Вы тут

Рахматула Назараў: Узбекска-беларускае ўзаемадзеянне напаўняецца новым зместам


Наша краіна разглядае Узбекістан як стратэгічнага партнёра ў Цэнтральнай Азіі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прыёме даверчых грамат паслоў замежных краін. У найбліжэйшых планах беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва — рэалізацыя новых прарыўных праектаў і развіццё міжрэгіянальных сувязяў. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Рахматула Назараў, які папрацаваў у Беларусі і добра ведае нашу краіну (да гэтага ён быў часовым павераным у справах Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь), будзе максімальна ўцягнуты ў рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых на вышэйшым узроўні, прыменіць усе свае веды і вопыт для ўмацавання двухбаковых сувязяў. Чаму візіт Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан, які адбыўся ў мінулым месяцы, назвалі гістарычным, што прадугледжвае рэалізацыя маштабнай дарожнай карты супрацоўніцтва, як Якуб Колас і Алішэр Наваі сталі сімваламі дружбы двух народаў, у эксклюзіўным інтэрв’ю газеце «Звязда» распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Узбекістана ў Беларусі Рахматула Назараў.


— Спадар Пасол, дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам былі ўстаноўлены больш як 30 гадоў таму. Чаго ўдалося дабіцца за гэты час?

— За больш за тры дзясяткі гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма дзяржавамі ў студзені 1993 года двухбаковае супрацоўніцтва паслядоўна развіваецца на аснове прынцыпаў узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў адна адной. Развіццё супрацоўніцтва з Беларуссю займае важнае месца ў знешняй палітыцы Узбекістана. У мінулым годзе нашы краіны перасягнулі 30-гадовую мяжу з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін. За гэты кароткі па гістарычных мерках тэрмін Ташкент і Мінск здолелі выбудаваць па-сапраўднаму цесныя, даверныя сувязі.

Магутны рывок пашырэнню супрацоўніцтва адбыўся пасля афіцыйных візітаў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан у верасні 2018-га і Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўката Мірзіёева ў Беларусь у ліпені-жніўні 2019-га. Па выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан у 2018-м падпісана 19 міжнародных дакументаў па прыярытэтных напрамках супрацоўніцтва, прэм’ер-міністрамі дзвюх краін зацверджаны План мерапрыемстваў («Дарожная карта») па развіццю супрацоўніцтва. У рамках візіту адбыўся ўзбекска-беларускі бізнэс-форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, а таксама выстава беларускіх вытворцаў «Made in Belarus». У ходзе афіцыйнага візіту Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь 2019-м падпісана 12 міжурадавых і міжведамасных дагавораў, арганізаваны першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, Нацыянальная выстава ўзбекскай прадукцыі «Made in Uzbekistan» і Дні культуры Узбекістана. Актывізацыя дыялогу на вышэйшым узроўні садзейнічала інтэнсіфікацыі абмену дэлегацыямі.

— Паміж нашымі краінамі наладжаны актыўны дыялог на вышэйшым узроўні. Як гэта спрыяе развіццю двухбаковага ўзаемадзеяння?

У апошнія гады ўзбекска-беларускае ўзаемадзеянне выйшла на яшчэ больш высокі ўзровень, што дазволіла раскрыць шырокі патэнцыял нявыкарыстаных рэзерваў у супрацоўніцтве. Пераважна гэта стала магчымым дзякуючы актыўнаму і адкрытаму палітычнаму дыялогу, наладжанаму паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў — Шаўкатам Мірзіёевым і Аляксандрам Лукашэнкам. Акрамя таго, лідары дзвюх краін рэгулярна праводзяць двухбаковыя сустрэчы на палях СНД, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і іншых міжнародных структур. Іх рэгулярныя зносіны, у тым ліку на розных міжнародных пляцоўках, задаюць новы тон адносінам нашых дзяржаў, лідары стварылі ўсе ўмовы, заклалі трывалы фундамент для збліжэння дзвюх дружалюбных краін і народаў, для цеснай кааперацыі ва ўсіх сферах і галінах. 

Напрыклад, высокую інтэнсіўнасць набыў абмен дэлегацыямі на розных узроўнях. З 2017 года ажыццёўлена больш за 150 двухбаковых візітаў і іх колькасць няўхільна расце. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне і прадаўжаюцца актыўныя кантакты на ўзроўні ўрадаў, парламентаў, міністэрстваў і ведамстваў, рэгіёнаў і галін. Асаблівае значэнне ў прасоўванні канструктыўнага супрацоўніцтва маюць міжпарламенцкія сувязі, якія пашыраюцца. У гэтым вялікая заслуга належыць Міжпарламенцкім групам па супрацоўніцтве паміж Олій Мажлісам Рэспублікі Узбекістан і Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь.

У верасні 2023 года адбыўся візіт у Мінск парламенцкай дэлегацыі Узбекістана на чале са старшынёй Сената Олій Мажліса Танзілай Нарбаевай. У рамках сустрэчы падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве верхніх палат, маладзёжных парламентаў, жаночых устаноў. Змястоўнай часткай візіту стала правядзенне Першага беларуска-ўзбекскага жаночага бізнэс-форуму на тэму «Жанчыны ў бізнэсе — патэнцыял для развіцця дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана». Прынятыя захады з боку парламентаў па паглыбленні кааперацыі ствараюць магчымасці для эфектыўнага парламенцкага кантролю над выкананнем дасягнутых пагадненняў у галіне эканомікі, гандлю і прамысловасці. Парламентарыі рэгулярна бяруць удзел у якасці міжнародных наглядальнікаў у прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія праходзяць ва Узбекістане і Беларусі, а таксама ў розных мерапрыемствах міжнароднага характару. Паспяхова рэалізуецца работа па лініі Сумеснай міжурадавай камісіі па двухбаковым супрацоўніцтве. На сённяшні дзень праведзена ўжо 10 пасяджэнняў.

Флагманам развіцця ўзбекска-беларускага ўзаемадзеяння на сённяшні дзень прадаўжае заставацца гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае партнёрства, што пацвярджаецца ўстойлівым ростам двухбаковага тавараабароту. Дзякуючы агульным намаганням упершыню ў гісторыі адносін Узбекістана і Беларусі, узровень узаемнага гандлю ў 2022 годзе перавысіў паўмільярдную адзнаку. У той перыяд па выніках года двухбаковы тавараабарот склаў 536 мільёнаў долараў ЗША (рост на 44 працэнты ў параўнанні з 2021-м) і павялічыўся амаль у 3,5 раза ў параўнанні з паказчыкам 2017-га. Па выніках мінулага года яго аб’ём павялічыўся яшчэ на 15 працэнтаў у параўнанні з 2022-м і склаў 620 мільёнаў долараў ЗША.

— У мінулым месяцы адбыўся візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан, які многія назвалі гістарычным. Чым абгрунтавана такая ацэнка?

— Хацеў бы зноў звярнуць увагу на якасныя зрухі ва ўзбекска-беларускім супрацоўніцтве ў апошнія гады, актывізацыю кантактаў на ўсіх узроўнях, рост тавараабароту, рэалізацыю праектаў кааперацыі, аднаўленне культурна-гуманітарных абменаў, прамых авіязносін. Візіт Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан 7-9 лютага і грунтоўныя перамовы, якія прайшлі ў гэты перыяд, дэталёвае абмеркаванне шырокага спектра ўзбекска-беларускіх адносін вызначылі прыярытэты і мэтавыя задачы развіцця шматпланавага партнёрства на бліжэйшую перспектыву. Абазначаны ключавыя напрамкі супрацоўніцтва — сельская гаспадарка, лёгкая, харчовая і электратэхнічная прамысловасць, фармацэўтыка, горадабудаўніцтва, камунікацыі і іншыя.

Падрыхтоўка да візіту была каласальнай. Сустрэчы на вышэйшым узроўні папярэднічалі пашыраныя перагаворы з удзелам профільных міністраў, кіраўнікоў рэгіёнаў і розных галін, у ходзе якіх абмеркаваны канкрэтныя далейшыя дзеянні. У прыватнасці, у рамках падрыхтоўкі да гэтага візіту паспяхова праведзены шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку чарговае пасяджэнне Міжурадавай камісіі, форумы рэгіёнаў, рэктараў, медыцынскіх работнікаў, пасяджэнне Дзелавога савета і іншыя.

Па выніках плённых перагавораў другога Форуму рэгіёнаў Узбекістана і Беларусі, які адбыўся напярэдадні, былі падпісаны кантракты і пагадненні на суму звыш мільярда долараў. Увогуле ўзбекска-беларускі саміт у лютым праходзіў на такім спрыяльным фоне ва ўсіх сферах двухбаковых адносін. На перагаворах на вышэйшым узроўні закрануты практычныя ўсе напрамкі ўзаемадзеяння. Перш за ўсё, гэта далейшае прасоўванне канструктыўнага супрацоўніцтва міжпарламенцкіх сувязяў, якія пашыраюцца; працяг актыўных кантактаў паміж урадамі, міністэрствамі, ведамствамі, рэгіёнамі і дзелавымі коламі; дасягненне рэальных вынікаў у гандлёва-эканамічнай сферы; актывізацыя кантактаў і абмену ў сферы культуры і мастацтва, моладзі, адукацыі і спорту.

— Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў адзначыў, што двухбаковае супрацоўніцтва выйшла на новы ўзровень. Чым гэта характарызуецца?

— За мінулыя гады ўзбекска-беларускія шматпланавыя адносіны выйшлі на якасна новы, высокі ўзровень. Па-першае, створана насамрэч даверная і дружалюбная атмасфера ў нашых двухбаковых адносінах. Адчуваецца ўзаемная зацікаўленасць бакоў рухацца далей, паглыбляць усебаковае супрацоўніцтва. Па-другое, актыўна развіваюцца гандлёва-эканамічныя сувязі, прамысловая кааперацыя. Беларусь уваходзіць у дваццатку асноўных гандлёвых партнёраў Узбекістана па аб’ёме знешняга гандлю. Гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва — важны складнік двухбаковых адносін паміж нашымі краінамі.

На сённяшні дзень у нашай краіне дзейнічаюць 209 беларускіх прадпрыемстваў, з іх 63 сумесныя і 146 са 100-працэнтным замежным капіталам. За апошнія гады колькасць прадпрыемстваў павялічылася больш як у 4 разы. Асноўныя сферы іх дзейнасці: лёгкая прамысловасць, гандаль, машынабудаванне і металаапрацоўка, сельская гаспадарка, сфера паслуг, харчовая галіна. Акрамя таго, на тэрыторыі Беларусі дзейнічае больш за 100 прадпрыемстваў з інвестыцыямі Узбекістана.

Па-трэцяе, наладжаны непасрэдныя кантакты паміж рэгіёнамі. Па сутнасці, менавіта вобласці выступаюць драйверамі эканамічных адносін паміж краінамі. Кіраўнікі рэгіёнаў добра разумеюць адзін аднаго, яны цудоўна бачаць новыя магчымасці, перспектывы супрацоўніцтва. Па-чацвёртае, актыўна прадаўжаецца культурна-гуманітарныя абмены, прыняты праграмы развіцця партнёрства ў галіне вышэйшай і прафесійнай адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту і турызму.

— Беларусь і Узбекістан падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва на 2024-2025 гады. Што мяркуецца рэалізаваць у яе рамках?

— Дарожнай картай прадугледжваецца актывізацыя гандлёва-эканамічных сувязей, рэалізацыя сумесных праектаў прамысловай кааперацыі і гандлёвых пагадненняў, умацаванне супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Адной з асноўных мэт дакумента з’яўляецца прыняцце сумесных мер па істотным павелічэнні двухбаковага тавараабароту. А самае галоўнае Планам мерапрыемстваў вызначаны механізмы і тэрміны рэалізацыі пастаўленых задач, а таксама канкрэтныя адказныя выканаўцы ад узбекскага і беларускага бакоў.

Акрамя далейшага пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у дакуменце таксама замацаваны дамоўленасці аб распрацоўцы сумесных праектаў у сферы машынабудавання і электратэхнікі, харчовай прамысловасці і сельскай гаспадаркі, тэкстыльнай, швейнай і трыкатажнай вытворчасці, фармацэўтыкі. Замацоўваецца адкрыццё на тэрыторыі дзвюх краін гандлёвых дамоў і «шоў-румаў» з мэтай прасоўвання прадукцыі ўзбекскай і беларускай вытворчасці. Ствараецца сумесная рабочая група па прамысловай кааперацыі і гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Запланавана рэалізацыя канкрэтных сумесных праектаў, уключаючы пашырэнне выпуску на тэрыторыі Узбекістана гатовага адзення пад брэндам Mark Formelle, далейшае пашырэнне эфектыўнага ўзаемадзеяння ў галіне сельскай гаспадаркі, аграрнай навукі і адукацыі, жывёлагадоўлі, ветэрынарыі і селекцыі раслін, пастаўкі ў нашу краіну беларускай фермерскай гаспадаркай «Ягадка» элітных сартоў буякоў, вырашчанай метадам in vitro. У рамках дамоўленасці таксама вядзецца сумесная работа Навукова-даследчага інстытута агароднінабахчавых культур і бульбы пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі Узбекістана і Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве.

— Адным з прыярытэтаў у развіцці ўзаемадзеяння становіцца прамысловая кааперацыя. Якія сумесныя праекты ўжо рэалізуюцца, што ў планах?

— Важным напрамкам узаемадзеяння з’яўляецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва і развіццё кааперацыйных сувязей паміж нашымі таваравытворцамі. Сёння ўжо рэалізуюцца сумесныя праекты на тэрыторыі Узбекістана ў галіне фармацэўтыкі: вытворчасць камплектаў дыялізатараў і дыялізных магістраляў для хворых, якія пакутуюць ад нырачнай недастатковасці, выпуск антыбіётыкаў, а таксама антысептычных і сродкаў дэзінфекцыі.

Беларускія кампаніі сумесна з узбекскімі партнёрамі плануюць пабудаваць ва Узбекістане птушкафабрыку і малакаперапрацоўчы завод. Асаблівая цікавасць беларускага боку — да тэкстыльнай прамысловасці Узбекістана, адной з драйверных галін айчыннай эканомікі. Як нацыянальны брэнд, гэтая сфера заняла дастойнае месца на сусветным рынку. Толькі летась Узбекістан экспартаваў тэкстыльную прадукцыю ў 65 дзяржаў на 3,4 мільярда долараў, у тым ліку гатовыя вырабы (41,6%) і пражу (39,2%). Паказчык складае 12,5% ад агульнага экспарту краіны. Беларусь традыцыйна закупляе ва Узбекістане значныя аб’ёмы баваўнянай пражы, трыкатажнага палатна і гатовага адзення. Як ужо згадвалася, зараз у нашай краіне з удзелам беларускіх інвестыцый паспяхова функцыянуе прадпрыемства па выпуску гатовага адзення пад брэндам Mark Formelle.

Беларуская буякі паспяхова прайшлі тэсціраванне ва ўмовах Узбекістана. Намечана пастаўка адпаведных нашым кліматычным умовам перспектыўных сартоў: «Легасі», «Блюкроп», «Сіера», «Чандлер» і «Дзюк». Высадка ўжо пачалася, да работ прыцягнуты беларускія спецыялісты.

У галіне экспарту IT-паслуг ёсць вялікі нерэалізаваны патэнцыял, які можна развіваць паміж узбекскім IT-Паркам і беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Можна з упэўненасцю сказаць, што рэжым бяспошліннага гандлю, а таксама наяўнасць узаемадапаўняльных сфер эканомікі, ствараюць спрыяльныя ўмовы для пашырэння паміж нашымі краінамі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і кааперацыйнага ўзаемадзеяння ў многіх сферах эканомікі.

— Якія меры плануецца прыняць, каб дасягнуць тавараабароту звыш мільярда долараў?

— Я ўжо казаў аб паспяховым правядзенні другога Форума рэгіёнаў і паседжанні Дзелавога савета напярэдадні афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан. У гэтых мерапрыемствах прынялі ўдзел звыш 350 прадстаўнікоў бізнэсу і рэгіёнаў. Па выніках былі дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці, падпісаны больш за 100 дакументаў, сярод якіх інвестыцыйныя пагадненні, экспартныя і імпартныя кантракты. А дагэтуль у пачатку лютага па лініі гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін Беларусь наведала вялікая бізнэс-дэлегацыя Узбекістана ў складзе каля 100 прадпрымальнікаў. Паміж дзелавымі коламі падпісаны шматмільённыя кантракты.

Яшчэ адзін важны напрамак, які набірае абароты, — электронны біржавы гандаль. Па выніках 2023 года сума здзелак узбекскіх удзельнікаў таргоў на Беларускай універсальнай таварнай біржы вырасла ў 17 разоў, а колькасць акрэдытаваных кампаній з Узбекістана павялічылася да 97, што ўдвая больш, чым у 2022 годзе.

Асобная тэма — супрацоўніцтва па асваенні рынкаў Паўднёвай Азіі. У выніку новай рэгіянальнай палітыкі Узбекістан узяў курс на актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, што стварае магчымасць выхаду сумеснай узбекска-беларускай прадукцыі на рынкі трэціх краін, у тым ліку Афганістана.

— Як развіваецца супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, у прыватнасці ў галіне аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры, турызму?

— Падмуркам для развіцця культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва з Беларуссю з’яўляецца дружалюбныя сувязі народаў дзвюх краін. Сёння ва Узбекістане пражываюць каля 19 тысяч беларусаў, якія ўносяць свой уклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё краіны. Жывучы ў міры і згодзе ў шматнацыянальным і талерантным Узбекістане, яны захоўваюць і прасоваюць сваю культуру і традыцыі. З 1993 года ў нашай краіне функцыянуе Беларускі культурны цэнтр «Світанак», 30-годдзе якога адзначалася летась. У сваю чаргу, пры Беларускім таварыстве дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі створана Таварыства «Беларусь-Узбекістан», дзейнасць якога накіравана на азнаямленне з узбекскай культурай і традыцыямі, гісторыяй і мастацтвам. Міжкультурны дыялог дастаткова актыўны: рэгулярна ў нашых краінах праходзяць дні культуры двух народаў, творчыя калектывы ўдзельнічаюць у міжнародных фестывалях і розных мерапрыемствах, якія праводзяцца адзін адным.

Сімваламі сяброўства двух народаў сталі ўсталяваныя помнікі беларускаму пісьменніку Якубу Коласу ў Ташкенце і вялікаму ўзбекскаму паэту і мысліцелю Алішэру Наваі ў Мінску. Пашыраецца супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі. Штогод у Беларусі арганізуюцца Дні ўзбекскага кіно, а ва Узбекістане — Дні беларускага кіно. У 2021 годзе фільм «Ілхак» узбекскага рэжысёра Джахонгіра Ахмедава атрымаў гран-пры Мінскага кінафестывалю «Золата Лістапада», а таксама спецыяльны прыз «За гуманізм і духоўнасць у кіно» ад імя Прэзідэнта Беларусі.

У сферы адукацыі з Беларуссю падпісана каля 180 міжвузаўскіх пагадненняў і мемарандумаў аб супрацоўніцтве. Пастановай Прэзідэнта Узбекістана ў 2019 годзе створаны сумесны Узбекска-беларускі міжгаліновы інстытут прыкладных тэхнічных кваліфікацый у Ташкенце, у якім зараз навучаецца больш за 1400 студэнтаў. У сумесных адукацыйных праграмах, створаных паміж дзяржаўнымі ВНУ Узбекістана і Беларусі, праходзяць навучанне больш як 1,2 тысячы маладых узбекістанцаў.

Цеснае ўзаемадзеянне наладжана паміж Ташкентам і Мінскам у галіне аховы здароўя. На базе пагаднення паміж міністэрствамі аховы здароўя дзвюх краін рэалізуецца План мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва. За апошнія два гады наладжана практыка навучання ў Беларусі ўрачоў Узбекістана ў справе аказання высокатэхналагічнай дапамогі нованароджаным. У канцы мінулага года праведзены першы Медыцынскі форум «Дні аховы здароўя і медыцынскай адукацыі Узбекістан — - Беларусь». Па яго выніках падпісана больш за 120 пагадненняў у галіне сумеснага развіцця медыцыны. На стадыі распрацоўкі двухбаковыя праграмы па постдыпломных напрамках, абмен вопытам па неанатальнай хірургіі, кардыяхірургіі, трансплантацыі органаў. Прапрацоўваецца практыка пашырэння супрацоўніцтва паміж канкрэтнымі медыцынскімі цэнтрамі.

Узбекістан і Беларусь маюць унікальныя магчымасці і патэнцыял для супрацоўніцтва ў турыстычнай сферы. Прадстаўнікі туріндустрыі дзвюх дзяржаў ажыццяўляюць цеснае ўзаемадзеянне ў рамках выставачных пляцовак, якія арганізуюцца ў абедзвюх краінах.

— Як ажыццяўляецца ўзаемадзеянне нашых краін на міжнароднай арэне — у ААН, СНД, ШАС і іншых глабальных і рэгіянальных структурах?

— Узбекістан і Беларусь аказваюць узаемную падтрымку на міжнароднай арэне, эфектыўна ўзаемадзейнічаюць на міжрэгіянальных і шматбаковых пляцоўках, у тым ліку ў рамках ААН, СНД, ШАС, Руху недалучэння. Узбекістан падтрымлівае паўнапраўнае членства Беларусі ў ШАС. У гэтым пытанні назіраецца істотнае прасоўванне пасля запуску працэдуры прыёму на Самаркандскім саміце 2022 года. У сваю чаргу спадзяемся на цесную работу ў перыяд старшынства Узбекістана ў Руху недалучэння ў 2027-2029 гадах. У цэлым шматпланавае ўзаемадзеянне закладвае аснову для далейшага паглыблення ўзаемавыгадных кантактаў паміж дзвюма краінамі.

Сёння ёсць усе перадумовы, каб узмацніць працу ў самых розных кірунках. Для гэтага існуе і палітычная воля, і ўзаемная цікавасць, і вялікія незадзейнічаныя рэзервы для нарошчвання двухбаковых сувязей. Адным словам, узбекска-беларускія адносіны з кожным днём напаўняюцца новым зместам, і афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан дазволіў вызначыць новыя гарызонты супрацоўніцтва і ўмацаваць сяброўскія адносіны паміж народамі дзвюх краін.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.