Вы тут

Усё пра тэхнічную абарону гаджэта для малечы


«Добра, мамачка, мы аддадзім смартфон у рамонт, але толькі паабяцай, што забіраць яго мы прыедзем разам, каб я зноў змагла паглядзець звяркоў», — казала пяцігадовая Машачка. Днямі яна выпусціла з рук смартфон, разбілася шкло, і дзяўчынка засмуцілася да слёз. «Вы не думайце, я не сварылася на Машу, проста гэта яе любімая цацка», — тлумачыла яе мама. А ніхто так і не думаў. У гэтай папулярнай сталічнай майстэрні па рамонце камп’ютараў і смартфонаў, якая мае ўласны жывы куток, бацькі з дзецьмі — частыя заказчыкі. Якія меры засцярогі трэба прыняць дарослым, каб тэхніка ў руках дзяцей заставалася як мага даўжэй, расказаў гаспадар майстэрні Андрэй Лузік.


Шкло ці плёнка?

— Займаючыся рамонтам больш за 15 гадоў, з упэўненасцю магу сказаць, што ахоўнае шкло пры іншых роўных умовах больш надзейна абараняе дысплей ад пашкоджання. Шмат устанаўліваю менавіта шкла для абароны экрана, і часта кліенты дзякуюць за рэкамендацыю якраз такога варыянта. Як правіла, шкло таўсцейшае і ў адрозненне ад плёнкі мае пругкую клеявую аснову, пакрывае практычна ўсю плошчу і такім чынам бароніць дысплей і вытрымлівае вялікую механічную нагрузку.

Аднак у шкла маецца і мінус, ці нязручнасць: тоўсты бок заўсёды перашкаджае камфортнаму выкарыстанню і часта падвяргаецца сколам пры неакуратнай эксплуатацыі. Каб пазбегнуць такой неспадзяванкі, я рэкамендую смартфон змясціць у ахоўны бампер.

Ахоўны бампер

— Бампер з сілікону або прагумаваны чахол з фетравай падкладкай стане выдатным і надзейным дадаткам да шкла. Бампер, як правіла, пакрывае ўсе грані тэлефона, ахопліваючы і край дысплея. Бампер разам з ахоўным шклом стануць практычна бранябойным тандэмам, які абараняе далікатны дысплей ад пашкоджання ў руках вашага дзіцяці. Надзяліўшы такім сродкам абароны яго тэлефон, вы забяспечыце спакой сабе і эмацыянальную раўнавагу вашай малечы, якая не стане панікаваць, калі выпадкова выпусціць з рук сваю любімую цацку.

Ну і, вядома, выкарыстанне бампера і ахоўнага шкла захавае першапачатковы выгляд смартфону і стане важкім фактарам пры наступным продажы, калі такая неабходнасць наспее. Прасцей кажучы, інвестуючы ў ахову, вы захоўваеце капітал.

Зараджайце правільна!

— Гэта, мабыць, нават важнейшы фактар у параўнанні з вонкавай абаронай. Вам, напэўна, даводзілася сутыкацца з сітуацыяй, калі тэлефануеце на нумар дзіцяці, а замест адказу чуеце трывожнае «абанент недаступны». Што адчуваеце? Баюся нават уявіць вашы эмоцыі. Хоць тэлефон проста разрадзіўся, а дзіця спакойна гуляе з сябрамі і ні пра што не турбуецца, у адрозненне ад вас. І што рабіць, каб такіх момантаў пазбегнуць? Навучыцца правільна зараджаць смартфон!

Думаю, не памылюся, калі дапушчу, што ваша дзіця карыстаецца тэлефонам да таго часу, пакуль той не выключыцца ад бяссілля свайго акумулятара, разрадзіўшыся ў нуль. Дык вось, ніколі не варта чакаць поўнага разраду, навучыце дзіця зараджаць смартфон своечасова, а лепш — заўсёды. Давайце ўявім: на тэлефоне 60% і, здаецца, зараду хопіць на астатнюю частку дня. Вы вырашылі пакарміць малога перад тым, як адпусціць яго на шпацыр. Пакуль дзіця занятае абедам, смела стаўце яго тэлефон на зарадку. Батарэя сучаснага тэлефона не патрабуе абавязковага разраду да нуля, больш за тое, гэта нават шкодна. Таму пры любой магчымасці зараджайце тэлефон і навучыце гэтаму ваша дзіця. Такім чынам батарэя захавае рэсурс на больш працяглы тэрмін, а малое будзе заўсёды даступнае для вашых званкоў.

Акуратнае карыстанне

— Не адкрыю тайну, калі выкажу здагадку, што дзеці не заўсёды ўсведамляюць каштоўнасць рэчаў па прычыне свайго ўзросту і невялікага жыццёвага вопыту. Паколькі дысплей смартфона зроблены са шкла, варта даступна растлумачыць дзіцяці, што гэта далікатны выраб і карыстацца ім трэба акуратна, не кідаць на цвёрдыя паверхні і тым больш у ваду і іншыя вадкасці. Памятайце, што нават вільгацеахоўны корпус не гарантуе рабочы стан смартфона пасля траплення ў ваду. Вільгацеахова хоць і рэкламуецца як надзейная функцыя, але практыка і мой досвед кажуць пра адваротнае.

Маргарыта ДРАЗДОВА

P. S. У адным з наступных выпускаў «Сямейнай газеты» раскажам пра бяспечныя настройкі дзіцячага гаджэта.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.