Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Клопат аб дзецях, унуках, усіх, хто працягне наш род — сутнасць сённяшняга моманту


З памяццю аб мінулым, клопаце аб сучасным і з надзеяй на будучынюпрайшла рабочая паездка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Гродна. Праграма гэтай камандзіроўкі атрымалася насычанай і разнапланавай, але з адным пасылам — клопату аб дабрабыце жыхароў горада і рэгіёна.


Пытанне, з якога Прэзідэнт пачаў рабочую паездку ў Гродна: «Ну, сабраў камяні?» Яно адрасавана памочніку Прэзідэнта — інспектару па Гродзенскай вобласці Юрыю Караеву. Гэта пытанне Аляксандр Лукашэнка падымаў тыдзень таму падчас камандзіроўкі ў Ашмянскі раён. Тады кіраўнік дзяржавы абураўся ўбачанымі на палях камянямі і даручыў кіраўніцтву вобласці вырашыць гэту праблему. «Вельмі шмат. Працэнтаў 60 сабралі», — далажыў Юрый Караеў. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што работы вядуцца. Мабілізаваны неабходныя сілы, у тым ліку з навучальных устаноў, прамысловых прадпрыемстваў. Камяні на палях — гэта сапраўды праблема. Падчас збору ўраджаю камяні могуць сур’ёзна сапсаваць тэхніку, якая каштуе нятанна. І гэта не толькі фінансавыя страты, але і некалькі дзён прастою. «У камбайн трапіць — камбайна няма. Паўмільёна долараў», — адзначыў Прэзідэнт. У цэлым, у Гродзенскай вобласці актыўна ідзе пасяўная кампанія. Дзякуючы спрыяльным умовам надвор’я ў сакавіку гэтага года сельскагаспадарчыя арганізацыі раней пачалі вясновыя сельскагаспадарчыя работы. У Гродзенскай вобласці яравы пасеў плануецца правесці на плошчы 327,5 тысяч гектараў. Для правядзення работ вобласць забяспечана сельскагаспадарчай тэхнікай, насеннем і ўгнаеннямі, палівам.

Мы робім усё, каб захаваць мір на зямлі

Падчас гэтай камандзіроўкі Прэзідэнт у прамым сэнсе гэтага слова зрабіў задзел на будучыню. Кіраўнік дзяржавы заклаў капсулу на месцы будаўніцтва гарадской клінічнай бальніцы па праспекце Янкі Купалы. У пасланні, якое змешчана ў капсуле сказана, што мы, стваральнікі суверэннай Беларусі, жывём у вельмі цікавы і няпросты час. На двары красавік 2024-га. Ярка свеціць сонца, прачынаецца прырода, на палі выйшлі хлебаробы, кожны на сваім месцы займаецца любімай справай, побач гучаць дзіцячыя галасы. «Але наша сэрца баліць. І мы пішам вам, таму што свет вакол мяняецца. Мы жывём у эпоху нябачанага ў параўнанні з мінулымі стагоддзямі навукова-тэхнічнага прагрэсу, але мільярды трацяцца на ўзбраенні і рэгіянальныя канфлікты. Планета палае. Цэлыя народы страчваюць свой дом і спрабуюць знайсці прытулак за тысячы кіламетраў ад сваёй Радзімы. Мы дапамагаем усім, хто просіць аб дапамозе, і робім усё, каб захаваць крохкі мір на гэтай Богам падоранай зямлі. І верым, што захаваем. Таму будуем дзіцячыя сады і школы, паліклінікі, бальніцы і новыя вытворчасці, культурныя, спартыўныя і гандлёва-забаўляльныя цэнтры», — сказана ў пасланні. Паколькі капсула закладваецца ў 2024-м годзе, калі адзначаецца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у пасланні выказана спадзяванне, што патомкі працягваюць тысячагадовую гісторыю беларускага народа вялікімі справамі. «Верым, што рана ці позна ўся энергія чалавецтва, розум і інтэлект будуць накіраваны выключна на стварэнне, што вы ступіце далей і выйдзеце за межы Сонечнай сістэмы! Калі зрабілі гэта — як зрэнку вока, беражыце нашу Зямлю, калыску чалавецтва. Наш — агульны дом, які заўсёды чакае вас».

Трэба зрабіць медыцыну народнай

Але, перш чым будаваць планы на будучыню, Прэзідэнт пацікавіўся, як ідуць справы сёння. Як гэта часта бывае падчас рабочых паездак у рэгіёны, абмеркаванне найважнейшых пытанняў праходзіла на нагах. У міністра аховы здароўя Аляксандра Хаджаева кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як той асвойваецца на пасадзе, якія ёсць цяжкасці і праблемы. «Трэба зрабіць медыцыну, як у нас раней казалі, народнай. Усім даступна, аднолькава», — паставіў Прэзідэнт галоўную задачу перад міністрам. Аляксандр Хаджаеў запэўніў, што даручэнні кіраўніка дзяржавы выконваюцца, у тым ліку па цэнаўтварэнні і кадрах. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці рабочы ў Міністэрстве аховы здароўя калектыў, ці трэба вырашаць кадравыя пытанні. Міністр далажыў, што ў гэтым напрамку ў найбліжэйшы час будуць прапанаваны кандыдатуры. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сістэме аховы здароўя трэба трымаць цвёрды курс. Па яго словах, рэперных кропак там шмат, кланаў звышдастаткова, «любяць „паплаваць“ так, як зручна, начальнікаў абслужыць». Таму, па словах Прэзідэнта, трэба парадак наводзіць.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу ў цэлым на кадравае пытанне ў медыцыне. «Кажуць, таго не хапае, гэтага не хапае. Урачоў, медсясцёр... Слухай, у нас усяго хапае. Толькі ў нас некаторыя катэгорыі, у тым ліку ўрачы, хочуць працаваць, як у нас, а жыць, як на Захадзе, і атрымліваць вялікія грошы», — сказаў ён. Але, па словах кіраўніка дзяржавы, на Захадзе зарабляюць тыя, хто суткамі працуе. Пры гэтым і ў Беларусі медыкі ў найлепшых клініках зарабляюць прыстойныя грошы. Акрамя таго, ён нагадаў, што дзяржава аказала істотную падтрымку медыкам падчас пандэміі каранавіруса і нават пасля пандэміі гэтыя надбаўкі захаваліся. «Але далей трошкі і самім трэба варушыцца. Выдатная прафесія, цудоўная спецыяльнасць. Лепшай, напэўна, у свеце няма. Вядома, і адказнасць, і паварушыцца трэба. Пераразмяркуецеся і працуйце як след», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік Гродзеншчыны Уладзімір Каранік, які раней быў міністрам аховы здароўя, звярнуў увагу, што ў свой час Прэзідэнт прыняў рашэнне аб матэрыяльнай падтрымцы ўрачоў у яшчэ большым памеры, чым прасіла Міністэрства аховы здароўя.

Бальніца павінна быць пабудавана за два гады

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік далажыў Прэзідэнту аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна. Па яго словах, у рэгіёне выкананы ўсе сацыяльныя абавязацельствы, рост намінальнай заработнай платы за 2023 год склаў 18 працэнтаў, за студзень — люты гэтага года перасягнуў 19 працэнтаў, а рост валавога рэгіянальнага прадукту дасягнуў амаль 8 працэнтаў. «Далейшае развіццё рэгіёна немагчыма без інвестыцый, таму ў Гродзенскай вобласці рэалізуецца 114 праектаў», — сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама. У рамках даручэння Прэзідэнта «Адзін раён — адзін праект» зацверджаны 21 праект, яны знаходзяцца ў розных стадыях рэалізацыі. Працягваецца рэалізацыя сацыяльных праектаў. 

Акцэнт Уладзімір Каранік зрабіў на установах аховы здароўя. Ужо адкрылі першую чаргу анкалагічнага дыспансера, будаўніцтва і абсталяванне якога працягваецца. А пачатак будаўніцтва новай бальніцы кажа сам за сябе. Рашэнне аб будаўніцтве новай бальніцы прынята ў сувязі з аптымізацыяй ложкавага фонду гарадскіх клінічных бальніц № 2 і № 3. Цяпер аддзяленні бальніцы № 2 размешчаны ў будынках канца ХІХ стагоддзя, дзе цяжка стварыць належныя для пацыентаў умовы, якія б адпавядалі патрабаванням сучаснай якаснай медыцыны. Новы аб’ект, які разлічаны больш чым на 500 ложкаў, будзе дзейнічаць разам з размешчанай побач гарадской бальніцай нумар № 4. Гэта дазволіць рацыянальна выкарыстаць ложкавы фонд устаноў аховы здароўя горада. Уладзімір Каранік растлумачыў, што праект бальніцы распрацаваны з улікам пандэміі. Пры неабходнасці аб’ект можна заніраваць, «аддзяліць» адно з чатырох крылаў, лячыць там, напрыклад, толькі інфекцыйныя захворванні. Таксама магчымасці новай бальніцы будуць дазваляць праводзіць раннюю дыягностыку захворванняў, эфектыўна выкарыстоўваючы «залатую гадзіну», своечасова аказваць медыцынскую дапамогу пацыентам. Тут будуць сканцэнтраваны ў асноўным аддзяленні тэрапеўтычнага профілю з кабінетамі эндаваскулярнай хірургіі, а таксама дыягнастычныя аддзяленні. Пры гэтым, як запэўніў губернатар, бальніца спраектавана без лішкаў. На яе будаўніцтва закладзены тэрмін 51 месяц. Але, як заўважыў Прэзідэнт, гэта зашмат. «Гэта доўга, давайце спрасцім і пабудуем за два гады», — даручыў Прэзідэнт. Жалезнае патрабаванне — падысці па-гаспадарску і зрабіць так, каб у людзей не было скаргаў. 

Таксама Прэзідэнт падкрэсліў, што будаўніцтва гэтай бальніцы і ў цэлым дзейнасць сістэмы аховы здароўя ў вобласці павінна быць пад кантролем міністэрства аховы здароўя. Аляксандр Хаджаеў запэўніў, што ведамства працуе ў звязцы з Гродзенскім аблвыканкамам, а ён асабіста абмяркоўвае з Уладзімірам Каранікам самыя важныя моманты. 

Гродна — наш горад. Ні міліметра нікому не аддадзім

На цырымоніі закладвання капусулы прысутнічалі гараджане: моладзь, ветэраны, прадстаўнікі арганізацый і прадапрыемстваў. «Калі нехта думае, што Гродна — гэта чужы горад і не зусім беларускі — забудзьце. Гродна — наша краіна, наша зямля, наш горад. Ні міліметра мы нікому тут нічога не ададзім. А калі камусьці дрэнна, цяжка тут, дык мы ж нікога не трымаем. Шкада, канешне, што некаторыя з’язджаюць, але мы нікога не трымаем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што многія з тых, хто з’язджае, лячыцца ўсё роўна прыязджаюць у Беларусь, бо тут гэта танна. Але па словах Прэзідэнта, гэта пытанне будзе ўрэгулявана, бо бясплатная і танная медыцына ў Беларусі — гэта падаткі беларусаў. 

Размаўляючы з гродзенцамі, кіраўнік дзяржавы зноў вярнуўся да кадравага пытання ў медыцыне. «Хачу дактарам сказаць ужо публічна: мы перажылі пандэмію, якая вырасла ў каронапсіхоз. Мы прайшлі яе годна. Адзіныя ў свеце мы пайшлі гэтым шляхам. Дрэнна-добра — але сёння выснова адна: калі б мы не пайшлі гэтым шляхам, нас бы ўжо не існавала. Мы не раскідвалі грошы з верталёта, таму што іх не было рэальных, а надрукуеш — заўтра нікому беларускія рублі нашы не патрэбныя (гэта ж не долары, яны там друкуюць, па ўсім свеце разыходзяцца, інфляцыя ўсё з’ядае), — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы пайшлі своеасаблівым шляхам. Мы зараз бачым, што мы не памыліліся, што мы правільна пайшлі». Прэзідэнт нагадаў таксама, што многія беларусы такія дзеянні тады не падтрымалі. Але тады такія, магчыма, непапулярныя, дзеянні былі неабходныя. Тады ж было вырашана дапамагчы ўрачам. Прэзідэнт і тагачасны міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік асабіста наведвалі бальніцы, паказваючы, што ўлада не ў баку. Было прынятае рашэнне па матэрыяльнай падтрымцы дактароў. Тыя надбаўкі захаваліся і пасля пандэміі. Таму, паводле слоў беларускага лідара, дзяржава зрабіла дастаткова для ўрачоў. Той, хто хоча зарабляць шмат — шмат працуе і атрымлівае годны заробак. А тым, хто хоча працаваць, як у Беларусі, а зарабляць, як на Захадзе, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што там палова зарплаты ідзе на падаткі, медыцына і адукацыя платныя. «Вы хочаце гэтага? Не пытанне. Калі вы хочаце гэтага, мы з Каранікам за паўгода перавядзем вас на польскую сістэму, еўрапейскую. Але тады ўсе за сябе, — іранічна прапанаваў Прэзідэнт. — Мы не можам прыняць такія прынцыпы і такую палітыку. У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава. Я ведаю, што такое просты чалавек. А гэта палова нашых людзей. Яны не змогуць жыць». Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўрачоў і медсясцёр дастаткова, але трэба ім плаціць. Ён запэўніў, што, калі ў медыцыне, адукацыі і іншых сферах будуць лішнія грошы, яны пойдуць выключна на патрэбы гэтай сферы.

«І не забывайце, што зарплата зарплатай, але калі не будзе храмаў, дзе мы лечым людзей, дзе ўстаноўлена дарагое абсталявання, калі не будзе абсталявання, мы людзей лячыць не зможам. Зарплата — гэта капейкі, у параўнанні з тым, што мы будзем укладваць вось сюды (у бальніцы — Зв.) і асабліва ў абсталяванне», — выказаўся кіраўнік дзяржавы.

Не будзем укалваць — загінем

Выступаючы перад гараджанамі, Прэзідэнт падкрэсліў, што тут не проста ўзводзіцца новы будынак — тут пачынаецца дыялог з новымі пакаленнямі беларусаў. З тымі, хто прыйдзе пасля нас. «І ў цэлым усё, што створана, пабудавана і мадэрнізавана нашымі рукамі за гады незалежнасці, — гэта пасланне ў будучыню. І гэта будоўля — гэта пасланне ў будучыню. Хто яго ведае, змогуць нашы дзеці так, як мы. Ніхто не ведае. Асабліва ў гэты бурны час, — сказаў Прэзідэнт. — Мы хочам, каб беларусы жылі, стваралі сем’і, вучыліся, працавалі, адпачывалі ў прыгожых, утульных і камфортных гарадах і вёсках. Робіцца ўсё, каб у кожнага была магчымасць перш за ўсё атрымаць годную адукацыю». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ніколі не было такіх умоў для паступлення ва ўніверсітэты, як сёння. Магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ёсць ва ўсіх. Той, хто нармальна вучыцца ў школе, можа паступіць амаль ва ўсе ВНУ. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для сферы адукацыі створаны ўсе ўмовы, і людзі на іх ужо не асабліва скардзяцца. Таму з нашых універсітэтаў выходзяць цудоўныя спецыялісты. У адваротным выпадку, па словах кіраўніка дзяржавы, іх бы не цягнулі ў іншыя краіны. «Мы робім усё, каб у вас была магчымасць. А калі ёсць магчымасць, далей трэба рухацца самім»- канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што часам беларусы ствараюць не дзякуючы, а насуперак жыццёвым абставінам. Ён растлумачыў, чаму забараніў ураду і чыноўнікам скарадзіцца на санкцыі: «Я зыходзіў з простай логікі. Калі начальніку, чыноўніку, дырэктару прадпрыемства даць магчымасць адвярцецца ад таго, каб напружвацца і працаваць, — ён гэтым скарыстаецца. Таму я адразу сказаў «Санкцый няма, забудзьцеся, для вас санкцый няма. Якая розніца нашым людзям, ёсць санкцыі, няма санкцый, яны хочуць жыць, яны хочуць працаваць. А час выбраў начальнікамі нас. І мы павінны зрабіць усё, каб нашы людзі жылі, працавалі, і маглі ўтрымліваць сям’ю, сваіх дзетак. І дзеткам трэба варушыцца, трэба сваіх дзяцей прывучаць да працы». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі аказваецца ўсялякая падтрымка шматдзетным сем’ям. Напрыклад, тым сем’ям ў якіх выхоўваецца пяцёра і больш дзяцей, дапамагаюць пабудаваць дом, выдзяляюць зямельныя ўчасткі. Але як паказвае досвед, часта такія дамы і ўчасткі не даглядаюцца. Узнікае пытанне — навошта тады дзяржава траціла сродкі і будавала гэтыя дамы, калі да іх так нядбайна ставяцца.

«Давайце праўдзе глядзець у вочы, я да вас не падлашчвацца прыехаў. Не будзем укалваць — загінем. Іншага няма шляху. Пакуль яшчэ не прыдумалі, чым замяніць працу. Як хочаце мяне разумейце. Галоўнае — магчымасць. Дзяржава павінна даць магчымасць,» — заявіў Прэзідэнт. Магчымасць сёння ёсць, таму трэба ёй карыстацца і працаваць, і не толькі для сябе, але і для будучых пакаленняў. «Клопат аб дзецях, унуках, усіх, хто працягне наш род, усіх, хто прыйдзе пасля нас, — сутнасць сённяшняга моманту і сутнасць ідэі сённяшняга мерапрыемства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што праз нейкія 50-100 гадоў, улічваючы развіццё інфармацыйных тэхналогій, пра сучасных беларусаў будуць ведаць усё і нават больш. «Але ці будзе гэта веданне ісцінай? Ці ўбачаць беларусы будучыні ў масіве інфармацыі нашыя сапраўдныя намеры? Таму мы і пакідаем тут пасланне. У ім нашы шчырыя надзеі, і ўсе яны прадыктаваны імкненнем да міру і стваральнай працы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Мы капаем зямлю побач з граніцай. Але мэты ў нас розныя

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што закладванне капсулы на месцы будаўніцтва бальніцы — гэта яшчэ і своеасаблівае пасланне нашым суседзям: «Пакуль ішоў сюды, да будаўнічай пляцоўкі, злавіў сябе на думцы: мы ж зараз таксама капаем зямлю, як і яны, зусім побач з граніцай. Толькі мэты ў нас розныя. Там капаюць акопы, траншэі... Павялічваюць выдаткі на ўдарныя ўзбраенні. А мы тут дзве трэці бюджэту рэгіёна накіроўваем на сацыяльную сферу. Мы хочам пабудаваць мірную будучыню. Мы настроены толькі на стваральную працу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт заклікаў не верыць заявам аб тым, што Беларусь хоча ваяваць. Але прызнаў, што мы рыхтуемся ваяваць, але гэта ўжо не навіна, бо гучыць часта. Логіка простая: хочаш міру — рыхтуйся да вайны. Па словах Аляксандр Лукашэнкі, гэта вельмі правільная думка. «Калі адтуль нехта падвывае і нас крытыкуе — ведайце, мы робім правільна. Калі нас пачнуць хваліць — бяда. Мы нікому не пагражаем, нам не трэба некаму пагражаць. Мы не хочам чужой зямлі, нам гэтую дай бог апрацаваць», — сказаў Прэзідэнт. Ён яшчэ раз звярнуў увагу, што да ўсяго трэба ставіцца адказна і думаць на перспектыву. І зноў знаёмы прыклад. Прыбраныя з палёў камяні дазволяць захаваць сельскагаспадарчую тэхніку і не траціць грошы на яе рамонт. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт, што сёння трэба быць ашчаднымі як ніколі. Гэта ашчаднасць і выратавала беларусаў. Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ў краіне вялікія планы і яны будуць рэалізаваныя, бо трэба зрабіць задзел для будучых пакаленняў. Гэта галоўнае. «Мы павінны зрабіць так, каб нашы дзеці, абапіраючыся на тое, што зрабілі мы, зрабілі больш, — сказаў ён. — Трэба сёння зрабіць максімум. Бо мы не ведаем, будуць нашы дзеці такімі ж, змогуць яны працаваць так, як мы. Пакуль я гэтага не бачу. Як бы моладзь не захвальвалі, пакуль я гэтага не бачу». 

Трэба шанаваць сваё

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што хацеў прыехаць на старт гэтай будоўлі, пабываць на Захадзе Беларусі. «І яшчэ раз ад першай асобы сказаць вам, што вы нашы, што мы вас нікому не аддадзім», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што сваю палітычную кар’еру ён пачынаў на Гродзеншчыне. І тады мясцовыя жыхары аказалі давер маладому палітыку. Што да суседзяў па мяжы, з якімі ў гродзенцаў ды і ва ўсіх беларусаў, заўсёды былі сяброўскія адносіны і якія сёння адгарадзіліся плотам, то па словах Прэзідэнта, гэта іх справа. Ён звярнуў увагу, што тыя, хто прымае такія рашэнні за мяжой, кіруюцца не інтарэсамі сваіх грамадзян, а маюць свае карыслівыя мэты, нажываючыся на будаўніцтве агароджаў. Беларусь на гэтым фоне наадварот адкрытая для наведванняў, увяла бязвізавы рэжым, на што заходнія суседзі сталі палохаць сваіх грамадзян верагоднасцю вярбоўкі ў Беларусі. «Гасподзь з вамі, не трэба мне гэта вярбоўка. Хто ж так вярбуе? Каго трэба, мы ўжо даўно завербавалі», — заўважыў Прэзідэнт.

«Мы гэта перажывём. Мы хочам мірнага жыцця. Я не хачу, каб нашы людзі ваявалі. Гэта з асабістага. А з дзяржаўнага таксама, я паўтараю пастаянна: нам чужога не трэба. Чужы кавалак ірве раток. Так у народзе гаварылі, я гэта засвоіў са свайго вясковага жыцця. Я не хачу нічога чужога. І заўсёды кажу: не чапай чужое, бокам вылезе. І вам хачу завяшчаць: чужога не чапайце. Рана ці позна гэта ператворыцца ў катастрофу, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я хачу, каб вы, вашы дзеці і ўнукі жылі ў спакойнай мірнай краіне. Пакуль я Прэзідэнт, пакуль мае памочнікі працуюць тут і па ўсёй краіне, мы будзем праводзіць гэту палітыку». 

Аляксандр Лукашэнка не проста выступіў перад гараджанамі, але і асабіста пагаварыў з людзьмі. «Гродзенцы проста малайцы. — сказаў ён. — Хацелася б, каб вашы людзі тут жылі, працавалі, лячылі, ад гэтага нікуды не падзенешся». Кіраўнік дзяржавы заклікаў трымацца разам і не сварыцца, як бы ні было цяжка: «У нас зямлі дастаткова. А калі ёсць свая зямля — тады і жыць будзем нармальна». Па яго словах, можна ездзіць за мяжу, глядзець як там што, але трымацца трэба за сваё, не губляць карані. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што тыя, хто з’ехаў у 2020 годзе, сёння хочуць вярнуцца, звяртаюцца ў адпаведную камісію пад старшынствам генпракурора Андрэя Шведа. «Трэба шанаваць сваю зямлю. Сваё трэба шанаваць, каб потым не прасіцца назад. Вядома, людзей шкада. Яны тады ў сацыяльных сетках усё паказвалі сябе. А сёння мы бярэм гэтыя сеткі і глядзім, хто чым займаўся. Хто там у першых шэрагах ішоў і гатовы быў забіваць з нажамі, сякерамі. А хтосьці ачмурэў проста ад пандэміі і іншае. Людзі павінны мець права на памылку. Таму і створана гэтая камісія, і працягнулі яе паўнамоцтвы», — сказаў ён. Беларускі лідар падкрэсліў, што тых, хто ўсё зразумеў і ўсвядоміў, трэба вяртаць да жыцця. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларусы заўжды былі адкрытыя і шчыра настроеныя да іншых народаў. «Простыя палякі і літоўцы да нас добра ставяцца. Разумеюць нас. І мы павінны па-беларуску так. У нас жа сумесь: палякі, яўрэі, беларусы, рускія, украінцы. Гэта самы якасны народ. І мы павінны быць такімі, гнуткімі, акуратнымі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Вы не хвалюйцеся. Будзе так, як я кажу. У мяне падвойнага дна ў палітыцы няма. Будзе так, як будзе выгадна нашым людзям ад Гродна да Оршы», — запэўніў Прэзідэнт. 

Крытэрый адзін — эфектыўнасць і так, як лепш для краіны 

Таксама Прэзідэнт наведаў новую вытворчасць ААТ «Гродзенскі шклозавод», у прыватнасці яго вытворчую пляцоўку «Аўльс». Ва ўсім свеце няма выпадкаў, калі б за пяць гадоў у чыстым полі была пабудавана такая вытворчасць. Беларускі аб’ект пабудаваны за два гады — рэкордныя тэрміны. Беларускае прадпрыемства стваралася падчас пандэміі, ва ўмовах санкцыйнага ціску. Але айчынныя спецыялісты ўсё вытрымалі і прайшлі вялікую навуку. 

Прэзідэнту далажылі аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Стварэнне вытворчасці шкляной тары з выкарыстаннем інавацыйных, энергаэфектыўных і рэсурсазберагальных тэхналогій». Па выніках рэалізацыі гэтага праекта арганізавана вытворчасць шклотары на трох лініях шкловарнай печы вытворчасцю 220 тон у суткі, створана 104 працоўныя месцы, на якіх занятыя 279 чалавек. 

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сучаснымі тэхналогіямі распрацоўкі і выпуску вырабаў са шкла. Генеральны дырэктар упраўляючай кампаніі холдынга «Беларуская шкляная кампанія» Юрый Скрыпко расказаў, што прадпрыемства можа выпускаць да 200 мільёнаў штук вырабаў тары, 60 мільён тон у год. Вытворчасць арганізавана па апошнім слове тэхнікі і тэхналогій.

Прэзідэнту паказалі сыравіну для вытворчасці шкла, прыродныя матэрыялы, якімі не надта багатая наша краіна, і тое, што ляжыць літаральна пад нагамі — шклобой. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба максімальна выкарыстоўваць тое, што ёсць, каб не купляць тое, чаго няма, бо ашчаднасць сёння вельмі важная. Юрый Скрыпко падкрэсліў, што працаваць са шклобоем больш зручна і выгадна, чым з прыроднымі матэрыяламі. Калі апрацоўваецца шклобой, а таксама ўтвараюцца адходы, адсеў, дробная фракцыя шкла, якую ў шкловарэнні ўжываць нельга. І гэтыя адходы або адпраўляцца на звалку, або атрымліваюць новае жыццё — іх успеньваюць. Па словах Юрыя Скрыпко, успененае шкло — гэта ўцяпляльны матэрыял, які валодае выключнымі характарыстыкамі, не гарыць, не тоне, даволі трывалы. «У нас ёсць сыравіна. І мы з гэтага можам добры тавар вырабіць», — заўважыў Прэзідэнт, таму ён даручыў ураду ўзяць гэтае пытанне на кантроль. 

Галоўны пасыл Прэзідэнта падчас наведвання шклозавода — дзейнічаць у дзяржаўных інтарэсах і так каб быў эфект. Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ён ведае ўсё, што робіцца на месцах. Таму ніякай хлусні быць не павінна, гэта тычыцца і членаў урада, і мясцовых улад, і кіраўнікоў прадпрыемстваў. «Ваш падман прывядзе да таго, што будуць прыняты няправільныя рашэнні. Хлусні быць не павінна! Крытэрый адзін — эфектыўнасць і, так як лепш для краіны», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы прайшоўся па цэхах завода, сучасных і зручных. Напрыклад, у сыравінным цэху прадугледжаны ўсе ўмовы, каб выключыць староннія негатыўныя ўздзеянні, якія могуць паўплываць на канчатковую якасць тавары. Цэхі на прадпрыемстве максімальна аўтаматызаваныя. Увесь вытворчы працэс арганізаваны так, каб мінімізіраваць шкоднае ўздзеянне на навокольнае асяроддзе. «Асаблівасцю гэтага завода можна адзначыць так званую утылізацыю цяпла. Гэта значыць, завод выкарыстоўвае цяпло адыходзячых газаў самой печы пры варэнні, пераўтварае гэтую энергію і мы самастойна сябе забяспечваем гарачым водазабеспячэннем і ацяпленнем», — распавёў генеральны дырэктар Гродзенскага шклозавода Дзяніс Юрчанка. Што тычыцца непасрэдна прадукцыі, то на заводзе можна вырабіць бутэлькі і слоікі самых розных памераў, што вельмі актуальна для многіх беларускіх прадпрыемстваў. Гэта і прадэманстравалі Прэзідэнту на невялікай выстаўцы прадукцыі завода. 

Нараўне з бягучай дзейнасцю на прадпрыемстве на пастаяннай аснове ажыццяўляецца інвестыцыйная. У прыватнасці, у 2023 — 2024 гадах на дзеючай пляцоўцы ААТ «Гродзенскі шклозавод» запланавана рэалізацыя — інвестыцыйнага праекта «Тэхнічная мадэрнізацыя тэхналагічнай лініі шкловарнай печы № 7 цэх пракатнага шкла і шклотары ААТ „Гродзенскі шклозавод“ па адрасе: г. Гродна, вул. Суворава, 40» агульным коштам 93 млн. рублёў. Праект прадугледжвае абнаўленне маральна і фізічна зношанага абсталявання па вытворчасці шклотары.

Падводзячы вынікі наведвання шклозавода, Прэзідэнт падкрэсліў, што калі будзе ідэя, карысная і абгранутаваная, яна будзе рэалізоўвацца. «Толькі хаваць, красці не трэба. І ўсё будзе нармальна», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама пакінуў свой запіс у кнізе ганаровых гасцей Гродзенскага шклозавода. Запіс пад нумарам адзін. «Вы не павінны нікога баяцца, калі вы добра працуеце. Калі чалавек нечага баіцца — чакай бяды», — на развітанне параіў Прэзідэнт. 

У тэму 

Тарная галіна ў краіне павялічвае магутнасці

У размове з журналістамі генеральны дырэктар Гродзенскага шклозавода Дзяніс Юрчанка падкрэсліў, што галоўная асаблівасць гэтага прадпрыемства — тое, што адзіны выпадак за пяць гадоў у свеце, калі ў чыстым полі з нуля быў пабудаваны шклотарны завод. «Тэхналогіі, электрападагрэў, абсталяванне, размешчанае на дадзенай пляцоўцы — гэта самае лепшае, што было ў апошні час. Мы гэта змаглі атрымаць, мы гэта змаглі прывезці, мы гэта змаглі ўстанавіць, і гэта запрацавала. Тое, аб чым марыла ўся каманда Гродзенскага шклозавода, тое, што падтрымаў Прэзідэнт, мы ўвасобілі ў жыццё», — сказаў ён. 

Дзяніс Юрчанка адзначыў, што сёння няма праблем з рэалізацыяй прадукцыі, якую выпускае завод: «Першапачаткова гэты завод будаваўся каб задаволіць патрэбы ў шклотары піўных холдынгаў. Мы павінны былі ў нейкай меры замяшчаць іх патрэбы. Але яны палічылі, што ім яшчэ рана звяртацца да шклотары. І так атрымліваецца, што завод запушчаны і тыя аб’ёмы, якія ён гатовы вырабляць, ён вырабляе на існуючы рынак, нягледзячы на піўныя холдынгі. І калі ім чарговы раз спатрэбіцца шкло, а гэта палітыка дзяржавы і Прэзідэнта— адысці ад пластыка да шкла, атрымаецца, што ім спатрэбіцца яшчэ 2-3 такія прадпрыемствы. А на тым, што мы на першапачатковым этапе будавалі для іх, мы змаглі замясціць усе аб’ёмы на той жа ўнутраны рынак або экспартныя пазіцыі».

Генеральны дырэктар Гродзенскага шклозавода нагадаў, што некалі стаяла пытанне аб існаванні тарнай галіны ў рэспубліцы, а само прадпрыемства было практычна банкрутам. Тады, дзякуючы Прэзідэнту, ураду, банкірам, якія паверылі ў гэтае прадпрыемства, яго ўдалося захаваць. «Тарная галіна ў Рэспубліцы Беларусь не тое што развіваецца — яна працягвае павялічваць магутнасці, памнажае сваю вытворчасць у разы. І мы прыйшлі да таго, што ў 2023 годзе мы запусцілі абсалютна новую вытворчасць, чым зараз ганарымся», — падкрэсліў Дзяніс Юрчанка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Гродна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.