Вы тут

Дзень вялікага майстра Рымскага-Корсакава прайшоў у Вялікім тэатры


Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь далучыўся да Міжнароднага фестывалю «Дзень Рымскага-Корсакава», які прымеркаваны да 180-годдзя кампазітара. У межах свята былі прадстаўлены опера «Царская нявеста» і балет «Шахеразада», а 17 сакавіка ў Камернай зале імя Л. П. Александроўскай адбыўся паказ оперы «Моцарт і Сальеры».


Мікалай Рымскі-Корсакаў нарадзіўся 18 сакавіка 1844 года. У 6 гадоў ён навучыўся іграць на фартэпіяна, а ў 11 ужо напісаў свае першыя творы. Аднак будучы кампазітар не марыў стаць музыкантам. Рымскі-Корсакаў скончыў Марскі кадэцкі корпус у Пецярбургу, а з 1862 да 1865 года быў у кругасветным падарожжы, удзельнічаў у экспедыцыі да берагоў Паўночнай Амерыкі. Пасля вандроўкі кампазітар вырашыў працягваць заняткі музыкай. У творчасці ён часта звяртаўся да фальклору і нацыянальных матываў. 

Міжнародны фестываль «Дзень Рымскага-Корсакава», які праходзіць кожны год, гэтым разам мае асаблівы сэнс. Свята прымеркавана да 180-годдзя знакамітага кампазітара. Упершыню фестываль прайшоў у 2019 годзе, калі аб’ядналіся творчыя прасторы Санкт-Пецярбурга, гарадоў Ленінградскай і Пскоўскай абласцей — Ціхвіна, Вяшачы, Любенска, дзе знаходзяцца мемарыяльныя музеі М. А. Рымскага-Корсакава. Ініцыятыву падтрымліваюць найбуйнейшыя оперныя тэатры, філармоніі, установы адукацыі па ўсёй Расіі. Шмат мерапрыемстваў прайшло ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Варонежы, Екацярынбургу, Іашкар-Але, Магнітагорску, Ніжнім Ноўгарадзе, Уладзівастоку і іншых гарадах федэрацыі. 

У гэтым годзе да святкавання дня нараджэння выдатнага кампазітара далучыўся Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. 16 сакавіка паказалі оперу «Царская нявеста», прэм’ера якой адбылася 22 кастрычніка 1898 года. Твор быў напісаны на аснове аднайменнай драмы Л. Мея, якая расказвае пра эпізод часоў праўлення Івана Грознага. Цар захацеў ажаніцца трэці раз і загадаў склікаць самых прыгожых дзяўчат, сярод якіх ён адшукае сабе нявесту. З дзвюх тысяч патэнцыяльных нявест засталося 12, у склад якіх увайшла і Марфа Сабакіна. Але Мікалай Рымскі-Корсакаў пабудаваў сюжэт не вакол цара і яго загадаў, а вакол цікавай гісторыі трагічнага любоўнага трохвугольніка, а магчыма, і чатырох... Баярын Грыгорый Гразной (Уладзімір Громаў) моцна закахаўся ў Марфу (ролю выконвае Алена Золава), але яна ўжо абяцала іншаму — Івану Лыкаву (Аляксандр Гелах). Ён хоча зрабіць любоўнае зелле, каб Марфа адказала яму ўзаемнасцю. Яго размову з лекарам падслухала палюбоўніца Грыгорыя Любаша (іграе Аксана Волкава). Яна вырашыла адпомсціць разлучніцы і атруціць яе. А ў гэты час Марфа і Іван Лыкаў рыхтуюцца спраўляць вяселле. Маладыя шчаслівыя і не здагадваюцца, што вакол іх плятуць інтрыгі. У гісторыю ўмешваецца цар Іван Грозны і яго жаданне выбраць сабе нявесту. Гэты факт аб’ядноўвае сапернікаў Грыгорыя Гразнога і Івана Лыкава. Яны абодва перажываюць за лёс каханай і гатовы памерці дзеля яе. Падчас вяселля здараецца страшнае — цар выбірае ў жонкі Марфу Сабакіну. Аднак Марфа так і не выйшла замуж, яна памерла. Яе загубіла каханне — уласнае, Грыгорыя Гразнова, цара Івана Грознага. 

Прэм’ера балета «Шахеразада» адбылася 4 чэрвеня 1910 года. Мікалай Рымскі-Корсакаў стварыў яго па матывах казкі «Пра цара Шахрыяра і яго брата». 

На беларускай сцэне балет упершынню быў пастаўлены народным артыстам Расіі Андрысам Ліепам у 2011 годзе. Паводле слоў харэографа, за стагоддзе «Шахеразада» не змянілася. Сённяшнія гледачы бачаць гэты балет практычна ў першародным выглядзе. Харэаграфія Міхаіла Фокіна захавана. У галоўнай ролі — маладая артыстка Лізавета Мусорына. Ролю Шахрыяра выконвае Антон Краўчанка, а яго брата Шахземана — Міхаіл Баразноў. 

Адбыўся і паказ аднаактовай оперы «Моцарт і Сальеры», пастаўленай у 2022 годзе для камернай сцэны. Твор мае падзагаловак «Драматычныя сцэны А. Пушкіна». Гісторыя — спроба знайсці адказ на важнае пытанне: ці можа геній быць ліхадзеем? Сальеры, сябр і «калега» Моцарта, зайздросціць яго таленту і вырашае атруціць яго. Вялікі кампазітар памірае, але забойцу не стала лягчэй. Ролі выконваюць Віктар Мендзелеў (Моцарт) і Алег Мельнікаў (Сальеры). 

Дзякуючы творчасці Мікалая Рымскага-Корсакава сфарміраваліся прынцыпы новага музычнага тэатра. Яго дзейнасць паўплывала на мноства таленавітых людзей і паспрыяла развіццю расійскай нацыянальнай культуры. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота з сайта bolshoibelarus.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.