Вы тут

З якімі пытаннямі прыходзілі да Качанавай падчас асабістага прыёму грамадзян


У насычаным працоўным графіку Старшыні Савета Рэспублікі асаблівае месца адведзена рабоце са зваротамі насельніцтва. Веданне праблем людзей знутры дазваляе прымаць канкрэтныя, у тым ліку заканадаўчыя, рашэнні. Часта скарга аднаго чалавека агаляе сур’ёзныя недахопы ў той ці іншай сферы дзейнасці, якія аператыўна ліквідуюцца. Аказваючы дапамогу грамадзяніну, сенатары паляпшаюць сітуацыю ў цэлым, і праблемы, якія спелі гадамі, перастаюць непакоіць людзей.

Асабістыя прыёмы грамадзян сталі брэндам верхняй палаты парламента. Жыхары ўсіх рэгіёнаў краіны імкнуцца сустрэцца з членамі Савета Рэспублікі, асабіста са спікерам, бо давяраюць заканадаўцам. Аб гэтым сведчыць і прыём грамадзян, які Наталля Качанава праводзіла 27 сакавіка ў Савеце Рэспублікі.


За валакіту прыцягнуць да адказнасці

Мінчанка Наталля Рыгораўна расказала, што восенню яе кватэру затапілі суседзі, аднак дагэтуль не ліквідаваны наступствы затаплення: страхавая кампанія ўскладае фінансавыя выдаткі на ЖЭС, а ЖЭС — на страхавую кампанію. Дагэтуль не складзены каштарыс на рамонтныя работы.

Як патлумачыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун, які прысутнічаў на прыёме грамадзян, гэтая паслуга платная.

— Гэта ж не яе віна, а суседзяў — значыць, яны і павінны плаціць, — лічыць Наталля Качанава і ўдакладняе, дзе прапісана такое правіла. У сувязі з гэтым спікер паставіла задачу перагледзець адпаведны нарматыўна-прававы акт. «Па-першае, там дакладна павінна быць прапісана, на працягу якога часу складаецца гэты каштарыс, — канкрэтызавала сваё даручэнне Старшыня Савета Рэспублікі. — Калі Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі не прапісана, то гэта сумна. Магчыма, трэба ўнесці пэўныя карэктывы. Паглядзіце зыходзячы з практыкі».

На працягу чатырох месяцаў Наталля Рыгораўна звярталася ў шэраг інстанцый, аднак яе пытаннем ніхто не хоча займацца. «Я на вашым месцы ўжо ў яе пабыла б і пытанне зняла, — заўважыла спікер, звяртаючыся да намесніка старшыні Мінгарвыканкама. — Трэба прыцягнуць да адказнасці вінаватых у валакіце. Разбярыцеся! Думаю, вы вырашыце гэта пытанне».

Наталлі Рыгораўне Старшыня Савета Рэспублікі паабяцала, што пытанне возьме на кантроль. Заяўніца падзякавала за дапамогу і папрасіла прабачэння за тое, што адрывае ад больш важных пытанняў, якімі займаецца Савет Рэспублікі, але ў жанчыны склалася безвыходная сітуацыя, якую яна ахарактарызавала як крык душы.

Рамонт пасля рамонту

На няякасны капітальны рамонт шматпавярховага дома па вуліцы Чарвякова ў сталіцы паскардзілася Алена Васілеўна, якая прадстаўляе інтарэсы ўсіх жыхароў. Жанчына расказала, што дома былі завершаны ў снежні 2023 года, аднак здадзены дом, па словах заяўніцы, з грубымі парушэннямі тэхналогій, у выніку чаго ў пад’ездзе асыпаецца фарба, па фасадзе пайшлі расколіны, ёсць праблемы з каналізацыяй. Большая частка работ, заяўленых у праекце, увогуле не выканана.

— Многія віды работ праводзіліся ў зімні час года, — удакладніла заяўніца. — Дах перасцілалі ў снегапады, у дажджлівае надвор’е фарбавалі фасады. Цяпер у жыхароў кватэр з’яўляецца цвіль. Гэта катастрофа! Мы не ведаем, што рабіць.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун пагаджаецца, што некаторыя праблемы ў гэтым доме звязаны з тым, у які час года праводзіліся пэўныя віды работ. «Гэтыя недахопы мы бачым, — падкрэсліў ён. — Пастаўлена задача да 30 красавіка іх выправіць».

Па словах Наталлі Качанавай, спяшацца не трэба. «Справа ў тым, што калі з’явілася цвіль у кватэрах, то гэта праблема, — заўважыла яна. — Вам трэба паглядзець больш дэталёва, чаму яна з’явілася. Цвіль — гэта сур’ёзна».

Спікер звярнула ўвагу на тое, што, калі пэўнай арганізацыяй выконваюцца рамонтныя работы, ёсць людзі, якія вядуць тэхнічны нагляд і падпісваюць працэнтоўку. «Яны бачылі, што робіцца дрэнна, і не маглі прыпыніць работы, а гэта — дзяржаўныя грошы, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. — За чый кошт цяпер будуць ліквідоўваць недахопы?»

Рэзюмуючы, Наталля Качанава запэўніла, што спецыялісты разбяруцца ў сітуацыі, выправяць няякасныя работы. Таксама спікер паставіла задачу — прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Па словах намесніка старшыні Мінгарвыканкама, дырэктар арганізацыі, якая выконвала рамонт у жылым доме па вуліцы Чарвякова, быў вызвалены ад займанай пасады. Таксама ён дадаў, што гарадскія ўлады ад людзей не хаваюцца, а сустракаюцца з імі, адказваюць на пытанні.

«Можна сустракацца тысячу разоў, а выніку няма, — падкрэсліла спікер. — Патрэбен вынік! Людзі звярнуліся — зрабіце».

Мінчанка таксама ўзняла пытанне асвятлення агульнадамавой плошчы. І днём, і ноччу ў пад’ездзе гарыць святло — так працуюць сучасныя сістэмы асвятлення, якія жыхарам паставілі падчас капрамонту. Аднак людзей гэта, натуральна, не задавальняе: чаму яны павінны пераплачваць за нерацыянальнае выкарыстанне электрычнасці? Акрамя таго, жыхароў хвалюе праблема каналізацыі: яшчэ да капрамонту падвалы рэгулярна падтапляліся, нічога не памянялася і цяпер. Наталля Качанава лічыць заўвагі слушнымі. Мясцовым органам улады даручана вырашыць гэтыя пытанні ў найбліжэйшыя дні.

Рэзюмуючы, Старшыня Савета Рэспублікі нагадала сваю просьбу — стварыць у кожным доме дамавы камітэт або савет, які меў бы прамую сувязь з мясцовымі органамі ўлады. «І не трэба было б хадзіць па інстанцыях: пытанні вырашаліся б імгненна, — патлумачыла спікер. — Ёсць людзі актыўныя, якія гатовы адстойваць інтарэсы іншых. Гэтыя формы і метады работы з людзьмі даўно сябе добра зарэкамендавалі. Дзе так ёсць, там і работа зладжаная. Я ведаю, што гэта дае вынік. Добры вынік».

Машына-месца ёсць, а карыстацца ім нельга

Іна Васілеўна расказала, што ў 2022 годзе купіла ў Мінску кватэру. У кошт квадратнага метра ўваходзіла і машынамесца ў паркінгу. Аднак калі ключы ад кватэр жыхары шматпавярховіка атрымалі своечасова, то паркінгам карыстацца яны дагэтуль не могуць. Справа ў тым, што дом знаходзіцца на балансе ЖЭСа, які, як патлумачылі жыхарам, не мае права абслугоўваць паркінгі. Заключаць дагавор з таварыствам уласнікаў гаспадары кватэр не хочуць, бо давяраюць дзяржаўнай арганізацыі.

— Колькі ў доме жыхароў? — пацікавілася Наталля Качанава.

— У кожным з двух дамоў — па 118 кватэр, — паведаміла Іна Васілеўна.

— І кожны аплаціў машына-месца ў паркінгу? — удакладніла спікер.

— Так.

Па словах намесніка старшыні Мінгарвыканкама Аляксандра Чэрнікава, на цяперашні момант паркінг нікому не могуць перадаць на абслугоўванне, ён агароджаны, зачынены. «Людзі не зацікаўлены ў стварэнні таварыства ўласнікаў», — дадаў ён. Што датычыцца перадачы паркінга на баланс ЖЭСа, то гэта, як патлумачыў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка, не прадугледжана заканадаўствам, бо паркінгі не з’яўляюцца іх аб’ектамі. «На жаль, сёння няма механізму прававога налічэння праз рахунак-апавяшчэнне спажыўцам выдаткаў на ўтрыманне менавіта гэтага аб’екта», — удакладніў ён.

— Гэта бязладдзе, што вы дагэтуль не можаце разабрацца з такімі пытаннямі, — звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі. — Збіраемся, праводзім нарады, экспертныя саветы, на якіх я прашу ўносіць прапановы, якія ідуць ад жыцця, што яшчэ трэба ўрэгуляваць. Усе сядзяць — маўчаць. Як толькі разбіраюцца канкрэтныя пытанні, яны ўсплываюць соты раз. Сёння мы ідзём да таго, што дамы будуць абслугоўвацца ЖКГ. Калі паркінг знаходзіцца каля дома, трэба, каб і яго абслугоўвала ЖКГ, што ўжо даўно павінна было быць унесена ў нарматыўна-прававыя акты. Тады, калі людзі будуюць жыллё і вы абавязваеце іх будаваць паркінгі, трэба ўрэгуляваць пытанне заканадаўча, хто ў далейшым будзе займацца абслугоўваннем гэтых збудаванняў. Людзі не павінны ад гэтага пакутаваць. Гэтае пытанне павінна быць вырашана!

Будоўля з наступствамі для іншых

Вячаслаў Алегавіч, які прыехаў на прыём грамадзян з Віцебска, прадстаўляў інтарэсы і свайго суседа — Івана Уладзіміравіча. Ён расказаў, што ў 2022 годзе побач з іх прыватнымі дамамі пачалі ўзводзіць шматпавярховік. У ходзе будаўнічых работ маёмасці гаспадарам двух прыватных дамоў была нанесена шкода. 

«У нас на сценах пайшлі расколіны, — канкрэтызаваў Вячаслаў Алегавіч. — У суседа перакасіўся гараж. У маім гаражы — расколіны ў сантыметр».

«Вы ўжо кудысьці звярталіся па гэтым пытанні?» — удакладніла Наталля Качанава.

Віцябчанін расказаў, што з просьбай выправіць недахопы яны куды толькі ўжо не звярталіся. «Нам сказалі, што без правядзення незалежнай экспертызы ніякіх работ у нашых дамах праводзіць не будуць, — паведаміў мужчына. — Мы правялі такую экспертызу. У суседа дом застрахаваны, таму страхавая кампанія выплаціла яму грошы. Аднак за гэтыя капейкі, якія яму налічылі, ён нічога не можа зрабіць. Мне ўвогуле сказалі, што ніякай кампенсацыі не будзе».

«Гэта паводле генплана такая забудова каля індывідуальнага жылля?» — удакладніла Старшыня Савета Рэспублікі ў першага намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Анатоля Ліневіча, які прысутнічаў на прыёме.

«Так, паводле генплана. На гэтым месцы будуюць інтэрнат, ужо ўзведзена шэсць паверхаў», — паведаміў ён. Анатоль Ліневіч праінфармаваў, што наведаў жыхароў прыватных дамоў, азнаёміўся з праблемай і цяпер разбіраецца, як яе можна вырашыць. «Калі ў перспектыве па генплане ў гэтым месцы прадугледжана шматпавярховая забудова, то будзе разглядацца пытанне аб выдзяленні зямельнага ўчастка для будаўніцтва жылля», — сказаў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама.

Па словах Наталлі Качанавай, падчас праектавання трэба было ўлічваць, што побач са шматпавярховікам, які плануецца пабудаваць, — не новыя дамы. «Трэба разбірацца, — рэзюмавала спікер. — Уважліва вывучце сітуацыю і прыміце правільнае рашэнне. Дапамажыце людзям!» Адпаведныя даручэнні дадзены Віцебскаму абласному выканаўчаму камітэту.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.