Вы тут

Сёлета пасяўныя работы па некаторых пазіцыях выконваюцца ў тры разы хутчэй


Сяўба сёлета пачалася на два тыдні раней у сувязі з кліматычнымі ўмовамі, таму і тэмпы работ дастаткова нядрэнныя. Як адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання краіны Уладзімір Гракун, паўднёвыя рэгіёны скончаць гэтую работу яшчэ да канца тыдня. Ставіцца задача ў найбліжэйшыя 7–8 дзён падысці да завяршэння сяўбы гэтых ранніх культур і перайсці да яравога рапсу, а пасля прыступіць да кукурузы, каб да 9 мая завяршыць усе пасяўныя работы. Дарэчы, у краіне ўжо пачалі сеяць лён і цукровыя буракі.


У сяўбе ўдзельнічаюць 35 тысяч трактароў, у тым ліку 6,8 тысячы энерганасычаных агрэгатаў, 2,6 тысячы камбінаваных глебаапрацоўчых машын і прыкладна столькі ж камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных, 1,8 тысячы сеялак, 8 тысяч машын для ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў.

Дастаткова і паліва. Цяпер у ёмістасцях маецца васьмідзённы запас. Пры неабходнасці паліва будзе закупляцца за кошт уласных сродкаў і крэдытных рэсурсаў па спецыяльнай цане без акцызаў.

Тэмпы сяўбы ўжо значна перавышаюць узровень 2023-га. Па некаторых пазіцыях работы выконваюцца ў тры разы хутчэй. Так, раннія збожжавыя і зернебабовыя ўжо пасеяны на палове запланаваных плошчаў. 

У лідарах — Брэсцкая, Мінская і Гродзенская вобласці. Пры выкарыстанні толькі камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў работу на працягу дня можна выконваць на 70 тысячах гектараў, а з дадатковымі сеялкамі — на 92 тысячах гектараў.

Уладзімір Гракун лічыць, што сёння ў сярэднім тэмп сяўбы складае 5%, пры гэтым асобныя рэгіёны — Мінская, Магілёўская вобласці, якія засяваюць 7–9% плошчаў штодня. Сёлета аграрыі павінны правесці сяўбу яравых культур на плошчы 2,3 мільёна гектараў. З іх 945 тысяч гектараў будзе займаць клін збожжавых культур. З іх 623 гектараў — раннія збожжавыя, зернебабовыя культуры.

Для правядзення работ у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны ёсць усе неабходныя рэсурсы, каб у выніку атрымаць ад зямлі добрую аддачу. Уладзімір Гракун, у прыватнасці, адзначыў, што назапашванне мінеральных угнаенняў ідзе на ўзроўні мінулага года, але да канца мая плануюць павялічыць іх аб’ём да 115%.

У Беларусі працуюць чатыры заводы, якія займаюцца сродкамі абароны, і яны цалкам забяспечваюць гаспадаркі пратручвальнікамі і гербіцыдамі. Вельмі важна правесці ў аптымальныя тэрміны хімічныя праполкі і ахоўныя мерапрыемствы ад шкоднікаў. Ад гэтага таксама будзе залежаць ураджай.

Плануецца сабраць 10 мільёнаў тон збожжа і 1,2 мільёна тон бульбы «У гэтым годзе задача ўсіх сельскагаспадарчых арганізацый — правесці гэтыя работы якасна і ў аптымальныя тэрміны, тым больш у Год якасці, — адзначыў Уладзімір Гракун. — Мы павінны атрымаць запланаваныя аб’ёмы прадукцыі — гэта больш за 10 мільёна тон збожжа, уключаючы крыжакветныя культуры, 1,2 мільёна тон бульбы, 55 тысяч тон ільновалакна».

Летась Мінсельгасхарч паведамляў пра ўраджай 828 тысяч тон бульбы, і тады адзначаўся рост на 5%. Сёлета пад гэту культуру ў сельскагаспадарчых арганізацыях адвядуць 16 тысяч гектараў.

Куды накіруюць бульбу? Па словах намесніка міністра, чвэрць усяго ўраджаю (300 тысяч тон) закладваецца ў насенны фонд. Асобна ён адзначыў якасць насеннага матэрыялу. Гэта гатункі вышэйшай рэпрадукцыі: эліта і суперэліта. Уладзімір Гракун заявіў, што да 800 тысяч тон бульбы восенню закладваецца ў сховішчы, каб забяспечыць як экспартныя пастаўкі практычна да наступнага ўраджаю, так і ўнутраныя патрэбы ў той жа тэрмін.

«Пад 400 тысяч тон бульбы мы плануем прадаць за межы краіны», — расказаў прадстаўнік Мінсельгасхарча. І для ўнутранага спажывання беларусам застаецца столькі ж. Таксама 50 тысяч тон прадукту сыдзе ў стабілізацыйныя фонды. Летась на гэтыя патрэбы адправілі толькі 48 тысяч тон бульбы. І цалкам хапіла. Акрамя таго, ураджай пладоў і ягад чакаецца ў аб’ёме 225 тысяч тон, а гародніны — 569 тысяч тон.

Што па азімых?

Паводле слоў намесніка міністра, выканаць гэтае заданне для краіны па сілах, для гэтага ў Беларусі ўсё ёсць. «Зачын па збожжавых культурах зроблены з восені. Ідзе іх падкормка. Першая падкормка азімых збожжавых каласавых праведзена на 97% плошчаў, на 92% — падкормлены крыжакветныя. Перазімоўка прайшла вельмі добра. Спадзяёмся, што і развіццё будзе ісці нармальна. Гібель знаходзіцца на ўзроўні натуральнай.

На 1,5 мільёна гектараў азімых збожжавых, паводле даных аблвыканкамаў, чакаецца гібель менш за адзін працэнт. Аднак інфармацыя папярэдняя. Вынікі падводзіць рана, бо пакуль нельга ацаніць стан пасеваў у паўночных раёнах Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Разам з тым, як адзначыў Уладзімір Гракун, гібель азімых да 5% лічыцца натуральнай. На жаль, загінула 7,8% рапсу. Больш за ўсё ў Гомельскай вобласці. Аднак у краіне дастаткова насення, каб правесці перасеў гэтых плошчаў.

Элітнае насенне ад айчынных навукоўцаў

Уладзімір Гракун асобна адзначыў, што для правядзення вясновай сяўбы сельскагаспадарчыя арганізацыі краіны былі забяспечаны насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур у аб’ёме 215,9 тысячы тон, лёну-даўгунцу — 6 тысяч тон, бульбы — 101,4 тысячы тон.

Наяўнасць насення яравых збожжавых культур дазволіць правесці сельскагаспадарчым арганізацыям сяўбу на зерне раянаванымі высокапрадукцыйнымі сартамі не ніжэй за трэцюю рэпрадукцыю. «Для правядзення планавай сартазмены і сортаабнаўлення навуковымі арганізацыямі НАН Беларусі падрыхтавана да рэалізацыі 1420 тон яравога арыгінальнага і элітнага насення. Рэалізавана іх айчынным вытворцам 861 тона», — падкрэсліў намеснік міністра.

Уладзімір Гракун адзначыў, што для сяўбы кукурузы патрабуецца 30 тысяч тон насення гібрыдаў, 22 тысячы тон атрымалі ў нашай краіне, астатняя колькасць завезена з-за мяжы.

Насенне цукровых буракоў у Беларусі з-за кліматычных умоў пакуль не вырошчваецца, яго таксама завезлі з розных краін, напрыклад, з Расіі. На будучыню ёсць дамоўленасць з нашым саюзнікам, што ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі адтуль нам паставяць насенне пад поўную патрэбу.

Прамысловасць дэлегуе амаль тры тысячы механізатараў

Уладзімір Гракун адзначыў, што дэфіцыт кадраў на палявых работах гаспадаркам краіны традыцыйна дапамагаюць папаўняць прамысловыя прадпрыемствы і ўстановы адукацыі. Гэтыя арганізацыі ў сезон палявых работ аказваюць дапамогу прафесійнымі кадрамі, якія працуюць на рознай сельскагаспадарчай тэхніцы. «Насамрэч у нас не хапае 2800 механізатараў. І гэты дэфіцыт папаўняецца за кошт арганізацый, якія ў патрэбны момант падстаўляюць аграрыям плячо. За тэхнікай замацоўваюцца канкрэтныя спецыялісты, якія ведаюць, калі ім трэба будзе выйсці на ёй у палі. Гэта было даручэнне кіраўніка дзяржавы. І яно выконваецца. Такія падыходы выкарыстоўваюцца ў рэгіёнах і на сяўбе, на нарыхтоўцы кармоў, і на ўборцы ўраджаю», — сказаў намеснік міністра.

Тым часам

Сезон вясновых рэгіянальных кірмашоў у Мінскай вобласці пачнецца ў другія выхадныя красавіка. Пра гэта распавялі ў Галоўным упраўленні гандлю і паслуг Мінскага аблвыканкама.

Першы вясновы рэгіянальны кірмаш пройдзе 13 красавіка ў Барысаве і Салігорску. Праз тыдзень, 20 красавіка, кірмашовыя гандлёвыя рады разгорнуцца ў аграгарадку Лясны Мінскага раёна, Вілейцы, Слуцку і Жодзіне. У Нясвіжы і Маладзечне рэгіянальныя кірмашы пройдуць 21 і 27 красавіка адпаведна.

Удзел у кірмашах прымуць сельскагаспадарчыя арганізацыі, сялянскія (фермерскія) гаспадаркі, арганізацыі гандлю, грамадскага харчавання ўсіх формаў уласнасці, прамысловасці, бытавога абслугоўвання насельніцтва, майстры народных промыслаў, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.