Вы тут

Аўтаномны пажарны апавяшчальнік можа выратаваць жыццё


Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі паступова становяцца дэвайсам, запатрабаваным у жылым фондзе. Устанавіць гэтыя ўстройствы, якія дазваляюць своечасова выявіць узгаранне і не праспаць уласнае жыццё, імкнуцца не толькі жыхары прыватных домаўладанняў, а і гаспадары гарадскіх кватэр. Людзі ведаюць: спраўляцца з надзвычайнай сітуацыяй лепш на раннім этапе, чым потым ліквідоўваць яе наступствы. А яны могуць быць самыя сумныя.


Пажараў, якія забіраюць чалавечыя жыцці, у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях рэгіструюць нямала. Няспраўнасці пячнога ацяплення, раптоўны выхад са строю электрычных прыбораў або электраправодкі, курэнне дома, дзіцячае свавольства з агнём — усё гэта прыводзіць да гібелі людзей, калі крыніца ўзгарання своечасова не выяўлена. Унікальнае ўстройства — аўтаномны пажарны апавяшчальнік — інфармуе аб тым, што побач бяда, а значыць, дае чалавеку другі шанц на жыццё. 

І такіх прыкладаў нямала.

Гісторыі са шчаслівым канцом

Невядома, чым мог бы скончыцца пажар у адным са шматпавярховікаў Барысава два гады таму, калі б не спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Дзякуючы гэтаму ўстройству выратаваліся дзесяць жыхароў, сярод якіх — шасцёра дзяцей. Калі на другім паверсе трохпавярховага жылога дома пачалося ўзгаранне, усе яго жыхары спалі. Моцнае задымленне прывяло да спрацоўкі аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Ад гуку прыбора прачнуліся гаспадар адной з кватэр і яго дзіця. Убачыўшы задымленне на другім паверсе, яны пабудзілі жыхароў астатніх кватэр. Да прыбыцця ратавальнікаў усе самастойна выйшлі з дома на вуліцу.

Днямі аўтаномны пажарны апавяшчальнік выратаваў жыццё пенсіянеркі ў Шчучыне. Было каля гадзіны ночы, калі ўсхваляваны гараджанін паведаміў ратавальнікам аб тым, што пачуў гук аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Ён выйшаў на лесвічную пляцоўку і выявіў, што гарыць суседская кватэра, дзе, па яго меркаванні, магла знаходзіцца пажылая гаспадыня. Чатыры пажарныя каманды неадкладна накіраваліся да месца выкліку. Праз дзве хвіліны першае аддзяленне МНС прыбыло па ўказаным адрасе і выратавала гаспадыню кватэры, дзе пачаўся пажар. Як пазней расказала жанчына, яна ўключыла прас і забылася пра яго. Уначы пенсіянерка адчула пах гары, адчыніла дзверы ў кватэру, каб выветрыць, а сама вярнулася ўнутр — шукаць крыніцу дыму.

Тым часам 32-гадовы сусед, пачуўшы, што апавяшчальнік спрацаваў, паведаміў пра здарэнне ў МНС, увайшоў у задымленую кватэру праз адчыненыя дзверы. У адным з пакояў ён выявіў дэзарыентаваную ў прасторы 91-гадовую гаспадыню і тлеючую драўляную падлогу пад уключаным у электрасетку прасам. Мужчына вывеў пенсіянерку на чыстае паветра, затым вярнуўся ў кватэру, адключыў прас і заліў узгаранне вядром вады. Да гэтага моманту прыбылі супрацоўнікі МНС. Ратавальнікі праветрылі кватэру пенсіянеркі і ўпэўніліся ў немагчымасці аднаўлення гарэння. Медыцынская дапамога пацярпелай не спатрэбілася.

Дзякуючы своечасовай спрацоўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, летась у Гродзенскай вобласці былі выратаваны восем чалавек, пяцёра з якіх — дзеці. І ўжо сёлета гэты прыбор працягвае ратаваць жыцці. Не выключэннем з’яўляюцца іншыя рэгіёны краіны. У вёсцы Уза Гомельскай вобласці на пажары выратаваліся маці і двое дзяцей. Як высветлілася, у момант пажару ў хаце знаходзіліся 38-гадовая гаспадыня і двое яе дзяцей — 10-гадовая дачка і аднагадовы сын. Жанчына пачула гук спрацаванага пажарнага апавяшчальніка ў гаражы, прыбудаваным да хаты. Выйшаўшы на вуліцу, яна ўбачыла, што дах дома гарыць, і пабегла ўнутр, каб вывесці дзяцей. 41-гадовы муж жанчыны ў гэты час быў на рабоце. Калі пажарныя прыбылі на месца здарэння, дах дома быў ахоплены полымем. У выніку пажару ён быў знішчаны, як і аўтамабіль, які знаходзіўся ў гаражы. Таксама быў пашкоджаны дах цаглянай адрыны. На шчасце, людзі засталіся жывымі — і ўсё дзякуючы невялічкаму ўстройству, якое жыхары дома ўстанавілі не толькі ў кожным жылым пакоі дома, а і ў гаражы. Як у ваду глядзелі.

Найлепшы падарунак

Такіх гісторый са шчаслівым канцом становіцца ўсё больш. Аднак, на жаль, на пажарах працягваюць гінуць людзі, у тым ліку дзеці. Ратавальнікі рэгулярна наведваюць домаўладанні, абследуюць жылы сектар на прадмет наяўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і рэкамендуюць устанавіць іх тым, у каго пакуль што няма.

— Аўтаномны пажарны апавяшчальнік адчувальны нават да нязначнага задымлення ў памяшканні, што спрыяе хуткаму выяўленню ўзгарання на ранняй стадыі яго развіцця, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Пры з’яўленні дыму ён падае магутны гукавы сігнал, які здольны апавясціць і нават абудзіць чалавека, які спіць. Завецца прыбор аўтаномным, паколькі яго канструкцыя выканана такім чынам, што для работы яму не патрабуецца падключэнне да электрычнага ланцуга і далучэнне да пульта кіравання. Усярэдзіне пластыкавага корпуса размешчана крыніца харчавання — батарэйка тыпу «Крона» і кампаненты, неабходныя для выяўлення пажару і непасрэднага абвяшчэння аб ім.

Устаноўка апавяшчальніка не патрабуе спецыяльных ведаў і навыкаў. З гэтым можа справіцца кожны дарослы чалавек. У камплекце да яго прыкладаецца падрабязная інструкцыя, якая ўтрымлівае ўсю неабходную інфармацыю аб мантажы, прыладзе і правілах эксплуатацыі. Прыбор зусім не псуе інтэр’ера, яго крапежная пляцоўка замацоўваецца на столі пры дапамозе шруб, а ўжо ў яе ўстанаўліваецца сам аўтаномны пажарны апавяшчальнік — паварочваннем па гадзіннікавай стрэлцы да ўпора. Для дэмантажу дастаткова павярнуць прыладу супраць гадзіннікавай стрэлкі.

Па словах Анастасіі Швайбовіч, аўтаномны пажарны апавяшчальнік рэкамендуецца ўстанаўліваць у цэнтральнай частцы столі з невялікім зрушэннем у бок акна або дзвярэй — там, дзе забяспечаны пастаянны паветраабмен. «Размешчаны на корпусе апавяшчальніка сігнал святлодыёда чырвонага колеру, які мігціць, сведчыць аб яго спраўнасці і знаходжанні ў дзяжурным рэжыме працы. Пры выяўленні задымлення прыбор падае перарывісты гукавы сігнал з пастаянным свячэннем святлодыёда чырвонага колеру. Для спынення падачы гукавога сігналу апавяшчальніка трэба ліквідаваць крыніцу задымлення і праветрыць памяшканне».

Ратавальнікі рэкамендуюць не радзей чым раз на месяц чысціць пажарны апавяшчальнік ад пылу і правяраць яго працаздольнасць шляхам націску на тэставую кнопку. Супрацоўнікі МНС як ніхто ведаюць: аўтаномны пажарны апавяшчальнік стане добрым падарункам у кожнай сям’і. Наяўнасць у доме ці кватэры гэтага невялікага ўстройства павышае магчымасць раней даведацца аб пажары, прыняць адпаведныя меры і пазбегнуць трагічных наступстваў.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях

Загаловак у газеце: Другі шанц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.