Вы тут

Алімпіец Ігар Макараў расказаў, што ўяўляе з сябе прафесійны спорт


Алімпійскія гульні ў Афінах 2004 года прынеслі беларускаму спорту адразу дзве вялікія сенсацыі. Юлія Несцярэнка, як сапраўдная белая маланка, бліснула ў фінале стометроўкі. А дзюдаіст Ігар Макараў аказаўся мацнейшым за сваіх сапернікаў у вагавой катэгорыі да 100 кілаграмаў. Ён стаў першым і пакуль адзіным алімпійскім чэмпіёнам па дзюдо ў гісторыі беларускага спорту. Праз 20 гадоў героі афінскай Алімпіяды ў промнях славы не купаюцца і не надта да гэтага не імкнуцца. Юлія Несцярэнка спакойна трэніруе маладых бегуноў у родным Брэсце. А Ігар Макараў жыве ў Гомелі, патрыётам якога сябе лічыць. Ён прывівае малым любоў да здаровага ладу жыцця ў «Школе дзюдо Ігара Макарава», трэніруе спартсменаў у вучылішчы алімпійскага рэзерву, выкладае на факультэце фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Паралельна вучыцца ў аспірантуры і займаецца самаразвіццём. І больш за ўсё ганарыцца тым, што дома «кветнік» — жонка і дзве дачкі. Сваімі спартыўнымі дасягненнямі Ігар Макараў не бравіруе, медалямі не хваліцца. Нават у Музей спартыўнай славы роднага факультэта аддаў толькі кімано. А медалі ляжаць дома ў скрыні. Таму ведаць і прымаць Ігара Макарава выключна як першага алімпійскага чэмпіёна па дзюдо ўжо няправільна. Ён яшчэ і выкладчык, трэнер, у чымсьці філосаф (дзюдо — гэта ж філасофія), вялікі спецыяліст, які мае сваё асаблівае меркаванне на многія пытанні. Сваімі моцнымі думкамі моцны чалавек падзяліўся і са «Звяздой».


Навошта вяртацца ў мінулае, калі ёсць цікавая сучаснасць

Я амаль ніколі не ўспамінаю Алімпійскія гульні. Які ў гэтым сэнс? Гэта ўжо пройдзены этап. Магчыма, калі я буду сівавалосым старым, тады буду ўспамінаць. Трэба разумець, што Алімпійскія гульні ніхто з нуля не выйграе. Падрыхтоўка да Алімпіяды займае не паўгода, не год і нават не чатыры гады. Гэта каласальная праца. Навошта зноў вяртацца ў няпростае мінулае, калі ў цікавай сучаснасці ёсць, аб чым думаць?

Медалі — гэта асабістае, вельмі асабістае. Я змагаўся, каб задаволіць найперш свае амбіцыі. Я іх задаволіў. І выстаўляць гэта напаказ не бачу сэнсу. Таму ўсе мае медалі спакойна ляжаць дома ў скрыні.

Наогул, я ні аб чым не шкадую. Але часам накатвае шкадаванне, што на Алімпіядзе ў Лондане не дабраўся да п’едэстала. Тады ўсё было ў маіх руках, але я сам нарабіў памылак. Ці можна ў такім выпадку казаць, што я задаволіў усе свае амбіцыі? Ды хто ж яго ведае. Калі ёсць толькі адна прычына для шкадавання, а ў цэлым я ні пра што не шкадую, то, мусіць, задаволіў.
Сваю трэнерскую разыначку агучваць не буду — «сакрэт фірмы»

Дзеці забіраюць шмат энергіі, але аддаюць яе яшчэ больш, яны ж чыстыя. Яны вераць безумоўна. І па іх лёгка зразумець: ці правільна ты працуеш, правільную лінію паводзін выбудоўваеш або не. Таму мне падабаецца працаваць з дзецьмі. Самая вялікая складанасць гэтай працы — прымусіць дзяцей нешта рабіць. Цяпер дзеткі ў большасці распешчаныя, залюбленыя бацькамі, і гэта адчуваецца. Я працую з групамі старэйшых, 2008–2010 гадоў нараджэння і 2012–2015 гадоў нараджэння. Наогул мы ў школу набіраем дзяцей з чатырох гадоў. Але я не асабліва хачу з самымі маленькімі працаваць па адной прычыне: мне хочацца перадаваць свой вопыт і свае веды ў дзюдо людзям, якім гэта цікава. У чатырохгодкаў пра дзюдо гаворкі нават не ідзе, простая фізкультура.

Дзіцячы спорт нават спортам называць нельга, гэта нават не фізкультура. Тое, чым мы займаемся ў школе з самымі маленькімі, развіццё дзіцяці, закладванне асобасных якасцяў. У першую чаргу гэта павінны разумець бацькі. Многія з іх думаюць, што калі ў нас камерцыйная арганізацыя і яны плацяць грошы, то дзеці адразу стануць чэмпіёнамі. Вядома, гэта не так. Не трэба запіхваць у дзіця больш, чым яно можа прыняць. Калі бацькі спрабуюць увасобіць у дзецях свае нерэалізаваныя амбіцыі, гэта ні да чаго добрага не прыводзіць.
Я не задаюся мэтай выхаваць у сваёй школе другога Макарава. Я перакананы і заўсёды кажу бацькам: выбар дзіця павінна рабіць самастойна, гадоў у 15-16, калі ўжо будзе разуменне, чаго яно хоча. Калі нехта з нашых выхаванцаў абярэ шлях прафесійнага спартсмена, мы яму, вядома, дапаможам, чым зможам.

На татамі я як рыба ў вадзе. Таму ў зале мне больш камфортна, чым ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. Хоць і ў аўдыторыі ўжо асвоіўся, язык падвешаны, літаратуру пачытаў — і наперад. Я больш практык, а ва ўніверсітэце на першым месцы тэорыя, таму даводзіцца вельмі шмат чытаць, каб пісьменна нешта сказаць. Мне даволі проста быць выкладчыкам, таму што на кожную цытату з разумнай кнігі ёсць рэальны жыццёвы прыклад. Я вяду вузкі курс, група невялікая, і яны ўсе займаюцца дзюдо. Таму досведу яны набяруцца і так, а мая задача на занятках — даць ім зерне для разважанняў, каб разумелі, адкуль што бярэцца і як што робіцца. Навуковая база не намі распрацавана, таму я лічу, што дзеткам (а яны ўсё для мяне дзеткі) трэба яе паказаць. Вопыт — гэта добра, а вопыт разам з ведамі — яшчэ лепш.
Трэнер — гэта перш за ўсё вопыт. Менавіта трэнерскі досвед перадачы інфармацыі, узаемадзеяння з людзьмі. Калісьці я прапанаваў свае паслугі ў нацыянальнай камандзе, але там палічылі, што справяцца без мяне. Не стаў навязвацца. Але з вышэйшым звяном мне было б цікава папрацаваць. Я глыбока перакананы, што спецыяліст, які мае амбіцыі на падрыхтоўку чэмпіёнаў, павінен прайсці ўсе этапы трэнерскага шляху, пачынаючы ад малых і заканчваючы вышэйшым звяном. Прычына простая — ён павінен ведаць спецыфіку падрыхтоўкі рознаўзроставых рознаўзроўневых спартсменаў. Гэты досвед дапаможа інакш глядзець на трэніровачны працэс, дапаможа разгрузіць галаву. У прафесійным спорце не трэба бяздумна ўпахваць, людзям уласціва ламацца. На такім узроўні патрэбны веды, каб разумець, як выбудоўваць працу, якая прынясе вынік. Чалавек, што не ведае спецыфікі падрыхтоўкі дзяцей, проста не зможа прадуктыўна працаваць з вышэйшым звяном, гэтае маё меркаванне. І мяне заўсёды ўражвае, калі людзі, якія не працавалі нідзе, пачынаюць кіраваць дарослай камандай. Гэта нонсэнс. Чалавек, які без досведу працы трэнерам ідзе адразу ў вышэйшае звяно, павінен быць або сямі пядзяў у лбе, або пастаянна вучыцца, папаўняць недахоп ведаў.

Я магу спрачацца да хрыпаты: калі чалавек не быў наверсе п’едэстала, то ні да чаго добрага ён у трэнерскай працы не прыйдзе. Але добры спартсмен — не значыць добры трэнер. Так, ёсць прыклады, калі людзі, якія не былі выдатнымі спартсменамі, сталі выдатнымі трэнерамі. Іх сакрэт просты і складаны — яны вельмі шмат вучыліся. Каб стаць добрым трэнерам, таксама як і добрым спартсменам, — трэба працаваць над сабой. Добры трэнер — гэта чалавек, які ўвесь час вучыцца, і пажадана не на сваіх памылках. А то можна так памыліцца, што і спартсмена страціш. Граматны трэнер балансуе на грані сваіх магчымасцяў і магчымасцяў сваіх падапечных. Трэнер — гэта далёка не той чалавек, які распісвае фізічную нагрузку. Ён павінен стварыць атмасферу ў камандзе. Ён павінен адчуваць сваіх спартсменаў, быць добрым псіхолагам, сябрам, настаўнікам.

Методыка падрыхтоўкі дзюдаістаў, у прынцыпе, аднолькавая, у кнігах усё прапісана. Але кожны трэнер абавязаны ўносіць сваю разыначку, каб дасягнуць выніку. Я пакуль сваю трэнерскую разыначку агучваць не буду, «сакрэт фірмы». Вось калі буду сівавалосым старцам і стану ўспамінаць Афіны, раскажу сваю методыку.

Трэнер па дзюдо павінен не толькі вучыць спартсмена тэхніцы, але і прывіваць яму філасофію дзюдо. Уся філасофія дзюдо зводзіцца да таго, каб паказаць свой узровень падрыхтоўкі і не прычыніць болі блізкаму, гэта словы Дзігора Кано. Гэта значыць, спартсмену трэба разумець кідкі, аналізаваць іх, каб не зрабіць лішняга руху і не прычыніць нязручнасцяў саперніку. Калі пачынаеш гэта разумець — зусім інакш глядзіш на барацьбу.

Прафесійны спорт — гэта гандаль уласным здароўем, што трэба разумець кожнаму. Кожны спартсмен рызыкуе атрымаць сур’ёзныя траўмы. Нельга сказаць, што ў дзюдо наогул не сустракаюцца траўмы, але і нельга казаць, што дзюдо — траўманебяспечны від спорту. Зноў усё залежыць ад трэнера, як ён прывівае правільную тэхніку.

Ніхто пра гэта не кажа, але ўсе ведаюць, што спартсмены любяць славу

Для мяне галоўнае ў дзюдо — усеагульная выгода, якую мы павінны несці. Гэта канон, сфармуляваны яшчэ Дзігора Кано. Дзюдо — гэта па большай частцы дабрыня і павага. Нашы рытуалы ўсё бачылі: заходзім у залу — кланяемся, выходзім на татамі — кланяемся. Мы паказваем, што мы чыстыя. Мы змагаемся басанож. Таму ў залу дзюдо трэба заходзіць з чыстымі нагамі, і пажадана з чыстымі думкамі.

У Беларусі нараджаюцца брыльянты. І цяпер наша дзюдо знаходзіцца ў чаканні нараджэння брыльянта. Вось гэта асаблівасць нашай школы дзюдо. Гадоў 20-25 таму, калі я выступаў, у нас была настолькі моцная каманда, што не было ніводнага буйнога міжнароднага старту, з якога мы вярталіся б без медалёў. Прычым два медалі на каманду — гэта быў правал. На нас, мякка скажам, сварыліся за трэція месцы. А цяпер едуць на турнір шэсць чалавек, умоўных дзесяць хвілін змагаюцца і вяртаюцца дадому. Адсюль пытанне: ці беларускай школы дзюдо няма і не было, ці зараз брыльянтаў няма? Я спадзяюся толькі на дзяўчат. Вось калі яны наша дзюдо не выратуюць, тады — дрэнная справа.

На татамі я ўвесь час, але спаборнічаць мяне не цягне. Як скончыў — так і адрэзала. Я мог бы яшчэ пазмагацца, але проста перахацелася. Таму і сышоў са спорту, надакучыла гэта ўсё. Спартсмен — гэта адрэналінавы наркаман. І калі перасычаешся адрэналінам, трэба ставіць кропку. Вось у мяне так і здарылася. Нават калі цела яшчэ можа бароцца, а жадання ўжо няма — гэта канец. Жаданне стаць першым — гэта асноўнае, што павінна рухаць спартсменам. Што нас рухае? Жаданне пацешыць сваё самалюбства, сваё эга, якое ў спартсменаў павінна зашкальваць. Ніхто пра гэта не гаворыць, але ўсе ведаюць, што спартсмены вельмі любяць славу. Менавіта гэтая ганарыстасць і дапамагае трываць усе абмежаванні, звязаныя са спортам. Не так проста ісці ў залу, калі твае аднакласнікі забаўляюцца. Але мэта стаць першым — вышэй за ўсё.

Асноўны лозунг майго клуба «Поспехі ў жыцці — поспехі ў спорце». Калі чалавек можа сваю працаздольнасць, паказаную ў спорце, прымяніць і ў жыцці пасля спорту — ён абавязкова ўсяго даб’ецца. Без сумненняў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.