Вы тут

Чаму Літва пераўтварылася ў транзітны тупік?


Пасля закрыцця двух літоўскіх пунктаў пропуску чэргі фур на ўезд у Еўрасаюз павялічыліся ўдвая. Пра гэта паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. «Літва 1 сакавіка ў аднабаковым парадку закрыла пункты пропуску «Лаварышкес» (сумежны «Катлоўка») і «Райгардас» (сумежны «Прывалка»). Літоўскі бок заяўляў аб планаваным павелічэнні колькасці супрацоўнікаў у пагранпераходах за кошт рэсурсу, які вызваліўся, аднак гэтага не адбылося. Узраслі чэргі не толькі на граніцы з Літвой, але і на іншых напрамках, — расказалі ў ДПК. — За два тыдні колькасць велікагрузаў на ўезд у ЕС павялічылася на 110 працэнтаў».


«Падобныя недальнабачныя рашэнні разбураюць трансгранічныя механізмы, наносяць шкоду інтарэсам простых грамадзян, грузаперавозчыкам і суб’ектам гаспадарання як самой Літвы, так і Еўрапейскага саюза», — адзначыў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі. Самым загружаным за мінулыя два тыдні заставаўся літоўскі напрамак. Колькасць грузавікоў, якія чакаюць уезду ў гэтую краіну, павялічылася з 1,2 тысячы да больш чым 2,2 тысячы транспартных сродкаў. На латвійскім напрамку з 1 сакавіка чэргі выраслі з 300 да 690 фур. Колькасць грузавікоў на беларуска-польскай граніцы ўзрасла з 50 да 300 адзінак. Як падкрэслілі ў Дзяржпагранкамітэце, улады еўрапейскіх краін дэманстратыўна ігнаруюць калапс на граніцы, мэтанакіравана пагаршаючы абстаноўку. Чаму Літва ў выніку дзеянняў сваіх улад пераўтварылася ў транзітны тупік?

На шкоду народу

Літва прымае санкцыі супраць Беларусі на шкоду ўласнаму народу. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, паведаміла БелТА. У выніку таго, што ў пачатку сакавіка Літва закрыла два пункты пропуску на граніцы, з ранейшых шасці засталося толькі два. «І сітуацыя там дастаткова складаная, вялізныя чэргі. Гэта ўплывае і на людзей, якія ездзяць у асабістых мэтах, і на камерцыйных перавозчыкаў, — адзначыў Раман Галоўчанка. — Мы думаем, што шмат у чым гэта звязана з папулярнасцю Беларусі ў грамадзян Літвы, якія з задавальненнем карысталіся бязвізавым рэжымам, прыязджалі да нас, адпачывалі, куплялі тавары і бачылі рэальную карціну, якая істотна адрозніваецца ад аповедаў літоўскіх улад. Акрамя чыста фінансавых страт, транзіту, Літва на гэтым страціла і вялікі паток беларускіх турыстаў, якія ездзілі туды і пакідалі грошы ў літоўскай эканоміцы».

Кіраўнік урада нагадаў, што Літва напрыканцы 2021 года ўвяла санкцыі супраць транзіту беларускіх калійных угнаенняў. «І які эфект? Беларускія калійныя ўгнаенні пастаўляюцца на экспарт стабільна, летась у нас паказчыкі блізкія да рэкордных. Увесь транзіт пайшоў у расійскія парты. Дык хто выйграў і хто прайграў? Беларусь мае стабільныя аб’ёмы паставак, Расія атрымала беларускі грузапаток (не толькі калійныя ўгнаенні, але і астатнія грузы). Грошы, якія раней заставаліся ў літоўскіх перавозчыкаў, каля чыгункі, каля партоў, атрымалі нашы расійскія партнёры. А Літва засталася ні з чым. Прывяду лічбы: за год, які папярэднічаў забароне, 66 працэнтаў усяго чыгуначнага транзіту праз Літву складалі беларускія грузы. Яны сышлі аднамомантна. А гэта скарачэнне працоўных месцаў, страты фінансаў, бізнесу Літвы. Дык хто пацярпеў ад гэтага рашэння? Самі рабіце высновы, хто ўводзіць санкцыі супраць уласнага народа», — расставіў акцэнты прэм’ер-міністр Беларусі.

Агонія падыходзіць да фіналу

Літоўскае кіраўніцтва, якое вырашыла пабудаваць сцяну на граніцы з Беларуссю, заключыла такім чынам у гета сваё ж насельніцтва. Такое меркаванне на YouTube-канале БелТА выказала расійскі палітолаг і ўсходазнаўца Карынэ Геваргян. «Мы ведаем, якія працэсы ідуць у Прыбалтыцы. Там ёсць людзі, якіх мы называлі нацыяналістамі, але гэта не зусім дакладна. Гэта хутчэй былі этнапатрыёты. Цяпер яны зразумелі, што да чаго. Пры савецкай уладзе яны былі дысідэнтамі, а цяпер сталі відушчымі. Гэта старое пакаленне», — сказала Карынэ Геваргян. Разам з тым, звярнула ўвагу палітолаг, і ў маладзёжным асяроддзі прыбалтыйскіх рэспублік назіраюцца цікавыя тэндэнцыі. «Там ідзе падобны працэс, лёд ужо крануўся», — падкрэсліла яна. Што да палітычнага кіраўніцтва гэтых краін, яно, на думку палітолага, з’яўляецца натурай, якая сыходзіць. Карынэ Геваргян адзначыла і сцяну, якую Літва выбудавала на граніцы з Беларуссю: «Літоўскія палітыкі зрабілі гэта супраць свайго ж насельніцтва. І былыя нібыта нацыяналісты, а насамрэч этнапатрыёты ўсведамляюць гэтую катастрофу».

Як адзначыў у эфіры «Альфа Радыё» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Клішэвіч, ад дзеянняў літоўскіх улад пацерпяць простыя жыхары. «Эканоміка Літвы і сітуацыя ў краіне ў цэлым далёкая ад той, якую хацелі б бачыць нават несамастойныя, прыкормленыя вільнюскія палітыкі, — звяртае ўвагу парламентарый. — Расце незадаволенасць народа. Усё гэта адбываецца ў кантэксце выбараў у гэтай краіне. Там развязалася барацьба паміж дзейным прэзідэнтам і Ландсбергісам-малодшым. І ў рамках гэтай барацьбы асноўнае пытанне ў Літве — беларускае».

Прымаючы рашэнне аб закрыцці пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай граніцы, адзначае Сяргей Клішэвіч, «марыянетка Наўседа і яго банда» спрабуюць паказаць, што такім чынам яны абараняюць інтарэсы сваіх грузаперавозчыкаў і літоўскай эканомікі ў цэлым. «Хоць па факце мы з вамі выдатна разумеем, што вынікаў яны не дасягнуць, — заўважыў парламентарый. — Наадварот, у простых літоўцаў такога роду дзеянні выклічуць толькі негатыў».

Краіны, падобныя да Літвы, па сутнасці, страцілі свой суверэнітэт і незалежнасць. Іх грамадзяне мала што вырашаюць. «Літва і Латвія сёння — гэта адзін з асноўных фарпостаў у ціску, у барацьбе Захаду супраць Расіі, — рэзюмуе эксперт. — І калі ён сапраўды адыграе для тых жа ЗША настолькі важную ролю, то палітычнае поле гэтых краін будзе знаходзіцца пад поўным кантролем амерыканцаў. Так, у Літве пройдуць выбары, там нават можа быць змаганне паміж некалькімі кандыдатамі. Але і той, і другі будуць стапрацэнтнымі стаўленікамі Злучаных Штатаў Амерыкі. Але мы ведаем, што гэтая агонія падыходзіць да фіналу. Таму што ў любога народа ёсць цярпенне і пункт кіпення, які прывядзе да выбуху, да новай грамадска-палітычнай трансфармацыі. Я думаю, у Літве такое становішча не за гарамі, улічваючы, што эканамічная сітуацыя там толькі пагаршаецца».

Вымушаныя меры

Беларусь увяла меры ў адказ на недружалюбныя дзеянні Літвы па закрыцці пунктаў пропуску. Так, урад дапоўніў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, шэрагам тавараў з Літвы. Таксама ўведзена забарона на ўвоз асобных тавараў праз беларуска-літоўскі ўчастак дзяржграніцы. «Я ў аглядзе СМІ ўбачыў каментарый міністра замежных спраў Літвы, які заявіў, што пацерпяць ад гэтых захадаў самі беларусы. Гэта сведчыць аб тым, што людзі ўвогуле не разумеюць, пра што гавораць, і мы гэта ўсё часцей назіраем у выказваннях заходніх палітыкаў, у тым ліку з краін-суседзяў. Рэальнасць успрымання падзей літоўскімі ўладамі страчана, — звярнуў увагу Раман Галоўчанка. — Рашэнне аб мерах у адказ абсалютна выверанае, пралічанае, яно рыхтавалася групамі экспертаў. Ні людзі, ні рынак гэтага не адчуюць».

Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што прынятае рашэнне аб забаронах на ўвоз знізіць націск на астатнія пункты пропуску. «Будзе лягчэй перасякаць граніцу з тымі таварамі, якія нам насамрэч патрэбныя. З іншага боку, ускосна пацерпіць літоўскі бізнес. Не сакрэт, што многія літоўскія лагістычныя, размеркавальныя цэнтры спецыялізаваліся на акумуляванні вялікіх таварных партый. Гэта не літоўскія тавары, яны паступаюць з розных краін, але з улікам лагістычнай блізкасці да нас было зручна там усё гэта акумуляваць. Яны страцяць гэтыя патокі, якія пойдуць па іншых маршрутах. Гэта вымушаная мера, з якой мы былі абавязаны выступіць, зыходзячы з нашых нацыянальных інтарэсаў. Калі хто і вінаваты ў гэтым рашэнні, то толькі сам урад Літвы», — заявіў прэм’ер-міністр.

Меры ў адказ на недружалюбныя дзеянні Літвы не адаб’юцца на беларускай эканоміцы і спажыўцах, заявіў Раман Галоўчанка. «Гаворка ідзе пра дзве пастановы ўрада, якія ўводзяць забароны. Першая з іх датычыцца прадукцыі з Літвы, гэта ў асноўным харчовая група. У год мы імпартавалі яе на невялікую суму — каля 5-6 мільёнаў долараў. Упэўнены, што забарона ніяк не адаб’ецца на нашай эканоміцы, на спажывецкім рынку. А тыя, хто не можа абысціся без літоўскай шакаладкі, не пацерпяць. На фізічных асоб і тавары для асабістага карыстання дзеянне абедзвюх пастаноў не распаўсюджваецца», — звярнуў увагу Раман Галоўчанка.

Другая пастанова ўводзіць абмежаванні на пастаўкі прамысловых партый тавараў. «Усяго іх было ўвезена ў Беларусь у мінулым годзе на суму каля 150 мільёнаў долараў у аб’ёме каля 60 тысяч тон. Але гэта не значыць, што гэтыя грузы не трапяць да нас. Яны проста пойдуць па іншым лагістычным маршруце — праз Латвію, Польшчу. Забарона распаўсюджваецца на іх увоз толькі праз беларуска-літоўскі ўчастак граніцы», — адзначыў прэм’ер-міністр.

Не спальваем масты

Як паведамлялася, урад дапоўніў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Адпаведныя змены ўнесены ў пастанову Саўміна ад 6 снежня 2021 года № 700. У прыватнасці, у названы пералік уключаны асобныя тавары, якія паходзяць з Літвы: малако і згушчаныя вяршкі, садавіна і арэхі, кава, фруктовыя сокі, воды, воцат, калготкі, панчохі, гольфы, шкарпэткі і іншыя панчошна-шкарпэткавыя вырабы, асобныя будаўнічыя вырабы, халадзільнікі і маразільнікі.

Урад Беларусі таксама ўвёў забарону на ўвоз асобных тавараў праз беларуска-літоўскі ўчастак дзяржграніцы. Забаронены да ўвозу для рэалізацыі і спажывання на тэрыторыі Беларусі наступныя тавары: воды, піва, віна, вінаграднае сусла, вермуты, іншыя зброджаныя напіткі, спірт этылавы, воцат, шыны і пакрышкі пнеўматычныя гумовыя, адзенне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжыванні, а таксама былыя ва ўжыванні часткі транспартных сродкаў.

«З прыняццем апошняга дакумента імпартны таварапаток зможа паступаць у Беларусь толькі па альтэрнатыўных маршрутах у абыход тэрыторыі Літвы. Гэта негатыўна адаб’ецца на дзейнасці шматлікіх літоўскіх лагістычных аператараў і прывядзе да адчувальнай страты іх даходаў у сувязі з істотным скарачэннем тавараабароту», — заявілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. У ведамстве адзначылі, што названыя забароны не закранаюць тавары, якія ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі для асабістага карыстання. «Што датычыцца магчымых прэтэнзій прадстаўнікоў літоўскага бізнесу, то іх трэба адрасаваць уласным уладам, якія прымаюць рашэнні, што ідуць уразрэз з нацыянальнымі інтарэсамі», — падкрэслілі ў МЗС.

У міністэрстве заявілі, што ў аналагічным ключы не застануцца без адказу і крокі ўрада Латвіі ў сувязі з увядзеннем у 2024 годзе імпартнага эмбарга ў адносінах да шэрагу беларускіх тавараў харчовай групы. «Відавочны контрпрадукцыйнасць і бесперспектыўнасць любых санкцыйных мер, накіраваных супраць Беларусі. Такія дзеянні толькі ўзмацняюць самаізаляцыю нашых прыбалтыйскіх суседзяў, падрываюць іх эканамічны патэнцыял, які слабее. Заклікаем Вільнюс і Рыгу прыўнесці ў сваю палітыку больш самастойнасці, узважанасці і арыентаванасці на сапраўдныя інтарэсы ўласнага народа», — адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.

Пры гэтым наша краіна зусім не спальвае масты. «У гэтага рашэння пэўныя часавыя рамкі — да кастрычніка. Яно можа быць або адменена з заканчэннем тэрміну дзеяння, або прадоўжана. Паглядзім, як гэта адаб’ецца на загружанасці пунктаў пропуску. Падкрэсліваю: мы да дыялогу гатовы заўсёды, — заявіў прэм’ер-міністр Беларусі. — І не мы рабілі першыя крокі, накіраваныя на пагаршэнне добрасуседскіх адносін паміж краінамі. Самае галоўнае для нас — нармалізаваць транспартныя патокі. Будзе гатоўнасць з іх боку гэтае пытанне канструктыўна вырашаць — мы гатовыя. Будзе рашэнне — у нас яшчэ ёсць дастатковы арсенал, каб рэагаваць на любыя недружалюбныя дзеянні ў адносінах да нашай краіны, хто б іх ні рабіў».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.