Вы тут

Тры кваліфікацыі — у адной спецыяльнасці


23 сакавіка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прыме у сваіх сценах ужо амаль што былых вучняў школ і патэнцыяльных студэнтаў — там пройдзе адзіны дзень адчыненых дзвярэй. Гэтым мерапрыемствам у БДУ адкрые прафарыентацыйны тыдзень, які пройдзе з 23 па 30 сакавіка. Першымі будучых абітурыентаў да сябе запросяць пяць факультэтаў: ваенны, геаграфіі і геаінфарматыкі, міжнародных адносін, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, хімічны.

Кожны з іх знойдзе чым здзівіць наведвальнікаў, у кожнага ёсць свае традыцыі і свае непаўторныя асаблівасці. Акрамя таго, некаторыя факультэты анансуюць новыя спецыяльнасці, навучанне якім будзе весціся з новага навучальнага года. Адзін з іх — факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі, якому, дарэчы, сёлета споўнілася 90 гадоў. Аб навінах і традыцыях геафаку, як звыкла яго называюць — размова з дэканам факультэта, кандыдатам геаграфічных навук дацэнтам Аленай Кальмаковай.

— Алена Генадзеўна, новая спецыяльнасць выклікае вялікую цікаўнасць у будучых абітурыентаў. У чым яе сутнасць? І чаму менавіта на вашым факультэце яна ўводзіцца?
 
— Сапраўды, інтарэс ёсць і ён павялічваецца. Сёлета адбудзецца першы набор на новую міждысцыплінарную спецыяльнасць бакалаўрыяту «Краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць» з прафілізацыяй «Геаграфія і англійская мова». Гэта значыць, што ўпершыню ў нашай краіне і толькі на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ стане магчымым атрыманне трайной кваліфікацыі па актуальных і запатрабаваных напрамках: «Географ. Выкладчык. Перакладчык». Упэўнена, што гэта стане сапраўдным прарывам у развіцці не толькі нашага ўніверсітэта, але і вышэйшай адукацыі краіны ў цэлым.
 
І нездарма ўнікальная спецыяльнасць з’явілася на геафаку. Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі — адзіны ў Рэспубліцы Беларусь цэнтр бесперапыннай геаграфічнай адукацыі. Адкрыццё падрыхтоўкі кадраў па новай спецыяльнасці «Краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць» менавіта тут абумоўлена, як кажуць, часам. Інтэнсіўнае інавацыйнае развіццё дзяржавы з укараненнем лічбавай эканомікі ставіць перад намі задачу падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў з кампетэнцыямі ў галіне ГІС-тэхналогій, што, дарэчы мы і робім. Увядзенне ж новай спецыяльнасці дае магчымасць у далейшым рыхтаваць для эканомікі краіны спецыялістаў у галіне геаграфіі, выкладчыцкай і перакладчыцкай дзейнасці ў комплексе з якасна новымі кампетэнцыямі, якія адпавядаюць запатрабаванням інфармацыйнага грамадства і лічбавай эканомікі.
 
Акрамя таго, ва ўмовах распаўсюджання экспарту адукацыйных паслуг, укаранення дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій гэты профіль падрыхтоўкі набывае асаблівую значнасць і актуальнасць, а спецыялісты ў галіне геаграфіі, выкладчыцкай і перакладчыцкай дзейнасці пры развітых навыках лічбавай дзейнасці і цяпер, і ў перспектыве будуць вельмі запатрабаваны на рынку працы.
 
— Апошні аргумент бачыцца даволі прывабным для сёлетніх выпускнікоў...
 
— Гэта сапраўды так. У іх упершыню з’явіцца магчымасць не выбіраць паміж педагагічным і вытворчым напрамкамі падрыхтоўкі, а атрымаць перавагі кожнага з іх у комплексе. Гэта дасягаецца праз ў паралельнай падрыхтоўцы спецыялістаў па двух профілях — геаграфія і англійская мова. Выпускнікі змогуць працаваць ва ўстановах адукацыі настаўнікамі геаграфіі і англійскай мовы, а ў арганізацыях, на вытворчасці — перакладчыкамі. Праграма моўнай падрыхтоўкі спецыялістаў прадугледжвае засваенне агульнапрафесійных і спецыяльных лінгвістычных дысцыплін, а таксама дысцыплін прафілізацыі ў галіне перакладу.
 
— Раскажыце падрабязней аб профілі «краіназнаўства»?
 
— Сёння пытанні комплекснага ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, развіцця знешніх сувязей і турыстычнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь надзвычай актуальныя. І для іх паспяховага развіцця гэтых галін патрэбны высокакваліфікаваныя кадры.
 
А асноўны сэнс падрыхтоўкі такіх кадраў якраз і крыецца у навучанні, заснаваным на прынцыпах мнагапрофільнасці, міждысцыплінарнасці і інтэграцыі фундаментальных ведаў і практычных уменняў. Нашы выпускнікі будуць атрымліваць унікальную камбінацыю навыкаў і ў канчатковым выніку стануць спецыялістамі, здольнымі паспяхова выконваць разнастайныя задачы не толькі ў якасці выкладчыкаў геаграфіі і англійскай мовы, але і перакладчыкаў у розных арганізацыях і ўстановах турыстычнага, дыпламатычнага, вытворчага і дзелавога профілю.
 
Акрамя таго, у 2023 годзе на факультэце пачаў сваю дзейнасць Міжкафедравы цэнтр — кафедра ЮНЕСКА па прыродазнаўча-навуковай адукацыі. Ён прызначаны для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў у галіне навакольнага асяроддзя, рацыянальнага прыродакарыстання і ўстойлівага развіцця, інавацыйных педагагічных тэхналогій. Для студэнтаў, якія выберуць новую спецыяльнасць, гэтая кафедра стане пляцоўкай для навуковай творчасці, самарэалізацыі, пашырэння прафесійных гарызонтаў.
 
— Новая спецыяльнасць — яна і для выкладчыкаў новая...
 
— Так. Нашы выкладчыкі — гэта людзі апантаныя сваёй справай і сапраўдныя прафесіяналы. І ідэю новай спецыяльнасці, якая, да слова, уяўляе сабою паспяховы прыклад міжфакультэцкага ўзаемадзеяння, ўспрынялі з належнай навукоўцам адказнасцю і ўласцівым студэнтам энтузіязмам. Практычная рэалізацыя навучання будзе ажыццяўляцца на аснове калабарацыі двух факультэтаў: геаграфіі і геаінфарматыкі і сацыякультурных камунікацый.
 
— У прафілізацыі «Геаграфія і англійская мова» значыцца толькі англійская мова. А чаму не больш агульна — «замежная»?
 
— Абітурыенты да нас прыбываюць не толькі са сталічных школ, але з самых розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку і сельскіх. І набор базавых моўных ведаў атрымліваецца вельмі вялікім: ад англійскай мовы, да іспанскай і, нават, кітайскай. Таму было прынята рашэнне, што будзе адна мова — англійская, як самая міжнародная.
 
Увогуле ж, для таго, каб давесці студэнта з нуля да прафесійнага ўзроўню ведання мовы, у нас ёсць усе магчымасці і неабходныя ўмовы: высокапрафесійныя выкладчыкі, сучасная вучэбна-лабараторная і матэрыяльна-тэхнічная база. З замежнымі мовамі нам будзе дапамагаць кафедра тэорыі і практыкі перакладу факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ, дзе ёсць і спецыялізаванае лінгафоннае абсталяванне, і профільныя кадры. У цэлым, трэць вучэбнага плана ў нас прысвечана менавіта замежнай мове.
 
— Якія сучасныя тэхналогіі ў вас укаранёны ў працэс навучання?
 
— Кафедра фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій сёння адзіная ў Беларусі, дзе на аснове электроннага навучання паспяхова інтэгруецца фізіка-геаграфічны профіль даследаванняў з развіццём інавацыйных методык выкладання геаграфічных і экалагічных дысцыплін.
 
У сучасных умовах укаранення дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій такі профіль падрыхтоўкі набывае асаблівую значнасць. Спецыялісты ў галіне геаграфіі, выкладчыцкай і перакладчыцкай дзейнасці, якія маюць яшчэ і развітыя навыкі лічбавай дзейнасці, і сёння, і ў перспектыве вельмі запатрабаваны.
 
— Як студэнты замацоўваюць атрыманыя тэарэтычныя веды? 
 
— Падрыхтоўка студэнтаў у нас максімальна практыкаарыентаваная. Яна ўключае ў сябе розныя віды практык, як геаграфічных, так і спецыяльных лінгвістычных. У рамках геаграфічнай падрыхтоўкі студэнты праходзяць комплексныя эканоміка-геаграфічную, фізіка-геаграфічную, краязнаўчую навучальна-азнаямленчую практыкі. Перакладчыцкая, педагагічная і вытворчая (пераддыпломныя) практыкі будуць праходзіць ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, акадэмічных і галіновых навукова-даследчых інстытутах НАН Беларусі, турыстычных і краязнаўчых арганізацыях, перакладчыцкіх бюро, лагістычных і IT-кампаніях, на профільных прадпрыемствах — там, куды ў будучыні будуць працаўладкоўвацца нашы выпускнікі.
 
— Якія тэрміны навучання па новай спецыяльнасці і ўмовы паступлення?
 
— Працягласць навучання ў нас складае чатыры з паловай гады, што і нядзіўна, улічваючы пералік кампетэнцый, якія набываюцца. А для паспяховага паступлення абітурыентам неабходна здаць цэнтралізаваны экзамен або прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне па трох прадметах: геаграфія, матэматыка, руская/беларуская мова.
 
Алена ВІНАГРАДАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.