Вы тут

У свеце стала больш пажараў, ураганаў і паводак


Як вядома, у канцы сакавіка метэаролагі ўсёй планеты адзначаюць сваё прафесійнае свята — Сусветны дзень метэаралогіі. Дарэчы, першыя інструментальныя назіранні на тэрыторыі Беларусі адносяцца да пачатку першай паловы XІX стагоддзя.


У Магілёве такія назіранні былі арганізаваны з 1808 года, у Віцебску — з 1810 года, а ў Мінску — з 1846 года. А Сусветная метэаралагічная арганізацыя (далей — СМА) была заснавана ў 1873 годзе і з’яўляецца спецыялізаванай установай ААН па пытаннях стану і паводзін атмасферы Зямлі, яе ўзаемадзеяння з сушай і акіянамі, надвор’я і клімату, якія яна стварае, і канчатковага размеркавання водных рэсурсаў. Беларусь з’яўляецца членам СМА з 1948 года.

Рэальная пагроза цывілізацыі

Сусветны дзень метэаралогіі штогод праходзіць пад пэўным дэвізам. Традыцыйна ўвага аддаецца якой-небудзь канкрэтнай і актуальнай на дадзены момант праблеме. Тэма Сусветнага метэаралагічнага дня ў 2024 годзе — «На пярэднім краі барацьбы са змяненнем клімату». Гэты дэвіз нагадвае нам, што змяненне клімату — рэальная і бясспрэчная пагроза для ўсёй нашай цывілізацыі. Наступствы ўжо прыкметныя і будуць катастрафічныя, калі мы не пачнём дзейнічаць непасрэдна цяпер, лічаць спецыялісты.

Як расказала першы намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Святлана Кузьміч, змяненне клімату — гэта глабальная праблема, якая патрабуе мясцовых рашэнняў. Калі паглядзець на павелічэнне сярэдняй глабальнай тэмпературы на 1,5–2 градусы павярхоўна, то яно падасца нязначнай падзеяй.

Аднак, як паказваюць ацэнкі, прыведзеныя ў дакладах Міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату (МГЭЗК), за гэтымі лічбамі стаяць істотныя негатыўныя рэгіянальныя наступствы. Перш за ўсё, гэта датычыцца павелічэння як сярэдніх значэнняў, так і экстрэмуму тэмпературы паветра. Паводле ацэнак навукоўцаў, уплыў глабальнага змянення клімату на марскія, наземныя і прэснаводныя экасістэмы Зямлі аказаўся шырэй і мае нашмат больш наступстваў.

Змяненне клімату паўплывала на частату экстрэмальных з’яў надвор’я: пажараў, ураганаў, паводак. Па ацэнцы МГЭЗК, пераадоленне парога ў 1,5 градуса ў адносінах да даіндустрыяльнага перыяду пагражае незваротнымі пераўтварэннямі зямных экасістэм, а даступныя цяпер інструменты адаптацыі да гэтых змен апынуцца ўжо бескарыснымі. Таму галоўнай задачай чалавецтва, калі яно імкнецца да стабільнасці, павінна стаць рэзкае і значнае абмежаванне вугляродных выкідаў у атмасферу.

Па даных гідраметэаралагічных назіранняў, у нашай краіне ў сярэднім за дзесяцігоддзе пацяплела на 0,4 градуса. Рост тэмпературы паветра адзначаецца ва ўсе сезоны года, але варта заўважыць, што ў розныя гады выяўляюцца адмоўныя адхіленні тэмпературы паветра, якія затым нівеліруюцца значнымі станоўчымі анамаліямі.

Пры гэтым колькасць ападкаў, што выпадаюць на тэрыторыі краіны, змянілася нязначна, аднак у перыяд пацяплення прыкметна павялічылася нераўнамернасць іх выпадзення як унутры года, так і ў цэлым за асобныя гады. Нераўнамернасць выпадзення ападкаў у Беларусі, і асабліва ў спалучэнні з павышаным тэмпературным рэжымам, прыводзіць да ўзнікнення засушлівых з’яў.

Апошняе дзесяцігоддзе (2014–2023 гады) з сярэдняй тэмпературай 8,1 градуса аказалася цяплей любога з папярэдніх. А сярэдняя тэмпература паветра апошніх пяці гадоў (2019–2023 гады) склала 8,3 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 1,1 градуса. Асабліва вылучаюцца 2019, 2020 і 2023 гады, якія сталі самымі цёплымі за ўсю гісторыю метэаназіранняў (8,8, 9,1 і 8,7 градуса адпаведна).

Глабальная тэндэнцыя

Па словах Святланы Кузьміч, за апошнія тры дзесяцігоддзі назіраецца выразна выяўленая тэндэнцыя пацяплення, асабліва ў зімовы перыяд. Найбольшыя станоўчыя адхіленні сярэдняй месячнай тэмпературы паветра ў параўнанні з папярэднім перыядам адзначаюцца ў студзені, лютым і сакавіку (2,4–2,6 градуса), найменшае адхіленне сярэдняй шматгадовай тэмпературы паветра адзначана ў маі і кастрычніку (0,4–0,6 градуса). Станоўчыя анамаліі тэмпературы ў сакавіку—красавіку спрыяюць ранняму сходу снежнага покрыва і пераходу тэмпературы праз 0 градусаў на два-тры тыдні раней, чым звычайна.

У нашай краіне змяненне клімату прыводзіць не толькі да павелічэння колькасці засушлівых з’яў, але і да павелічэння экстрэмальнасці такіх неспрыяльных з’яў, выкліканых прыроднымі фактарамі, як несвоечасовыя (раннія і познія) замаразкі, вельмі моцны вецер, шквалы і смерчы, вельмі моцны дождж, вельмі моцны снег, надзвычайная пажарная небяспека, якія наносяць шкоду эканоміцы краіны і здароўю насельніцтва.

Таму своечасовая палітыка дзяржавы ў дачыненні да зніжэння рызыкі і адаптацыі да неспрыяльных пагодных з’яў іграе ключавую ролю ў барацьбе з наступствамі змены клімату.

Наш эксперт адзначае, што большасць мер, якія дапамагаюць адаптавацца да зменлівых кліматычных умоў, прадугледжаны беларускім заканадаўствам у розных праграмных і галіновых дакументах і рэалізуюцца на практыцы. Пры гэтым вельмі важна адзначыць, што асаблівае месца ў зніжэнні рызыкі ўздзеяння змены клімату займае павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб наступствах і пагрозах змены клімату, а таксама аб мерах рэагавання на іх.

Ацэнка назіраных змяненняў клімату, зыходзячы з дадзеных маніторынгу, з’яўляецца важным складнікам інфармацыйнай базы пры распрацоўцы кліматычнай палітыкі на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Маніторынг змянення клімату — адзін з кірункаў дзейнасці дзяржаўнай гідраметэаралагічнай службы нашай краіны.

Дакладны маніторынг

Варта адзначыць, што ў мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання метэаралагічных даных у практыцы народнай гаспадаркі і паляпшэння кіраўніцтва метэасеткай рэспублікі 1 ліпеня 1924 года ў Беларусі было створана метэабюро пры Наркамземе. Загадчыкам метэабюро быў прызначаны прафесар, метэаролаг, геафізік Мікалай Мышкін. Таму 1 ліпеня лічыцца датай утварэння гідраметэаралагічнай службы Беларусі. І сёлета работнікі Белгідрамета адзначаюць стагадовы юбілей дзяржаўнай гідраметэаралагічнай службы нашай краіны.

Профільныя спецыялісты (гідраметэаролагі, эколагі) складаюць каля 70% штатнай колькасці Белгідрамета, і кожны з кірункаў з’яўляецца ўнікальным для дзяржавы, у краіне няма галіны, дублюючай функцыі Белгідрамета. У перыяд з 2018 да 2020 год гідраметэаралагічная галіна зведала глыбокую мадэрнізацыю. У аснову лягла «Дарожная карта» па павышэнні якасці прагназавання надвор’я на кароткатэрміновую і сярэднетэрміновую перспектыву.

Мерапрыемствы па развіцці гідраметэаралагічнай сеткі фінансаваліся пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы. Шэраг аб’ектаў быў уключаны ў пералік будоўляў і аб’ектаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, а таксама фінансаваўся ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў».

Развіццё сеткі прыземных метэаралагічных назіранняў дазволіла праводзіць бесперапынныя назіранні за метэаралагічнымі параметрамі з малой дыскрэтнасцю і палепшыць абслугоўванне спажыўцоў, у тым ліку за кошт арганізацыі назіранняў у раёнах, не ахопленых метэаралагічнымі данымі.

Разам з тым устаноўка аўтаматызаваных метэаралагічных станцый (АМС) не выключае неабходнасці выканання назіранняў з удзелам тэхніка-метэаролага. Так, АМС ажыццяўляюць вымярэнне метэаралагічных параметраў (тэмпература, ціск, вільготнасць, хуткасць і напрамак ветру, колькасць ападкаў), але не дазваляюць вызначаць метэаралагічныя характарыстыкі, якія атрымліваюцца тэхнікам-метэаролагам з дапамогай візуальных назіранняў (форма і выгляд аблокаў, наяўнасць навальніц, галалёдныя з’явы, характарыстыкі глебы і снежнага покрыва, правядзення снегаздымкі і аграметэаралагічных назіранняў).

Для мэт складання прагнозаў надвор’я, кліматычнага маніторынгу, апісання клімату нашай краіны, вядзення Дзяржаўнага кліматычнага кадастру, разліку будаўнічых нормаў неабходныя не толькі вымераныя параметры, але і назіраныя характарыстыкі надвор’я, якія аўтаматычна не вызначаюцца.

Дзейная сетка радыёлакацыйных назіранняў прадстаўлена сучаснымі доплераўскімі радыёлакатарамі, яна пакрывае ўсю тэрыторыю краіны. Створаныя ў нас сетка сучасных радыёлакацыйных назіранняў і адзінае радыёлакацыйнае поле з расійскімі радыёлакатарамі з’яўляецца асновай інфармацыйна-тэхналагічнай платформы Белгідрамета. Гэтыя аб’яднаныя ў адзінае інфармацыйнае поле даныя радараў Белгідрамета і радараў сумежных краін дазваляюць выяўляць небяспечныя і неспрыяльныя з’явы ўжо на подступах да межаў краіны, што, у сваю чаргу, дазваляе атрымліваць аб’яднаную радыёлакацыйную метэаралагічную інфармацыю. І гэта значна павышае своечасовасць і эфектыўнасць звышкароткатэрміновых папярэджанняў аб небяспечных метэаралагічных з’явах (навальніцы, шквалы, ліўні, град), у тым ліку ў інтарэсах грамадзянскай авіяцыі.

Яшчэ адным кірункам дзейнасці Белгідрамета з’яўляецца метэаралагічнае забеспячэнне палётаў грамадзянскай авіяцыі. Функцыянуе сем авіяцыйных метэаралагічных станцый у аэрапортах краіны.

Белгідрамет праводзіць радыяцыйны маніторынг у рэжыме оn-lіne з дапамогай пяці аўтаматызаваных сістэм кантролю радыяцыйнай абстаноўкі, у складзе якіх 33 аўтаматычныя пункты вымярэнняў, у тым ліку 10 пунктаў у раёне размяшчэння БелАЭС, 23 — у зоне ўплыву Ігналінскай, Ровенскай, Чарнобыльскай і Смаленскай АЭС. Радыяцыйная абстаноўка на тэрыторыі краіны стабільная.

У мінулым годзе ў прамысловую эксплуатацыю была ўведзена рэспубліканская інфармацыйная сістэма аўтаматызаванага маніторынгу навакольнага асяроддзя. Гэта праграмны прадукт, які акумулюе ў сабе даныя з усіх пунктаў назіранняў у частцы стану атмасфернага паветра. Сюды ж паступае інфармацыя з прадпрыемстваў па выкідах забруджвальных рэчываў. Гэта досыць вялікі праект, які пачаўся ў 2021 годзе. Дарэчы, у яго рамках была пашырана сетка маніторынгу. У яе ўключаны гарады паскоранага эканамічнага развіцця. У 2023 годзе ў гарадах Добруш, Маладзечна, Бяроза, Смаргонь былі ўстаноўленыя датчыкі якасці атмасфернага паветра, у 2024 годзе гэта будуць гарады Глыбокае, Асіповічы, Петрыкаў. Частка гэтай інфармацыі будзе даступная любому карыстальніку. Больш пашыраны допуск будзе ў міністэрстваў і ведамстваў для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў.

Варта адзначыць, што айчыннай метэаслужбе давялося перажыць няпростыя часы, мабілізаваць намаганні, знайсці новых партнёраў, напрацаваць новыя механізмы прагназавання. Але ўжо сёння можна сказаць, што цяжкасці засталіся ў мінулым, а цеснае ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі ў пытаннях імпартазамяшчэння дае станоўчыя вынікі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.