Вы тут

Агульны працоўны стаж дынастыі чыгуначнікаў Кучаравых-Шульговых складае 371 год


Толькі ўладкавалася ў камфортным вагоне электрацягніка бізнес-класа Мінск — Гомель, як пачула аб’яву аб нашым маршруце і часе прыбыцця ў пункт прызначэння. 


Злева направа: Вольга Харашун, Іна, Мікалай, Марына і Максім Кучаравы, Генадзь Кучараў (бацька Наталлі і Вольгі)

Машыніст упэўнена гаварыў па-беларуску, і хаця тэкст быў стандартны, у яго інтанацыі гучала нешта ад сябе. 

І гэта стварала асаблівы настрой, нібы сустрэлася са старым сябрам.

На чыгунцы мы бачым пераважна машыністаў ці праваднікоў і рэдка задумваемся: а колькі яшчэ людзей розных прафесій адказваюць за нашу бяспеку і камфорт? Вось і мае сённяшнія суразмоўцы шчыруюць на працоўных месцах, не заўважных для вачэй пасажыраў.

З Наталляй Ославай, якая прадстаўляе дынастыю чыгуначнікаў Кучаравых-Шульговых, сустрэліся ў будынку вакзала Жлобіна. Хвілін дзесяць ішлі па горадзе, каб сустрэцца з яе сястрой Вольгай і дзядзькам Мікалаем Пятровічам. А пакуль Наталля расказвала пра Жлобін, і было зразумела, што яна любіць свой горад і ганарыцца ім. 

Вось у такія моманты і з такімі людзьмі адчуваеш, што значыць «родны кут».

Загадзя ведаючы, што Наталля склала радавод дынастыі, агульны стаж якой на чыгунцы 371 год, вельмі хацела ўбачыць генеалагічнае дрэва.

— Дык дынастыя толькі з 1923 года? — некалькі здзівілася я.

Наталля Ослава: Мы — маладая дынастыя, нам усяго 101 год, але ў нас шмат менавіта чыгуначнікаў, таму і такі вялікі стаж.

— А прадстаўнікі іншых прафесій у сям’і ёсць?

Мікалай Кучараў: Ёсць. Мая жонка і дачка.

Вольга Харашун: Затое нашы сужэнцы — чыгуначнікі!

— Мусіць, пазнаёміліся з імі на працы?

Наталля: Вольга — на працы, а я са сваім будучым мужам пазнаёмілася яшчэ ў 11 класе. Прычым тады на працягу аднаго дня мы знаёміліся тры разы! Першы раз у басейне: купальнік, шапачка... Потым па дарозе з басейна кампанія Дзімы зноў падышла да нас з сяброўкамі. Трэці раз ужо знаёміліся на дыскатэцы, дзе мы былі з прычоскамі, з лёгкім макіяжам, і хлопцы нас не адразу пазналі.

— Вы самі вырашылі працягнуць дынастыю або бацькі паўплывалі на ваш выбар?

Вольга: У мяне было і засталося ўяўленне пра чыгунку як пра штосьці рамантычнае, у той жа час вельмі важнае і патрэбнае. Але і рацыянальны падыход быў: бацькоўская сям’я добра забяспечана, значыць, і ў мяне заробак будзе дастойны.

Дружная сям’я — моцная падтрымка

Наталля: Мне здаецца, я з дзяцінства ведала, што буду працаваць на чыгунцы, нейкіх іншых варыянтаў не разглядала. Можа, таму што бацькі часам бралі з сабой на працу, на суботнікі.

Мікалай: Мы з братам Генадзем — пагодкі. Нават у арміі служылі ў адной часці. У савецкай арміі было такое правіла: калі старэйшы брат ужо служыць, малодшага адпраўляюць у тую ж часць. Мы служылі ў Паўднёвай групе савецкіх войскаў у Венгрыі. Дэмабілізаваўшыся, вырашылі, як і бацькі, працаваць на чыгунцы. Гэта цяпер усе службовыя памяшканні на чыгунцы — рэжымныя аб’екты, а тады мы з маленства хадзілі за бацькамі, ведалі, чым яны займаюцца. Так што выбар быў усвядомлены. Таксама чыгунка ва ўсе часы была стабільным і прэстыжным месцам працы. Таму лічым, што нашы дзяды зрабілі правільны выбар, звязаўшы з ёю свой жыццёвы шлях.

— Як складалі сямейны летапіс?

Наталля: Пачынаў мой тата — Генадзь Кучараў. Вядома, ён распытваў старэйшых членаў сям’і, звяртаўся па звесткі ў пакой баявой і працоўнай славы лакаматыўнага дэпо Жлобін. Там захоўваецца нямала дакументаў, па якіх можна было аднавіць працоўны шлях заснавальніка дынастыі Захарыя Емяльянавіча Кучарава.

Ведаем, і якія выпрабаванні выпалі на долю продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны: Якава Васільевіча Шульгова акупанты пагналі ў Германію, ён цудам выжыў і яшчэ вялікім цудам лічыў, што здолеў вярнуцца дадому. Нашы дзядуля і бабуля трапілі ў Азарыцкі канцэнтрацыйны лагер, дзе вязняў трымалі ў балоце. Ні ежы, ні цёплай вопраткі, людзі хварэлі і паміралі. Дзядуля і бабуля выжылі! Яны не любілі ўспамінаць аб гэтых нечалавечых пакутах. Але ўсё перанесенае гора не раззлавала іх. Дабрыня, чулае стаўленне да людзей, любоў да блізкіх, аптымізм, уменне бачыць найлепшае ў жыцці — мы запомнілі іх такімі.

— Станцыя Жлобін вядомая з 1873 года. Ці не плануеце зазірнуць у іншыя архівы. Раптам дынастыя акажацца найстарэйшай?

Наталля: Такая думка ёсць, калісьці і час знойдзецца. Хацелася б далучыць да гэтага даследавання і нашых дзяцей. Толькі крыху пазней, бо яны сёлета заканчваюць школу.

— Раскажыце пра вашых дзяцей.

Мікалай: У мяне дачка і сын. Дачка жыве ў Мінску, і, як я казаў, у яе іншая прафесія. Сын Максім паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Спачатку працаваў у Мінску, дзе здымаў кватэру, і, прыязджаючы дадому на выхадныя, усё казаў: «Вось бы ў Жлобіне знайсці работу!» Сын у нас такі, што яму патрэбны дом, майстэрня, як кажуць, хлопец рукасты. Калі я даведаўся, што ў нас ёсць прыдатная вакансія, адразу патэлефанаваў сыну, каб адправіў рэзюмэ. Максіма прынялі на работу, цяпер ён вядучы інжынер па ахове працы лакаматыўнага дэпо Жлобін — праўнук заснавальнікаў дынастыі!

У Жлобін Максім вярнуўся з нявестай. Дзякуючы рэспубліканскай праграме атрымалі льготны крэдыт як маладая сям’я, ужо маюць сваё жыллё. У нас у горадзе вельмі добрая інфраструктура: шмат спартыўных аб’ектаў, аквапарк, Палац культуры, так што ёсць, дзе правесці вольны час маладым. Ды і гандлёвыя сеткі, як у Мінску, і кавярні — увогуле, адрозненне ад сталіцы толькі ў маштабах.

Вольга: Дзядзька Мікола, ты ж не сказаў самае цікавае! Максім прыехаў з нявестай, якая таксама з нашага горада! Так здарылася, што нарадзіліся і выраслі маладыя ў Жлобіне, а пазнаёміліся ў сталіцы.

Ушанаванне працоўнай дынастыі чыгуначнікаў

— Дзяўчына не пярэчыла, калі давялося вяртацца з Мінска?

Мікалай: Марына там вучылася, а тут адразу працаўладкавалася. Нездарма ж сын яе абраў: нявестка таксама любіць родны горад.

Наталля: Вельмі шмат абмяркоўвалі з дачкой выбар прафесіі. Аліна сур’ёзна займаецца валейболам, таму разглядала прафесію трэнера. Мы з ёй прагаворвалі ўсе плюсы і мінусы гэтай работы. Па складзе розуму яна 100-працэнтны гуманітарый. А яшчэ яе цікавіла права. Аліна прайшла тэсціраванне, і па яго выніках зразумела, што юрыст — прыдатная для яе прафесія.

Вольга: Мая дачка Віка кажа, што ёй падабаюцца прафесіі ўрача, касметолага, медсястры. Я патлумачыла, што касметолагі — гэта медсёстры пасля спецыяльных курсаў. Дачка плануе паступаць у медкаледж. Цяпер у дзяцей, зразумела, вялікі выбар прафесій. Імкнуся расказаць ёй аб тым, што не навідавоку. Вядомыя ж прыклады, калі людзі вытрымліваюць экзамен у медуніверсітэт, а пасля першага наведвання заняткаў па анатоміі чалавека сыходзяць з ВНУ. Віка пра гэта шмат разважала. Думаю, дарослыя павінны дапамагаць дзецям рабіць свядомы выбар прафесіі, наколькі гэта магчыма.

— Віка і Аліна, як я разумею, самыя старэйшыя прадстаўнікі малодшага пакалення. Яшчэ будзе каму прадоўжыць дынастыю?

Мікалай: Будзе, вядома. Але і дзяўчаты могуць прыйсці працаваць на БЧ. Юрысты ў кожнай арганізацыі патрэбны, для медыцынскага работніка ці касметолага знойдзецца месца ў ведамасным санаторыі. Дарэчы, санаторыі і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры ў нас ёсць у кожнай вобласці. Пуцёўкі набываем на льготных умовах. Я ўжо хоць і выйшаў на пенсію, але Беларуская чыгунка падтрымлівае сваіх ветэранаў працы. У нашай галіне дзейнічае спецыяльная праграма «Клопат», якая ў тым ліку дае магчымасць аздаравіцца з мінімальнымі затратамі. Вось сёння якраз афармляю пуцёўкі для сябе і жонкі.

— У цэлым добры сацпакет у чыгуначнікаў?

Наталля: Мы сапраўды задаволены, прычым увага і клопат распаўсюджваюцца і на членаў сям’і, што вельмі прыемна. Яшчэ ў нас вельмі актыўная прафсаюзная арганізацыя. Мы і сем’ямі любім падарожнічаць па Беларусі, але шмат паездак было і ад прафсаюза. У тэатр, цырк купляем білеты са зніжкамі, наведванне басейна для нас танней на 50%, дзеці атрымліваюць добрыя падарункі да новага года.

— Мусіць, калі дынастыя збіраецца за святочным сталом, атрымліваецца вытворчая нарада?

Мікалай: Не без гэтага. Аб працы, вядома, гаворым, але больш успамінаем нейкія вясёлыя моманты.

— Ці ёсць яшчэ нейкі сакрэт згуртаванасці вашай сям’і?

Наталля: Наша бабуля! Яна завяла традыцыю: уся сям’я збіраецца садзіць і капаць бульбу. У цябе дзяжурства? Змяні графік працы, але будзь у гэты дзень з сям’ёй! Мы ўсе прыязджаем, хутка спраўляемся з бульбай. Потым — найсмачнейшыя пачастункі і шчырыя гутаркі ва ўтульнай хатняй атмасферы.

— А як у сваіх сем’ях размяркоўваеце хатнія абавязкі?

Вольга: Мы іх асабліва не дзелім — звычайна робіць той, у каго ёсць час.

Наталля: У мяне зменны графік, і я лічу, што гэта вельмі зручна, калі выхадныя ёсць у буднія дні. Люблю кулінарыць.

Мікалай: Мы жывём у прыватным доме, таму я адказваю за тэхнічны стан, жонка — за ўтульнасць. Агарод таксама ёсць, цяпер ім займацца — адно задавальненне, бо шмат усякай тэхнікі ў дапамогу.

— Як праводзіце водпуск?

Наталля: Раней заўсёды імкнуліся выехаць на мора. Ніколі не бралі тур «усё ўключана», разумелі, што нам гэта не цікава. А калі здарыўся ковід, вырашылі купіць лецішча. У нас там газон, клумба і пара градак. Шкада толькі, што дачка, займаючыся спортам, зусім не мае вольнага часу і на лецішчы вельмі рэдкі госць.

Вольга: Мне здаецца, мы купілі б лецішча ў любым выпадку. Напэўна, надыходзіць такі час, калі проста цягне да зямлі. І цяпер водпуск, выхадныя праводзім як дачнікі. Атрымліваем ад гэтага вялікае задавальненне. Дзядзька Коля пляце цудоўныя кошыкі для збору ўраджаю. Мне падабаецца рукадзельнічаць, рабіць нешта для інтэр’ера. На лецішчы вырошчваю шмат кветак.

— Як думаеце, каму лягчэй працаваць: прадстаўніку дынастыі або адзіночцы ў прафесіі?

Вольга: Думаю, прадстаўніку дынастыі: заўсёды можна спытаць, параіцца, атрымаць падтрымку.

Максім Кучараў, Вольга і Андрэй Харашун

Наталля: А яшчэ, вядома, пачуццё гонару за сваіх родных, за продкаў дапамагае! Ды што далёка хадзіць? Наша мама 35 гадоў працавала тэлеграфістам Жлобінскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі. Паступіла на работу ў 1983 годзе, калі ўсе паведамленні перадаваліся па апараце, які выбіваў літары на папяровай стужцы. Яе клеілі на бланкі — гэта выглядала як тэлеграма. А выходзіла на пенсію ў 2018 годзе, калі ўсё ўжо было камп’ютарызавана. Мама казала, што, калі перавучвалася, было страшна, здавалася, гэта немагчыма засвоіць. Але ж атрымалася! Мама ўсё гэта расказвала нашым дзецям, тыя слухалі, нібы казку, — яны ж думалі, што камп’ютары былі заўсёды.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з архіву герояў публікацыі

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.