Вы тут

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася новая экспазіцыя


Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пачаў вясну з урачыстай падзеі — святкавання 95-годдзя з дня нараджэння знакамітай паэтэсы Еўдакіі Лось. З 1 да 31 сакавіка ў музеі працуе літаратурна-мастацкая экспазіцыя, якая знаёміць наведвальнікаў з жыццём і творчасцю пісьменніцы. 


Фрагмент экспазіцыі

Еўдакія Якаўлеўна Лось нарадзілася 1 сакавіка 1929 года ў вёсцы Старына Ушацкага раёна. «Ушацкая мадонна» — так велічна-шаноўна называў пісьменніцу яе зямляк Рыгор Барадулін. Мастацкім лейтматывам выстаўкі сталі валошкі і іх яркі сіні колер, які не мае аналагаў сярод кветак, — сімвал Віцебшчыны і ў прыватнасці Ушацкага раёна. Еўдакія Якаўлеўна вельмі любіла сваю малую радзіму і прысвяціла ёй шмат твораў:

...Паедземце, дружа, ва Ушачы,

Там зараз вясна, ды вясна.

Бярэзіна соладка плача,

Над рэчкай — вятроў гамана...

Пісьменніца належыць да першага пасляваеннага пакалення творцаў, якое даследчыкі часта называюць «пакаленнем дзяцей вайны» або «філалагічным», таму што ў іх ужо была магчымасць вучыцца. Калі пачалася вайна, юная паэтэса скончыла толькі 5 класаў. Гэтыя жудасныя падзеі паўплывалі на яе далейшую творчасць і жыццё. У экспазіцыі прадстаўлены чорна-белы фотаздымак сям’і пісьменніцы, падпісаны самой Еўдакіяй Лось, які быў зроблены за тыдзень да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На фота можна пабачыць старэйшага брата паэтэсы Сяргея, якому тая асабліва давярала і ў пачатку творчага шляху паказвала свае першыя вершы. Сяргей загінуў падчас вайны, што стала вялікім горам для ўсёй сям’і, а асабліва для Еўдакіі Якаўлеўны. Яна прысвяціла брату шмат вершаў, напоўненых болем і сумам: 

Moй бpaтoк, 

Я дacюль нe вepy, 

Штo цябe нa зямлi нямa... 

Mнe здaeццa, aдчынiш дзвepы — 

I cycтpэнy цябe caмa. 

Тэма вайны — адна з найважнешых у творчасці Еўдакіі Лось. У многіх вершах яна расказвае пра тых, чыё дзяцінства выпала на ваенныя гады, хто пасля аднаўляў краіну, хто загінуў за свабоду і мір: «Вы не бачылі вёсак, якія не ўсталі з вайны? // Па ўсёй Беларусі, па ўсёй Беларусі яны...»

Еўдакія Лось — таленавітая пісьменніца, патрыётка, а таксама маці. Шмат вершаў прысвяціла свайму сыну Дзмітрыю. На выстаўцы прадстаўлены лісты пісьменніцы да сына, якія яна пісала падчас камандзіровак. Радкі, напісаныя знакамітай асобай, расказваюць пра звычайныя бытавыя сямейныя справы: як здароўе ў бабулі, колькі ў яе засталося грошай, якія падарункі прывязе сям’і. Дарэчы, Еўдакія Якаўлеўна шмат вандравала, а з падарожжаў прывозіла памятныя значкі, якія таксама прадстаўлены на выстаўцы. 

Сяброўскія шаржы на Еўдакію Лось

Пяру паэтэсы належаць шматлікія паэтычныя зборнікі, сярод якіх «Сакавік» (1958), «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка» (1975), «Валошка на мяжы» (выбранае, 1984), а таксама кніжак вершаў для дзяцей «Абутая ёлачка» (1961), «Казка пра Ласку» (1963), «Вяселікі» (1964), «Зайчык-выхваляйчык» (1970), «Дванаццаць загадак» (1974), «Смачныя літары» (1978), зборнік апавяданняў «Дзесяць дзён у Барку» (1984). Шмат з іх можна ўбачыць на выстаўцы з подпісамі пісьменніцы сябрам. 

Еўдакія Якаўлеўна з пакалення «шасцідзясятнікаў» і ў гэтым мужчынскім аттачэнні з выбітных паэтэс, бадай, яна адна. Як расказала на адкрыцці выстаўкі старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Князева, усе маладыя паэты таго часу гарнуліся да «ўшацкай мадонны» і хацелі з ёй сябраваць. Еўдакія Лось жыла ў Мінску на вуліцы Чарнышэўскага, яе невялікая кватэрка служыла прытулкам для пісьменнікаў. У экспазіцыі можна ўбачыць фотаздымкі таго часу, дзе разам з Еўдакіяй Лось стаяць беларускія пісьменніцы-паэтэсы-«сямідзясятніцы» — Яўгенія Янішчыц, Раіса Баравікова, Галіна Каржанеўская. Сябравала Еўдакія Якаўлеўна і з такімі знакамітымі творцамі, як Іван Шамякін, Васіль Вітка, Уладзімір Дубоўка. З апошнім шмат ліставалася, на святы адно аднаму дасылалі паштоўкі, якія таксама можна ўбачыць на выстаўцы. Перапісвалася яна з многімі маладымі пісьменнікамі, якія бачылі ў ёй не толькі добрую сяброўку, але і своеасаблівую «літаратурную маці». Напрыклад, Васіль Быкаў, нягледзячы на тое, што старэйшы за Еўдакію Якаўлеўну на 5 гадоў, заўсёды раіўся з ёй наконт сваіх твораў і скардзіўся на выдавецкія пакуты. Гарэзлівая і вясёлая па характары, пісьменніца натняхала іншых мастакоў тварыць. Прадстаўлены шаржы, прысвечаныя Еўдакіі Якаўлеўне, створаныя ў розныя часы. Усе яны адлюстроўваюць яркую натуру паэтэсы, яе любоў да жыцця і творчасці. 

Вершы Еўдакіі Лось пяшчотныя, прасякнутыя любоўю да радзімы, сяброў, сям’і. «Галоўнае ў любові — любоў, галоўнае ў жыцці — жыццё», — пісала паэтэса. Адной з мэт экспазіцыі з’яўляецца прыцягненне ўвагі моладзі і сталага пакалення да выдатнай беларускай пісьменніцы, публіцысткі, маці і грамадскага дзеяча, якая пражыла толькі 48 гадоў, але пакінула багатую літаратурную спадчыну. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?