Вы тут

Вакацыі з карысцю: чым заняцца дзецям у вольныя дні?


Вясеннія канікулы ў школьнікаў пачнуцца з 24 сакавіка. Яны працягнуцца ўсяго тыдзень, аднак пры жаданні яго можна правесці ярка, карысна і насычана. Стаць гледачом ці ўдзельнікам разнастайных конкурсаў і праграм па прафарыентацыі, пайсці ў кіно ці на тэатральную пастаноўку, паўдзельнічаць у анлайн-уроку і больш даведацца, напрыклад, пра збор адходаў — заняткі дзецям прапануюць на любы густ. Можна нават паехаць у загарадны лагер і цалкам акунуцца ў новы захапляльны свет прыгод.


У загарадны ці дзённы лагер

Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Рысявец, традыцыйна ў вясеннія канікулы будуць працаваць аздараўленчыя лагеры з кругласутачным і дзённым знаходжаннем. Па папярэдніх заяўках, якія паступалі на адрас устаноў адукацыі, больш за 12 700 мінскіх школьнікаў правядуць свае канікулы ў аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем.

Адчыняць дзверы і некаторыя загарадныя лагеры. Тры з іх, «Палітэхнік», «Дружба» і «Гарызонт», заявілі тэматычныя 9-дзённыя праграмы.

— З улікам моцнай падтрымкі дзяржавы ў частцы фінансавання гэтай формы адпачынку і занятасці дзяцей бацькоўская даплата будзе нязначнай. У лагеры з дзённым знаходжаннем яна складзе ад шасці рублёў для малодшых школьнікаў да 15 рублёў для старэйшай узроставай групы. У загарадныя аздараўленчыя лагеры дзяржаўная датацыя адной пуцёўкі — 113 рублёў, — праінфармавала Гання Рысявец.

У кіно, тэатр ці на прафарыентацыю

Зрэшты, каб разнастайна і весела правесці канікулы, з’язджаць у лагер зусім не абавязкова. У кожным населеным пункце прадугледжаны свае мерапрыемствы і разнастайныя праграмы для школьнікаў. Мяркуецца, што сталічныя кінатэатры ў канікулярны тыдзень наведае больш за 18 тысяч школьнікаў. З 24 да 27 сакавіка на базе Мінскага гарадскога палаца культуры пройдзе VІІ фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці «Крокі». І юныя мінчане, і госці сталіцы змогуць прыняць удзел як гледачы, а навучэнцы школ мастацтваў прэзентуюць свае тэатральныя дасягненні на сцэне.

Тэматычныя праекты і праграмы пачнуцца яшчэ ў суботу, 23 сакавіка. У сталіцы, напрыклад, гэта будзе адзіны дзень прафарыентацыі. Усе 19 прафесійных каледжаў падрыхтавалі тэматычныя праграмы, якія разлічаны для выпускнікоў, што дазволіць паглыбіцца ў свет будучых прафесій.

Яшчэ адзін прафарыентацыйны праект — «Прафесія будучыні» — рэалізуецца Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама сумесна з асацыяцый «Робататэхніка і штучны інтэлект». У пробным фармаце ён добра зарэкамендаваў сябе яшчэ падчас зімовых канікул, і больш за 550 школьнікаў падалі заяўкі на навучанне ў адукацыйным цэнтры «Фарсайт», дзе яны знаёмяцца з прафесіямі высокай інжынерыі і штучнага інтэлекту. Падчас вясенніх канікул гэта праграма будзе працягнута. Цяпер яна прадугледжвае наведванне прадпрыемстваў, дзе школьнікі могуць пазнаёміцца з прафесіямі будучыні.

Ёсць шэраг праектаў, якія Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама рэалізуе з рознымі службамі горада. 28 сакавіка пройдзе адзіны ўрок камунальнай адукаванасці сумесна са службамі ЖКГ. Гэта анлайн-урок «Раздзяляй і памнажай. Што трэба ведаць пра адходы», да якога падключацца ўсе раёны Мінска.

У гэты ж дзень, 28 сакавіка, адбудзецца адбор школьнікаў, якія прымуць удзел у праекце «Цягнік Памяці». Пройдзе гарадскі этап конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны», дзе пераможцы раённых этапаў вызначаць паміж сабой восем наймацнейшых, хто і будзе ўключаны ў склад дэлегацыі расійска-беларускага праекта.

Традыцыйная ініцыятыва «Пазнанне. Натхненне. Творчасць», якая рэалізоўваецца з Нацыянальнай бібліятэкай, таксама падрыхтавала для школьнікаў свае праграмы. Дзеці змогуць прыняць удзел у тэатральнай пастаноўцы «Хрустальны чаравічак», якая будзе прадстаўлена 26–27 сакавіка.

Шэраг мерапрыемстваў будзе запланавана для школьнікаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе. Падчас вясенніх канікул будуць праходзіць рэспубліканскія алімпіяды па вучэбных прадметах. 217 юных мінчан, якія прызнаны найлепшымі на ўзроўні папярэдніх этапаў, адправяцца ў розныя рэгіёны для удзелу ў рэспубліканскім этапе. Мінск прыме рэспубліканскі этап па інфарматыцы. Ён пройдзе на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

Падчас канікул, пры жаданні, можна і папрацаваць. Больш за 250 сталічных школьнікаў будуць працаваць на базе ўстаноў адукацыі ў складзе часовых брыгад другаснай занятасці.

15 тысяч школьнікаў чакае цэнтр творчасці

Традыцыйна ў перыяд вясенніх канікул праводзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў для школьнікаў у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (НЦМТДМ). Пачнецца марафон ужо 23 сакавіка з Нацыянальнай мастацкай лігай КВЗ. Фестываль адбудзецца ў будынку цэнтра па вуліцы Фабрыцыуса, 5, дзе сустрэнуцца 20 каманд з Беларусі і Расіі.

З 25 да 30 сакавіка пройдзе адна з самых маштабных падзей вясны — ІХ Адкрыты міжнародны фестываль-конкурс «Творчасць без межаў». 25 сакавіка ў НЦ МТДМ адбудуцца творчыя выступленні ў намінацыі «Мастацкае слова», дзе сустрэнуцца 153 дэкламатары. Затым 26 сакавіка конкурс працягнецца ў намінацыі «Драматычны тэатр», 27 сакавіка — у намінацыі «Лялечны тэатр», 30 сакавіка — у намінацыі «Тэатр моды». У фестывалі-конкурсе прымуць удзел творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з усёй Беларусі, прадстаўнікі ўстаноў і адукацыі, і культуры, а таксама ўдзельнікі з Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана і Расіі.

Акрамя таго, 26 сакавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пройдзе чэмпіянат «Вясна. Што? Дзе? Калі?» Яшчэ адна чаканая падзея — гэтым разам для харавых калектываў — рэспубліканскі агляд-конкурс харавой творчасці «Спяваем разам». 27–29 сакавіка адбудуцца фінальныя мерапрыемствы, падчас якіх 17 хароў, пераможцаў абласных этапаў, будуць спаборнічаць у Мінску. 28 сакавіка — цырымонія адкрыцця і конкурсны прагляд у намінацыях «Акадэмічныя хары» і «Народныя хары», а 29 сакавіка — гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання прызёраў.

У перыяд школьных канікул нацыянальны цэнтр чакае ўсіх школьнікаў Мінска і краіны на выстаўцы «Тэрыторыя творчасці» сваёй узорнай студыі. Як паведаміла мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Коршунава, чакаецца, што паўдзельнічаць у мерапрыемствах цэнтра прыедзе каля 15 тысяч дзяцей з усёй краіны і замежжа.

Рух па правілах

Аднак канікулы павінны прайсці не толькі цікава, але і бяспечна. Таму шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку, правядуць органы ўнутраных спраў. Напрыклад, з 19 сакавіка ДАІ Беларусі пачало вялікую акцыю «Рух па правілах». Яна працягнецца да 26 сакавіка.

— Пачынаем загадзя перад вясеннімі канікуламі. Асноўная мэта — папярэджанне дарожных здарэнняў з удзелам веласіпедыстаў і пешаходаў, якія перамяшчаюцца на сродках індывідуальнай мабільнасці, — расказала начальнік аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху ДАІ МУС Вераніка Раманькова.

Яна адзначыла, што, дзякуючы агульным намаганням, дарожна-транспартны траўматызм з удзелам непаўналетніх зніжаецца. Летась за такі ж перыяд было здзейснена 43 ДТЗ, цяпер іх — 26. У 2023-м у іх пацярпела 35 непаўналетніх, цяпер — 27.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».