Вы тут

Як удалося значна знізіць захваральнасць на туберкулёз?


За апошнія 10 гадоў у Беларусі больш чым утрая знізілася захваральнасць на туберкулёз. Сярод краін СНД у нас яна самая нізкая. Летась выяўлена 1276 хворых, прычым з іх 269 — гэта рэцыдывы туберкулёзу. Пры гэтым яшчэ 15 гадоў таму ў краіне за год выяўлялася 6-7 тысяч хворых. Самы нізкі ўзровень захваральнасці адзначаецца ў Мінску, а самы высокі шмат гадоў захоўваецца ў Гомельскай вобласці. Каля паловы выпадкаў туберкулёзу — з множнай лекавай устойлівасцю, лячэнне якога займае да двух гадоў. Туберкулёз пашкоджвае не толькі лёгкія. Летась быў выяўлены туберкулёз скуры ў дзіцяці, а таксама туберкулёз вачэй і вуха. Чаму гэтае захворванне дагэтуль актуальнае і небяспечнае, дзе ім можна заразіцца і хто ў групе рызыкі? Пра гэта расказаў намеснік дырэктара РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Аляксандр Бабчонак.


У чым небяспека?

Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, трэць насельніцтва планеты інфіцыравана мікабактэрыямі туберкулёзу. Штогод на туберкулёз захворваюць больш як 10 мільёнаў чалавек, звыш 1,5 мільёна — паміраюць. Часцей за ўсё туберкулёз пашкоджвае лёгкія, але інфіцыраваны можа быць і любы іншы орган.

Туберкулёз — гэта інфекцыйнае хранічнае захворванне, якое выклікае мікабактэрыя туберкулёзу, больш вядомая як палачка Коха. Упершыню гэты мікраарганізм вылучыў нямецкі навуковец Роберт Кох у 1882 годзе, але сама хвароба вядома нашмат раней. Палачка Коха адрозніваецца высокай жыццяўстойлівасцю ў навакольным асяроддзі, у вільготным і цёмным месцы яна можа захоўвацца на працягу месяцаў і нават некалькі гадоў.

Са з’яўленнем антыбіётыкаў удалося ўзяць пад кантроль гэтае распаўсюджанае і небяспечнае захворванне. Аднак яно працягвае заставацца ў спісе глабальных пагроз чалавецтву і ў XXІ стагоддзі. У чым жа небяспека?

— Глабальная праблема апошніх дзесяцігоддзяў ва ўсім свеце пры лячэнні не толькі туберкулёзу, але і іншых бактэрыяльных захворванняў — гэта развіццё антыбіётыкарэзістэнтнасці. У поўнай меры гэта датычыцца і развіцця ўстойлівасці мікабактэрый да супрацьтуберкулёзных прэпаратаў, у прыватнасці да двух найбольш эфектыўных асноўных прэпаратаў, і атрымала назву туберкулёзу з множнай лекавай устойлівасцю, які патрабуе больш працяглага лячэння. Калі лячэнне пры адчувальным туберкулёзе займае шэсць месяцаў, то пры множнай лекавай устойлівасці — ад 18 да 24 месяцаў. Нягледзячы на пастаяннае зніжэнне захворвання на туберкулёз, захоўваецца яго высокая ўдзельная вага: больш чым трэць ад усіх выяўленых упершыню хворых пакутуюць на туберкулёз з множнай лекавай устойлівасцю. Сярод паўторна лечаных (гэта рэцыдывы і няўдачы лячэння) больш за 60% пацыентаў з множнай лекавай устойлівасцю, — прывёў лічбы Аляксандр Бабчонак.

Хто ў групе рызыкі?

Крыніцай інфекцыі з’яўляецца чалавек, хворы на актыўную форму туберкулёзу лёгкіх. Пры кашлі, чханні, размове хворы вылучае мікабактэрыі, і яны трапляюць пры ўдыханні праз сліну, макроту хворага. Заразіцца можна нават пры непрацяглым кантакце ў грамадскім транспарце. Аднак ёсць і добрая навіна: большасць людзей, якія заражаюцца, не захворваюць. Гэта залежыць ад стану ахоўных сіл арганізма, захавання гігіенічных правіл. Але ўсё ж часцей да туберкулёзу прыводзіць працяглы і цесны кантакт з хворым, найбольшай рызыцы заражэння падвяргаюцца члены сям’і, сябры, калегі.

Да аслаблення імунітэту прыводзяць непаўнавартаснае харчаванне, ператамленне, стрэсы, асабліва злоўжыванне алкаголем, наркотыкі і ВІЧ.

У групе рызыкі пацыенты з ВІЧ і імунадэфіцытамі; людзі, якія прымаюць прэпараты, што прыгнятаюць імунітэт; пацыенты з цяжкімі хранічнымі захворваннямі, з алкагалізмам. Высокая захваральнасць сярод асоб, якія знаходзяцца ў месцах зняволення. Акрамя груп рызыкі, асноўныя намаганні трэба накіроўваць на кантакты. Пры захворванні дзяцей у больш чым 60% выпадкаў гэта здараецца з-за кантактаў, — адзначыў Аляксандр Бабчонак.

Пры гэтым 126 хворых на туберкулёз летась былі шпіталізаваны прымусова, у асноўным гэта асацыяльныя людзі. У стацыянарах яны знаходзяцца ўвесь тэрмін да заканчэння лячэння. Аднак трэба сказаць, што яшчэ 20 гадоў таму на прымусовае лячэнне накіроўвалася больш як тысяча чалавек.

Па якіх прыкметах распазнаць?

Як адзначае спецыяліст, апошнім часам павялічылася колькасць пацыентаў, якія выяўляюцца выпадкова пры праходжанні флюараграфіі.

— За мінулы год пры праходжанні флюараграфіі і адсутнасці скаргаў выяўлена амаль 60% пацыентаў, хворых на туберкулёз. Гэта малыя формы, пакуль у чалавека яшчэ не з’явіліся скаргі. Хоць пры паглыбленым аглядзе пацыенты скардзяцца на слабасць, пахудзенне. Абавязковаму абследаванню падлягаюць пацыенты з нематываваным кашлем, які працягваецца больш чым тры месяцы. Калі хоць бы аднаразова з’явілася харканне крывёю, нават пры непрацяглым кашлі, неабходна правядзенне бранхалагічнага абследавання. Нематываванае пахудзенне, слабасць, патлівасць, асабліва ў начны час, павінны выклікаць насцярожанасць і ў такім выпадку трэба звярнуцца да ўрача, — расказаў Аляксандр Бабчонак.

Прышчэпка ад туберкулёзу ёсць у нацыянальным календары, яе робяць усім немаўлятам у раддамах пры адсутнасці супрацьпаказанняў. Аднак яна на 100 працэнтаў не абараняе ад туберкулёзу.

— Вакцынацыя абараняе ад цяжкіх генералізаваных формаў туберкулёзу ў маленькіх дзяцей. У больш познім узросце існуючая вакцына неэфектыўная, таму ад рэвакцынацыі ў сямігадовым узросце мы адмовіліся. На жаль, вакцына жывая, і здараюцца ўскладненні. Цяпер у нас БЦЖ не прымяняецца, толькі новая БЦЖМ. І колькасць ускладненняў зменшылася, — патлумачыў Аляксандр Бабчонак.

У гарадах хварэюць менш

У краіне ўзровень захваральнасці за апошнія 10 гадоў знізіўся больш чым у тры разы. За 2023 год выяўлена 1276 хворых, прычым 269 з іх — гэта рэцыдывы туберкулёзу. Кожны дзясяты з хворых на туберкулёз мае ВІЧ-інфекцыю. Усяго летась выяўлена 136 такіх пацыентаў.

— У 2022 годзе адзначаўся нязначны рост колькасці выяўленых хворых на туберкулёз. Гэта было абумоўлена недавыяўленнем туберкулёзу ў папярэднія два гады ў сувязі з эпідэміяй ковід-інфекцыі, перапрафіляваннем для аказання медыцынскай дапамогі больш як паловы стацыянарных устаноў, — адзначыў спецыяліст.

Ён падкрэсліў, што захваральнасць гарадскога насельніцтва значна ніжэй, чым сельскага. Самая нізкая захваральнасць усе гады адзначаецца ў Мінску і складае 8,3 на 100 тысяч насельніцтва. А самае высокая з году ў год захоўваецца ў Гомельскай вобласці — 23,7. Часам туберкулёз выяўляецца і ў дзяцей. За мінулы год захварэлі 22 дзіцяці і падлеткі, у тым ліку ў Мінску — чатыры, у Брэсцкай вобласці — тры, у Віцебскай — адзін, у Гродзенскай — чатыры, у Мінскай — шэсць, Магілёўскай — два.

— Усе індыкатары праграмы «Супрацьдзеянне распаўсюджванню туберкулёзу» за 2023 год выкананы, — падкрэсліў Аляксандр Бабчонак. — Смяротнасць ад туберкулёзу склала 0,96 на 100 тысяч насельніцтва. Летась памерла 88 чалавек. Пры гэтым каля 20 гадоў таму ад туберкулёзу памірала 1100–1200 чалавек. Як бачым, цяпер гэтая лічба знізілася больш чым на парадак.

Колькасць пацыентаў з туберкулёзам таксама зніжаецца. Калі на пачатак 2023 года на ўліку знаходзілася 1538 хворых, то на пачатак бягучага года — 1094 пацыенты, якія атрымліваюць лячэнне. Адпаведна, скарачаецца і перапрафілюецца ложкавы фонд — з 2022 года ў краіне скарочана 200 ложкаў.

Інавацыйныя метады лячэння

— Адзін з найбольш прагрэсіўных метадаў ва ўсім свеце, які ўкаранёны і ў нас, — гэта рэжымы лячэння туберкулёзу з множнай лекавай устойлівасцю з выкарыстаннем новых супрацьтуберкулёзных прэпаратаў бедаквілін, дэламанід, клофазімін. Калі ў 2015 годзе ахоп схемамі лячэння з ужываннем дадзеных прэпаратаў складаў усяго 12%, то летась дасягнуў 99,7%, толькі 2% адмовілася ад лячэння дадзенымі прэпаратамі. Пачынаючы з 2015 года такімі схемамі эфектыўна пралечана 4500 пацыентаў з множнай лекавай устойлівасцю. Эфектыўнасць лячэння новымі супрацьтуберкулёзнымі прэпаратамі складае да 90%, у тым ліку пралечана пяць дзяцей з эфектыўнасцю 100%, — праінфармаваў Аялксандр Бабчонак.

З 2018 года пачалі прымяняцца мадыфікаваныя скарочаныя рэжымы лячэння. Замест 18–24 месяцаў лячэнне доўжыцца ўсяго дзевяць. З гэтага часу пачалі лячэнне 1243 пацыенты, 959 завяршылі яго з эфектыўнасцю 90%.

У 2022 годзе ў Беларусі з’явіўся новы прэпарат — прэтаманід. Лячэнне ім распачалі 549 пацыентаў, з іх 468 скончылі з эфектыўнасцю 92%. Яно доўжыцца ўсяго 5,5 месяца і дэманструе вельмі добрыя вынікі.

На базе РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі дзейнічае супрацоўны цэнтр СААЗ па ўкараненні новых прэпаратаў і рэжымаў для лячэнні пацыентаў з множнай і шырокай лекавай устойлівасцю. За мінулы год тут прайшлі навучанне 272 урачы, з іх 20 прадстаўнікоў іншых краін — спецыялісты-фтызіятры з Кыргызскай Рэспублікі, Туркменістана, Таджыкістана, Узбекістана.

У снежні 2022 года зацверджаны новы пратакол па дыягностыцы і лячэнні туберкулёзу дарослага і дзіцячага насельніцтва, які поўнасцю ўкаранёны ў 2023 годзе ва ўсіх супрацьтуберкулёзных установах. Там актуалізаваны ўсе пытанні выяўлення, дыягностыкі, маніторынгу кожнага выпадку туберкулёзу, арганізацыі і схемы лячэння, прафілактыкі, назірання за кантактамі груп рызыкі і лячэння латэнтнай туберкулёзнай інфекцыі. У адпаведнасці з новымі пратаколамі ў 2023 годзе пачалося лячэнне лекаваадчувальнага туберкулёзу з выкарыстаннем новых схем з уключэннем рыфапіцыну і максіклацыну, што дазволіла скараціць тэрмін лячэння адчувальнага туберкулёзу з 6 да 4 месяцаў.

У 2023 годзе ў Беларусі працавала пацыентаарыентаваная мадэль лячэння, уключаючы відэакантроль. Пацыенты, што знаходзяцца на амбулаторным лячэнні, якія рэгулярна прымаюць супрацьтуберкулёзныя прэпараты, атрымліваюць харчовыя наборы. Інавацыйным з’яўляецца і выкарыстанне відэакантраляванага лячэння, падчас якога кантроль за прыёмам прэпарата ажыццяўляецца праз смартфон пацыента. Такое лячэнне з 2016 года атрымалі больш чым тры тысячы пацыентаў, прычым поспех лячэння значна вышэй, чым у выпадках, калі пацыенты штодня прыходзілі за прэпаратамі, часам з пропускамі.

У РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі з пачатку мінулага года працуе цэнтр камарбіднай паталогіі для аказання дапамогі пацыентам з туберкулёзам, ВІЧ, гепатытам С і іншымі хранічнымі паталогіямі. Таксама спецыялісты цэнтра праводзяць кансультатыўную работу. Усе пацыенты з множнай лекавай устойлівасцю, якім прызначаецца супрацьтуберкулёзнае лячэнне, праходзяць праз анлайн-кансіліум. Гэтак жа яны кожныя тры месяцы паўторна прадстаўляюцца на кансіліум для маніторынгу лячэння. Пры неабходнасці пацыент шпіталізуецца ў РНПЦ для даабследавання, у тым ліку для правядзення малаінвазіўных дыягнастычных аператыўных умяшанняў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не чароўная палачка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.