Вы тут

Шнуроўка і «змяіная скура»: Самыя яркія трэнды вясновага абутку


Сёння кожная жанчына задумваецца пра абутак на вясну. Як зарыентавацца ў моры трэндаў? Што ідэальна дапоўніць гардэроб міжсезоння? Сабралі для вас некалькі актуальных мадэляў абутку сёлетняй вясны.


Фота: pexels.com

Класіка побач з эксперыментам

Мода мяняецца, але ёсць рэчы пазачасавыя. Гэта, вядома, пра іх — класічныя боты. На высокім, сярэднім абцасе ці шпільцы, з чорнай ці карычневай скуры — яны нязменна нададуць вобразу элегантнасці і вытанчанасці. Выдатна выглядаюць і класічныя мадэлі з замшы.

Боты-трубы з шырокай халявай пакараюць подыўмы і вуліцы ўжо не першы сезон. Гэтыя боцікі сапраўды ўніверсальныя. У іх можна заправіць джынсы ці штаны, а таксама насіць з класічнай спадніцай ці сукенкай.

Па-ранейшаму актуальны трэнд на прызбораныя халявы. Боцікі «гармонікам» зручныя і практычныя. Калі вы лічыце, што ў вашых ножак ёсць якія-небудзь недахопы, іх можна схаваць пад такімі халявамі.

Батфорты сёння носяць і на банкет, і ў свет. Абцас або платформа — вырашаць вам, і чым вышэй апошняя, тым больш ультрамодны вобраз атрымаецца. Юныя дзяўчаты могуць прымерыць батфорты вышэй калена, са скуры або замшы — гэта дадасць вобразу нотку дзёрзкасці.

Вясна прымушае ўзгадаць пра гумовыя боты. Сучасныя мадэлі забяспечаны прынтамі і малюнкамі — ад анімалістычных да кветкавых і клеткі, а таксама тыкатажнымі ўстаўкамі. Аднак упісаць у дзелавы стыль гумовыя боты ў кветачку наўрад ці атрымаецца. У дождж можна дайсці ў такім абутку куды трэба, а там змяніць на больш прыдатны.

Зручна і практычна

Высокія чаравікі працягваюць сваё трыўмфальнае шэсце. Больш практычны і ўніверсальны паўсядзённы абутак складана прыдумаць. Застаюцца ў трэндзе вырабы на грубай «трактарнай» падэшве і на высокай платформе. Чаравікі ў байкерскім стылі дэкарыраваны спражкамі, папружкамі, заклёпкамі. І, вядома, шнуроўкай.

Прыхільніцы мінімалізму могуць абраць чорныя чаравікі з матавай скуры без залішняй фурнітуры — яны падыдуць пад любое адзенне. Акрамя прастаты і зручнасці, такі абутак выдатна абароніць ад вільгаці і холаду.

З квадратным мысам

Дамам, якія аддаюць перавагу класічнай элегантнасці, прыйдуцца па душы стыльныя мадэлі бацільёнаў на шпільцы, квадратным ці скошаным абцасе. Жадаеце далучыцца да модных трэндаў — звярніце ўвагу на бацільёны з квадратным мысам. Дызайнеры прапануюць таксама завужаны — прывітанне з нулявых. Спалучэнне высокіх абцасаў з масіўнай платформай надасць вам жаноцкасці, памятайце толькі, што хадзіць у такім абутку па слізкіх вуліцах трэба з асцярожнасцю.

«Каралева» сезона — шнуроўка

Сапраўды, дэкор гэтай вясной — наша ўсё. На боціках і чаравіках дапушчальныя мех, шнуркі, пэндзлі, банты, ланцужкі, паеткі, стразы і нават вышыўка ці карункі. Зашпількі-маланкі па капрызе мадэльераў размешчаны на чаравіках як збоку, так і ззаду, тое ж тычыцца шнуроўкі. Дарэчы, менавіта шнуроўку некаторыя эксперты лічаць галоўным упрыгажаннем абутку гэтага сезона.

Прынты і малюнкі на чаравіках і ботах прымусяць звярнуць на вас увагу. Асабліва актуальныя сёлета «кракадзілавая» і «змяіная» скуры. У модзе таксама клетка, надпісы з назвамі брэндаў.

Што да колеравай палітры, гэтай вясной модніцы будуць фарсіць у чырвоных, малінавых, блакітных, фіялетавых, балотнага, пясочнага і гарчычнага колеру ботах і чаравіках. Стыльна глядзіцца двухколерны абутак: напрыклад, чорна-белы. Не здае сваіх пазіцый і «металік».

Вобраз павінен выглядаць гарманічна, таму, набываючы ўльтрамодную навінку, падумайце, з чым вы будзеце яе насіць.

Падэшва «руліць»

А што ж красоўкі? З імі ўсё выдатна. Сярод звыклых ужо мадэляў вылучаюцца вырабы на масіўнай падэшве, якая выдатна справіцца з вясновымі лужынамі. Разыначка сезона — рознакаляровыя красоўкі, што палягчае задачу падбору гардэробу і аксэсуараў. Па-ранейшаму гэты від абутку носяць як са спадніцай і сукенкай, так і са штанамі. Падобна, гэты трэнд ужо амаль класіка.

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.