Я не я і хата не мая!


Не радзіся красны, а радзіся шчасны

Свет, здаецца, і праўда з глузду з’язджае: размываюцца маральныя каштоўнасці, жанчыны робяць аперацыі і становяцца мужчынамі, мужчыны — якраз наадварот, сям-там адкрываюцца крамы «Яно»... У сувязі з чым адзін успамін:
Мне васямнаццаць, я ў водпуску, дома.


Хатка ў нас невялічкая, але вельмі гасцінная, бо Жэня (гаспадыня, мая сястра) пяюха і жартаўніца, а ўжо прыдумшчыца... З ёй усе вечары цікавыя!

Вось і ў той...

Нас у хаце пяцёра: сама Жэня, я, Жэніна сяброўка Маня, маладзенькая настаўніца Тома (Тамара Сяргееўна) і сусед Воўка. Яму трынаццаць і ён пакуль брыдкае качаня: белабрысы, васпаваты, нос аблуплены...

Жанчыны трохі паспявалі, Вова паслухаў, я дачытала і згарнула кнігу — болей заняцца нечым?

— А давайце Вову дзяўчынкай прыбяром, — кажа раптам Жэня. — А ты, Люба (гэта ўжо мне), хлопцам пабудзеш... Сходзіце да Ліды, папросіце, каб нанач пусціла.

Тады гэта звычнай справай было, бо з Оршы цягнік прыходзіў у восем вечара. Людзі, каму трэ было, выходзілі, а далей кожны вырашаў: альбо да Шаеўкі, Сарочына і Слабут ісці па цемры ды па цаліку (дарогі не было), альбо стукацца да некага ў дзверы — прасіцца нанач.

Ідэя аказацца ў ролі такіх вось просьбітаў-падарожнікаў нам з Вовам вельмі спадабалася! А далей...

Тома збегала на кватэру — прынесла аловак для броваў, туш і памаду.

Воўка здзівіў: хлопчык ён досыць непаседлівы, а тут — як прырос да табурэткі: сядзіць і нават не пакутуе — зносіць усе працэдуры.
Тым часам на яго бялёсым твары з’яўляюцца цёмныя бровы і доўгія вейкі, яркія вусны. Потым — на яго плячах — Томіна паліто, зверху — чырвоная шапачка, шалік і рукавічкі, знізу — нават жаночыя боцікі! Дзяўчына — якіх пашукаць!

Са мной валтузні было менш: вусы наклеілі, бровы падвялі, вопратка падышла братава.

Далей Жэня стала расказваць, як нам трэба трымацца: дзе стаць, што сказаць.

А яшчэ навучыла: як толькі Ліда пачне рыхтаваць пасцель (для пары!), Воўка павінен раскашляцца. Гаспадыня забаіцца якой заразы і таму нас адразу справадзіць...

Усё пайшло (і прайшло!), як па нотах! Апроч цёткі Ліды мы яшчэ і да Вольгі зайшліся. Яна таксама нас не пазнала, а як толькі Вова закашляў — вывела са сваёй хаты і паказала ў бок... нашай: ідзіце, маўляў, да Жэні, там усіх прымаюць — ніякай заразы не баяцца.

Ну мы і прыйшлі. З рогатам, з парога расказалі, як што было, усе разам пасмяяліся. Я распранулася, а Вова — бачым — нават і не думае!

Раз-пораз глядзіцца ў люстэрка, любуецца, ды што там — ледзьве не плача: не буду, маўляў, хлапчуком... Дзяўчынкай лепей. Вунь які я прыгожы...

Ледзь угаварылі мальца, што гэта быў жарт, што ў дзявочым абліччы яго засмяюць, што з ім ніхто сябраваць не будзе.

...Ведаю, што пасля школы Вова служыў у войску, працаваў шафёрам, дом пабудаваў, дзяцей пагадаваў.

Як бы цяпер склаўся лёс яго, шчыра кажучы, не ведаю.

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск.


Я не я і хата не мая

Нядаўна ў нашым райцэнтры адбыўся канцэрт — выступаў досыць вядомы беларускі спявак (прозвішча называць не буду). Але ж скажу, што вырашыў з’ездзіць, паслухаць, тым больш што дзень выдаўся цяжкаваты, хацелася трохі развеяцца, адпачыць.

Да райцэнтра даехалі (па дарозе падабраў знаёмых) без прыгод, а вось там ужо яны пачаліся, прычым не вельмі прыемныя. Ну, па-першае, мне дастаўся білет на першы рад. І месца — якраз насупраць калонак... Змалку не пераношу моцных гукаў, але ж паспадзяваўся, што неяк пратрымаюся — не стаў мяняцца і вельмі пашкадаваў, бо, як толькі пачаўся канцэрт, мне здалося, што спявак «страляе» па мне вачыма. З чаго б гэта? Хацеў падумаць, што я памыліўся, што ён пазірае на маю суседку — і сапраўды вельмі прыгожую маладзіцу...

Але ж не: прагучала першая песня, другая, і я ўжо канчаткова ўпэўніўся, што памылкі няма: спявак глядзіць на мяне. Нават, больш за тое, раптам заяўляе: «Я вельмі рады, што на гэты канцэрт завітаў вядомы беларускі артыст Уладзімір Ухцінскі!», пасля чаго спускаецца ў залу, падыходзіць да нашага рада, спыняецца — запрашае мяне падняцца на сцэну.

Я, што называецца, выпадаю ў асадак: крычу, што ён памыліўся, што ніякі я не артыст, не Ухцінскі, што маё прозвішча...

З-за моцнага гуку я не чую сябе, ён, падобна, не чуе мяне. Адзін падымаецца на сцэну, працягвае выступленне і потым, нягледзячы на ўсе мае пратэсты, ледзь не праз песню «аказвае знакі ўвагі Ухцінскаму».

...Пасля канцэрта не памятаю, як я выйшаў з залы, як даехаў дадому.

Вечарам знайшоў яго старонку у сацыяльных сетках і спакойна ўсё патлумачыў.

Адказу, праўда, яшчэ не атрымаў. Таму дапускаю, што з яго боку гэта быў проста жарт. Для публікі, магчыма, і ўдалы?

Ігар Солтан,

г. п. Івянец.


У кожнага кавалера свае манеры

Валянцін Губараў

...Не ведаю, як было ў іншых вёсках, а ў нашай пастухоў паважалі. Здаецца, заўсёды і, здаецца, усіх? Асобных нават запомнілі.
Па найме, напрыклад, досыць доўга працаваў Стасік. Адкуль ён быў родам, хто яго бацькі, людзей неяк мала цікавіла. Ім галоўнае, каб статак быў дагледжаны...

Якраз за гэта вяскоўцы маглі не хвалявацца: пад Стасеву дуду кароўкі гуртам (нават збродлівых чамусьці не было!) пасвіліся на ўзлесках ды няўдобіцах. А што да нейкіх іншых работ гэты чалавек няздатны (сам прызнаваўся, што не з тога месца рукі растуць), дык такой бяды.

Зрэшты, зараз трохі пра іншае.

Неяк на адпачынку мужчыны сталі ў яго дапытвацца, чаму так позна жаніўся. «Дык я ж другі раз», — прызнаўся раптам пастух і потым пачаў расказваць, як па маладосці пасвіў кароў у вёсцы Масюкі, як там прысваталі яму досыць спраўную маладзіцу (праўда, нашмат старэйшую), як згадзілася яна выйсці за Стася замуж.

Далей — амаль даслоўна:

— Пасля гэтага сватання днём, самай гарачынёй, прыгнаў я з поля кароў, хацеў крыху сам адпачыць — залез на вышкі, на сена. Толькі лёг там ды ногі выпрастаў, — чую, услед за мной тая маладзіца па лесках лезе, падае побач... А што мне з ёю рабіць сярод белага дня? Ляжу, не варушуся, гляджу на кроквы, на латы... Пытаюся, ці бачыла яна, дзе вераб’і сабе гнёзды звілі? Не, кажа, не бачыла. Дык пайшлі пакажу.

Бяру яе за руку, падымаю, а яна не ўстае...

Што было рабіць — я адзін схадзіў, паглядзеў. Заадно згледзеў дзірку ў франтоне. Высунуў нос. Да зямлі, бачу, блізка, метры са два ці тры. Ну я і скочыў... А дзеўка запсіхавала: сказала, што ёй такі муж без патрэбы.

Не дык не — я не вельмі перажываў: мяне ў хуткім часе да іншай прысваталі. Ажаніўся, нарадзілася першае дзіця, за ім — адразу другое... Цешча з ранку да вечара пілуе: крычыць, што мне б толькі дзяцей стругаць ды каровам хвасты круціць — больш, маўляў, нічога не ўмею і ўмець не хачу, што без мяне ім лепей будзе... Нават у сто разоў.

Ну калі ў сто, дык я сабраўся і ходу.

Ужо ў вашай вёсцы адзін доўга жыў... Ніякага інтарэсу! Павезлі сватаць яшчэ раз, да Рыпіны. Хатка, бачу, у яе маленькая, цёмная. І гаспадыня на выгляд амаль такая ж — невялічкая, цёмнавалосая, праўда, увесь час з усмешкай...

Угаварылі яе сваты — згадзілася ўзяць мяне ў прымы! А калі так, дык чаго цягнуць? Я ў яе адразу і застаўся.

Пасля вячэры пасядзелі з ёй, паразмаўлялі, пайшлі за фіранку спаць... Мне ж гэта не ў навіны ўжо, не першы раз жанаты, гнёзды лічыць не пайду... Але ж як ні палажу сваю жоначку, яна, адчуваю, сядзіць. Што ж тут за ліха, думаю? Раніцай святло ўключыў, прыгледзеўся, — аказалася, што яна гарбаценькая.

Нехта іншы, можа, носам закруціў бы, а я — не: вырашыў, што ў кожнага чалавека ёсць нейкі горб ці горбік, што не варта з-за яго крыўдзіць маладзіцу, падводзіць сватоў. Застаўся жыць. Праз год у нас сынок нарадзіўся. Жонка аказалася вясёлай, памяркоўнай, працавітай. Трохі грошай я зарабляў і зарабляю, трохі яна. Жывём.

...Пазней, пасля вось гэтага пастуха, былі ў нас іншыя — ужо з электразагароджамі, з кібіткамі. Але яны чамусьці нічым такім не запомніліся.

В. Д. Кабачэўскі,

г. Орша.


Рубрыку вядзе  Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».