Вы тут

Сустрэчы з балетам Барыса Эйфмана адбудуцца ў Вялікім тэатры ў сакавіку


Так, майстар умее здзіўляць. Нават тым, што вельмі часта падмуркам для яго спектакляў становяцца літаратурныя творы. Мінск ужо меў магчымасць паглядзець балет «Карамазавы» паводле рамана Фёдара Дастаеўскага ў 2013 годзе. Публіка была ўражана тым, як грунтоўны і даволі вялікі раман можа быць перакладзены на мову цела, пры гэтым ідэя і глыбіня твора захаваліся і падаваліся вельмі эмацыянальна, выклікаючы моцныя пачуцці. Гэта было інтэлектуальна і эфектна з пункту гледжання вобразнасці. Таму сёлетнія сустрэчы з тэатрам балета Барыса Эйфмана чакаюць з асаблівым настроем: з аднаго боку, гэта яшчэ большае паглыбленне ў харэаграфію (яна бывае рознай), а з другога — магчымасць чарговы раз паглыбіцца ў вядомую літаратуру і пераасэнсаваць яе. Таму што цягам чатырох вечароў на сцэне Вялікага тэатра Беларусі будуць паказаны «Яўгеній Анегін» паводле Аляксандра Пушкіна, створаны ў 2009 годзе, і харэаграфічная інтэрпрэтацыя п’есы Антона Чэхава, што атрымала назву «Чайка. Балетная гісторыя», прэм’ера якой адбылася ў 2022 годзе. 


Спачатку будзе менавіта «Чайка...». І гэта цікава, таму што нашы тэатралы даўно маглі пазнаёміцца з пластычным увасабленнем гэтага твора, зробленым беларускімі драматычнымі артыстамі. Той спектакль даўно не ідзе, але цікава паглядзець менавіта балетную інтэрпрэтацыю. Тым больш што харэограф, узяўшы за аснову гісторыю Чэхава і яго герояў, пастараўся іх жыццё перавесці ў свет балета. Такім чынам, 28 і 29 сакавіка на сцэне Вялікага тэатра Беларусі пакажуць спектакль «Чайка. Балетная гісторыя».

Дзеянне ў ім адбываецца ў рэпетыцыйнай зале, дзе Трэплеў эксперыментуе з новымі танцавальнымі формамі. У той час як Трыгорын ставіць «Лебядзінае возера». Тут прымадонна Аркадзіна і маладая артыстка Зарэчная ўступаюць у саперніцтва... Карацей, тэатр з усімі яго дзівацтвамі і неадназначнасцямі. Каб распавесці свой варыянт «Чайкі», Барыс Эйфман стварыў балет у дзвюх дзеях і абраў для яго музыку Сяргея Рахманінава і Аляксандра Сіткавецкага, вядомага рок-музыканта, стваральніка гуртоў «Аўтограф» і «Вісакоснае лета». 

Між іншым, Сіткавецкі як кампазітар быў датычны і да стварэння балета «Яўгеній Анегін», праўда, тут яшчэ гучыць музыка Пятра Чайкоўскага. Дзіўнае спалучэнне класікі з сучаснасцю, ці не так? Але музычная тканіна балета ўзнікла паводле задумы харэографа, які асучасніў герояў рамана Пушкіна, каб яны былі больш блізкія гледачам, а матывы іх учынкаў было прасцей зразумець. І задумацца пра тое, што ў творы — на стагоддзі. Толькі «раман у вершах» увасоблены ў балеце, і гэта пошук, варты асаблівай увагі, бо як гэта наогул магчыма — танцаваць Пушкіна?.. Як літаратурная класіка можа ператварыцца ў сучасны балет? І як праз харэаграфію перадаць філасофію, закладзеную ў «энцыклапедыі рускага жыцця»? 

30 і 31 сакавіка аматары творчых эксперыментаў ацэняць гэты балет у дзвюх дзеях. 

Але сустрэча з тэатрам балета Барыса Эйфмана — гэта яшчэ магчымасць далучыцца да харэаграфіі як да высокага мастацтва, здольнага ўзняць складаныя для грамадства пытанні, што правакуе гледача на тое, каб шукаць адказы, зазірнуўшы ва ўласную душу, і працаваць над ёй. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота дасланы Вялікім тэатрам Беларусі

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.