Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Уся фінансавая дзейнасць павінна быць падпарадкавана інтарэсам эканомікі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб рабоце банкаўскай сістэмы. Аб сітуацыі далажылі асноўныя дзейныя асобы, якія займаюцца эканомікай і фінансамі ў краіне: Павел Калаўр, старшыня Праўлення Нацыянальнага банка, Мікалай Снапкоў, першы намеснік прэм’ер-міністра, Аляксандр Яггораў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Юрый Селівёрстаў, міністр фінансаў, і Ігар Назарук, намеснік міністра замежных спраў. 


«Думаю, да месца будзе абмеркаваць асноўныя праблемы, менавіта праблемы, якія ў нас існуюць у крэдытна-фінансавай перш за ўсё сферы. Пры гэтым хачу папярэдзіць, калі ўвогуле казаць, эканоміка — гэта прыярытэт прыярытэтаў. Уся фінансавая дзейнасць павінна быць падпарадкавана інтарэсам эканомікі, чаго б нам гэта ні каштавала. Гэта галоўнае, інакш навошта такая фінансавая сістэма», — задаў тон размовы кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, прызначаючы Аляксандра Ягорава намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, адзначаў, што гэта чалавек з добрымі ведамі ў сферы фінансаў і банкаў. Сёння паміж Адміністрацыяй Прэзідэнта, Нацыянальным банкам і ўрадам наладжана эфектыўная камунікацыя, спецыялісты, як падкрэсліў Прэзідэнт, знаходзяцца на «адной хвалі». Падключаецца да гэтых працэсаў і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Нацыянальны банк па-за кантролем быць не можа і з прызначэннем новых асоб у фінансава-эканамічным блоку, гэты кантроль будзе толькі ўзмацняцца. 

«Гэта не значыць, што мы будзем перашкаджаць працаваць Нацыянальнаму банку. — заўважыў беларускі лідар. — Ён у асноўным свае функцыі выконвае. Як паказваюць вынікі за апошні год, у складаных абставінах, звязаных з ціскам з боку заходніх дзяржаў, недружалюбных дзяржаў на Беларусь, эканоміка спраўляецца. Значыць, урад з Нацыянальным банкам спраўляецца. Але гэта не значыць, што няма ў гэтым плане праблем. Вось мы і абмяркуем гэтыя праблемы, адкрыта, сумленна, не спіхваючы на кагосьці».

Аляксандр Лукашэнка зрабіў яшчэ адну заўвагу: «Санкцыі санкцыямі, быццам мы спраўляемся і ўсё нічога, але, як і Расія гэта прызнала, і мы адчуваем ціск з боку амерыканцаў найперш, звязаны з разлікамі. І я шмат разоў звяртаў вашу ўвагу (старшыні праўлення Нацыянальнага банка — Зв.) і ўрада на тое, што суб’ектам гаспадарання трэба дапамагаць там, дзе можам. Спакойна, без шуму, без крыку. Хацелася б ведаць (гэта ўжо пытанне і да ўрада, і Адміністрацыі Прэзідэнта), ці выконваюцца гэтыя функцыі. Наколькі міністэрства замежных спраў разам з Нацыянальным банкам займаюцца гэтымі праблемамі». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адно істотнае пытанне — кантроль за сістэмай цэнаўтварэння ў краіне. Ён падкрэсліў, што не толькі Нацыянальны банк адказвае за інфляцыю, рост цэн у Беларусі, але і ўрад нясе пэўную нагрузку. 

«Па маім даручэнні ўрад прыняў пэўныя меры да таго, каб узяць пад кантроль сістэму цэнтаўтварэння. Гэта не значыць, што мы недзе, дзе не трэба, будзем стрымліваць цэны, а дзе трэба, адпускаць цэны. Не. Мы хочам выпрацаваць стройную сістэму кантролю за цэнаўтварэннем», — сказаў Прэзідэнт. Па яго словах, ураду і іншым адказным за гэты працэс структурам удаецца кантраляваць цэнаўтварэнне і ў нейкай ступені стрымліваць цэны. «Мы ад гэтай практыкі мы не адступімся», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што сістэма кантролю за цэнаўтварэннем і за ўсім гэтым комплексам будзе толькі ўзмацняцца: «Такая задача пастаўлена перад урадам. Я прашу мець гэта на ўвазе і нацыянальнаму банку і рабіць усё неабходнае, каб людзі менш на нас крыўдзіліся ў сувязі з ростам цэн і інфляцыі ў краіне».

Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаўр адзначыў, што ў цэлым банкаўская сістэма сумесна з урадам забяспечвае ключавыя задачы, цэнавую і фінансавую стабільнасць, задачы развіцця эканомікі нашай краіны. «І нейкіх асаблівых пытанняў, якія патрабуюць вырашэння на вашым узроўні, няма. Мы гэтыя пытанні з урадам спакойна і прафесійна вырашаем», — сказаў ён. 

У тэму 

Нельга дапусціць разбалансаванасці эканомікі

Размаўляючы з журналістамі, Павел Калаўр заўважыў, што ў любых умовах, нават самых складаных, эканоміка будзе працаваць. Пытанне толькі ў тым, наколькі яна будзе эфектыўна працаваць і які будзе даваць вынік. «Самае галоўнае, што нашы прадпрыемствы за апошнія тры гады адаптаваліся да знешніх шокаў і сведчаннем таму з’яўляецца нядрэнны паказчык эканамічнага росту. На любыя выклікі трэба ўмець аператыўна і прафесійна рэагаваць», — адзначыў ён. Што тычыцца ролі Нацыянальнага банка ў гэтых працэсах, то, па словах Паўла Калаўра, ён разам з камерцыйнымі банкамі забяспечвае тыя працэсы, якія неабходны для нармальнага функцыянавання нашай эканомікі. «У першую чаргу мы забяспечваем ашчадны працэс для таго, каб назапасіць неабходныя рэсурсы для далейшага крэдытавання эканомікі. У нас ідзе пастаянны рост укладаў у нацыянальнай валюце. Адзначу, што калі глядзець па структуры ўкладаў, дамінуюць уклады звыш года. І гэта вельмі важна. Таму што эканоміцы патрэбны доўгія рэсурсы і гэты рэсурс выкарыстоўваецца для крэдытавання банкамі інвестыцыйных праектаў. Банкі забяспечваюць належны тэмп крэдытавання эканомікі. У мінулым годзе і прадпрыемствы, і насельніцтва вельмі актыўна карысталіся крэдытамі. У бягучым годзе тэмпы крэдытавання эканомікі ў прынцыпе апярэджваюць рост ВУП, што сведчыць аб тым, што банкаўская сістэма вырашае ўскладзеныя на яе задачы», — растлумачыў ён. 

Журналісты пацікавіліся пытаннем закрэдытаванасці эканомікі. Павел Калаўр расказаў, што на пастаяннай аснове праводзяцца даследаванні ў рамках забеспячэння фінансавай стабільнасці. «Пытанне „перагрэву“ эканомікі або закрэдытаванасці — гэта адно з ключавых пытанняў, на якія мы звяртаем увагу. Гаворачы эканамічнай мовай, у нас разрыў крэдыту знаходзіцца на аптымальным узроўні. Гэта значыць, у нас няма „перагрэву“ эканомікі за кошт інтэнсіўнага залішняга крэдытавання», — сказаў ён. 

Журналісты пацікавіліся, якія задачы цяпер стаяць перад Нацыянальным банкам з улікам тэзіса Прэзідэнта аб тым, што ўся фінансавая дзейнасць павінна быць падпарадкавана інтарэсам эканомікі. "Нацыянальны банк — разважлівы інстытут, калі мы гаворым аб наглядзе і кантролі банкаўскай сістэме, то гэты нагляд разважлівы. Што да работы на рынках, мы зыходзім з таго, што мы не павінны дапускаць разбалансаванасці эканомікі на макраэканамічным узроўні«,- адказаў Павел Калаўр. 

Таксама старшыня Праўлення Нацыянальнага банка звярнуў увагу на тое, што сёння ціск на Беларусь з боку недружалюбных дзяржаў адчуваецца ў сферы разлікаў. Гэта няпростыя выклікі для эканомікі, але праблема вырашаецца. «Нашы банкі пераходзяць на прамыя ўзаемаадносіны з банкамі іншых краін. Гэта патрабуе часу і дадатковых выдаткаў. Але разам з тым нашы прадпрыемствы не маюць істотных праблем у частцы праходжання трансгранічных плацяжоў. Паколькі прыменены санкцыі, банкі-карэспандэнты выкарыстоўваюць камплаенс-кантроль. Для правядзення камплаенс-кантролю трансгранічных плацяжоў неабходны час. Няма той хуткасці праходжання плацяжоў, якая была да санкцый. Але ў цэлым праблема вырашаецца», — сказаў Павел Каларўр.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.