Вы тут

Шлях, які дай бог прайсці...


Заспрачаліся сонца і вецер, хто хутчэй распране жанчыну. «Ну, вядома ж, я», — сказаў першы і падзьмуў на яе з такой страшнай сілай... Здавалася, што яшчэ крыху і сарве жаночую шапачку, разматае шалік, расшпіліць гузікі!

Але ж не, не тут тое было, бо чым мацней дзьмуў вецер, тым болей хуталася жанчына, а ўрэшце і зусім — уцякла, схавалася ў хаце. «Ну вось... Табе і распранаць няма каго?» — знясілеў вятрыска. «Зараз будзе», — усміхнулася ў адказ сонца, і зазірнула ў акно той хаціны, і паклікала гаспадыню на вуліцу, і сагрэла, і... распранула — ледзь не да майкі-шортаў... Прычым сёлета — яшчэ ў сакавіку!

Гэта — на памяць, што называецца. Як і многае іншае.


Валянцін Губараў. «Святло далёкай зоркі»

Дом — гэта…

Вечар, трамвай, вольнае месца — значыць, можна сесці, пачытаць і праз нейкі прыпынак-другі неспадзеўкі, перыферычным зрокам, ля самага пляча ўбачыць... сабаку.

Ён вялікі, белы і, здаецца, усмешлівы…

Ён не супраць пакласці галаву на кніжку, а найперш — зазірнуць у вочы, папрасіць, каб пагладзілі.

Калі можна, то мы б, што называецца, з радасцю?!

Па-сабачы амаль, запытальна, падымаем вочы на гаспадара (высокага, цемнаскурага, пажылога), аднак тому яўна не да нас, бо ў яго якраз «заспяваў» мабільны, і мужчына стаў камусьці казаць (на чысцюткай рускай!), што ўсё паспеў і зрабіў, што выехаў, што зараз зойдзе ў краму па малако і прыйдзе дадому.

...Ён — дом — трэба разумець, там, дзе сям’я, а не там, дзе радзіма?

Клопат

За што купіў, як кажуць: хірург (ну вельмі стомлены!) вечарам зайшоў у кавярню, трохі перакусіў, а калі надумаў разлічыцца, да стала гаспадар падышоў, прытым з чаркай каньяку за кошт установы... І вячэра, сказаў, сёння бясплатная, бо ён, маўляў, разумее — дзень быў цяжкі, шмат аперацый. «А як вы здагадаліся?» — здзівіўся хірург. «Дык вы ж самі афіцыянту сказалі: «Усё, я скончыў. Лічыце інструменты і зашывайце».

Гэта быў анекдот. Зараз — чыстая праўда.

Дзед Юр’евіч з бальніцы прыехаў: першы раз туды трапіў і адразу «пад нож».

Казаў, што цяжка перанёс аперацыю. Ды і пасля яе доўга кволіўся — мокла рана, ніткі са шва тырчалі. «Каб жа ведаць мне, дзе клубок? — чухаў патыліцу дзед. — Добра, калі дасталі... А калі забыліся?»

Клопат.

Бусел... Ён жа бацян…

У бальніцах, што лагічна, дзеці праведваюць бацькоў. Наадварот — таксама здараецца.

Адзін дзядзька з вёскі да сына прыехаў, не без цяжкасцяў знайшоў палату, падсеў да ложка. Ну вядома ж, распытаў пра здароўе, пра дактароў, пра тое, як кормяць, нешта сам распавёў... А там — слова за слова — да размоў падключыліся іншыя. Нехта з хворых у дзядзькі спытаў (па-руску), ну як там, на волі: ці прыйшла вясна, ці прыляцелі «аісты»?

— Не-е, ім рана яшчэ, — з веданнем справы зазначыў дзядзька. — Аісты ў дарозе пакуль. А вось буслы — буслы даўно прыляцелі.

Два ў адным?

...Вучоных-філолагаў неяк папрасілі адной фразай выказаць мір, спакой і шчасце.

Тыя, вядома ж, стараліся і варыянтаў прыдумалі шмат. А перамог як заўжды адзін: журы ледзь не геніяльным палічыла кароткае «Жонка спіць»!

На гэткае ж «званне» можа прэтэндаваць зварот, дзе ў двух (!) словах — шаноўныя старыя — сумясцілася... несумяшчальнае: і павага да людзей, і знявага.

У лес і з лесу

Вёска, рэчка (хоць невялічкая, але ёсць), лес, дзякуй богу, таксама.

Праз месяц-другі, летам, з кубачкамі-вядзерцамі мы дружненька пойдзем туды па ягады, потым — ужо з большым «пасудкам» — па грыбы. А пакуль... мяшкамі выносім смецце. Як ёсць, так ёсць. Гэта мы.

Гены

«Хлопец здуру ажаніўся...» — гэта пра Валеру. «...Навек жонкай падавіўся», — ужо, здаецца, — не, не пра яго, бо ён вельмі хутка ўбачыў, што памыліўся, што ні есці варыць, ні ў доме прыбіраць яго палавіна не будзе: прыйдзе з работы і ляжа... Устане і зноўку пойдзе.

Вось і ён пайшоў месяцаў праз пяць. Думаў, жонку пакінуў, — аказалася, што і дзіця.

...Прыязджаў, калі нарадзілася, плаціў аліменты, дасылаў падарункі-гасцінцы. Калі хлопчык пайшоў у школу, пісаў яму лісты. І малы — таксама: пра сваё жыццё, пра маці і айчыма, пра сваіх малодшых брацікаў.

Што сумна, яны, усе трое — з так званай ЗПР (затрымкай псіхічнага развіцця). Без яе ў той матулі толькі першае дзіця. 

«Па бацьку пайшло», — кажуць суседзі.

Хоць, здавалася б, што там ад бацькі? Не выношваў, не нараджаў, не выхоўваў. Гены…

Новая зямля

Вёска. Лавачка. Дзве бабулі. «Ты ці будзеш бульбу садзіць?» — пытае адна. Другая — хіба цяжанька ўздыхае: «Ды не з маім здароўем цяпер. З маім — хіба што ў печ».

...З нашым (каб не сурочыць!) — можна ў градкі. І не толькі бульбу.

Загадзя ў спецыяльнай краме выбіраем насенне памідораў, агуркоў, гарбузоў — грунт для расады.

Сярод іх нейкі новы — з сапрапелямі ды сарбентамі. Што радуе, нашай, айчыннай, вытворчасці. На пакеце так і напісана: «Сделано в Республике Беларусь. На Столинщине», побач — «Землица щедрая».

...Калі б «зямелька» і «шчодрая», пакупнікі — нашы дачнікі ды вяскоўцы — па логіцы вытворцаў, напэўна, не зразумелі б і не купілі?

(З Купалы:

Прыйшла зіма халодная,

Нягодная зіма, —

Цярпі, зямелька родная,

Няма жыцця, няма.)

«Помнік»

«Чорт сто лапцяў стаптаў, пакуль пару сабраў», — так казалі ў вёсцы пра Ганну з Васільком, бо яна — дзябёлая, важная... А вось ён — якраз наадварот. Да таго ж маладзейшы гадоў на пятнаццаць. Не дзіва, што паспяваў і дома ўсё парабіць, і на работу схадзіць.

...У той раз, мусіць, не адзін вярнуўся, бо як толькі дзверы адчыніў, з печы пачулася: «Васілёк, вядро ў нас пустое — вады няма... Прынясі, аднак ты адзеўшыся».

Васілёк, магчыма, галодны быў, стомлены, змерзлы, з чужым чалавекам (бо нехта ж «вынес» размову з хаты?), аднак нікуды не дзеўся — узяў вядро, пайшоў да студні.

 

...Яна, тая студня, дагэтуль стаіць — служыць людзям. Праўда, ужо іншым, бо ні той Ганны, ні яе Васілька (ён, дарэчы, першым памёр), даўно ўжо нямашака. Сышлі ў найлепшы свет нават іхнія дзеці, а вось гэтае «Васілёк, аднак ты адзеўшыся...» у вёсцы жыве — «помнічкам».

Жыццё — тэатр...

Дзяўчына марыла стаць артысткай, але ў тэатральным быў дужа вялікі конкурс. Паступіла туды, дзе меншы, вучылася (з горам папалам), а адначасова... іграла — мо найлепшую жаночую ролю — ролю закаханай... То ў аднаго, то ў другога, то…

Гэты, чарговы яе абраннік, быў пры пасадзе, нашмат старэйшы і даўно жанаты, што яе, на жаль, не спыніла: сама, што называецца, абрывала тэлефон, сама запрашала ў госці.

Ён ездзіў (а хто б адмовіўся?!): ездзіў рэдка і вельмі абачліва, ездзіў ненадоўга, бо любіў сваю сям’ю, жыццё і нічога ў ім мяняць не збіраўся. Пакуль…

Пакуль яму не пазванілі з бальніцы не сказалі, што каханка ў цяжкім стане.

Агаломшаны гэтай навіной, ён кінуў усё — паехаў, прарваўся праз розныя «нельга», але ўбачыў (ён яе — такую прыгожую і бездапаможную, а ўся бальніца, адпаведна, — яго), пачуў ад доктара, што жыць маладзічка будзе, а вось дзетак нараджаць — не, бо гэта цяжарнасць была пазаматачнай і ўжо другой…

Ён ва ўсім вінаваціў сябе і не мог яе кінуць.

Таму — кінуў сям’ю, ажаніўся, ссівеў, сумуючы па дзецях, памяняў работу (на ранейшай не было перспектыў на жыллё, а на новай ім далі службовае)... І ўсё ў яго ўсталявалася: ён жыве — нават добра (на першы погляд), бо жонка ж маладая, прыгожая, любіць яго…

Ці хоць-нехаць іграе ролю?

Вечнае рэха вайны

З лістоў, якія не выкінуць, не спісаць у архіў…

«У жыцці кожнага чалавека ёсць рэчы, якія помняцца да скону.

У час вайны загінулі мая маці і малодшая сястра, старэйшыя былі цяжка паранены, ад дома не засталося нічога: нават месца, дзе стаяла хаціна, было не пазнаць…

Але ж мне, жывому, хацелася жыць і вучыцца.

Ад нашай зямлянкі да школы было сем кіламетраў. З вопраткі штось перапала ад старэйшага брата, абуць не было чаго…

Да маразоў ледзь не ўсе тады хадзілі босымі, апраналіся больш чым сціпла, але ж я ўсё адно вылучаўся і найбольш у святы…

Калі вучыўся ў дзясятым класе, тата купіў мне штаны, мусіць, трафейныя, бо з нейкага штучнага шоўку, з „маланкай“ замест гузікаў. У іх я атрымліваў атэстат сталасці, паступаў у інстытут і, вядома ж, рос, а вось порткі — не. Яны — як бы збягаліся — „садзіліся“: калошы сталі вельмі вузкімі і кароткімі. Да таго ж я быў добрым жыўчыкам: час ад часу барукаўся са сваімі суседзямі (у пакоі жыло 17 студэнтаў), з-за чаго штаны мае проста распаўзаліся…

Іншых не было, таму я зашываў трафейныя, што ўрэшце заўважыў прафкам і выдаў мне талон на новыя штаны.

Да скону не забыць, як купіў і надзеў — моцныя, картовыя, з шырокімі доўгімі калошамі, як у гэтай абнове выйшаў на вуліцу, і ўвесь горад убачыў, што я самастойны, дарослы…

...З тога часу шмат вады ўцякло. Я многа падарожнічаў, бываў у розных краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі, купляў для сябе і блізкіх самае рознае адзенне. Але ніводнае не прынесла мне столькі радасці, колькі тыя штаны».

...У Канстанціна Сіманава кароткі верш пра самы доўгі дзень 1941-га, пра вайну: «...Она такой вдавила след / И стольких наземь положила, Что двадцать лет и тридцать лет / Живым не верится, что живы...»

Курдская прымаўка: «У вайне галоўнае не перамагчы, а не ўдзельнічаць».

Mеmеntо mоrі

...Да помнікаў раней не дакупіцца. І не таму, што дорага (грошы яшчэ палова бяды), — не знайсці сам камень!

Мусіць, таму, знайшоўшы, многія ўдовы (удаўцы) выбівалі на ім не толькі прозвішча-імя, даты жыцця памерлага, але і свае…

Што, вядома ж, добра: па-першае, потым меней клопату дзецям; па-другое, самому спакайней — ведаеш месца... Па-трэцяе, на свой густ можаш абгародку паставіць і любімых кветак насадзіць. Як цётка Галя, напрыклад.

Яна ўдавой гадоў з 20 жыве. Што важна, з клопатам пра іншых — і сваіх, і чужых.

Вось і яны, тыя людзі, з пашанай да яе. Надоечы праз раённую газету з днём народзін павіншавалі, пажадалі ўсяго. І тым самым столькі шуму паднялі — тэлефон у цёткі, можна сказаць, не змаўкаў: «знайшліся» былыя вучні, знаёмыя, аб’явілася далёкая радня... Не кажучы ўжо пра блізкую.

Адна з дачніц (новых сябровак) не ведала, што рабіць. З аднаго боку, ну вядома ж, трэба схадзіць, павіншаваць чалавека. А з іншага... «Раёнка» выходзіць рэдка. Вось і разбярыся, калі, у які дзень ісці? Загадзя, кажуць, нельга, пазней — няёмка…

Муж яе выручыў. Сказаў:

— Пяць хвілін — і я ўсё буду ведаць.

— Адкуль? — не паверыла жонка.

А муж — проста знік. І мігам вярнуўся. Сказаў:

— Ідзі, віншуй — дзень нараджэння сёння.

— ?!

— У яе на помніку напісана. 

Я на могілках быў.

...Нехта недурны сказаў, што пра смерць варта помніць заўсёды.

Для таго, каб лепей пражыць жыццё.

Шлях, які дай бог прайсці

Урок беларускай: той, хто хоча засвоіць, можа намаляваць — ці ўявіць — прамавугольнік (як бы дом зверху).

Дык вось: унутры яго чатыры куты (месцы, дзе вешаюць іконы, саджаюць маладых, ставяць непаслухмяных дзетак); звонку яны ж — чатыры вуглы (там «прыбіваюць» нумары дамоў, шыльдачкі «Тут жыве ветэран ВАВ»); трохі паводдаль — зноў жа чатыры, але рагі (месцы, дзе ў вёсках саджаюць бэз ці язмін, дзе ў гарадах размяшчаюць шапікі, дзе пачынаюцца спатканні-расставанні).

Такім чынам — сталіца, раніца, дом і сцежка, наперадзе ў нас — маладзічка. Відаць, вельмі спяшаецца, бо ледзь не бяжыць... І пры гэтым — на рагу — спыняецца, задзірае галаву на нейчыя вокны, махае рукой, а потым і зусім — прыкладае руку да сэрца, як бы «дастае» і з далонькі здзьмухвае ўверх…

Цікава паглядзець, куды і каму? Але ж гэта наўрад ці магчыма, бо дом высачэзны. Ды і якая розніца, калі…

Каханне, па словах вялікіх, — гэта хвароба, рай, падарунак нябёс, узнагарода; гэта — самы кароткі шлях ад сэрца да сэрца і такое ж мастацтва, як музыка; гэта спаборніцтва, хто болей даставіць радасці свайму чалавеку і спосаб пазбегнуць адзіноты; гэта — адно адзінае, да чаго нам трэба імкнуцца, калі з усіх людзей на зямлі патрэбен адзін!

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Аляксандр Рагожнік звярнуў увагу, што зусім хутка беларускаму народу трэба будзе чарговы лёсавызначальны выбар.

Эканоміка

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.