Вы тут

Выстаўка «У пошуках жывой душы» адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы


Нядаўна ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстаўка «У пошуках жывой душы», прымеркаваная да 215-годдзя Мікалая Гогаля. У стварэнні экспазіцыі, якая знаходзіцца ў атрыуме 3-га паверха, змаглі паўдзельнічаць студэнты, магістранты, выкладчыкі акадэміі мастацтваў, вучні і настаўнікі гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, навучэнцы Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама розныя творцы — члены саюза мастакоў.


Андрэй Сімончык «Майская ноч, альбо Тапельніца», 2022 г

Экспазіцыя ўвасабляе цытаты з твораў класіка і сюжэты яго літаратурнай спадчыны ў жывапісе, графіцы, каліграфіі і шрыфтавых кампазіцыях. Арганізатары падкрэсліваюць: фальклорныя вобразы паданняў, якія ляглі ў аснову сюжэтаў аўтара, жывы рэалізм і гумар тонкага лірыка, знаўцы чалавечых душ, вобраз самога аўтара, містычны і таямнічы, паўстаюць у інтэрпрэтацыі больш як 30 аўтараў. Тут і пейзажы, і партрэты, і розныя абстракцыі, а таксама шрыфтавыя кампазіцыі. Дапоўнена выстаўка кніжнай экспазіцыяй, у якой апроч іншага змешчаны кнігі Мікалая Васільевіча Гогаля ў перакладзе на беларускую мову. Сярод рарытэтаў — «Жаніцьба» ў перакладзе Кандрата Крапівы (1937) і «Тарас Бульба» ў перастварэнні Макара Паслядовіча і Алеся Бачылы. 

На выстаўцы «У пошуках жывой душы» прадстаўлены работы Віталя Чарнабрысава, Ігара Кашкурэвіча, Юрыя Крупянкова, Людмілы Зыгмантовіч, Маргараты Голубевай, Наталлі Наўроцкай, Андрэя Рэвякова, Варвары Храмеевай, Лю Хэйцзюнь... Яны і многія часам у звыклай манеры, часам нечакана, праз вобразы і сімвалы, далёкія ад беларускай культуры, адлюстравалі класіка рускай літаратуры, герояў яго самых знакамітых твораў. Хтосьці імкнуўся захаваць і перадаць дух часу, пра які пісаў Мікалай Гогаль, некаторыя ж адыходзілі ад канона і даследавалі ўласныя магчымасці ў рабоце над тэмай. 

Кацярына Коўзусь «Плачка», 2023 г

Сярод аўтараў, на асобе і творчасці якіх хацелася б засяродзіцца, — Усевалад Свентахоўскі. Мастак, дызайнер, педагог некалькі дзён таму пайшоў з жыцця. Аўтар з цікавым поглядам на мастацтва працяглы час шчыраваў на ніве кніжнай графікі: сярод твораў, якія аздобіў, — «Полацак. 1150» (2013) і «Уладзімір Мулявін. Сэрцам i думамі» (2016). За рабрту над гэтымі выданнямі атрымаў высокія прызы на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі». Вялікію частку сваёй творчасці Усевалад Свентахоўскі прысвяціў каліграфіі. Вось і на выстаўцы «У пошуках жывой душы» прадстаўлены яго шрыфтавыя кампазіцыі «Сарочынскі кірмаш» (2023), «Вечар напярэдадні Івана Купалы», «Вечары на хутары каля Дзіканькі», «Гогаль. Прадмова» ды іншыя адметныя работы, датаваныя 2023 годам. У іх выяўляюцца магчымасці аўтара ператвараць літары алфавіта ў пісьмо, напоўненае дзіўнымі вобразамі. Вонкава простыя і лаканічныя творы сведчаць у тым ліку пра велізарную ўнутраную працу, значныя ўкладзеныя намаганні, а яшчэ пра грунт, на які абапіраўся творца. Усевалад Свентахоўскі шмат эксперыментаваў, але не адмаўляўся ад традыцыі, быў здольны паяднаць мінулае і сучаснасць. 

Ала Кушнер «Заметкі на палях», 2024 г

Усевалад Свентахоўскі «Вечары на хутары каля Дзіканькі», 2023 г

Таксама хацелася б вылучыць работы Віктара Саўчанкі, аб’яднаныя назвай «Гісторыя носа» (2023). Яго чорна-белая графіка — роздум пра сатырычную абсурдысцкую аповесць «Нос» — надзвычай выразная і трапная. У той жа час ілюстрацыі адпавядаюць настрою твора, у сусвеце якога холадна і няўтульна. Зусім іншыя адчуванні, хоць такія ж дзівосныя і пранізлівыя, выклікаюць абстракцыі Андрэя Сімончыка, што вылучаюцца яркімі фарбамі, мяккімі пераходамі і запрашэннем у вандроўку ў чароўны свет. Надзвычай удалымі выглядаюць фанта-смагарычныя работы Кацярыны Коўзусь «Плачка» і «Дамавік» (абедзве 2023 года): з аднаго боку, у іх мастачка прытрымліваецца матываў прозы Мікалая Гогаля, з іншага — выяўляе смелую і нястрымную аўтарскую фантазію. За дасягненнямі маладой мастачкі вельмі цікава назіраць. 

Выстаўка «У пошуках жывой душы» будзе працаваць да 9 чэрвеня. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.