Рамуальд Эдуардавіч Лойка. Потым на нейкі час аб культуры прызабылі. Цікавасць да яе вярнулася ў 2010 годзе. Тады і былі створаны два беларускія сарты — «Памяць Мінава» і «Самахвалавіцкі-2».

— Абодва сарты прайшлі сортавыпрабаванні і ў 2012 годзе былі ўнесены ў дзяржаўны рэестр. Яны добра выспяваюць у нашым клімаце, перажываюць нават моцны мінус зімой, вобласць допуску ў іх — уся Беларусь, — падкрэслівае вучоны.

Іншая справа, што для таго, каб атрымаць пасадачны матэрыял гэтай культуры ў нашых шыротах, неабходны лабараторныя ўмовы.

— Прышчэпа вырошчваецца загадзя і выкопваецца, а прышчэпка робіцца толькі ў кантраляваных умовах, зімой, — тлумачыць навуковец. — Атрыманне саджанцаў грэцкага арэха класічным спосабам — акуліроўкай у поле, як мы размножваем пладовыя культуры, — немагчымае: у нас недастатковая колькасць дзён з сярэднясутачнай тэмпературай вышэй за +15 градусаў.

Грэцкія арэхі самаапыляльныя. Ім падыходзяць тыповыя беларускія глебы, і ў цэлым гэты арэх не такі капрызны, як фундук. Але ў выпадку, калі вы вырашылі вырошчваць на сваім участку гэтую культуру, яшчэ важней, чым з фундуком, правільна разлічыць плошчу для расліны.

Грэцкі арэх — высокае дрэва і, хоць расце не хутка, раней ці пазней пачне зацяняць ваш сад і агарод. Магутная каранёвая сістэма справакуе канкурэнцыю за харчаванне з каранямі пладовых раслін. У прамысловых пасадках на кожнае дрэва рэкамендуецца пакідаць ад 8 да 10 метраў. Трэба падумаць, куды вы паселіце саджанец, які ў перспектыве стане вялікім і магутным дрэвам і будзе цешыць ураджаем вашых дарослых унукаў, а можа, і праўнукаў.

Зрэшты, іншых складанасцяў з грэцкім арэхам у садавода, хутчэй за ўсё, не ўзнікне.

— Культура любіць лёгкія глебы, — адзначае Віталь Васеха. — Азот у пасадачную яму дадаваць не трэба — ні арганікі, ні ў форме мінеральнага ўгнаення. У далейшым можна падкормліваць расліну на працягу сезона пазакаранёвымі падкормкамі па лісці, не ўносячы азот пад корань. Пры пасадцы варта ўнесці фосфарна-калійныя ўгнаенні ў глебу.

Вырошчванне фундуку і грэцкага арэха на дачных і прысядзібных участках з цягам часу становіцца ўсё больш папулярным. Ну, а самыя адважныя эксперыментатары ўжо замахнуліся нават на такую паўднёвую культуру, як міндаль. Праўда, пакуль беспаспяхова.

— На Гомельшчыне і Брэстчыне некаторыя асобныя садоўнікі-аматары, цалкам магчыма, спрабуюць вырошчваць гэтую культуру, — адзначае спецыяліст. — Некалькі гадоў таму мы прывезлі з Гомельскай вобласці, з экспедыцыі, куст міндаля. Ён пратрымаўся ў нас у калекцыі да 2021 года. Праўда, не пладаносіў. Але лютаўскіх замаразкаў, якія былі ў 2021 годзе, не перажыў. Наш клімат не падыходзіць для вырошчвання гэтай цеплалюбівай культуры, нават з улікам глабальнага пацяплення ён пакуль не настолькі змяніўся.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Эліксір жыцця

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.