Вы тут

Раскрыта яшчэ адна невядомая старонка гераічнага подзвігу савецкіх лётчыкаў


Гісторыя інтрыгоўная і неверагодная. Экіпаж ваеннага самалёта Лі-2 лічыўся без вестак зніклым з кастрычніка 1943 года. Такіх, як ён, тысячы — разбіліся, згарэлі, затанулі. Але ў Лі-2 атрымалася вярнуцца з небыцця пасля 80 гадоў сваёй адсутнасці. Вядомы імёны ўсіх членаў экіпажа, ёсць нават іх фота. Сярод лётчыкаў — і наш зямляк з Бабруйскага раёна Іларыён Парахневіч. Па шчаслівым збегу абставін менавіта ў Бабруйску газета з артыкулам пошукавіка з Масквы Алены Шутавай пра гераічны экіпаж трапіла на вочы радні гэтага лётчыка. А хутка высветлілася, што ў Асіповічах дагэтуль свайго бацьку чакаюць дзве яго дачкі — Ала і Мая. У 1941-м, калі 28-гадовы Іларыён Фядосавіч пайшоў на фронт, старэйшай Маі было пяць гадкоў, Але — усяго тры.


Дачка лётчыка Іларыёна Парахневіча цяпер дакладна ведае, дзе пахаваны яе бацька

Дзённік у школьным музеі

Нічога выпадковага ў нашым жыцці не бывае. І гэта гісторыя таму пацвярджэнне. У Магілёве начальнік штаба Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» Святлана Барысенка правярае інфармацыю па месцах пахавання байцоў спецатрада асаблівага прызначэння «Слаўны» і выходзіць на след ваенна-транспартнага самалёта Лі-2. У гэтым ёй дапамагае дзённік спецатрада, які захоўваецца ў музеі магілёўскай школы № 22. У канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя яго арыгінал перадаў школе начальнік штаба спецатрада Міхаіл Абаротаў. Гэтаму папярэднічала яго выпадковая сустрэча з кіраўніком музея Аленай Кірэевай, якая актыўна займалася пошукавай дзейнасцю. Яны пасябравалі. Сам Міхаіл Абаротаў і байцы спецатрада неаднаразова наведвалі школу і музей. Потым арыгінал быў перададзены ў музей КДБ, а ў школе засталася копія, над якой і працавала Святлана Барысенка. Апошнім часам клуб актыўна займаецца пошукам самалётаў, якія прапалі без вестак, і ўстанаўлівае імёны лётчыкаў. Таму напрактыкаванае вока адразу ж выхапіла з запісаў інфармацыю пра савецкі самалёт «Дуглас», які быў збіты якраз над тым месцам, дзе размяшчаўся лагер спецатрада.

— «Дуглас» — гэта прататып савецкага ваенна-транспартнага самалёта Лі-2, — удакладняе Святлана. — Пра факт, што над Бялыніцкім раёнам быў збіты самалёт, мы нічога не ведалі і вельмі ўзрадаваліся шчаслівай знаходцы. У дзённіку былі прозвішчы ўсіх лётчыкаў, якія загінулі, а таксама сведчанне, што байцы спецатрада пахавалі экіпаж за кіламетр ад вёскі Белы Лог.

Пакуль Святлана вяла сваё расследаванне, у Маскве гэту тэму ўзняла ветэран атрада асаблівага прызначэння «Русь» Алена Шутава. Яна знаходзіць інфармацыю пра самалёт у кнізе лётчыка Мікалая Гарнастаева «Мы ваявалі на Лі-2» і размяшчае ўрывак з яе ў газеце з заклікам да сваякоў лётчыкаў адгукнуцца.

«Помню тату з расказаў маці»

Пра тое, што ў газеце выйшла публікацыя пра яе бацьку, Ала Іларыёнаўна Шуба даведалася ад бабруйскай радні. Яна пазваніла ў рэдакцыю і пакінула там свой нумар тэлефона. Хутка з ёй звязалася аўтар публікацыі Алена Шутава. Факт, што Іларыён Парахневіч загінуў у Бялыніцкім раёне, пацвердзіўся. Шутава паведаміла дачцэ, дзе пахаваны яе бацька, а потым прыслала кнігу Мікалая Гарнастаева «Мы ваявалі на Лі-2», дзе на 142-й старонцы ёсць словы пра экіпаж. Разам з кнігай Ала Іларыёнаўна атрымала газету з публікацыяй, выпіскі з узнагародных лістоў бацькі і фота экіпажа.

На даваенным фота Марыя і Іларыён Парахневічы (першы рад) і брат Марыі — Васіль Піменаў

Гэта кніга сёння ў яе на самым бачным месцы ў шафе, побач з даваеннымі фота дарагіх яе сэрцу людзей. На адным з іх зусім маладыя бацькі разам з братам маці — Васілём Піменавым. Ён таксама ваяваў і загінуў. Фота зроблена ў жніўні 1940 года на авіяцыйным свяце ў Мінску. На адваротным боку напісана «Варыён і Вася». Ала Іларыёнаўна ўдакладняе, што дзядзька Вася чамусьці называў тату Варыёнам.

— Помню тату толькі з расповедаў маці, — вяртаецца яна ў мінулае. — Да вайны мы жылі ў горадзе Пачынак Смаленскай вобласці, там знаходзіўся авіяцыйны полк. І маці казала, што, як толькі аб’явілі вайну, бацька падхапіўся, хуценька апрануўся і пабег на аэрадром. Наогул, усё ў гарадку прыйшло ў рух. Мужчыны беглі да сваіх самалётаў, а жонкі з дзецьмі — за імі следам і ўголас плакалі. Маці засталася адна з намі дзвюма маленькімі на руках. Эшалон, на якім мы спачатку адправіліся ў эвакуацыю, быў разбіты, і маці вырашыла ехаць да дзеда Фядоса — бацькі таты — у вёску Варатынь, што ў Бабруйскім раёне. Немцы зрабілі ў доме дзеда штаб, а нас адправілі ў хлеў. Але неяк яны даведаліся, што маці — жонка лётчыка. Адзін з іх прыбег да нас і стаў крычаць нешта незразумелае, паказваючы на неба і пагрозліва паўтараючы: бум-бум. Маці схапілі і моцна білі. Выратаваў яе наш сусед. Ён хоць і быў паліцаем, але пашкадаваў жанчыну. Сказаў, што плёткі пра лётчыка — гэта хлусня. Маці адпусцілі, але з таго часу мы стараліся трымацца ад немцаў далей.

Аднойчы яны знайшлі ў кустах сваіх забітых салдат і сталі помсціць. Усіх жыхароў вёскі, у тым ліку і дзяцей, паставілі ўздоўж вуліцы і пачалі паліць дамы праз адзін. Усе вельмі плакалі. Але прыехаў нейкі нямецкі чын, і быў дадзены адбой. Людзей не кранулі, але дамы працягвалі паліць.

Ала Іларыёнаўна з цеплынёй у голасе ўспамінае свайго дзеда Фядоса. Ён быў неверагодна мужны чалавек. Бабуля памерла яшчэ да вайны падчас родаў. На выхаванні дзеда заставалася нованароджаная дзяўчынка. Потым яна стала настаўніцай, прыехала працаваць у вёску да свайго бацькі і даглядала яго да смерці. Фядос Іванавіч так больш і не ажаніўся. З дзевяці яго дзяцей двое сыноў загінулі яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай: адзін — ад рук кулакоў, другі — на фінскай вайне, яшчэ дваіх сыноў і дачку забрала Вялікая Айчынная вайна. Забойства цёткі адбылося на вачах маленькай Алы.

 

— Немцы схапілі цётку Насцю і яе мужа-партызана, прывезлі ў вёску, паклалі ў канаву з вадой і моцна білі, — успамінае суразмоўніца той жахлівы выпадак. — Потым іх нерухомыя целы пагрузілі на машыну і вывезлі ў невядомым напрамку. У дзеда застаўся іх маленькі сын Мікалай, якому было на той момант гадкі тры-чатыры.

Доўгая дарога дадому

Пра тое, што Іларыён Парахневіч прапаў без вестак, сям’я даведалася ў 1943 годзе. Дачка лётчыка ўспамінае, што ўжо пасля вайны прыйшоў ліст, як казалі дарослыя, ад партызан, дзе паведамлялася, што самалёт, на якім ваяваў Іларыён Парахневіч, разбіўся ў Бялыніцкім раёне. І была прыпіска, што пры адным з лётчыкаў знаходзіўся фотаздымак маленькай дзяўчынкі.

— Маці ўспомніла, што бацька, калі сыходзіў на фронт, прыхапіў фота Маі, маёй старэйшай сястры, — расказвае Ала Іларыёнаўна. — Але матуля чамусьці не паверыла, што ў лісце размова ішла менавіта пра яе мужа. Тым больш што малодшы брат таты — дзядзька Валодзя, які на той час быў супрацоўнікам КДБ, пацвердзіць інфармацыю па сваіх крыніцах не змог.

Сёння дачка лётчыка ведае дакладна, што яе бацька быў герой. З узнагародных лістоў за 27.07.43 года вядома, што паветраны стралок 102-га Чырванасцяжнага авіяпалка далёкага дзеяння Іларыён Парахневіч здзейсніў болей чым 120 баявых вылетаў. Знішчаў вялікія групоўкі нямецкіх войскаў, іх матчасць і аэрадромы на тэрыторыі Краснадарскага краю і Крыма. Біў ворага падчас начных вылетаў на арлоўскім і курскім напрамках. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За адвагу».

— Я вельмі ганаруся бацькам і рада, што цяпер дакладна ведаю ўвесь яго баявы шлях, — кажа Ала Іларыёнаўна. — Сёлета збіраемся з дачкой і зяцем, якія прыедуць з Масквы, пабываць на магіле ў вёсцы Глыбокі Брод. Дачка сказала, што яны ўжо ведаюць, як туды ехаць, спланавалі маршрут. Магчыма, і ўнук Ілья далучыцца, ён вельмі цікавіцца лёсам прадзеда. Шкада, што не паспеў пабываць на магіле брата дзядзька Валодзя, які доўгі час шукаў яго. Дзесяць гадоў таму ён пайшоў з жыцця. А памяць таты мы ўшаноўвалі на воінскім пахаванні ў аграгарадку Вяззе, што непадалёк ад Асіповіч. Там ёсць помнік чырвонаармейцам, якія загінулі падчас вайны. Туды мы прыязджалі штогод і прывозілі кветкі. Нарэшце стала вядома, дзе пахаваны мой бацька.

Памылкі трэба выпраўляць

Непрыемная дэталь у гэтай гісторыі — прозвішча Іларыёна Парахневіча на абеліску ў вёсцы Глыбокі Брод напісана з памылкай. Гэта, на жаль, не адзіны падобны факт. Нездарма клуб «Віккру» сумесна з Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці запусцілі на тэрыторыі вобласці праект «Навучыся помніць», які разлічаны на школьнікаў. Іх задача — вывучыць імёны на воінскіх пахаваннях, якія ёсць у іх мясцовасці, і параўнаць з электроннымі базамі. У гэтым дапамагаюць настаўнікі. Як сведчаць пошукавікі, шмат такіх памылак здаралася ў 50-я гады, калі адбывалася ўзбуйненне воінскіх пахаванняў і ліквідацыя адзіночных магіл. Прычым прозвішчы пераносіліся, а вось астанкі — не заўсёды. Не выключана, што ў выпадку з лётчыкамі, дзе значыцца Іларыён Парахневіч, было менавіта так. Магілёўскія пошукавікі паспрабуюць давесці гэтую гісторыю да канца і праверыць першапачатковую магілу каля вёскі Белы Лог.

— А калі КДБ дапаможа з транспартам, то і разведку правядзём на тым месцы, дзе скончыўся баявы шлях Лі-2, — кажа Святлана Барысенка. — Улічваючы, што там балота, зрабіць гэта самастойна, без спецтэхнікі, не зможам.

А яшчэ падчас работы над дзённікам спецатрада атрымалася выправіць некалькі памылак. У Абаротава размова ідзе пра шасцярых членаў экіпажа, але прозвішча Цагенько, на думку Святланы, трапіла туды выпадкова.

— Камандзірам экіпажа, які разбіўся ў Бялыніцкім раёне, быў Аляксандр Барысаў, а Цагенько, які выпадкова трапіў у спіс, таксама быў камандзірам, але іншага экіпажа, — кажа яна. — Цагенько згарэў у самалёце некалькі месяцаў раней — у ноч з 10 на 11 жніўня 1943 года — пры выкананні баявога задання ў раёне станцыі Сінявіна Ленінградскай вобласці. Затое ў данясенні аб стратах ёсць запіс, што бортмеханікам на Лі-2 быў Баталікін. І гэтаму дакументу нельга не давяраць. Не Цагенько, а Баталікін быў у самалёце. Чаму адбылася блытаніна ў дзённікавых запісах, сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё ў самалёце, які разбіўся, знаходзіліся дакументы Цагенько. І яго імя выпадкова трапіла на абеліск. Гэта памылка, і яе таксама трэба будзе выпраўляць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіваў гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру»

Загаловак у газеце: Лі-2 вярнуўся з баявога задання

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.