Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» прыняў удзел у батальённых тактычных вучэннях


На палігоне Лосвіда салдаты тэрміновай службы і афіцэры 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады адпрацавалі прыёмы па барацьбе з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі. Карэспандэнт «Звязды» пабываў у эпіцэнтры падзей і падзяліўся падрабязнасцямі з месца.


На палігоне ў гэтыя дні сапраўды горача. Тут пастаянна імітуюцца выбухі, знішчэнне праціўніка і асабовага складу, адпрацоўваюцца спосабы вылучэння на рубяжы, а таксама ўтрыманне гэтых рубяжоў. Вялікая роля надаецца адпрацоўцы абарончых дзеянняў і выкананню спецыяльных задач.

На завяршальным этапе батальённага тактычнага вучэння ваеннаслужачыя 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады адпрацоўваюць знішчэнне праціўніка агнявым спосабам. Да гэтага на працягу некалькіх дзён выконваліся тактычныя задачы па пошуку гэтага праціўніка, па выяўленні і далейшай ліквідацыі сістэмы ахоўвання. Варта адзначыць, што баявыя задачы па ліквідацыі праціўніка віцебскія дэсантнікі выконваюць і днём, і ноччу.

«Батальённае тактычнае вучэнне з’яўляецца завяршальным этапам баявога зладжвання парашутна-дэсантных батальёнаў, — распавёў начальнік інфармацыйнага цэнтра гвардыі маёр Эрнэст Юпатаў. — У гэтым выпадку працуе батальённая тактычная група — гэта парашутна-дэсантны батальён, узмоцнены сродкамі з іншых падраздзяленняў, такімі як супрацьтанкавыя кіраваныя ракетныя комплексы, аўтаматычныя гранатамёты, зенітныя падраздзяленні і іншыя».

Па словах Эрнэста Юпатава, асноўныя адрозненні дадзеных вучэнняў ад папярэдніх у тым, што адпрацоўваюцца найбольш важныя і адметныя моманты, зыходзячы з вопыту спецыяльнай ваеннай аперацыі па баявым забеспячэнні падраздзяленняў, па эвакуацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі, а таксама па ўжыванні беспілотных лятальных апаратаў. Акрамя таго, моцна адрозніваецца задзейнічанне бронетэхнікі для найбольш якаснага выканання баявых задач на полі бою, захавання сваёй баяздольнасці і памяншэння страт асабовага складу.

«Моцна памяняліся метады падвозу боепрыпасаў, якія спрасцілі для падраздзяленняў і знялі інфармацыйную нагрузку з камандзіра парашутна-дэсантнага батальёна або батальённай тактычнай групы, тым самым паскорыўшы працэс падвозу боепрыпасаў і іншых матэрыяльных сродкаў непасрэдна ў баявыя парадкі падраздзяленняў. Таксама былі адпрацаваны новыя методыкі вядзення стралковага бою і многія моманты, якія мы ўбачылі і засвоілі для сябе, зыходзячы з вопыту спецыяльнай ваеннай аперацыі», — адзначыў начальнік інфармацыйнага цэнтра.

Віцебскія дэсантнікі актыўна выкарыстоўваюць і ўжываюць вучэбнае месца «Штурм акопаў», якое паказала сябе як важны элемент падчас баявых дзеянняў у блізкім замежжы. Распрацавана новая схема работы бронегруп, якая ўключае ў сябе розныя метады дзеяння на брані. Асноўны сэнс заключаецца ў тым, каб бронетэхніка была ў баявым парадку разам з пяхотай, але не запасілася ў адным месцы, а працавала больш эфектыўна па ўсёй шырыні фронту, неабходнага для вядзення баявых дзеянняў і выканання спецыяльных задач.

«Віцебскія дэсантнікі штогод праводзяць сумесныя тактычныя вучэнні з ваеннаслужачымі Расійскай Федэрацыі. Яны адпрацоўваюцца як на тэрыторыі нашай краіны, так і ў Расіі. Такія вучэнні з’яўляюцца важным элементам для зладжвання міжнароднай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Як Саюзная дзяржава, мы павінны быць здольныя працаваць разам і сумесна выконваць задачы, якія могуць паўстаць у выпадку пагрозы з боку сумежных дзяржаў. Для гэтага мы рэгулярна працуем, сумесна вучымся і трэніруемся», — сказаў на заканчэнне начальнік інфармацыйнага цэнтра.

Парашутна-дэсантны батальён з’яўляецца асновай групы. Да яго надаюцца сродкі ўзмацнення: супрацьтанкавыя кіраваныя ракетныя комплексы, зенітныя, гранатамётныя, інжынерныя, артылерыйскія падраздзяленні, тэхнічнае забеспячэнне і іншыя.

«Перад парашутна-дэсантнай ротай стаяла задача па знішчэнні незаконнага ўзброенага фарміравання спосабам ракіроўкі першай парашутна-дэсантнай роты на агнявым рубяжы, гэта значыць мы вылучаліся ў баявых парадках пасля каманды на падтрымку, — распавёў камандзір парашутна-дэсантнай роты. — Мы рушылі наперад праз іх баявыя парадкі, размясціліся там і нанеслі агнявое паражэнне незаконнаму ўзброенаму фарміраванню. Нашай роце надавалася гранатамётнае падраздзяленне з мінамётным узводам. Рота нанесла максімальнае агнявое паражэнне праціўніку, тым самым не даўшы яму рушыць наперад».

На працягу двух тыдняў кожны ваеннаслужачы праходзіў адзіночную падрыхтоўку. Пасля чаго была падрыхтоўка са спецыялістамі, дзе кожны салдат займаўся па сваім канкрэтным кірунку.

Па словах камандзіра парашутна-дэсантнай роты, бронетэхніка ўжываецца для работы па праціўніку з максімальнай агнявой сілай. У роце найбольшае паражэнне наносіць бронегрупа і гранатамётчыкі. Бронетэхніка выкарыстоўваецца для дастаўкі ў патрэбную кропку штурмавой групы. Пасля таго як штурмавая група адпрацавала свае задачы, бронегрупа па камандзе выязджае. Гэта робіцца для таго, каб штурмавая група паспела перазарадзіцца, змяніць агнявую пазіцыю, тым самым не даўшы суперніку вылезці са сваіх пазіцый і адкрыць агонь у бок саюзнікаў.

«Мы працуем 24/7, бо знаходзімся ў тым месцы, дзе ў любы момант на нас можа напасці праціўнік. Ваеннаслужачыя пастаянна працуюць на сваіх пазіцыях, займаюць рубяжы ноччу. Наяўнасць дрона дазваляе нам весці пастаяннае і бесперабойнае назіранне. Калі ўдаецца выявіць праціўніка, мы неадкладна робім неабходныя дзеянні», — падагульніў камандзір парашутна-дэсантнай роты.

Пры правядзенні вучэння з ваеннаслужачымі адпрацоўваюцца асноўныя моманты, якія могуць спатрэбіцца ў рэальным баі, выконваюцца вучэбна-баявыя задачы, прызначаныя старэйшым камандаваннем і пастаянна падаюцца ўводныя. Да іх адносяцца, напрыклад, чалавечыя і тэхнічныя страты. Па ўсіх гэтых уводных камандзіры павінны своечасова і правільна рэагаваць.

Нямала ўвагі надаецца і тактычнай медыцыне. Намеснік камандзіра ўзвода распавёў, што эвакуацыя параненага праводзіцца наступным чынам: група ў складзе двух-трох чалавек вылучаюцца да параненага. Адзін з салдатаў аказвае яму першую медыцынскую дапамогу, астатнія два яго прыкрываюць. Калі чалавек без прытомнасці, яго эвакуююць на спецыяльных насілках.

«Пасля падрыхтоўкі з інструктарамі змянілася тактыка вядзення бою. Іх вопыт паказаў, як правільна ажыццяўляць перамяшчэнне, займаць раён, змяняць пазіцыі, адпрацоўваць элементы эвакуацыі, арганізоўваць падвоз людзей і боепрыпасаў. Акцэнт надаецца адзіночнай падрыхтоўцы, каб кожны ваеннаслужачы змог максімальна дакладна запомніць элементы перамяшчэння, перазарадку і гатоўнасць да бою», — адзначыў намеснік камандзіра ўзвода.

Для гэтай парашутна-дэсантнай роты застаўся крайні элемент — пераезд у раён стабілізацыі для аднаўлення боекамплекта, харчавання, запраўкі тэхнікі. Пры неабходнасці ваеннаслужачыя павінны быць гатовымі дапамагчы іншаму падраздзяленню.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, ваеннаслужачы 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, гвардыі малодшы сяржант

Фота аўтара

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.