Вы тут

Колькі давядзецца ўкласці ў дачную пасяўную?


Як заўсёды ўвесну крамы і аддзелы рынкаў, дзе прадаюць насенне, карыстаюцца беспрэцэдэнтнай папулярнасцю. Адправімся і мы па пракладзенай агароднікамі дарожцы, каб высветліць, што пачым для ўладальнікаў уласных сотак.


Дзе закупіцца?

Крам з немудрагелістымі назвамі «Насенне» да гэтай вясны ў гарадах нашай краіны адкрылася, па адчуваннях, больш, чым у мінулыя гады. Яркія пакуначкі з насеннем прыцягваюць увагу і ў шматлікіх сеткавых гіпермаркетах. У сталіцы канкурэнцыя ў правераных ужо пакаленнямі дачнікаў Камароўкі і «Мацерыка» надзвычай высокая. І ўсё ж, мяркуючы па колькасці пакупнікоў, гэтыя два месцы па-ранейшаму ў прыярытэце ў тых з мінчан і гасцей сталіцы, хто з нецярпеннем чакае адкрыцця агароднага сезона.

Выбар насення — адзін з самых адказных этапаў падрыхтоўкі да агароднага сезона, які шмат у чым вызначае канчатковы вынік. Гэта вядома кожнаму агародніку. Бо якасць насення тут — мабыць, ключавы фактар.

— Вопыт паказвае, што лепш выбіраць насенне сартоў і гібрыдаў, унесеных у Дзяржаўны рэестр культур, рэкамендаваных да выкарыстання ў Беларусі. А каб ураджай быў крыху раней, вядома, дзве траціны маіх пакупак — ранняспелыя сарты і гібрыды, — дзеліцца Кіра Іосіфаўна, пенсіянерка-дачніца.

Да сярэдзіны сакавіка ў дасведчаных агароднікаў, як правіла, усё ўжо распланавана: складзены план пасадак і спіс культур, сартоў і гібрыдаў, а вельмі часта — нават спіс кампаній-вытворцаў пасяўнога матэрыялу, якія выклікаюць давер. Гэта дачнікі-пачаткоўцы не здольны ўпэўнена плаваць у моры яркіх пакуначкаў з выявамі, што абяцаюць небывалыя ўраджаі. У кожнага агародніка са стажам у пытанні выбару фірмы па вытворчасці насення існуюць уласныя перавагі. Ёсць кампаніі, якія толькі фасуюць і рэалізуюць насенне, расказвае пенсіянерка, але лепш выбіраць пасяўны матэрыял непасрэдна ад вытворцы. Таму многія агароднікі вясной адпраўляюцца не ў крамы і не на рынкі, а ў Інстытут плодаагародніцтва — там таксама цяпер ідзе рэалізацыя насення. Збіраецца туды і мая суразмоўніца, але пакуль што вырашыла наведаць краму: «Тут таксама шмат цікавага».

— А наогул, агародам я займаюся ў першую чаргу для задавальнення і для здароўя, — кажа яна. — Але і ўраджаю, вядома, хочацца. Сёння, улічваючы цэны на насенне і грунт для расады, сродкі абароны раслін і іншае, што трэба дачніку, выгада ад уласнага ўраджаю не такая і вялікая. Я не падлічвала, але мне здаецца, прасцей гародніну ўвосень проста купіць: па выдатках атрымаецца тое ж самае, калі не танней. Асабліва калі ўлічыць яшчэ і ўкладзеную працу. Так што сад-агарод у нашы дні — гэта, напэўна, проста захапленне, хобі.

І ўсё ж, мяркуючы па попыце на насенне, захапленне гэта не губляе папулярнасці. Дык у якую суму абыдзецца дачніку пасяўная?

Што пачым для агародніка

Пачнём з цыбулі-сеянкі, якая, напэўна, ёсць у кожным без выключэння спісе пакупак агародніка. Цана на яе летась дасягала 14,90 за кіло (гэта быў самы дарагі варыянт, можна было знайсці значна таннейшы, у сярэднім рублёў за восем). У гэтым годзе цыбуля-сеянка (вытворчасць Нідэрландаў), напрыклад, у «Мацерыку» каштуе 14,68–14,92 за кілаграм. Але, як і летась, можна знайсці танней.

Пакупнікі кажуць, што ў гэтым годзе (як і ў мінулым) у анлайн-крамах цэны ад афлайну практычна не адрозніваюцца. Летась, расказваюць яны, цана пакуначка насення пачыналася ад 60—68—99 капеек (айчынная і расійская вытворчасць) і даходзіла да 5–7 рублёў (Польшча, Італія, Галандыя). У сярэднім адзін пакуначак абыходзіўся ў 1–2 рублі. Сёння ўсё чакана даражэй, хоць быццам бы таксама не надта і дорага: цана насення айчыннай і расійскай селекцыі — у дыяпазоне ад 1,3 да 2,5 рубля за пакуначак. Але, кажа пакупніца дачнай секцыі «Мацерыка» Раіса, у кожнай упакоўцы не вельмі і шмат саміх семечак — штучак дзесяць. Так што на парнік такіх пакуначкаў трэба некалькі. А хочацца ж паспрабаваць вырасціць яшчэ і розныя сарты. Таму і патрэбна планаванне. «Бачыце — усе з блакнотамі?» Купляць лішняе занадта марнатраўна, тлумачыць яна.

Прадаўцы адзначаюць, што ў топе продажаў — беларускае і расійскае насенне. І не толькі з-за цаны.

— Сарты і гібрыды айчыннай селекцыі паказваюць свой максімум менавіта ў нашай кліматычнай зоне, — кажа прадавец-кансультант агароднай секцыі аднаго са сталічных гіпермаркетаў Аксана Клімковіч. — Калі казаць аб замежнай селекцыі, важна выбіраць раяніраваныя сарты і гібрыды: яны адаптаваны да беларускіх умоў і ўстойлівыя менавіта да нашых знешніх фактараў. Дасведчаныя дачнікі гэта ведаюць. На дзівосы ласыя ў асноўным дачнікі-пачаткоўцы. Ім мы заўсёды раім праверыць сорт праз дзяржаўны рэестр — інтэрнэт жа сёння ва ўсіх у тэлефоне. А калі ўжо вельмі хочацца паспрабаваць што-небудзь незвычайнае — вазьміце адзін пакуначак у якасці эксперымента.

Беларуская селекцыя ў крамах — у дастаткова шырокім асартыменце. Цэны на пасяўны матэрыял зеляніны стартуюць ад 1,4 рубля, памідоры, перац і агуркі розных сартоў і гібрыдаў — у сярэднім 1,78–2,5. Насенне морквы і радыскі абыдзецца дачніку да рубля (прыкладна 90 капеек). Па традыцыі шырока прадстаўлена і расійская селекцыя: «Сібірскі сад», «Рускі агарод», правераная часам «Аэліта»…

У насенні еўрапейскай селекцыі на паліцах крам недахопу таксама няма: у асартыменце і польскае, і галандскае, і вытворчасці Германіі і Італіі. Цэны супастаўныя з айчынным і расійскім насеннем (кабачок нямецкай селекцыі — 1,55, буракі — рубель, таматы — 1,40). Асобна стаіць італьянскае насенне — яно адчувальна даражэйшае (таматы — 3,35–5,5 і нават 8,05, перац — 3–6,5 рубля). Што датычыцца відаў культурных раслін, пасяўны матэрыял якіх даступны сучаснаму агародніку, — гэта, без перабольшання, практычна ўсё, што дакладна ці хаця б тэарэтычна можна вырасціць у беларускім клімаце. Ад памідораў-агуркоў (дзясяткі, а мабыць, і сотні сартоў і гібрыдаў) да капусты ўсіх відаў (у тым ліку брусельскай, брокалі і нават дэкаратыўнай), салодкага і вострага перцу, морквы, цыбулі, самай рознай зеляніны (а таксама мікразеляніны) і ягад (у першую чаргу гэта, вядома, клубніцы і суніцы — у сярэднім ад 1,5 да 2,5 за пакунак). Ёсць нават такія вынаходствы, як гібрыд F1 кавуна «Разарыё» (1,78 за пакет насення) або міцэлій чырвонагаловікаў, лісічак, апенек (вытворчасць Расіі). Аматарскае грыбаводства — нятаннае задавальненне: 10,99 за пакуначак міцэлію.

— Многія цікавяцца, ды не ўсе купляюць, — тлумачыць прадавец крамы «Насенне» Наталля Агеева. — Я б раіла пачынаць, напрыклад, з шампіньёнаў — для штучнага культывавання ў першую чаргу падыходзяць грыбы, якія адносяцца да сапратрофаў (шампіньёны) або ксілатрофаў (вешанка). Але ў некаторых дачнікаў атрымліваецца «прыручыць» нават такія, здавалася б, лясныя грыбы, як чырвонагаловікі або лісічкі. Гэта сапраўды выклікае павагу і захапленне. Бо атрымаць ураджай такіх грыбоў — справа няпростая. Для іх росту неабходна дрэва, прычым далёка не ўсякае, таму што растуць яны ў складаным сімбіёзе з каранямі вызначаных дрэў. Бачыце, на пакеціках з міцэліем падрабязная інструкцыя — з ёй абавязкова трэба азнаёміцца і перад набыццём пасадачнага матэрыялу ацаніць свае магчымасці: ці ёсць на вашым участку або паблізу патрэбнае дрэва і ці зможаце вы стварыць неабходныя для ўраджаю ўмовы.

Расліны без хвароб, завязі без апылення

Але вернемся да больш звыклых агародных культур. У першую чаргу попытам сёння карыстаецца насенне агуркоў, памідораў і салодкага перцу: сартоў і гібрыдаў гэтых культур спецыялізаваныя аддзелы традыцыйна прапануюць больш за ўсё. Калі яшчэ гадоў пяць таму да гібрыдаў агароднікі толькі прыглядаліся, то сёння пакуначкі з пазнакай F1 (менавіта гібрыды) у іх у прыярытэце. Такое насенне нярэдка даражэйшае за сарты, і ўласнага насення з іх увосень не атрымаеш. Але ад самастойнай вытворчасці насення большасць агароднікаў сёння адмовілася.

— Купіць якаснае, з высокай усходжасцю і гарантаванай ураджайнасцю насенне сёння не складае праблемы. Рынак насычаны насенным матэрыялам як айчыннай, так і замежнай селекцыі, — каментуе кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Анатоль Хлебародаў. — Між тым ураджайнасць у сартоў заўсёды ніжэйшая, чым у гібрыдаў.

Попытам у пакупнікоў карыстаюцца гібрыды, якія не патрабуюць апылення, адзначаюць прадаўцы. Гібрыды першага пакалення — тыя, дзе на пакунку ёсць пазнака F1, — найболей устойлівыя да самых распаўсюджаных у нашай кліматычнай зоне захворванняў раслін. У новыя сарты таксама закладзены імунітэт да хвароб, але гібрыды ў гэтых адносінах лепшыя, лічыць яшчэ адна пакупніца, дачніца з 30-гадовым стажам.

— Насенне цяпер прадаюць круглы год, але я супраць таго, каб купляць яго загадзя, — дзеліцца яна. — Асабліва калі вы не ўпэўнены, што будзеце захоўваць яго правільна. Агароднінныя культуры лепш набываць з канца лютага да пачатку лета. І кветкі-аднагодкі штогод купляю прыкладна тады ж — са студзеня да мая. А вось шматгадовыя кветкі і цыбульныя можна купіць і ў верасні. Цана на іх ніжэйшая, а пасадачны матэрыял выдатна захоўваецца аж да часу, калі яго трэба высаджваць на расаду. Пад кветкавае насенне адведзены асобныя стэлажы, і, мяркуючы па пакупніцкім попыце, агароднікаў у нас значна больш, чым кветкаводаў. Але дачнікі (пераважна, вядома, дачніцы) заходзяць і ў кветкавыя рады. Насенне для кветнікаў каля дома якраз цяпер высейваюць на расаду. Асартымент самы шырокі: ад звыклых петуній да лабеліі, лаванды, пеларгоніі і яшчэ дзясяткаў і дзясяткаў розных відаў і сартоў. Цана пакуначка насення для клумбы стартуе ад 1 рубля 40 капеек, але можа дасягаць і 5-6 рублёў.

Крытэрыі выбару

Выбар правільнага насення — аснова поспеху агародніка, і пра тое, як гэта зрабіць практычна, напісана шмат. Калі абагульніць, найважнейшыя рэкамендацыі гучаць так:

  • Загадзя знаёмімся з сартамі і гібрыдамі, тымі патрабаваннямі, якія яны прад’яўляюць да складу глебы, тэмпературы паветра і зямлі, догляду. Аб неабходнасці выбару раяніраваных у Беларусі сартоў мы гаварылі вышэй.
  • Звяртаем увагу на ўраджайнасць. Гэта нібыта відавочна, але, як кажуць, не ўсё так адназначна. Не заўсёды высокаўраджайныя сарты сапраўды гарантуюць высокія ўраджаі канкрэтна на вашых градках ці ў цяпліцах. Чым больш ураджайны сорт, тым вышэйшыя яго патрабаванні да якасці глебы і догляду. Магчыма, вы будзеце збівацца з ног, каб дагадзіць «капрызулі», а ў выніку атрымаеце ўраджай, ніжэйшы за сярэдні. Асабліва калі вашым градкам ужо шмат гадоў і глеба на іх не надта пажыўная. Самыя звычайныя, не асабліва прадукцыйныя сарты падораць вам больш радасці, калі прыйдзе час збіраць ураджай. Бо яны менш патрабавальныя.
  • А вось устойлівасць да хвароб — найважнейшы крытэрый выбару насення. Як ужо гаварылася, тут вельмі выйграюць гібрыды. Зрэшты, імунітэт навукоўцы-селекцыянеры закладваюць і ў новыя сарты. Таксама важная ўстойлівасць да неспрыяльных вонкавых фактараў і шкоднікаў.

Важны аспект выбару насення — звесткі аб лёжкасці пладоў. Бо вітаміны з уласнага агарода важна не толькі вырасціць, але і захаваць. Ураджай ранніх сартоў, як правіла, не захоўваецца. І гэта трэба ўлічваць: на зімовае захоўванне варта выбіраць сярэдняспелыя і сярэдняпознія сарты. Пад іх важна адвесці месца на градках і запланаваць патраціць сродкі на іх насенне.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Час насення

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.