Вы тут

Дэпутацкі корпус Гродзенскай вобласці на УНС прадставяць 38 дэлегатаў


Дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу выбралі на сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, перадае БелТА.


Фота БелТА

На ўсенародным веча Гродзенскую вобласць будуць прадстаўляць сем дэлегатаў ад абласнога Савета дэпутатаў, 16 — ад раённых і гарадскіх саветаў базавага ўзроўню і 15 — ад мясцовых саветаў. «У гэтым ліку прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу, прамысловасці, будаўніцтва, адукацыі, ЖКГ і шэрагу іншых сфер, — распавяла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. — Палова выбраных дэлегатаў — члены партыі „Белая Русь“. Жанчыны таксама складаюць палову дэлегатаў ад Саветаў дэпутатаў. Гэта людзі розных узростаў — ад моладзі да сталага ўзросту, з вопытам работы і высокімі прафесійнымі дасягненнямі. Многія маюць досвед працы ў дэпутацкім корпусе рознага ўзроўню. Перакананая, што нашы кандыдаты разумеюць усю адказнасць, якая ўскладаецца на дэлегатаў УНС, і будуць годна прадстаўляць Гродзенскую вобласць».

Як адзначыла Алена Пасюта, у рэгіёне актыўна прайшло абмеркаванне кандыдатур, вылучаных для ўдзелу ва ўсенародным форуме. Гонару прадстаўляць вобласць удастоены лепшыя. Кожны з іх валодае не толькі неабходнымі ведамі, але і сацыяльным, палітычным і, што вельмі важна, жыццёвым вопытам.

«Я вырасла ў простай беларускай сям’і, скончыла сельскую школу і паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, які даў мне старт у жыццё, — распавяла пра сябе дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, рэктар ГрДУ ім.Я. Купалы Ірына Кітурка. — Сёння для мяне вялікі гонар прадстаўляць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, які мае вялікі рэсурс у выглядзе годнага прафесарска-выкладчыцкага складу і калектыву энергічных, крэатыўных студэнтаў, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. У ВНУ праходзілі дыялогавыя пляцоўкі па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, Канцэпцыі дзяржаўнай бяспекі, тэматычныя навуковыя канферэнцыі. У маім жыцці ўжо быў удзел у шостым Усебеларускім народным сходзе. Зараз жа ўдзельнічаць у працы сёмага УНС, надзеленага новымі паўнамоцтвамі, — асаблівая адказнасць». Ірына Кітурка запэўніла, што гатовая ўкласці ўсе свае веды, вопыт і грамадзянскую пазіцыю ў работу УНС, якая будзе значнай пляцоўкай для вырашэння стратэгічных задач развіцця Беларусі.

Прафесіяналізм, веды, атрыманыя ў працы на шэрагу адказных пасад, гатовы ўкласці ў сваю дзейнасць у УНС дэпутат абласнога Савета, генеральны дырэктар ААТ «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка. У гэтым ён запэўніў удзельнікаў сесіі. Ігар Ляшэнка мае вялікі вопыт кіраўніцтва працоўнымі калектывамі, міжнароднага супрацоўніцтва, рэалізацыі сур’ёзных праектаў. ААТ «Гродна Азот» пад яго кіраўніцтвам стабільна развіваецца, нягледзячы на накладзеныя на прадпрыемства санкцыі. Выконваюцца практычна ўсе мэтавыя паказчыкі, людзі атрымліваюць высокую зарплату.

«Мой лёс — прыклад таго, што ў нашай краіне можна годна жыць, паспяхова працаваць і дамагацца поспеху на вёсцы, у невялікіх гарадах, — падкрэсліла дэпутат Дзятлаўскага райсавета, дырэктар СШ № 1 Марына Нячай. — Будучы маладым чалавекам, прайшла шлях ад настаўніка сельскай школы да кіраўніка гарадской, людзі даверылі мне мандат дэпутата. Прыкладу ўсе намаганні для стварэння ўмоў, якія прыцягваюць моладзь у вёску, у малыя гарады, буду выкарыстоўваць для гэтага ўласны жыццёвы вопыт». Яе пазіцыю падтрымаў малады ўрач, загадчык Беняконскай амбулаторыяй у Воранаўскім раёне Віталь Кісялеўскі. «Кожнага жыхара на сваім участку ведаю ў твар, — адзначыў ён. — Ведаю іх пажаданні, інтарэсы, запыты. Гэта дапамагае ў зносінах з людзьмі, і не толькі як медыку, але і як дэпутату сельскага савета».

Пра тое, як важна развіваць сяло, казала і вядомая ў Гродзенскай вобласці кіраўнік КСУП "АграСолы" Вольга Лук’яненка. «Я чалавек зямлі і працы,» сказала яна. — Жыву ў вёсцы, працую ў сельскай гаспадарцы. І дакладна ведаю: калі будуць у нас, вобразна кажучы, хлеб і малако, то будуць школы, клубы, бібліятэкі, будзе жыллё для маладых сем’яў". Вольгу Лук’яненка хвалюе тэма замацавання моладзі ў вёсцы. У сваёй гаспадарцы яна многае для гэтага робіць і лічыць, што гэтае пытанне заслугоўвае ўвагі на Усебеларускім народным сходзе.

Дэпутаты падтрымалі вылучаных кандыдатаў і аднагалосна прагаласавалі за выбранне іх дэлегатамі сёмага Усебеларускага народнага сходу. Як адзначыў член Рэспубліканскай выбарчай камісіі, які прыняў удзел у рабоце сесіі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Южык, выбары дэлегатаў УНС прайшлі ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».