Вы тут

Натхнёныя творчасцю Гогаля


Сёлета спаўняецца 215 гадоў з дня нараджэння празаіка, драматурга, паэта, крытыка Мікалая Гогаля (1809–1852). І з гэтай нагоды 1 красавіка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» распачнуць паказ шматсерыйнага мастацкага фільма «Мёртвыя душы», які зняў Міхаіл Швейцэр сорак гадоў таму.


Пяцісерыйную кінастужку называюць найлепшай экранізацыяй гэтага класічнага твора. Можа, часткова прычынай таму тое, што рэжысёру ўдалося сабраць зорны склад акцёраў. Гогалеўскіх персанажаў на экране ўвасобілі Аляксандр Калягін (Чычыкаў), Юрый Багатыроў (Манілаў), Інакенцій Смактуноўскі (Плюшкін), Іна Чурыкава (прыемная ва ўсіх адносінах дама), Лідзія Федасеева-Шукшына (дама проста прыемная), Усевалад Санаеў (старшыня палаты Іван Рыгоравіч) і іншыя. У кнізе Леаніда Рыбака «Як нараджаліся фільмы Швейцэра» акцёр Аляксандр Калягін згадваў: «Калі я прыйшоў у 1971 годзе ў Маскоўскі мастацкі тэатр, там яшчэ даігрывалі «Мёртвыя душы», і я нават збіраўся ісці да Яфрэмава і даваць заяўку на ролю Чычыкава. Але ўжо было тры выканаўцы, станавіцца чацвёртым не хацелася. І тут лёс: на Чычыкава мяне паклікаў Міхаіл Швейцэр, цудоўны рэжысёр і ўнікальны чалавек... Калі ён пачынаў распавядаць пра Гогаля, яго эпоху, пра Расію, правінцыяльныя гарады, памешчыкаў, нараджалася пачуццё, нібы адкрываецца нейкі космас. Я яго называў прафесарам жыцця. І ён меў яшчэ вельмі рэдкую якасць: яго адукаванасць не падаўляла суразмоўца, а акрыляла яго. І калі б не вось гэтая пастаянная падтрымка рэжысёра, я не ведаю, ці вытрымаў бы рытм гэтай працы. Дзевяць месяцаў, дзень у дзень, я правёў на здымачнай пляцоўцы...»

А вось роля самога Гогаля, які тут таксама з’яўляецца, дасталася акцёру Аляксандру Трафімаву. Ён успрыняў гэта як падарунак лёсу. А атрымаў артыст яго пасля таго, як сустрэўся з рэжысёрам фільма за кубкам гарбаты і агучыў свае погляды на «Мёртвыя душы». Дарэчы, прысутнасць у фільме персанажа Гогаля — таксама адна з яго асаблівасцяў. З’яўленне аўтара ў ходзе дзеяння, яго маналогі пра пісьменніка і твор надаюць пэўную атмасферу ўсёй кінарабоце.

Здымкі кінастужкі праходзілі як у павільёнах «Масфільма», так і ў Суздалі. І мясцовыя жыхары нават змаглі зняцца ў масоўцы. Мастацкае вучылішча з фасада ператварылася ў дом губернатара, а збоку стала ўжо дваром Наздрова, мясцовая бібліятэка, дзякуючы вывесцы, — «Піцейным домам». Каля Ільінскай царквы стваральнікі фільма пабудавалі «гарадскую заставу», а фрагменты пятай серыі здымалі на Гандлёвай плошчы. Дэтальна падышлі і да распрацоўкі касцюмаў. Мастак па касцюмах Нэлі Фаміна некалькі месяцаў шыла сукенкі для фільма. Атрымаліся яны даволі арыгінальнымі, таму некаторыя актрысы гулялі ў іх не толькі на здымачнай пляцоўцы, але і па вуліцах Суздаля і Масквы...

Немалаважны ўплыў на вынік, верагодна, аказала таксама тое, што ў рэжысёра было разуменне, як патрэбна здымаць экранізацыю класікі. Міхаіл Швейцэр быў знакаміты тым, што ўмеў вядомы ўжо многім твор перарабіць у іранічныя і жывыя гісторыі. Ён заўсёды імкнуўся адкрыць акцёрам задуму кожнага з іх, прымушаў прымушаў чытаць кнігі і артыкулы, каб больш трапна ўвасобіць персанажаў. Але, напрыклад, Юрый Багатыроў, якому дасталася роля Манілава, адышоў ад класічнай інтэрпрэтацыі вобраза. Бо ў кнізе яго персанаж — летуценны і бяздзейны чалавек, а вось ужо ў кадры ён дзейнічае, праўда, у сваіх марах... Але ўсё ж лепей самі паглядзіце альбо згадайце вялікую экранізацыю «Мёртвых душ» з 1 да 5 красавіка ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.