Вы тут

Веснавыя кветкі на старонках літаратурных твораў


Прыгрэла сонейка.

На ўзлеску

Птушыны спеў

Чуваць здаля...

Стаіць і слухае пралеска,

Як ціха

Дыхае зямля.

У задуменна-лірычным вершы Авяр’яна Дзеружынскага пяшчотная веснавая кветка — увасабленне мудрасці прыроды. Шмат каго з беларускіх паэтаў і пісьменнікаў натхнялі першацветы... Зрэшты, іх жа так шмат, і ці ведаем мы іх сапраўдныя назвы? Пралескамі найчасцей называем белы кураслеп дуброўны і сінюю пралеску высакародную, менавіта яны найчасцей утвараюць прыгожыя кветкавыя дываны ў лясах увесну... Многія з нас імкнуцца ўласнаручна сарваць пяшчотныя першыя кветачкі, прынесці ў хату сведчанне таго, што зямля абудзілася ад зімовага сну... Але тым самым мы наносім шкоду прыродзе. Лепей любавацца гэтымі вонкава пяшчотнымі, а насамрэч трывушчымі раслінамі, якія мужна пераадольваюць халады, у лесе, на лузе... Можна паназіраць за імі і на старонках літаратурных твораў.


Прадвеснікі Перамогі

Максім Танк напісаў верш «Пралескі» ў 1944-м годзе, калі быў далёка ад захопленай ворагам радзімы і працаваў у франтавой газеце «За савецкую Беларусь». Беларускі штаб партызанскага руху ў той час знаходзіўся ў Падмаскоўі, часта бываў паэт і ў Маскве. Магчыма, там і склаў гэты верш, таму што напачатку апісваецца тлумны горад, дзе толькі асфальт і трамваі, і туга па радзіме…

«І раптам бачу: на рагу,

У прадаўшчыцы-маладзіцы,

Маю блакітную тугу —

Букет пралесак залаціцца.

І хоць на захадзе гарыць

Чырвоным сонца светафорам,

Я сэрцам зноў ля тых крыніц

І акрываўленых разораў,

Дзе на пакінутай зямлі,

На папялішчах, пералесках,

Як пад Масквою, расцвілі

Таксама першыя пралескі.

Ды сёння ў роднай старане

Каму яны азораць шчасце?

На безымянным кургане

Ім суджана вянком апасці.

Але за то, што расцвілі

Прадвеснікамі перамогі

На шматпакутнае зямлі,

На астравінах баравых,

Ля нашых спаленых парогаў —

Ад сэрца блаславіце іх,

Хто памятае, у край дарогу».

Пралескі ўвасабляюць не проста надыход вясны — яны сімвал непазбежнай перамогі, хуткага вызвалення роднай зямлі ад сцюжы акупацыі, сімвал неўміручай моцы народа, памяці пра загінулых.

«Кволыя пралесачкі... Нейкае трывогі не схаваць, не схаваць»

У абразку Максіма Гарэцкага «Вясна», напісаным у 1914-м годзе, згадваюцца іншыя веснавыя кветкі — «жоўтыя красачкі», якія растуць ля балота. Што за яны? Можа быць, першацвет веснавы — адзін з відаў прымулы, можа быць, жоўтая фіялка ці крокусы? А мо гэта лотаць, якая якраз цвіце ў балоцістых мясцінах з красавіка?

«Гэй вы, шчасныя веснавыя дні!

Ганначка, сястрыца! Пойдзем у таўкачыкі, а на лагу там ля балота жоўтых красачак нарвём.

І дзеразы зялёненькай, лахматай надзяром, і яленцу наламаем, і шышачак набяром: азелянім, ахарошым сваю хатку старэнькую.

Макравата яшчэ ў полі, зямелька не высахла...

А ты лапцікі абуй.

Люблю цябе, прыгожая, за тое, што на грудзёх у цябе красачкі прышпілены. Ах, люблю я красачкі!

І аб чым ты, дзяўчынка мая, так задуманая? Чаго твае вочачкі чыстыя засмуціліся? Кволыя пралесачкі... Нейкае трывогі не схаваць, не схаваць».

Трывога, якую адчувае герой абразка, недарэмная... Праз некалькі месяцаў пачнецца Першая сусветная вайна. Максім Гарэцкі трапіць на фронт, будзе цяжка паранены, ледзь выжыве. Сумная доля чакае і яго сястру Ганну, прыгажуню і разумніцу. У 1922-м годзе, у Маскве, яна павязе перадачу іх арыштаванаму брату і трапіць пад трамвай. Максім Гарэцкі прысвяціць яе памяці складзеную ім хрэстаматыю беларускай літаратуры, Уладзімір Дубоўка — зборнік «Строма»: «Светлай памяці Ганулі Гарэцкай, як вяночак на магілку ў чужыне, — прысвячаю».

Сумныя жоўтыя красачкі ў тым вяночку…

«Праслічная, паўночная фіёлка»

Верш Алеся Гаруна, напісаны ў 1920-м годзе, які таксама называецца «Пралескі», звернуты да жанчыны, якая прыйшла адведаць хворага паэта. Гарун пасля доўгіх гадоў турмы і высылкі страціў здароўе, хварэў на сухоты. У вершы недарэмна згадваецца «Тайга шумячая на шчыце гор» — гэта з жыцця ў сібірскай высылцы. Працаваў на баржы, што плавала па Лене да Якуцка, здабываў золата ў Бадайбо: «...не раз да болю ў пашчэнках, моцна сціскаючы зубы і мружучыся так, што аж балелі вочы, стараўся... заціснуць мазгі, каб яны, зрабіўшыся меншымі, не давалі прастору думкам». Яшчэ больш сумна робіцца, калі ведаць, што ў тым жа 1920 годзе Алесь Гарун памрэ — паеў свежых вішань, купленых на базары, падхапіў дызентэрыю, арганізм аслаблены... А ў вершы шчымлівае спадзяванне.

«Прынеслі вы чароўныя дары вясны — пралескі,

У добрасці святой іх для мяне сваім зрабіўшы дарам,

Як колер гэтых кветачак, 

так домысл ваш — нябескі, —

Прыйсці, парадаваць вясной мяне ў маім замкненні шарым.

Зрабіўся мой пакой цяпер — 

пудэлак цесны мескі —

Тайгой шумячаю на шчыце гор, у паблізку к сонцу, к хмарам,

Ляжу ў ёй, хваін жывушчы пах п’ючы і горных зёлкаў,

А ў думках і ўваччу — праслічная, паўночная фіёлка».

«Тугі вясенняе пралескі»

Верш «Пралескі» Уладзімір Жылка напісаў у 1921 годзе. Гэта быў нялёгкі для паэта час. Нядаўні мінскі настаўнік захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда на Наваградчыну, на свежае паветра... А ў сакавіку быў падпісаны Рыжскі дагавор, Жылка апынуўся ў Заходняй Беларусі, пад уладай панскай Польшчы. Наперадзе гады змагання... Але пакуль што паэт верыць у найлепшае.

«І хоць зімы відаць сляды,

Яшчэ марозіць часам ночкай,

Ды больш не страшаць халады

І верыш мілым сінім вочкам.

І любы так бясконца мне

Яны, з усмешкай ціхай дзеці...

Пара іх, кволых, праміне,

Прайдуць яны, як усё на свеце.

Але ўжо мкне душа мая

У сіню даль, за пералескі,

І ў сэрцы ўсходзяць — чую я —

Тугі вясенняе пралескі».

«Кураслеп рассыпаў па ёй сваё тлустае золата...»

У сатырычнай аповесці Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» з першацветаў згадваецца кветка-сон. Менавіта гэтыя чароўныя, сёння вельмі рэдкія краскі растуць там, дзе малады кар’ерыст Самасуй вырашыў правесці маёўку для жыхароў вёскі Шапялёўка, куды ён дасланы «падымаць культуру». А заадно самаўпэўнены дурнаваты Самсон можа «падбіць кліны» да супрацоўніцы-прыгажуні Крэйны. Праўда, суседства прыгожых кветак не надта дапамагае Самасую ў куртуазных справах:

«Мы селі на курган недалёка ад усіх. Я моўчкі любаваўся Крэйнай. Ёсць абліччы прыгожыя, як гэтыя сінія кветкі-сон. На іх хочацца глядзець і пакутваць непераможнымі жаданнямі.

Гледзячы на Крэйну, я смяяўся шчаслівым жарабячым смехам. Яна здзіўлена пашырыла свае вочы і чакала, што з гэтага далей будзе. Тады я набраў моцы і сказаў:

— Крэйна! Крэйначка! Будзем з табой на ты? Добра?.. Далей слухай, што я скажу. Закахаўся ў цябе я — праўду кажу. Ты павінна звярнуць на маё захапленне максімум увагі. У маім каляндарным плане на сённяшні дзень вызначана два бязвінных пацалункі ад цябе. Гэтага я павінен дамагацца ад цябе, чаго б мне гэта ні каштавала!

І сказаўшы гэта, не доўга думаючы, я прыцмактаўся да чырвоных Крэйніных губ і запальна піў агністую кроў дзявоцтва!

Прыйшоўшы ў сябе ад неспадзяванасці, Крэйна адштурхнула мяне і так моцна, што ледзьве не загурчэў далоў з кургана. Тон у тон мне Крэйна сказала:

— Не цалуй мяне, ты прыцягваеш увагу шырокіх мас!»

Забайкальскія пралескі

У апавяданні «Міхасёвы пралескі» Ядвігі Бяганскай дзеянне адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Забайкаллі. Міхась з мамай прыехалі сюды з Беларусі, «ратуючыся ад вайны, ад фашысцкай няволі».

Але вось бяда — маці цяжка захварэла і трапіла ў бальніцу.

«А тым часам надыходзіла вясна, набліжаўся сакавік. Міхась успомніў, як штогод восьмага сакавіка ён з таткам прыносіў маці кветкі. Як радавалася яна гэтым першым вясновым краскам! Асабліва яна любіла пралескі. Таткі цяпер няма, і кветкі павінен прынесці ён, сын».

Але ж вясна ў Забайкаллі наступае пазней, чым у Беларусі, і кветкі пазней паказваюцца. Міхась звярнуўся да дзеда Ягора, у хаце якога жылі. І дзед Ягор надумаў пайсці з хлопчыкам па пралескі на цёплую крыніцу.

«Міхась ніколі яшчэ не бачыў, каб сярод снягоў біла з-пад зямлі такая цёплая вада. Над крыніцай узнімалася пара, а па беражках зелянела трава, жывая, вясёлая. Дзед Ягор назразаў ладных кавалкаў дзёрну, у якіх праглядвалі раслінкі ў срэбным пушку.

— Гэта і ёсць забайкальскія пралескі, — казаў дзед. — Прынясём іх у хату, у цяпло, пачнём паліваць вадзіцай, і яны пойдуць расці і зацвітуць».

Так што ў хуткім часе Міхась зайшоў у палату да маці, несучы перад сабой букет сініх пралесак. Маці была дужа шчаслівая.

Забайкальскія пралескі завуцца там вяргулькамі, ці ўргулькамі, і фактычна гэта тыя самыя беларускія кветкі-сон, альбо прастрэл. 

Сібірскія рэаліі Ядвізе Бяганскай былі добра знаёмыя. Яна нарадзілася ў сям’і беларускіх перасяленцаў у Сібіры, вярнулася на Беларусь у 1922 годзе, стала жонкай беларускага паэта, потым ператварылася ў жонку ворага народа і ў гэтай якасці зноў апынулася ў Сібіры... І зноў вярнулася на Беларусь, была рэабілітаваная, працавала на радыё і напісала шмат цікавых кніжак для дзяцей.

Каханне на фоне кураслепаў

Улюбёная веснавая кветка Уладзіміра Караткевіча, мяркуючы па ўсім, — кураслеп. Упадабаў пісьменнік яе вобраз і дзякуючы знакавай у яго жыцці падзеі. У маі 1959 года ён разам з іншымі слухачамі Вышэйшых літаратурных курсаў у Маскве пабываў на экскурсіі ва Уладзіміры і Суздалі, з наведваннем царквы Пакрава на Нерлі. Праводзіла экскурсію іх выкладчыца Ніна Молева. Яна змагла захапіць студэнтаў хараством убачанага, чытала на фоне старажытнага храма літаратурныя творы... Карацей, і да гэтага Караткевіч быў закаханы ў сваю выкладчыцу, а тут яна для яго паўстала проста нейкім ідэалам — чытайце пра гэта ў рамане «Нельга забыць». А адразу па вяртанні з экскурсіі Караткевіч выказаў уражанні ў імпрэсіі «Подыхі продкаў», якая пры яго жыцці не друкавалася:

«Трава зялёная, як у „Паўночнай ідыліі“, кураслеп рассыпаў па ёй сваё тлустае золата, і маленькія браткі падміргваюць нам сінімі вачыма. Але не гэта галоўнае. Там, на краі лугоў, зліўшыся з гэтым, молада-зялёным і залатым, уросшы ў гэты просты пейзаж, бачны стройны-стройны белы прамакутнічак са сціплым зялёным купалком…

Мы мімаволі паскорылі крокі. Яна плыве да нас, адрываючыся ад зямлі, як кветка, раскрытая небу, як неапалімая купіна, палаючая белым агнём…

Гэта было падобна на лікуючае замілаванне другам, гэта была проста радасць, што мы жывём на зямлі, што мы поруч. І гэтаму зусім не патрэбна было канчацца іншым... і горшым. Проста расла ў грудзях хваля ўдзячнасці: у мяне да маёй лепшай на свеце спадарожніцы, а ў яе — да мяне».

Неаднойчы Караткевіч узнаўляў той пейзаж і ў вершах: 

«Успамін. Успамін. Дні пяшчотнай вясны ўспамінаю, На бязмежных лугах кураслепаў халодны пажар...», «Кураслеп на лугах Багалюбава, Белы храм над Нерлю-ракой».

Абуджаецца зямля, з веснавой надзеяй пазірае на нас сінімі, блакітнымі, жоўтымі, белымі вачыма першацветаў... Давайце не падманваць яе давер, не рваць пяшчотныя кветкі — а любавацца імі, як любаваліся беларускія паэты і пісьменнікі.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.