Вы тут

У Гомелі ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Энергамарафон»


У Гомельскім абласным грамадска-культурным цэнтры прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў XVII рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон». Яго фіналістамі сталі 164 удзельнікі, якія прадставілі 70 устаноў адукацыі рэспублікі. Пераможцаў вызначылі ў шасці намінацыях і шэрагу паднамінацыі.


Ацаніць усю разнастайнасць і крэатыўнасць праектаў у сферы энергазберажэння і энергаэфектыўнасці можна было на традыцыйнай выставе конкурсных работ. 

На тое, што з кожным годам расце папулярнасць конкурсу, узровень падрыхтоўкі праектаў і творчых работ, звярнулі ўвагу на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў. Удзельнікаў урачыстага мерапрыемства прывіталі намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталь Крэцкі і начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў.

— Конкурс прывівае дзецям культуру энергаспажывання. Мы імкнемся рыхтаваць спецыялістаў у гэтай галіне, пачынаючы з дзіцячага сада. Упэўнены, што, пасталеўшы, яны зоймуць кіруючыя пасады і ў далейшым прападзе неабходнасць прымаць узмоцненыя меры ў галіне эканомнага і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, — адзначыў Віталь Крэцкі.

Так, у 17-ы раз усіх неабыякавых да праблем энергазберажэння і энергаэфектыўнасці навучэнцаў і педагогаў сабраў рэспубліканскі конкурс «Энергамарафон». Кожны год у ім бяруць удзел больш за тры з паловай тысячы чалавек з амаль 500 устаноў адукацыі краіны. 17 гадоў правядзення конкурсу — гэта ўнікальны назапашаны вопыт педагагічнай і кіраўніцкай дзейнасці ў сферы энергазберажэння і экалогіі, выхавання культуры энергаспажывання сярод дзяцей і моладзі.

Лепшыя праекты канкурсантаў рэалізуюцца ў рамках мерапрыемстваў па энергазберажэнні.

— Прыемна бачыць, з якім імкненнем і адказнасцю ў нашым конкурсе бяруць удзел прадстаўнікі педагагічных калектываў, а таксама выхаванцы і навучэнцы ўстаноў адукацыі з усіх рэгіёнаў нашай краіны, — падзякаваў Віталь Крэцкі. Па яго словах, кожны конкурсны праект і работа дэманструюць вялізную ўкладзеную працу, творчы пошук дзяцей і педагогаў, іх шчырае імкненне стаць лепшымі.

Словы віншавання прагучалі ў адрас пераможцаў і прызёраў. Так, у намінацыі «Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў» вызначаны лідар ў паднамінацыі «Відэаролік». Ім стаў «Гомельскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі» за работу — «Спадчына і энергазберажэнне». Першыя месцы у паднамінацыях «Улётка; плакат; малюнак» занялі ўдзельнікі конкурсу з дзіцячага сада № 52 Віцебска «Івушка», навучэнцы гімназія № 51 Гомеля і Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа. 

У намінацыі «Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі» лепшай прызнана творчая работа гімназія № 4 Віцебска.

У намінацыі «Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні, энергаэфектыўнасці і аднаўляльнай энергіі» за праект «Самазараджальны электрамабіль» першае месца атрымаў навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа.

У намінацыі «Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў» — першае месца на рахунку дзіцячага сада № 14 Светлагорска.

У намінацыі «Гейміфікацыя ў энергазберажэнні» журы конкурсу вызначыла пераможцаў адразу ў трох паднамінацыях: за лепшыя дыдактычную, настольную і камп’ютарную гульні.

У апошняй намінацыі «Лепшы педагагічны работнік па арганізацыі работы па выхаванні культуры рэсурса- і энергазберажэння ў навучэнцаў» першае месца прызначана Магілёўскаму дзяржаўнаму электратэхнічнаму каледжу, а другое — Гомельскаму абласному цэнтру тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў быў уручаны пераходны вымпел конкурсу. У наступным годзе права і гонар прымаць XVIII рэспубліканскі конкурс «Энергамарафон» прадастаўлена Магілёву.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.