Вы тут

Наталля Качанава: Духоўна-маральныя каштоўнасці дапамагаюць ствараць базіс грамадзянскай ідэнтычнасці


Грамадска-дзяржаўнае партёрства ў захаванні духоўна-маральных каштоўнасцей сучаснага грамадства — тэма настолькі разнабаковая і глыбокая, што абмяркоўваць яе можна пастаянна і кожны раз выносіць новыя важныя пасылы. Менавіта гэтай тэме было прысвечана выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі. Яно прайшло ў месцы, прасякнутым духоўнасцю, — у Свята-Елізавецінскім манастыры. Кола ўдзельнікаў толькі членамі Савета Рэспублікі не абмежавалася. Разам з сенатарамі ўдзел у абмеркванні важнай тэмы прынялі кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, намеснікі старшынь аблвыканкамаў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, рэктары ўніверсітэтаў, моладзь. 


Адкрываючы пасяджэнне Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўзгадала цытату Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Лукашэнкі. «Беларусь — краіна вялікай культуры, найбагатай гістарычнай спадчыны, шматвяковых духоўна-маральных традыцый і невычэрпнага творчага патэнцыялу». Наталля Качанава звярнула ўвагу, што агульная задача ўсіх беларусаў — усяляк садзейнічаць захаванню і прымнажэнню гэтых каштоўнасцей, якія народ Беларусі ствараў і развіваў на працягу сваёй шматвяковай гісторыі.

«У вечным пошуку станоўчага і добрага непарушнымі арыенцірамі выступаюць агульначалавечыя каштоўнасці і ідэалы. Бо маральнасць — гэта і ёсць жыццё чалавека. Гэта тое, што фарміруе ўнутраны стрыжань асобы, вызначае пачуцці, характар думак. А ад духоўнасці залежыць будучыня грамадства. Духоўна-маральныя каштоўнасці дапамагаюць ствараць базіс грамадзянскай ідэнтычнасці — прыналежнасць да сваёй Радзімы і гонар за яе, павага да яе гісторыі. Выхаванне на аснове гэтых каштоўнасцей далучае да культурных традыцый свайго народа, садзейнічае развіццю працавітасці, павагі да людзей, прывівае любоў да сям’і, Айчыны, навакольнага свету. Дзякуючы духоўна-маральнаму выхаванню фарміруюцца пачуцці сумленнасці, спачування, суперажывання і даверу, выяўляюцца высокія маральныя якасці — дабрыня, міласэрнасць, сумленнасць, справядлівасць. Усё тое, што называецца чалавечнасцю», — падкрэсліла спікер.

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што сёння, на жаль, людзі часта абыякавыя да таго, які след яны пакінуць пасля сябе на гэтай зямлі. Змена каштоўнасцяў адбываецца далёка не ў лепшы бок. Сацыяльнай нормай лічыцца грамадзянскі шлюб, свядомая адмова ад нараджэння дзяцей, наўмысная адзінота. Кнігі і жывыя чалавечыя зносіны падмяняюцца сацыяльнымі сеткамі, апусканнем у сусветнае павуцінне, сыходам ад рэальнасці. Духоўныя каштоўнасці выцясняюцца асабліва вузкаасабістымі, «харчова-рэчавымі» жаданнямі, спажывецкім стаўленнем да ўсіх і да ўсяго. «У выніку ўзнікаюць новыя, невядомыя ў мінулым праблемы, цяжкасці, супярэчнасці, абумоўленыя гісторыяй і характарыстыкамі сучаснага стану грамадства, унутранымі сацыякультурнымі працэсамі і знешнімі ўздзеяннямі ва ўмовах інфармацыйнай глабалізацыі, адкрытасці адукацыі і культуры», — падсумавала яна. Па словах спікера, заслону пералічаным негатыўным тэндэнцыям у адзіночку паставіць немагчыма. У сувязі з гэтым пытанне пашырэння колькасці ўдзельнікаў працэсу далучэння да духоўна-маральных каштоўнасцей выходзіць на прыярытэтны ўзровень. Складваецца якасна новая прастора ўзаемадзеяння інстытутаў адукацыі, дзяржавы, сям’і, царквы як структур грамадзянскай супольнасці.Таму, па словах Старшыні Савета Рэспублікі, само месца, ў якім праходзіла пасяджэнне Прэзідыума — Свята-Елізавецінскі манастыр — спрыяе адкрытай гутарцы, калектыўнай выпрацоўцы прадуктыўных рашэнняў па гэтай актуальнай тэме. Наталля Качанава падкрэсліла, што дзейнае служэнне насельніц манастыра ў дамах-інтэрнатах, установах аховы здароўя і адукацыі, патранажная служба, дапамога асобам, якія пакутуюць залежнасцямі, і многія іншыя дабрачынныя справы манастыра заслугоўваюць вялікай павагі і ўдзячнасці. «Гэта сапраўды паказальны прыклад эфектыўнага грамадска-дзяржаўнага партнёрства», — рэзюмавала спікер. Па словах Наталлі Качанавай, у нашай краіне закладзены трывалыя асновы ўзаемадзеяння Беларускай праваслаўнай царквы і нашых улад, дзяржавы ў цэлым. Гісторыя праваслаўя на беларускіх землях непарыўна звязана з гісторыяй станаўлення нашай дзяржаўнасці. У суверэннай Беларусі пытанню падтрымання рэлігійнага і этна-канфесіянальнага дабрабыту заўсёды ўдзялялася самая сур’ёзная ўвага. Чарговае сведчанне таму — нядаўняя сустрэча кіраўніка дзяржавы з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы, у ходзе якой абмяркоўвалася ў тым ліку бягучая геапалітычная сітуацыя і падкрэслівалася асаблівая гістарычная місія нашай краіны. 

«Відавочна, што ў сучасных рэаліях роля грамадска-дзяржаўнага партнёрства будзе толькі ўзрастаць. Менавіта таму гэта тэма абавязкова ўлічваецца пры прыняцці стратэгічных рашэнняў па развіццю беларускай дзяржавы і грамадства, абнаўленні праграмных і заканадаўчых дакументаў нашай краіны», — заявіла старшыня Савета Рэспублікі. Яна нагадала, што пры ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю быў зроблены акцэнт на пераемнасці, захаванні самабытнасці беларускага народа, яго спрадвечных духоўна-маральных каштоўнасцяў, якія вызначаны ў прэамбуле. Частка першая артыкула 32 пасля слова «Шлюб» дапоўнена словамі «як саюза мужчыны і жанчыны». У праекце абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь выдзелена «сацыяльная бяспека як стан абароненасці асобы, грамадства і дзяржавы ад уздзеяння сацыяльных пагроз, якое забяспечвае захаванне жыцця, здароўя і дабрабыту грамадзян, духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага народа».

Наталля Качанава падкрэсліла, што ўмацаванне традыцыйных каштоўнасцей, статусу сям’і заўсёды былі і застаюцца ў ліку ключавых напрамкаў заканатворчай дзейнасці Савета Рэспублікі. Зыходзячы ў тым ліку і з гэтых пазіцый, былі прынятыя новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, якая ўзмацняе выхаваўчы кампанент, Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», змены ў Закон «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі», якія пашыраюць магчымасці ўдзелу моладзі ў грамадска значнай дзейнасці. Унесены змяненні ў законы па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый. Савет Рэспублікі праводзіць шэраг мерапрыемстваў сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой. 

Патрыятызм — вельмі высокае пачуццё, і яго няпроста выхаваць

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падкрэсліў, што ў сучасным свеце адбываецца сапраўдная духоўная вайна за розумы і сэрцы, якая з кожным годам будзе толькі абвастрацца. «Усё гэта патрабуе, мяркую, ад нас гатоўнасці супрацьстаяць гэтым тэндэнцыям». — падкрэсліў ён.

У сувязі з гэтым, мітрапаліт Веніямін зрабіў акцэнт на такой важнай тэме, як выхаванне патрыятызму. «На жаль, тыя каштоўнасці, якімі прасякнута масавая культура і сучасная інфармацыйная прастора, не спрыяюць фарміраванню любові да радзімы ў маладога пакалення. Ды і не толькі ў маладога. Пры гэтым сёння ёсць спакуса фарміравання падманнага патрыятычнага пачуцця, калі любоў да свайго мае на ўвазе не толькі непрыманне чужога, але, больш за тое, — нянавісць да іншага. — падкрэсліў ён. Мітрапаліт Веніямін адзначыў, што патрыятызм — вельмі высокае пачуццё, і яго няпроста выхаваць. Гэта патрабуе многіх намаганняў і часу. «Можна ўводзіць адпаведныя курсы ў школах і ўніверсітэтах, але і гэтага будзе недастаткова, калі ўвесь адукацыйны працэс, усё асяроддзе, у якім выхоўваецца і жыве малады чалавек, не будзе прасякнута правільнымі сэнсамі і добрымі прыкладамі. Сумленнасць, самаахвярнасць, мужнасць, высакароднасць — усе гэтыя каштоўнасці знойдуць жывы водгук у маладой душы, калі яны будуць мець зразумелую і эмацыйна блізкую для яе форму. У сувязі з гэтым вялікае значэнне мае сфера культуры: і высокай, і масавай. У нас праводзіцца велізарная колькасць выдатных мерапрыемстваў самага рознага характару. І важна, каб мы звярталі ўвагу не толькі на навізну, эстэтычны бок той ці іншай культурнай з’явы. Усё, што робіцца ў гэтай галіне, павінна быць прасякнута высокімі маральнымі матывамі», — скзаў ён. 

Уладыка звярнуў увагу, што вялікая адказнасць ляжыць і на медыя. Па яго словах, ад таго, якім публікацыям і праграмам аддаецца прыярытэт у СМІ, хто становіцца іх героямі, напрамую залежыць, хто стане для моладзі прыкладам для пераймання, які лад думкі і дзеянняў выбера для сябе чытач і глядач. «Перакананы, аб’яднаўшы намаганні, працуючы сістэмна па ўсіх напрамках, наша грамадства зможа пераадолець нават тыя праблемы, якія фармаваліся дзесяцігоддзямі і здаваліся невырашальнымі. У першую чаргу гэта датычыцца дэмаграфічнай сітуацыі. Калі нашы дзеці будуць у дзіцячых садках і школах будуць выхоўвацца на добрых прыкладах, калі ў кіно, спектаклях будуць прадстаўлены годныя пераймання прыклады, а ў інфармацыйнай прасторы — дамінаваць культ шматдзетнай шчаслівай сям’і, а не падыходы, якія, на жаль, прабіваюцца да нас. звонку, то можна сказаць, што і гэтую праблему мы вырашым», — падсумаваў мітрапаліт Веніямін. Асобна ён адзначыў ролю, якую адыграла правядзенне ініцыяванага Саветам Рэспублікі форуму «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава», які прайшоў у Сафійскім саборы горада Полацка і намеціў комплекснае рашэнне гэтай праблемы.

На пасяджэнні Прэзідыўма Савета Рэспублікі ад імя духавенства выступіў мітрапаліт Сімферопальскі і Крымскі Ціхан, старшыня Патрыяршага савета па культуры. Ён таксама выказаў сваё меркаванне на пытанні духоўна-маральнага выхавання грамадства. Па яго словах, важна будаваць гэту работу так, каб у людзей не было адпрэчвання. Таму гэтыя пытанні — архіважныя і тычыцца яны кожнага, хто працуе з людзьмі. 

Традыцыйныя і новыя сродкі камунікацыі — важна ўсё

Міністр культуры Анатоль Маркевіч у сваім дакладзе адзначыў, што страшныя духоўныя пагрозы, якія дзейнічаюць падобна радыяцыі, — быццам незаўважна, але павольна і дакладна разбураюць грамадства, вядуць да страт маральных арыенціраў і маральнай дэградацыі людзей. Каб эфектыўна супрацьстаяць гэтым пагрозам, трэба перш за ўсё атрымаць маральную перамогу, загартаваць свой дух, каб захаваць сябе і сваю краіну. І адным з важных складнікаў патрыятызму з’яўляецца любоў да бліжняга, да сям’і, старых і дзяцей, павага нацыянальнай гісторыі і мовы, прытрымліванне традыцый народа. На жаль, некаторы час назад гэтыя вечныя паняцці аказаліся адсунутыя на другі план у культуры як несучасныя. Але зараз сітуацыя выпраўляецца. «У першую чаргу змены закранулі дзейнасць аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і музеяў. Тут у рабоце з моладдзю ажыццяўляецца канцэпцыя работа з жывой гісторыяй, заснаваная на паглыбленні ў гістарычнае асяроддзе. Мы разбурылі стэрэатып аб тым, што беларусы на працягу стагоддзяў былі шэрым, лапцёжным народам, і ўзмацнілі ў моладзі пачуццё гонару за сваю краіну. Школьнікам дадзена права адзін раз у месяц бясплатна наведваць любыя музеі краіны. З лютага гэтага года сумесна з Міністэрствам адукацыі мы рэалізуем праект «Урокі ў музеях», — распавёў міністр. 

Міністр інфмарцыі Уладзімір Пярцоў, абмяркоўваючы тэму пасяджэння з журналістамі, заўважыў, што моладзь — спецыфічная аўдыторыя, поўная энергіі. «Часта маладыя людзі спрабуюць адмаўляць тое, што гавораць ім старэйшыя. Гэта канфлікт бацькоў і дзяцей. Пры гэтым гэта людзі, якія, як губка, ўбіраюць інфармацыю. Таму мы выкарыстоўваем такія метады як камунікат вочы ў вочы ў рамках сустрэч, круглых сталоў, брыфінгаў, у нефармальнай абстаноўцы — на экскурсіях. Не варта скідаць з рахункаў новыя сродкі камунікацыі — гэта групы ў мэсэнджэрах, супольнасцях, сацыяльных сетках. Ну і вядома кнігі, да якіх у моладзі вярнулася цікавасць. Прычым кнігі не толькі забаўляльнага характару, але і non-fiction літаратуру. Пасля нашай выстаўкі (Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу, якая праходзіла нядаўна. — Зв.) мы зрабілі выснову, што беларуская моладзь набывае кнігі, чытае. Прычым не толькі кнігі ў мяккай вокладцы, якія зручна браць з сабой, але і калекцыйныя выданні. Паколькі ўжо няма цалкам даверу тым крыніцам інфармацыі, якія яшчэ ўчора лічыліся кананічнымі», — адзначыў міністр. 

Старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Алег Раманаў падкрэсліў, што духоўна-маральнае выхаванне грамадства і асобна ўзятых сацыяльных груп, асабліва моладзі — гэта задача грамадства і дзяржавы ў цэлым. Тут не можа быць ніякай раз’яднанасці, ніякага сепаратызму. «Зразумела, у такой сітуацыі мы гаворым аб адукацыі, аб сям’і. Але зараз колькасць тых, хто можа ўплываць на розум людзей, значна большая. Гэта палітычныя партыі, гэта грамадскія аб’яднанні, гэта дзяржава ў асобе сваіх інстытутаў, якія фармуюць палітычную культуру людзей. Важна, каб гэтыя намаганні былі аб’яднаны разам. У такім выпадку мы будзем мець цэласны светапогляд грамадзян, мы атрымаем чалавека, у якога ўсе грані душы знаходзяцца ў гармоніі. Гэта прынцыпова важная задача для любога грамадства, каб была высокая якасць асобы, высокі ўзровень выхавання чалавека», — канстатваў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.