Вы тут

Па замове Яна Баршчэўскага


Прайшло больш за 170 гадоў з дня смерці пісьменніка Яна Баршчэўскага, а яго біяграфія ўсё яшчэ мае шмат белых плям, над раскрыццём якіх па-ранейшаму працуюць навукоўцы. Аднаму з іх — даследчыку з Санкт-Пецярбурга Дзмітрыю Вінаходаву — у канцы 2023 года пашчасціла зрабіць адну цікавую знаходку.


Панарама горада Полацка з боку Экімані. Літаграфія. 1845 г.

«Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацк. Званы св. Стафана, на Замкавай гары — царква св. Сафіі, якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постацівеліканы пануюць над горадам і над усёй ваколіцай. Гледзячы на ўсю гэтую мінуўшчыну, я ў думках стварыў яе вобраз; да сэрца падступіў смутак, і са слязамі на вачах сустракаў я гэтыя высокія муры», — пісаў Баршчэўскі ў «Шляхціцу Завальні». 

Полацк быў вядомы пісьменніку з дзяцінства, тут ён вучыўся ў езуіцкім калегіуме, доўгія гады песціў у сэрцы ўспаміны юнацтва. Заняўшыся ў Пецярбургу на пачатку 1840-х гадоў выданнем часопіса «Незабудка», пісьменнік кожнае лета прыязджаў у Беларусь, збіраючы падпіску сярод старых і новых знаёмых. А ў сваіх лістах да Юліі Корсак, сястры даўняга сябра Гаўдэнтыя Шапялевіча, да якой Баршчэўскі меў сардэчную прыхільнасць, складаў своеасаблівыя рэляцыі з гэтых вандровак. У лісце ад 10 верасня 1843 года ён так пісаў пра сваю чарговую паездку ў Полацк: «Быў я і ў Экімані, але не пабачыўся з маршалкам Беліковічам, бо ён перад гэтым выехаў у Віцебск; не сустрэўся таксама і са сваім супрацоўнікам панам Рэвутам. Адзін толькі настаўнік малявання п. Мінят хоць часткова ўзнагародзіў працу мае пілігрымкі: намаляваў алоўкам краявід Полацка з-за Дзвіны і мужчынскі ды жаночы строі тутэйшага простага люду». 

«Экіманія, — тлумачыў пісьменнік чытачам у "Шляхціцу Завальні", — маёнтак паноў Беліковічаў ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад Полацк відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыка і песні са стругаў, што плывуць да Рыгі; шмат таксама старажытных паданняў захоўвае гэтая мясцовасць у народных апавяданнях». 

Нядзіўна, што прыгажосць такога куточка Ян Баршчэўскі пажадаў мець зафіксаваным на малюнку. Дапамог яму ў гэтым выкладчык малявання ў Полацкім павятовым дваранскім вучылішчы Аляксандр Мінят, які да гэтага часу ў Імператарскай акадэміі мастацтваў ужо атрымаў званне настаўніка малявання (і, дарэчы, стаў падпісчыкам «Незабудкі»). 

Праз Баршчэўскага малюнак Мінята з выявай Полацка трапіў да выдаўца Рамуальда Падбярэскага, які вырашыў перавесці яго ў гравюру і выдаць. Часопіс «Rоcznik Literacki», які выдаваў Падбярэскі, у 1849 годзе паведаміў сваім чытачам аб тым, што за адзін рубель срэбрам у выдаўца можна было набыць гравюру «Панарама горада Полацка, з боку мястэчка Экімань, прысвечаную выдаўцом беларускаму грамадству; з натуры маляваў пан Альб. [так у тэксце] Мінята, перамаляваў Альб. Жамет, адціснута ж двума адценнямі на вялікім аркушы ў парыжскай літаграфіі пана Поля Пеці». 

Вельмі доўгі час пра гэтую выяву літаратуразнаўцам і гісторыкам нічога не было вядома. Пакуль, нарэшце, яе не знайшоў Дзмітры Вінаходаў, які ўжо шмат гадоў займаецца вывучэннем біяграфіі і творчасці Яна Баршчэўскага. Літаграфія была выяўлена ў зборы Дзяржаўнага Эрмітажа ў аддзеле заходняй гравюры (інв. нумар ОГ-246370). Яна сапраўды мае вялікія памеры (45,5×61 см), а таксама наступныя надпісы, зробленыя па-польску: «Панарама горада Полацка, з боку Экімані», «Беларускаму грамадству прысвяціў Рамуальд  Падбярэскі, выдавец. 1845», «З натуры А. Мінят, перамаляваў Альб. Жамет», «На камені Напал. Кюі», «Літагр. друк. Поль Пеці». 

Пачнём, бадай што, з «парыжскай літаграфіі пана Поля Пеці». Адразу ж высвятляецца, што гэта — адна з містыфікацый Рамуальда Падбярэскага. Каб пераканаць друкароў і чытачоў, што ён мае сродкі, якіх не шкадуе на свае выданні, выдавец здольны быў пайсці на многае. На самай справе Поль Пеці толькі па нараджэнні быў французам. Аднак яшчэ ў канцы 1830-х гадоў прыехаў з Парыжа ў Пецярбург, дзе кіраваў літаграфіяй Эрмітажнай галерэі. У 1845 і 1847 гадах разам са сваім французскім калегам Гае-Дэфантэнам ён выдаў у сталіцы Расійскай імперыі шыкоўны альбом у двух тамах пад назваю «Императорская Эрмитажная галерея», які знаёміў чытачоў з калекцыяй жывапісу Эрмітажа (у той час галерэя яшчэ была зачынена для наведвальнікаў). Альбом уключаў амаль 130 аркушаў высакаякаснага друку, выявы для якіх з карцін Эрмітажа выканалі вядомыя французскія майстры, запрошаныя ў Пецярбург. 

Калі Рамуальд Падбярэскі не пашкадаваў грошай на друк літаграфіі з выявай Полацка ў адной з найлепшых майстэрань сталіцы, то сэканоміў на падрыхтоўчых работах: апрацоўкай малюнка да друку і пераносам яго на літаграфскі камень займаліся не іншаземныя мэтры друкарні Пеці, а навучэнцы Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу Альберт Жамет і Напалеон Кюі. 

Такім чынам, сёння становіцца вядомай адна з першых літаграфаваных выяў Полацка, зробленая па малюнку 1843 года. Хочацца спадзявацца, што калі-небудзь будуць адшуканы і выявы «мужчынскага ды жаночага строяў тутэйшага простага люду», зробленыя мастаком Аляксандрам Мінятам па замове Яна Баршчэўскага. 

Людміла ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.