Вы тут

Віктар Гардзей: Любоў да прыроды пачынаецца з любові да малой радзімы


Цягам ужо больш як паўсотгадовай гісторыі часопісу «Родная прырода» шчасціць на слынныя імёны ў складзе рэдакцыі. Сёння да нас завітаў пісьменнік Віктар Гардзей, які зрабіў істотны ўклад у развіццё не толькі нашага выдання, але і аховы беларускай прыроды ў цэлым.


— Што спрыяла Вашаму шляху да прыгожага пісьменства?

— Мая малая радзіма — вёска Малыя Круговічы, што расінлася на сямі пагорках. Мясцовасць гэта няроўная: то сухадолы, то нізіны. Тых жа пагоркаў, можа, і менш, а найвышэйшы з іх — 197 м над узроўнем мора — спрадвеку называецца гарой Машукоўшчынай. З яе ўся вёска бачная як на далоні: у маім дзяцінстве да самай агарэвіцкай раўніны цягнуліся хутары і выселкі, а найбольш кампактна людзі сяліліся на першай ад лесу вуліцы, што лягла ўздоўж непрыкметнай, зарослай алешнікам канавы. Дарэчы, на асобных картах Вялікага Княства Літоўскага гэты «блакітны хвосцік» пазначаны як выток Цны.

Наша вёска спрадвеку славілася песнямі і жартамі, дасціпнымі прымаўкамі, вострым, часам з’едлівым словам. Мне пашанцавала, што людзі, здатныя да мастацкага ўспрымання свету, жылі на маёй вуліцы і былі нават блізкімі суседзямі.

Адным з іх быў Уладзімір Лойка, загадчык вытворчасці Кругавіцкай цагельні. Грузны і мажны дзядзька Валодзя, ведаючы маю схільнасць да літаратуры, кожны раз пачынаў гаворку пра цікавых пісьменнікаў і іх творы. Іншы раз ён называў канкрэтныя прыклады з пісьменніцкай працы і тым самым падштурхоўваў мяне да творчасці.

На нашай люднай вуліцы кампактна размяшчаліся ўсе «камунікацыі» вёскі: пачатковая школа, сельская крама, ветэрынарны пункт і самае важнае — хата-чытальня. Асабліва цёплыя адносіны ў нас, вясковых кнігалюбаў, склаліся з бібліятэкарам Ганнай Коўш. Калі яна вярталася з Ганцавічаў са звязкай новых кніг, уся наша хлапечая кампанія сустракала яе і дапамагала данесці цяжкі і такі жаданы груз. У знак падзякі мы маглі выбраць любую з навінак, што прыемна пахлі свежай друкарскай фарбай. І першымі за іншых чыталі ўсю савецкую класіку, асабліва ваенныя творы беларускіх аўтараў.

— Што Вам бліжэй — вершаванае ці празаічнае слова?

— Мае равеснікі ў дзяцінстве дзялілі паэтычную і празаічную мову досыць проста: вершы — для дзяўчынак, а проза — для дужых ветрагонаў. Калі падумаць, то ў гэтым падзеле ёсць рацыя. Паэзія — каб пайграць на чуйных струнах душы, проза — каб паказаць жыццё ва ўсёй яго шматграннасці, без фальшу і прыдумкі. У мяне паэзія і проза счапіліся разам — не раз’яднаць, каб ацаніць паасобку. З юнацтва вершы я пішу пасля бяссонных начэй ці спрадвечнай самоты, а не седзячы за сталом. Таму ў мяне няма чарнавікоў.

Я свае творы не дзялю на катэгорыі. Рады, калі напішацца ўсхваляваны верш, не менш удзячны, калі з’явіцца ёмкае апавяданне. Працуе ў галаве матрыца, якая «заказвае» сэрцу адпаведны жанр. Наш празаік Павел Місько аднойчы пажартаваў: «Каб мець карысць задавальнення ад працы за пісьменніцкім сталом, спачатку трэба прырабіць свінцовыя падковы». Добра, калі гэты пісьменнік ужо стаў прафесіяналам.

— Калі ўзнікла цікавасць да тэмы прыроды?

— Беларуская прырода жыве ў народных легендах, паданнях, казках. Яна спакон вякоў укаранёна ў нашу культуру і наш лад жыцця. Невыпадкова прыродазнаўчай літаратурай — як мастацкай, так і навукова-папулярнай — я захапіўся ў дзяцінстве. А як інакш, калі нарадзіўся ў глыбі Палесся, дзе і цяпер, нягледзячы на маштабную меліярацыю, фаўна і флора радуюць багаццем і першародным хараством? 

Яшчэ ў V класе я прынёс дамоў кнігу Віталя Біянкі «Лясная газета», і яна ўзрушыла мяне да слёз. Тады ж я падумаў: звычайны лес, звычайнае поле, вёска на пагорках і ў лагчынах, але чамусьці не здараецца нічога, каб можна было, як Біянкі, напісаць у «газету». Літаральна з таго дня я пачаў пільна прыглядацца да падзей у навакольным асяроддзі.

Была ў маім жыцці яшчэ адна вызначальная вяха — ілюстраваная выдатнымі фотаздымкамі кніга журналіста Васіля Пяскова «Крокі па расе», за якую аўтар атрымаў Ленінскую прэмію. На пачатку 1960-х гадоў яна аказала глыбокі ўплыў на сельскую моладзь і дапамагла адчуць родную зямлю, лепш зразумець бацькоўскі край. Можна смела казаць, што маё пасляваеннае пакаленне выйшла ў жыццё з высокай экалагічнай культурай, бо кожны чалавек адказны перад светам за скарбы роднай прыроды.

Тады ў навуковых колах ішла дзейсная падрыхтоўка першай Чырвонай кнігі Беларусі. У выданнях такога тыпу змяшчаюцца кароткія звесткі аб біялогіі, распаўсюджванні, колькасці і мерах па ахове рэдкіх дзікіх жывёл і раслін. Яшчэ свежымі былі ўражанні пасля прачытання важкага тома. Чытачы былі шакіраваны тым, што ў Беларусі дзясяткі відаў фаўны і флоры знаходзяцца на мяжы вымірання. Менавіта тады, калі я ўсё больш пазнаваў таямніцы жывой прыроды, у мяне ўзнікла ідэя стварыць паэтычную Чырвоную кнігу Беларусі для дзяцей, бо пра ахоўныя жывёлы і расліны ў вершаванай форме яшчэ ніхто не пісаў.

— Раскажыце, з якімі цяжкасцямі Вы сутыкнуліся пры падрыхтоўцы кнігі пра чырванакніжныя віды жывёльнага і расліннага свету.

— Значная частка працы над «Малой дзіцячай Чырвонай кнігай» у двух тамах (фаўна і флора) акурат прыпала на часопіс «Родная прырода», куды на пасаду рэдактара аддзела жывёльнага свету і літаратуры я перайшоў з часопіса «Беларусь». На маім працоўным стале, акрамя аўтарскіх рукапісаў, пастаянна ляжалі энцыклапедычныя даведнікі, бо сама спецыфіка выдання патрабавала глыбокага ведання навакольнага асяроддзя.

Варта было сабраць вялікі фактычны матэрыял і распрацаваць уласны прынцып яго падачы. Мой галоўны рэдактар Змітрок Бяспалы, вялікі знаўца і аматар прыроды, дапамагаў як мог: кансультаваў, называў яркія факты і даваў адрасы навукоўцаў, да якіх можна было звярнуцца.

Марна думаць, што толькі сеў за стол — і пайшло, і паехала. Спатрэбілася значная падрыхтоўка, веданне экалогіі, досвед працы ў прыродаахоўных выданнях, і гэта было як наканаванне, як некім кінуты выклік лёсу. Са зборам патрэбных матэрыялаў праблемы не было. Каштоўнай крыніцай інфармацыі найперш стаў часопіс «Родная прырода», у якім з артыкуламі пра жывёльны і раслінны свет нашай краіны пастаянна друкаваліся навукоўцы-эколагі і заолагі: Віктар Парфёнаў, Аляксандр Курскоў, Сяргей Зуёнак, Наталля Казлоўская і інш. 

Багата матэрыялу для ажыццяўлення задумы давалі камандзіроўкі і паездкі ў розныя куткі Беларусі. Напрыклад, у Ляхавіцкім раёне леснікі Мыслабажскага лясніцтва паказалі ў глухамані цэлы барсучыны гарадок.

Так патрошку збіраўся матэрыял пра беларускую ахоўную фаўну і флору, але праца пасоўвалася марудна. Паспрабуй у кароценькім вершы апісаць у мастацкіх вобразах, бадай, усю біялогію малавядомага паўзуна, кажана, птушкі і рэдкіх раслін, а да навуковай дакладнасці я акурат імкнуўся. Да таго ж, звесткі пра ахоўныя віды ўвесь час удакладняюцца. У 1993 годзе выйшла 2-е, дапоўненае выданне «Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь», у якім налічвалася больш за 180 відаў (у 1-м было звыш 80 відаў)!

Асобныя творы пра «чырванакніжнікаў» надрукавалі ў часопісах «Бярозка», «Вясёлка» і «Лесавічок», аж тры разгорткі вершаў, аздобленых цудоўнымі фотаздымкамі, змясціла «Пачатковая школа». Праца над «Малой дзіцячай Чырвонай кнігай», якая працягвалася амаль 20 гадоў, у асноўных рысах была скончана ў 2004 годзе. Астатні час пайшоў на ўдакладненне тэрмінаў, назваў і іншых звестак з наменклатуры «чырванакніжнай» фаўны і флоры, бо неўзабаве пабачыла свет 3-е выданне «Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь».

Многія ахоўныя расліны маюць лекавыя ўласцівасці, і гэта я кожны раз стараўся падкрэсліць у 2-м томе «Малой дзіцячай Чырвонай кнігі», што мае важнае значэнне ў экалагічным выхаванні школьнікаў. Пры напісанні кнігі я захаваў уласны прынцып падачы матэрыялу: верш і празаічная замалёўка, бо пры іх цесным спалучэнні дасягаецца найбольш поўны вобраз «чырванакніжніка». Пра экалогію рэдкіх відаў жывёл і раслін стараўся расказаць у займальнай і дасціпнай форме, каб творы падабаліся і лепш запаміналіся дзецям. Для зручнасці чытачоў выкарыстаны азбучны прынцып падачы матэрыялу, а назвы падаюцца на беларускай і рускай мовах. У абодвух тамах да таго ж чытач знойдзе шмат спасылак і цытат з твораў Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Уладзіміра Караткевіча і іншых нашых класікаў.

— Як Вы сумяшчалі пісьменніцкую дзейнасць з журналісцкай?

— У маладыя гады, калі я працаваў у Ляхавіцкай і Ганцавіцкай раённых газетах, нагрузка на адну асобу была надта вялікая. Невыпадкова «раёнку» параўноўвалі з малатарняй: акуратна перажоўвала ўсё, што ні пакладзі на стол рэдактару. Многа часу забіралі амаль штодзённыя вандроўкі па сельскай мясцовасці. У дарозе я пісаў вершы. Крыху пазней на прозу траціліся ўсе выхадныя дні. Дзе ні прыткнуўся ў хаце, бяры чароўнае пяро і пішы.

Акрамя апавяданняў, што друкаваліся ў «ЛіМе», часопісах «Полымя» і «Маладосць», я здолеў напісаць аб’ёмныя аповесці «Дом з блакітнымі аканіцамі» і «Карані вечнага дрэва». Хутка на маім рахунку ў дадатак да першых ужо значыліся кнігі прозы «Уратуй ад нячыстага» і «З мінулага не вяртаюцца», трылогія для юнацтва «Аселіца ў басейне Чорнага мора» і раман «Бедная басота».

Тады ж, у 1980-я гады, па маім апавяданні «Дынамік на школьным коміне» малады рэжысёр Аляксандр Фянько на кінастудыі «Беларусьфільм» зняў кароткаметражны мастацкі фільм «Прамень месяца». Галоўную ролю ў ім сыграў знакаміты кінаакцёр Аляксей Булдакоў. Мяне таксама запрасілі на здымкі, і я сарамліва засвяціўся ў масавых сцэнках.

— Наколькі вялікім быў калектыў часопіса «Родная прырода» падчас Вашай працы ў рэдакцыі?

— Нас было 10 чалавек. Усіх творчых супрацоўнікаў я добра ведаў, бо з часу заснавання гэтага выдання любіў друкаваць у ім свае прыродазнаўчыя нарысы. Алесь Дзятлаў, Алесь Казаннікаў, Мікола Дзелянкоўскі і Змітрок Бяспалы прынялі мяне цёпла і шчыра, дапамагалі зрабіць першыя асэнсаваныя крокі ў складаных пытаннях па ахове прыроды. Аўтар некалькі кніг прозы Алесь Дзятлаў вёў у рэдакцыі аддзел флоры і сам друкаваў сур’ёзныя артыкулы па ахове і зберажэнні расліннага свету. Былы ваенны марак Алесь Казаннікаў ахвотна ездзіў у камандзіроўкі і прывозіў вострыя матэрыялы па праблемах рацыянальнага гаспадарання на зямлі. Дасведчаны журналіст і аўтар кніг публіцыстыкі Мікола Дзелянкоўскі на пасадзе адказнага сакратара ўмела кіраваў «штабам» рэдакцыі.

Мяне пасадзілі за стол рэдактара аддзела фаўны і літаратуры, дзе сядзеў раней вядомы пісьменнік-анімаліст Яраслаў Пархута. Ён перайшоў у часопіс «Вожык», бо меў «гумарыстычны зуб», але працягваў наведваць нашу рэдакцыю. На пачатку 1980-х гадоў Пархута быў удзельнікам экспедыцыі, якая пацвердзіла існаванне калоніі белых чапляў пры ўпадзенні лясной Лані ў Прыпяць. Пра захапляльнае падарожжа апантаны абаронца і знаўца экалогіі дэталёва распавядаў на старонках часопіса «Родная прырода». Цяпер гэта вядомая ў Беларусі калонія ахоўваецца дзяржавай, а ў вусці Лані створаны біялагічны заказнік з такой самай назвай (у 1999 годзе ўвайшоў у склад заказніка «Сярэдняя Прыпяць». — Заўв. рэд.).

— Што можаце назваць найбольш яркім успамінам пра Змітрака Бяспалага?

— Найперш ён быў вядомы як дзіцячы пісьменнік і аўтар тузіна цудоўных кніжак аб беларускай прыродзе, працаваў у сферы гумару, выдаў важкі том «Беларускія народныя жарты». Строгі і патрабавальны рэдактар, добры стыліст, глыбока дасведчаны ў справах аховы прыроды, на ўсё ён меў сваю адметную, аўтарытэтную думку. Менавіта пры ім часопіс «Родная прырода» пачаў выдавацца на беларускай мове і стаў штомесячным, а яго наклад дасягаў амаль паўсотні тысяч асобнікаў. Сярод выданняў гэтага тыпу ён лічыўся адным з найлепшых у Савецкім Саюзе, хаця сваіх маякоў, якія высока трымаюць марку абароны зямных рэсурсаў, у Расіі і іншых рэспубліках было дастаткова.

Змагаючыся з выдаткамі меліярацыі, наш часопіс пры Бяспалым бескампрамісна выступаў супраць абвалавання Прыпяці. Было надрукавана шмат крытычных матэрыялаў, у якіх даказвалася бязглуздасць гэтай ідэі. Калі паміж навукоўцамі разгарэліся баталіі, адным летам я быў удзельнікам расшыранай экспедыцыі журналістаў на Прыпяць — ад газет «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена» і «Беларуская ніва», ад радыё і тэлебачання, літаратурна-мастацкіх часопісаў, у тым ліку і «Роднай прыроды». Чыноўнікі на меліярацыі паказвалі нам «польдэры» — асобна асушаныя ўчасткі пасярод балота і абяцалі такім, на іх думку, перспектыўным спосабам «апольдэрыць» усю рачную пойму. Але грамадскасці ўдалося ўратаваць Прыпяць ад абвалавання.

Змітрок Бяспалы быў родам з вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна. Сваю малую радзіму ніколі не забываў, нават меў там лясную хатку, куды часта наязджаў, каб папрацаваць у цішы, пахадзіць па навакольных пушчах. Пасля выхаду на пенсію пісьменнік мог жыць у родных мясцінах цэлае лета. Там і здарылася бяда. Аднойчы, калі ў навальніцу праходзіў пад высакавольтнай лініяй, у яго трапіла маланка. Так моцна любіў прыроду, і ад прыроды загінуў…

— З чаго найлепш пачынаць пісаць аўтарам, якія захапляюца прыродай?

— Вершы лепш пісаць зімой, калі з’явіцца сум аб марна затрачаным леце. Аўтару варта жыць у прыродзе, ведаць яе знутры, памятаць многае з таго, што стварылі папярэднікі. Раю адразу забыць электронную тэхніку і ўзяць у рукі хоць якую пашарпаную самапіску. Наша прырода бясконцая, і ў ёй заўсёды знойдзецца месца для нестандартных думак, але гэта пры ўмове, што пісаць вершы і прозу запатрабавала само сэрца.

Уладзімір РУСАКОВІЧ

Фота з архіва газеты «ЛіМ», Ганцавіцкага райвыканкама

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.