Вы тут

У Мінскай гімназіі №23 пасля рэканструкцыі адкрыўся музей Савецкага раёна


У гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 г. Мінска гасцінна адчыніў свае дзверы пасля рэканструкцыі музей Савецкага раёна г. Мінска «Гісторыя працягваецца...»


Яму больш за 20 гадоў. Рэканструкцыя вялася з 31 студзеня 2023 года да 17 сакавіка 2024 года. Дарэчы, шматкроп’е ў назве з’явілася нездарма.

— Адкрыццё — гэта толькі першая прыступка ў развіцці нашага музея. Ён будзе папаўняцца, таму кропку ставіць яшчэ не час, — патлумачыла дырэктар навучальнай установы Ірына Пасюкевіч.

Паводле яе слоў, акрамя цікавых гістарычных фактаў распрацоўшчыкі музея, настаўнікі і вучні таксама шукалі звесткі аб прадпрыемствах і ўстановах Савецкага раёна.

— Дзякуючы іх дзейнасці, сёння тут смела можна праводзіць прафарыентацыйную работу. Менавіта такая мэта была ў музея — стварыць прыдатную атмасферу для нашых вучняў, а таксама паказаць гасцям, што Савецкі раён — квітнеючы раён, — адзначыла Ірына Пасюкевіч.

Ва ўнікальнай экспазіцыі арганічна сышлося мінулае і сучаснасць. Усе стэнды падзелены тэматычна, што дапамагае структураваць інфармацыю.

Вялікі акцэнт у музейнай экспазіцыі зроблены на вядомых асобах, звязаных з Савецкім раёнам. Так, тут ёсць сімвалічная дошка гонару, якую ўпрыгожваюць партрэты выдатных беларусаў. Напрыклад, сярод іх — беларускі пісьменнік Мікалай Чаргінец, спевакі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, а таксама савецкі і беларускі кампазітар Васіль Раінчык.

Па словах кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Сяргея Хільмана, Савецкі раён — гэта залатая сярэдзінка нашай сталіцы. Менавіта тут сабраны як наймагутнейшыя прадпрыемствы эканамічнага профілю, так і культурныя, а таксама навуковыя ўстановы.

— У гэтай экспазіцыі фактычна паказана, як дабіваліся жыхары нашага раёна ўсіх гэтых поспехаў. Прыемна бачыць, што на адкрыццё прыйшлі кіраўнікі ўсіх прадпрыемстваў раёна, — заявіў ён.

Сяргей Хільман таксама адзначыў і важны ідэалагічны складнік музейнай экспазіцыі:

— На такіх музеях мы выхоўваем грамадзянскасць і патрыятызм у моладзі. Таксама і госці гімназіі № 23 пасля прагляду экспазіцыі будуць адразу бачыць, якіх поспехаў дасягнула наша сталіца, наш раён, і разумець, што тут жыве працавіты народ, які на карысць будучых пакаленняў прымнажае тое, што ёсць, і робіць квітнеючай нашу сталіцу і нашу краіну.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Гісторыя Савецкага раёна працягваецца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.