Вы тут

Што трывожыць жыхароў Эстоніі?


Паводле даных апытання банка Cіtadele, абсалютная большасць (76 працэнтаў) жыхароў Эстоніі заявілі, што іх вельмі непакоіць шалёны рост цэн на прадукты харчавання, паведаміла postіmees. ee. Як сведчаць даныя Дэпартамента статыстыкі Эстоніі, летась індэкс спажывецкіх цэн павялічыўся ў параўнанні з папярэднім годам на 9,2 працэнта. Прычым адным з найбуйнейшых фактараў, якія паўплывалі на гэта, стаў менавіта рост кошту прадуктаў харчавання. Цэны на тавары гэтай групы ў мінулым годзе павялічыліся ў сярэднім на 15,8 працэнта. Як заўважыла кіраўнік аддзела рознічнага банкінгу Cіtadele Марына Хакіяйнен, усё больш людзей вымушаны ўносіць змяненні ў свой харчовы кошык. «Рост цэн на прадукты харчавання перасягнуў усе чаканні», — адзначыла яна. Пры гэтым прадстаўнік Cіtadele паведаміла, што ў Эстоніі кошт павялічваўся хутчэй, чым у сярэднім па Еўропе. Аднак такая сітуацыя не знаходзіла ніякага водгуку ва ўлад — замест дапамогі людзі з жахам чакаюць чарговага павышэння падаткаў і новага вітка росту цэн. Што ж трывожыць жыхароў Эстоніі, чаго ім чакаць надалей?


Дна не відаць

Па выніках мінулага года валавы ўнутраны прадукт Эстоніі ўпаў на тры працэнты, паведамілі ў Дэпартаменце статыстыкі Эстоніі. Па словах кіраўніка аддзела ўліку нацыянальнай эканомікі статыстычнага ведамства Роберта Мююрсепа, на працягу ўсяго года ў краіне захоўвалася маштабная эканамічная рэцэсія. «Сферы дзейнасці, якія адыгрывалі вялікую ролю ў эканоміцы, пайшлі на спад», — адзначыў эксперт. Сярод іх — энергетыка, перапрацоўчая прамысловасць, прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць, транспарт. Будаўнічы сектар таксама паказаў адмоўны вынік.

Такога маштабнага эканамічнага спаду ў Эстоніі не было з перыяду сусветнага фінансавага крызісу 2007–2008 гадоў. «Нават у год каранакрызісу было больш сфер дзейнасці, якія дэманстравалі рост, чым летась. Прычынай слабых эканамічных паказчыкаў за апошнія два гады стаў імклівы рост цэн, які наклаў адбітак на ўсе сферы дзейнасці», — заявіў Роберт Мююрсеп.

На думку банкаўскіх аналітыкаў, эканоміка Эстоніі яшчэ не дасягнула дна. «Эканоміка працягнула зніжэнне. Цягам усяго мінулага года разгортвалася тое, што пачалося яшчэ ў канцы 2022 года, — заўважыў прадстаўнік Дэпартамента статыстыкі. — Калі паглядзець на дынаміку ўнутранага попыту, то ён упаў на 2,9 працэнта. У цэлым за мінулы год прыватнае спажыванне скарацілася на 1,5 працэнта. Летась вельмі знізіліся затраты спажыўцоў на адзенне, абутак, добраўпарадкаванне дома і адпачынак. Больш за ўсё выраслі выдаткі на сувязь, жыллё».

Магчымасці продажаў кампаній на ўнутраным рынку былі абмежаваныя няўпэўненасцю людзей у будучыні і, як следства, ростам эканоміі і зберажэнняў. Як вынікае з прагнозу Банка Эстоніі, прыцягненне новых інвестыцый замарудзілася з-за «нявызначаных абставін і высокіх працэнтных ставак». Знешні гандаль таварамі скараціўся за год прыкладна на дзясятую частку. У цэлым жа ўдзельная яго вага ў валавым унутраным прадукце зменшылася з 86 да 78 працэнтаў. На думку галоўнага эканаміста Bіgbank Рауля Эаметса, згодна з апошнімі прагнозамі, эканамічны спад працягнецца і сёлета. «Я думаю, што гэтая вясна будзе яшчэ дастаткова складанай», — заўважыў эксперт. Такім чынам, рэцэсія працягнецца і надалей.

У жорсткім крызісе

Традыцыйны аналіз Інстытута кан’юнктуры сведчыць аб тым, што чакаць падзення цэн не варта. Аб гэтым заявіў яго кіраўнік Пеэтэр Раўдсеп у эфіры Vіkerraadіo. Усе апошнія аналітычныя справаздачы дэманструюць інфляцыйную тэндэнцыю. Падзенне эканомікі працягваецца восьмы квартал запар. Такі важны паказчык перспектыў развіцця, як індэкс эканамічнага даверу — паказчык чаканняў як спажыўцоў, так і вытворцаў, — зніжаецца з пачатку мінулага года. Па словах дырэктара Інстытута кан’юнктуры, праблема ў тым, што паказчык гэты ў Эстоніі найніжэйшы ў ЕС: 78,5 пункта супраць сярэднееўрапейскага 85,6 пункта. Эстонія саступае і Латвіі, і Літве.

Сельскагаспадарчы сектар Эстоніі знаходзіцца ў найглыбейшым крызісе з моманту ўступлення краіны ў Еўрапейскі саюз, заявілі Цэнтральны саюз хутаран Эстоніі, Аграрна-гандлёвая палата Эстоніі, а таксама Саюз маладых фермераў Эстоніі. З такой заявай гэтыя арганізацыі выступілі ў адрас урада Эстонскай Рэспублікі, паведамілі радыёнавіны ERR. «Эканамічная нестабільнасць, змяненне клімату, рэалізацыя „зялёных“ мэт, рост сабекошту прадукцыі, падзенне даходаў — усе гэтыя фактары ў сукупнасці паставілі вытворчасць прадуктаў харчавання і сельскае прадпрымальніцтва ў складанае становішча», — заявілі прадстаўнікі трох арганізацый, заклікаючы ўрад прыняць хуткія і рашучыя меры. Яны адзначылі, што па выніках мінулага года даходы сектара скараціліся на 72 мільёны еўра, а даўгі перад пастаўшчыкамі склалі 60-70 мільёнаў еўра, што стала найгоршым паказчыкам з моманту ўступлення ў ЕС.

Напружанае становішча склалася і ў сістэме аховы здароўя Эстоніі. Краіна адчувае сур’ёзны дэфіцыт лекаў, паведамілі на тэлеканале «СТБ». Калі ў мінулым годзе там не хапала 359 найменняў прэпаратаў, то на пачатак гэтага года — ужо 450. Прычым з гэтай праблемай сутыкнуліся не толькі аптэкі, але і бальніцы. Напрыклад, для лячэння наступстваў інфарктаў і інсультаў выкарыстоўваюцца вельмі важныя лекі, перабоі з пастаўкамі якіх назіраюцца ўжо на працягу года. Гэта ўскладняе становішча пацыентаў і работу ўрачоў, якія вымушаны шукаць альтэрнатыўныя прэпараты, прычым не заўсёды паспяхова. Па словах кіраўніка саюза аптэк Эстоніі, праблемы з пастаўкамі лекаў назіраюцца ва ўсёй Еўропе. 

І выкліканы яны высокім попытам і недахопам сыравіны для іх вытворчасці.

Мясцовыя самакіраванні Эстоніі зацягваюць паясы. Старэйшына воласці Ныа Маана Каэметс не ўяўляе, якімі апынуцца выдаткі воласці ў сувязі з рэформай сістэмы сацыяльнай апекі сёлета і ў будучыні. «Рэформа праведзена так, каб мясцовыя самакіраванні ўкладвалі ў яе ўласныя сродкі за кошт іншых сфер», — лічыць ён. Для таго каб утрымацца на плаве, самакіраванні вымушаныя закрываць школы і ўстановы культуры, скарачаць чыноўнікаў, прадаваць народныя дамы, адкладаць рамонт дамоў і дарог, забыцца пра інвестыцыі, піша выданне Maaleht.

«Калі складаўся бюджэт на гэты год, загадчыца фінансавага аддзела Імбі Рыйвасеп сказала, што за сваю прафесійную кар’еру ёй яшчэ не даводзілася мець справы з такім складаным бюджэтам. Эканамічны крызіс 2008–2009 гадоў — кветачкі ў параўнанні з цяперашняй сітуацыяй. Прыйшлося вельмі моцна зацягнуць пояс», — сказаў старэйшына воласці Эльва Прыйт Вярв.

Палітычнае самагубства

Тым часам стала вядома, што Эстонія мае намер падняць выдаткі на абарону да трох працэнтаў ВУП і вышэй. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна падчас візіту ў Вашынгтон. Ён таксама падзякаваў ЗША за выдзяленне новага пакета дапамогі ў галіне бяспекі краінам Прыбалтыкі. Як вядома, напрыканцы сакавіка амерыканскі Кангрэс ухваліў аказанне ваеннай дапамогі тром краінам Балтыі на суму 228 мільёнаў долараў. Грошы будуць выдзелены з «Балтыйскай ініцыятывы бяспекі» (BSІ). ЗША стварылі яе ў 2020 годзе. Асноўнай задачай «ініцыятывы» ўказваецца ўмацаванне абароннага патэнцыялу Латвіі, Літвы і Эстоніі. Па сутнасці, прыбалтыйскія рэспублікі сталі палігонам НАТА, дзе альянс праводзіць вучэнні і набірае салдат. Вашынгтон на гэтыя мэты выдзяляе значныя сумы.

Прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас заявіла, што яе палітыка павышэння ваенных расходаў азначае «палітычнае самагубства», але іншага выбару няма. Аб гэтым паведаміла ТАСС. Паводле апошніх апытанняў грамадскай думкі, амаль 70 працэнтаў жыхароў Эстоніі лічаць, што Кая Калас павінна пайсці ў адстаўку. Старшыня апазіцыйнай Кансерватыўнай народнай партыі Эстоніі (EKRE) Марцін Хельме напрыканцы студзеня накіраваў ліст лідарам фракцый усіх парламенцкіх партый, акрамя кіруючай Партыі рэформ, якую прадстаўляе Калас. Ён прапанаваў пачаць кансультацыі па вынясенні вотуму недаверу кіраўніку ўрада з-за хвалі пратэстаў школьных настаўнікаў, якая пракацілася па ўсёй краіне. Гэта стала ўжо другім выпадкам, калі апазіцыя спрабавала ініцыяваць вотум недаверу дзейнаму прэм’еру пасля яе перавыбрання ў лістападзе 2023 года на пасаду старшыні Партыі рэформ. Па словах старшыні Кансерватыўнай народнай партыі, стан эстонскай эканомікі абумоўлены рашэннямі Партыі рэформ падчас энергетычнага крызісу, а новыя падаткі яшчэ больш пагоршаць цяжкую сітуацыю. «У нас самы зацяжны эканамічны крызіс у Еўропе, найглыбейшы крызіс, самая высокая інфляцыя ў трохгадовай перспектыве. І прычына заключаецца ў падзенні паступлення падаходнага падатку», — лічыць Марцін Хельме.

Як паведамляюць эстонскія СМІ, Калас назвала жыхароў сваёй краіны самымі вялікімі ныцікамі ва ўсёй Прыбалтыцы. Па яе словах, эканамічны спад, які цяпер адчувае дзяржава, звязаны з тым, што ў эстонцаў ёсць схільнасць пастаянна скардзіцца. Дарэчы, паказчыкі спаду эканомікі рэспублікі — самыя вялікія ў Еўропе. Пры гэтым прэм’ер-міністр адзначыла, што агульны негатыўны фон прыводзіць да таго, што нават тыя кампаніі, у якіх справы ідуць добра, пачынаюць згортваць сваю дзейнасць. Што датычыцца прычын эканамічнага спаду, то Калас лічыць, што яны звязаны з мноствам знешніх фактараў, у тым ліку з моцнай залежнасцю эстонскай эканомікі ад скандынаўскіх краін.

Загнаныя ў кут

Да збяднення насельніцтва Эстоніі прыводзіць не справядлівая крытыка людзей у адрас урада, а бяздзейнасць кіруючай кааліцыі, якая спрыяе пагаршэнню эканамічнага спаду, заўважыў старшыня Цэнтрысцкай партыі Міхаіл Кылварт. Па яго меркаванні, эканамічныя паказчыкі Эстоніі зніжаюцца, расце толькі беспрацоўе, аднак урад безуважна назірае за сітуацыяй. «Неабходныя хуткія і эфектыўныя рашэнні комплексныя рашэнні, якія аказвалі б уплыў адразу на некалькі сфер, — перакананы Кылварт. — Некампетэнтнасць урада наглядна паказала забастоўка настаўнікаў». Па яго ацэнцы, грамадства чакае змен у кіраванні дзяржавай. «Партыя рэформ хлусіла да выбараў, працягвае хлусіць і цяпер. Міністр фінансаў раней казаў аб тым, што ў выніку павышэння падатку з абароту цэны вырастуць не больш чым на 1,6 працэнта, аднак у студзені інфляцыя дасягнула пяці працэнтаў», — адзначыў лідар цэнтрыстаў.

«Безумоўна, гэта ўдарыла па людзях — у адноснай беднасці жыве звыш 22 працэнтаў насельніцтва, а абсалютнай — больш за тры працэнты. Заслугоўвае ўвагі той факт, што апошнім часам доля тых, хто пражывае ў адноснай беднасці, узрасла сярод сем’яў з дзецьмі, што ўжо адбілася на паказчыках нараджальнасці, — заявіў Кылварт. — Мяркую, што матэрыяльнае становішча людзей працягне пагаршацца».

Па выніках даследавання, апублікаванага на сайце EER, на пытанне «Ці адчуваеце вы сябе членам эстонскага грамадства?» 15 працэнтаў рэспандэнтаў далі адмоўны адказ. Пры гэтым 11 працэнтаў эстонцаў адчуваюць сябе ізаляванымі ад грамадства. Гэта значыць, што кожны дзясяты эстонец не адчувае сваёй прыналежнасці да эстонскага грамадства. Аўтары даследавання таксама адзначылі, што здагадка, што ўзрост прама прапарцыянальна ўплывае на адчуванне аддалення ад соцыуму не апраўдалася: ізаляванасць адчулі пераважна прадстаўнікі позняга сярэдняга ўзросту. Прычым сярод іх больш мужчын, чым жанчын.

Даследчыкі заключылі, што адчуванне адарванасці ад соцыуму і загнанасці ў кут у насельніцтва Эстоніі шмат у чым звязана з фінансавым дабрабытам. Вынікі мала здзіўляюць, калі ўлічваць цяперашнюю эканамічную сітуацыю ў прыбалтыйскіх краінах — яе эксперты часцей ацэньваюць як надзвычай цяжкую. Насуперак заявам прэм’ер-міністра Эстоніі Каі Калас, эканоміка рэспублікі сапраўды перажывае па многіх паказчыках цяжкі перыяд: беспрацоўе працягвае расці — яго ўзровень, паводле даных EER, складае 8,1 працэнта, а падатковая стаўка павялічана з пачатку гэтага года з 20 да 22 працэнтаў. Такі стан спраў не можа не адбівацца на адчуванні жыхароў краіны, у тым ліку на жаданні людзей адчуваць сябе часткай грамадства праблемнай Эстоніі.

Напрыканцы мінулага года было праведзена даследаванне псіхічнага здароўя насельніцтва, якое паказала, што кожны пяты жыхар прыбалтыйскай краіны схільны да рызыцы трывожнага засмучэння, больш за чвэрць — да рызыцы дэпрэсіі, а маладыя людзі ўдвая часцей, чым насельніцтва ў цэлым, пакутуюць і ад дэпрэсіі, і ад трывожнага расстройства. Па каэфіцыенце суіцыдаў Эстонія па-ранейшаму займае адно з першых месцаў у Еўропе. Кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра LullaBed, магістр псіхалогіі Лізавета Хаўстова адзначае: «Агульная карціна сумная. І людзей з нежаданнем жыць сапраўды шмат. Асноўная прычына — страх за будучыню».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.