Вы тут

«Дынама-Мінск» падводзіць вынікі сезона


Хакейны клуб «Дынама-Мінск» скончыў свой 16-ы сезон у Кантынентальнай хакейнай лізе. Кожны сезон асаблівы, але паколькі ўспаміны ад гэтага найбольш свежыя да верасня яго можна лічыць самым асаблівым. І для гэтага сапраўды ёсць нагоды. Напрыклад, у мінулым сезоне «зубры» закінулі 180 шайб, і гэта клубны рэкорд. Падчас сезону раскрыліся маладыя хакеісты. І што дакладна запомніцца ўсім — неверагодная атмасфера дамашніх матчаў на «Мінск-арэне», у працы з балельшчыкамі клуб пераўзышоў сам сябе. Аднак, сезон для «Дынама-Мінск» скончыўся зусім не так, як хацелася б — «зубры» скончылі сваё выступленне ў плэй-оф ужо пасля першага раўнда. Таму працаваць ёсць над чым, зразумела, улічваючы ўрокі гэтага сезону. Што клубу даў сезон 2023/2024 і якія планы на будучыню на прэс-канферэнцыі расказалі генеральны дырэктар «Дынама-Мінск» Арцём Каркоцкі і галоўны трэнер каманды Дзмітрый Квартальнаў.


«Сезон атрымаўся яркім і насычаным. З улікам таго, што ў камандзе было шмат новых гульцоў, у тым ліку і маладых, патрэбен быў час для прыціркі. Канешне ж, былі спады, як і ў любога іншага клуба КХЛ. Мы паказалі, што можам гуляць на роўных з любым сапернікам, абнавілі клубны рэкорд па закінутых шайбах і здабылі самую буйную перамогу (7:0 у матчы з „Віцязем“). Шэраг маладых гульцоў выйшлі на лідзіруючыя ролі ў гэтым сезоне. У плэй-оф далі добры бой. Самае галоўнае тое, што пасля крайняй гульні было бачна, што балельшчыкі, якіх было вельмі шмат у гэтым сезоне, не сыходзілі і падтрымлівалі каманду. За гэта хацелася б сказаць чарговы раз ім дзякуй», — адзначыў Арцём Каркоцкі.

Па словах Дзмітрыя Квартальнава, адзін з самых галоўных момантаў сезону — кардынальныя змены ў філасофіі мінскага «Дынама». «Па розных прычынах мы сутыкнуліся з праблемамі падбору саставу. Некаторых хлопцаў па аб’ектыўных прычынах мы не маглі ўзяць. Было прынятае рашэнне ісці ў бой са сваімі мясцовымі хлопцамі. Свой горад, літара „Д“ — гэта вельмі сур’ёзная матывацыя. Мы пайшлі па такім шляху, ён быў няпросты, вельмі хвалепадобны, асабліва спачатку. Хлопцы потым пачалі паціху мацнець, прынялі нашу працу. Было вельмі радасна бачыць, што нашы маладыя гульцы пераварочвалі гульні з вялікімі камандамі, выйгравалі, прыносілі тыя „залатыя“ ачкі, якія патрэбны былі для траплення ў плэй-оф. Як я ўжо казаў, тая самая ніжняя кропка — яна была вельмі цяжкай. Калі каманду ўтрымаць і пакінуць яе касцяк, то яна будзе ўмацоўвацца новымі хакеістамі і толькі расці», — растлумачыў трэнер.

Што раз’юшвае Дзмітрыя Квартальнага і як гэта выправіць?

Журналістаў вельмі цікавалі, ці застанецца Дзмітрый Квартальнаў, дасведчаны і запатрабаваны ў КХЛ спецыяліст, у трэнерскім штабе «Дынама-Мінск» на наступны сезон. Па словах Арцёма Каркоцкага, у трэнера падпісаны кантракт на тры гады. Але пакуль клуб не зрабіў дэталёвага аналізу сезону, таму канчатковага рашэння па гэтым пытанні пакуль няма. «Пры нашай першай размове з Дзмітрыем Вячаслававічам мы сышліся ў меркаванні, нашы мэты аказаліся аднолькавыя. Вельмі шмат маладых ігракоў прагрэсавала. Той вектар, які быў абраны, паказвае, што мы ўжо чацвёрты раз запар аказваемся ў плэй-оф. У гэтым годзе мы наогул датэрмінова выйшлі ў накаўт-раўнд за 6 тураў да фінішу рэгуляркі. Максімальная задача, можа быць, не выканана, але прагрэс ёсць. Мы будзем планамерна рухацца ў тым жа напрамку», — адзначыў генеральны дырэктар.

Галоўны трэнер каманды Дзмітрый Квартальнаў

Сам Дзмітрый Квартальнаў прызнаўся, што хацеў бы застацца ў Мінску: «Тут вельмі шмат плюсаў, паверце. Але мы не павінны таптацца на адным месцы, мяне гэта раз’юшвае. Мы павінны ісці наперад усё разам, дапамагаць адно аднаму». Асобна спецыяліст адзначыў падтрымку балельшчыкаў, якая не згасала ўвесь сезон. Фішка гэтага сезону — хіт 90-х «Сівая ноч», якую спявалі ўсе, і аматары на трыбунах, і гульцы на лёдзе. «Гулялі ў Астане. Там шыкоўны палац, як і ў Мінску. Мяне спыталі пра заўзятараў. Я тады сказаў: ім да нас далёка. У Мінску ўсё крута. Падзяка ўсім, хто праводзіць мерапрыемствы. Гэта супер! Гэта найлепшая арэна. Калі ўсе спяваюць — гэта мурашкі па скуры. Калі радуюцца балельшчыкі і ўся краіна — гэта ўдвая прыемна», — падзяліўся Дзмітрый Квартальнаў. Галоўным пасылам спецыяліста ўвесь сезон было развіццё маладых гульцоў і высокі давер менавіта да беларускіх хакеістаў. «Добра, што вялікая плеяда маладых хлопцаў прыйшла ў „Дынама“. Спачатку не разумелі нейкія моманты, патрабаванні. Нехта прыйшоў з маладзёжнага хакея. Для іх было вельмі шмат новага. Вялікі плюс для мяне, што мы іх разгарнулі ў іншы бок і яны сталі канкурэнтаздольнымі. Было вельмі прыемна, калі адзін раз 17-18 беларусаў гуляла ў складзе — такога не было ніколі. Для мяне гэта быў вельмі прыемны і запамінальны момант. Гэтыя маладыя хлопцы прагрэсіравалі, але гэта толькі пачатак працы. Гэта радуе мяне, як трэнера», — адзначыў Дзмітрый Квартальнаў.

Сядзелі на лаўцы і хлопцы з вялікімі кантрактамі

У мінулым сезоне пяць беларускіх хакеістаў дэбютавалі ў КХЛ. Ягор Борыкаў пачаў выступленне ў лізе ў 18 гадоў і стаў самым маладым аўтарам голу ў гісторыі мінчан у КХЛ. Ад матча да матчу прыбаўляў 19-гадовы Данііл Ліпскі. Панюхаў пораху КХЛ і абаронца Мікіта Жыхараў. Канстанцін Валочка ў КХЛ згуляў толькі адзін матч. Але які! Той самы матч, калі «Дынама-Мінск» атрымалі самую буйную перамогу ў КХЛ, разграміўшы «Віцязь» 7:0. Іван Сякерын мог бы выходзіць на лёд часцей, калі б не атрымаў траўму. Але вопыт гульні ў КХЛ паспеў атрымаць.

Аднак, ніхто не кажа, што на гэтым варта спыніцца. Наперадзе каманду чакае вялікая справа. «Мы павінны рухацца паступальна. Тут ёсць усе рэсурсы, каб рухацца далей. Задачы трэба выконваць. Я абяцаў, што мы пройдзем у другі раўнд, але, на жаль, гэтую задачу не выканалі. Магу шмат прычын зваць. Трэба рухацца далей і толькі ўперад», — перакананы Дзмітрый Квартальнаў.

Арцём Каркоцкі, у сваю чаргу, звярнуў увагу, што калі маладымі беларускімі хакеістамі зацікавяцца іншыя клубы, «Дынама-Мінск» перашкаджаць не будзе. На гэтым этапе гульцам патрэбен досвед. «Прайшоўшы шлях развіцця тут, яны ідуць у топавыя клубы і становяцца лідарамі ў гэтых камандах. Так у нас атрымліваецца зрабіць нашу зборную мацнейшай», — заўважыў ён.

Генеральны дырэктар «Дынама-Мінск» Арцём Каркоцкі

Пакуль ідзе праца над выхаваннем моцных беларускіх хакеістаў (якая, вядома, займае не адзін год) уявіць баяздольную каманду без легіянераў немагчыма. Па словах Арцёма Каркоцкага, Сэм Энас і Роб Хэмілтон працягнулі свае кантракты з мінскім «Дынама» яшчэ на два гады. Селекцыйны аддзел клуба не спыняе сваю працу. І гэта надзвычай важнае пытанне, бо па ходзе сезону Дзмітрый Квартальнаў неаднаразова казаў, што чакае ад легіянераў больш. «Існуюць траўмы, адаптацыя. Мы ўсё гэта цудоўна разумеем. Але ёсць філасофія: хто сёння готаў біцца за каманду, тыя і будуць гуляць. Выходзь і замагайся. Сядзелі на лаўцы і хлопцы з вялікімі кантрактамі. Усё паказвае гульня на пляцоўцы. Калі ў цябе вочы гараць, ты гатовы біцца за каманду — ты будзеш гуляць», — заўважыў ён.

У сезоне 2023/2024 «Дынама-Мінск» прыгожа абыгрывала грандаў — «АК Барс», СКА, ЦСКА, «Лакаматыў», «Авангард». Але і ўступалі камандам, ніжэй ранга. Парадокс. «Я вялікую ўвагу надаю топавым камандам, таму што з імі гуляць вельмі цікава. Хтосьці дае гуляць, з кімсьці цяжка. З імі ты расцеш вельмі выдатна. Таксама трэба ўмець гуляць з камандамі нароўні ці крыху ніжэй. Калі гулец згуляў выдатна, мне цікава паглядзець яго на дыстанцыі. Робіцца акцэнт на хакеісце, які дрэнна згуляў. Мы павінны яму дапамагчы, растлумачыць, што на гэтым нічога не скончылася — ты ідзеш далей. Тады ён будзе расці праз гэтыя рэчы», — растлумачыў Дзмітрый Квартальнаў.

Для таго, каб каманда прагрэсіравала і магла абыгрываць усіх, сёння неабходныя фінансавыя ўкладанні. Журналісты пацікавіліся, ці плануюцца новыя фінансавыя ўліванні, каб «Дынама-Мінск» адчуваў сябе больш камфортна побач з топ-клубамі. «Наш бюджэт застаецца ў рамках папярэдняга. Вядома ж, у нас з’яўляюцца новыя партнёры, большая частка з іх — камерцыйныя. Але тое, што мы маем — дзякуючы нашай дзяржаве. Тая ўвага, якая аказваецца нашаму клубу, за што мне асабіста хацелася б падзякаваць нашаму Прэзідэнту. Мы ведаем, як шмат сіл ён аддае клубу і спорту ў цэлым у нашай краіне. Таму ўсё застаецца ў тых жа рамках», — адказаў Арцём Каркоцкі.

У цэлым генеральны дырэктар даў сезону станоўчую адзнаку: «Мы патрапілі ў плэй-оф за 6 тураў да канца рэгулярнага чэмпіянату. Абнавілі некалькі клубных рэкордаў, моладзь прагрэсіравала добра і выйшла на галоўныя ролі. Застаўся касцяк на наступны сезон, які даў станоўчы імпульс у плей-оф. Не будзем забягаць наперад. Усё ж мы не прайшлі ў другі раўнд, не хапіла крыху, усё гэта бачылі. Мала людзей зможа нас папракнуць і сказаць, што мы правалілі сезон. Лічбы і той вынік, якія мы дасягнулі, можна лічыць станоўчымі».

Мінулы сезон запомніцца «Дынама-Мінск» і яго заканчэннем. Хакеісты і іх аматары зноў сустрэліся на «Мінск-арэне». І зноў для таго, каб выдатна правесці вечар. Праўда, у іншым фармаце. Гульцы «Дынама» спаборнічалі з балельшчыкамі ў актыўнасцях з забаўляльных праграм тэлебачання. Ключавой падзеяй стала аўтограф-сесія хакеістаў. Магчыма, тут быў пабіты яшчэ адзін рэкорд. Наўрад ці «зубры» да гэтага раздавалі столькі аўтографаў. І яшчэ адзін рэкорд — самая маштабная фатаграфія, якая сабрала ў адным звяне хакеістаў і іх балельшчыкаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота ХК «Дынама-Мінск»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.