Вы тут

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё


Штогод 27 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатра. Гэта свята ўсіх, хто служыць тэатральнаму мастацтву, а таксама тых, хто з’яўляецца яго прыхільнікам. Апошнія, мяркуем, ведаюць, што нядаўна ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага адбылася прэм’ера спектакля «Анфіса» па п’есе Леаніда Андрэева, у якім адну з галоўных роляў выконвае актрыса Вольга Здзярская. Увогуле, за яе плячыма нямала роляў, і ў кожнай артыстка пазнавальная па-свойму: капрызная Аглая ў спектаклі «Ідыёт», Наталля Пятроўна ў летняй цёплай пастаноўцы «Месяц у вёсцы», Жэнеўева ў «Як стаць багатым» і шмат іншых. Ураджэнка Ашмян захапляецца беларускай культурай з дзяцінства, але ў тэатры апынулася па волі лёсу. Мы пагутарылі з Вольгай пра яе шлях да сцэны, натхненне і даведаліся, які адбітак накладвае акцёрская прафесія на звычайнае жыццё.


— Вольга, раскажыце, што абудзіла ў вас інтарэс да мастацтва?

— Абодва мае дзядулі былі таленавітымі музыкамі. Адзін з іх кіраваў тэатрам і хорам пры сельскім Доме культуры ў вёсцы Пескаўцы Лідскага раёна. Ён любіў ставіць спектаклі па п’есах знакамітых беларускіх драматургаў. Другі — цудоўна іграў на баяне. Я заўсёды слухала іх з заміраннем сэрца. Некаторыя моманты майго дзяцінства і цяпер выклікаюць у мяне слёзы шчасця…

— Падзяліцеся, калі ласка…

— Калі наша вялікая сям’я прыязджала на выхадныя ў вёску да бабулі з дзядулем, а нас заўсёды было шмат, то за вячэрай дзядуля часта запяваў якую-небудзь беларускую песню. І ўся сям’я падхоплівала, мы спявалі ўсе разам. Мне тое вельмі падабалася, бо ў такія летнія вечары неяк асабліва адчуваліся любоў і цяпло, якія ядналі нас. Гэтыя ўспаміны і для мяне дарослай па-ранейшаму самыя дарагія.

— А чаму тады не сталі спявачкай?

— Я з дзяцінства казала маме, што хачу быць артысткай. Бацькі смяяліся, вядома, але заўсёды мяне падтрымлівалі. Таму пасля заканчэння школы паступіла ў Лідскі дзяржаўны музычны каледж на спецыяльнасць «Музыказнаўства». Далей планавала паступіць на падрыхтоўчыя курсы ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, але не склалася. Перад уступнымі іспытамі даведалася, што патрэбна мець даведку ад фаніятра. Тэрмінова звярнулася да ўрача, які нечакана выявіў у мяне нязначныя праблемы са звязкамі. Неабходны для паступлення дакумент я не атрымала, і ўсе планы сарваліся…

Думаю, так склалася невыпадкова. На той час у мяне заставалася не так шмат варыянтаў для паступлення, аднак была магчымасць падаць дакументы ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Хоць я адчувала, што слаба падрыхтаваная да ўнутраных іспытаў, але ў прыёмнай камісіі мне прапанавалі падаць дакументы на спецыяльнасць «Рэжысура тэатра» («Музычны тэатр») на курс заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Міхаіла Кавальчыка. Я пагадзілася, паспяхова здала экзамены і паступіла.

— Чым запомніліся гады вучобы?

— Мне вельмі пашанцавала, таму што побач са мной былі майстры сваёй справы, цудоўныя шчырыя людзі. Яны вучылі нас, студэнтаў, быць рознымі: эмацыянальнымі, крыху разняволенымі, адкрытымі і прагнымі да ведаў, да жыцця. Можна сказаць, за пяць гадоў я адкрыла для сябе цэлы свет — тэатральны. І ўжо не ўяўляю без яго свайго жыцця.

— Вядома, што вы пачалі працаваць у НАДТ імя М. Горкага на трэцім курсе. Раскажыце пра гэты вопыт…

— На трэцім курсе мы рыхтаваліся да ўдзелу ў міжнародным конкурсе, які праходзіў у Тэатральным інстытуце імя Барыса Шчукіна. Ставілі сцэнку на адну тэму — па матывах «Казкі пра рыбака і рыбку» Аляксандра Пушкіна. Рэжысёр НАДТ імя М. Горкага Валянціна Еранькова аднойчы прыйшла да нас на рэпетыцыйны паказ. Ёй спадабалася, напэўна, як я іграла, таму мне прапанавалі супрацоўніцтва.

Я вельмі ўдзячная рэжысёру тэатра, заслужанаму дзеячу мастацтва Рэспублікі Беларусь Валянціне Рыгораўне Ераньковай і мастацкаму кіраўніку тэатра, заслужанаму дзеячу мастацтва Рэспублікі Беларусь Сяргею Міхайлавічу Кавальчыку за тое, што далі мне магчымасць яшчэ студэнткай працаваць у тэатры. Памятаю, як увесь час бегала з тэатра ў Акадэмію і наадварот, бо мне хацелася ўсё паспяваць. Скажу шчыра, да тэатра ніколі не заўважала за сабой такой стараннасці і шчырага жадання нешта рабіць.

— Па размеркаванні вы трапілі ў Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, але пасля адпрацоўкі сталі працаваць ў тэатры імя М. Горкага. Чаму?

— Я ніколі не лічыла сябе супервакалісткай, аднак і ў Музычным тэатры, дзе працуюць артысты з вельмі моцнымі галасамі, як мне здаецца, знайшла сваё месца. Іграла вельмі цікавыя ролі: Ізольду ў спектаклі «Трыстан і Ізольда» і Забаву ў «Лятучым караблі». Гэта былі два гады цудоўнай працы. Пасля мне прапанавалі вярнуцца ў НАДТ імя М. Горкага, і я пагадзілася. Чаму? Вельмі люблю слухаць музыку, працаваць з ёй, але драматычны тэатр мне ўсё ж такі бліжэй.

— Раскажыце, ці накладвае адбітак акцёрская прафесія на звычайнае жыццё?

— Мая прафесія для мяне — жыццё. І з-за гэтага мне бывае складана кіраваць часам. Калі знаходзіцца свабодная ад працы хвілінка, я чэрпаю натхненне, каб назаўтра зноў прыйсці ў тэатр напоўненай жыццёвай энергіяй, добра сыграць у спектаклі і — самае галоўнае — выклікаць эмоцыі ў гледача. Бясспрэчна, трэба шукаць нейкі баланс, каб хапала часу і паклапаціцца аб сваім здароўі, і схадзіць на ёгу або правесці час з блізкімі і не перагарэць.

— А чым вы натхняецеся?

— Талентам, людзьмі, звычайнымі рэчамі. Напрыклад, калі п’ю смачную каву з любімага кубка або чытаю цікавую кнігу. Бывае, гляджу спектаклі або кіно і атрымліваю неверагодную асалоду ад прыгажосці чалавека. Нават магу загледзецца на кагосьці, калі мяне нечым прывабяць яго вочы, рукі, валасы. Мне здаецца, прыгажосць ёсць у кожным з нас, толькі трэба яе разгледзець.

— Як уплывае на вас праца ў тэатры?

— Гэта цікава. Ведаеце, нельга сказаць, што студэнткай я была вельмі загнанай і сціплай, але тэатр насамрэч дазволіў мне адкрыць саму сябе з іншага боку, пазбавіў ад многіх комплексаў.

— А як вы ставіцеся да крытыкі?

— Крытыка дае магчымасць стаць найлепшым, калі заўвагі канструктыўныя і справядлівыя. Міхаіл Кавальчык, майстар нашага курса, аднойчы наконт гэтага сказаў такую рэч, якая мне вельмі адклікаецца: «У любым выступленні можна ўбачыць добрае і дрэннае. І калі вы вырашылі напісаць водгук аб спектаклі, кнізе ці фільме, трэба заўсёды пачынаць з пазітыўнага: што вас здзівіла, натхніла, уразіла. А потым крытыкаваць».

Глядач мае суб’ектыўнае меркаванне. Зразумела, спектакль раскрывае адну тэму для ўсіх, аднак чалавек усё роўна адчувае і разумее сэнс па-рознаму, таму што жыццёвы вопыт у кожнага свой. Хараство тэатральнага мастацтва якраз у тым, што яно суб’ектыўнае.

— Як вы рыхтуецеся да спектакляў?

— У мяне выпрацаваны пэўны парадак, якога прытрымліваюся падчас падрыхтоўкі. Абавязковы этап — артыкуляцыйная і дыхальная гімнастыка. Яшчэ, бывае, каб прывесці сябе ў тонус, скачу на скакалцы або гуляю пешшу вакол тэатра, слухаючы музыку. Часам расцягваюся, каб разагрэць звязкі. Самы адказны момант для мяне наступае за дзесяць хвілін да пачатку спектакля, калі мне важна сабрацца з думкамі, каб выступіць на «выдатна».

— Раскажыце, калі ласка, пра сваю гераіню ў прэм’ерным спектаклі па п’есе Леаніда Андрэева «Анфіса».

— Сваю Анфісу я ўжо вельмі палюбіла. Гэтая гераіня асацыіруецца ў мяне з акіянам — яна такая ж глыбокая, неаднастайная, розная. Думаю, я буду яшчэ доўга разбірацца ў гэтым персанажы. ...Каханне было для яе адзінай магчымасцю зачапіцца за жыццё, таму што мая гераіня па п’есе страціла дзіця, а гэта, як вы разумееце, самае страшнае, што толькі можа здарыцца з жанчынай-маці.

Не толькі ў Анфісы, але і ў іншых герояў пастаноўкі вельмі складаныя лёсы. У іх супярэчлівыя псіхалагічныя партрэты, але яны пазнавальныя для кожнага з нас. Ужо з першай сцэны мы бачым, што ў сям’і, дзе адбываецца дзеянне, бяда. Спектакль атрымаўся складаны, філасофскі, глыбокі. Яму ўласцівы і псіхалагізм, і сімвалізм, таму што Леанід Андрэеў прызнаны яркім пісьменнікам Сярэбранага веку рускай літаратуры. Гэтая пастаноўка — з ідэямі містыкі, фатуму, рока. І яны адчуваюцца падчас прагляду, пастаянна трымаюць гледача ў тонусе. Наша гісторыя — незвычайны любоўны чатырохкутнік з адным «але» — там няма любові. Вельмі раю паглядзець яе кожнаму.

— А што для вас значыць любоў?

— Гэта нешта вельмі патрэбнае, тое, без чаго немагчыма ўявіць чалавечае жыццё. І калі любоў да блізкага будзе ў кожнага з нас на першым месцы, то мы ўсё зможам.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.