Вы тут

Члены Савета Рэспублікі разгледзелі законапраекты і прынялі кадравыя рашэнні


Праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі» прадугледжвае карэкціроўку 12 законаў. У прыватнасці, удасканальваецца сістэма воінскага ўліку, апавяшчэння і яўкі грамадзян на мерапрыемствы па прызыве. Уводзіцца абавязак грамадзян у ваенны час і перыяд мабілізацыі з’яўляцца на пункты збору пасля апавяшчэння пры дапамозе СМС-паведамлення. У мірны час СМС-паведамленне будзе з’яўляцца дадатковай крыніцай інфармавання грамадзян. 


Фота: БелТА

Пастаноўка на воінскі ўлік з 17 гадоў і добраахвотны ўдзел у абаронных мерапрыемствах 

Як звярнуў увагу міністр абароны Віктар ХРЭНІН, спрашчаецца парадак медыцынскага агляду грамадзян пры іх прызыве на воінскую службу. «У прыватнасці, выключыўшы абавязковасць накіравання грамадзян на медыцынскае абследаванне перад адпраўкай у войскі, мінімізуецца магчымасць нядобрасумленных грамадзян ухіліцца ад прызыву на тэрміновую ваенную службу», — патлумачыў кіраўнік абароннага ведамства.

Ëн расказаў, што змяняецца і ўзрост першапачатковага прыёму грамадзян мужчынскага полу на воінскі ўлік: не з 16-ці гадоў, як было дагэтуль, а з 17 гадоў. Гэта дасць магчымасць максімальна наблізіць вынікі медыцынскага агляду грамадзян пры прыпісцы і прызыве на тэрміновую ваенную службу. Удакладняецца пералік ваеннаабавязаных, якім даецца адтэрміноўка ад прызыву па мабілізацыі, што дасць магчымасць атрымліваць адтэрміноўку найбольш сацыяльна-ўразлівым катэгорыям грамадзян. Пашыраны пералік мерапрыемстваў воінскага ўліку і прызыву, пры якіх ваеннаабавязаныя вызваляюцца ад работы з захаваннем за імі месца работы, сярэдняга заробку і кампенсацыяй ім расходаў па праездзе. Органы дзяржаўнай бяспекі надзяляюцца паўнамоцтвамі на складанне пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях за няяўку без уважлівых прычын на мерапрыемствы па прызыве грамадзян, якія знаходзяцца ў іх на воінскім уліку.

«Прадугледжваецца магчымасць удзелу грамадзян на добраахвотнай аснове ў выкананні работ абароннага характару ў мірны час, — паведаміў Віктар Хрэнін. — Выкананне названага віду работ будзе ажыццяўляцца на платнай аснове, з захаваннем сярэдняга заработку па месцы работы або з выплатай фіксаваных сум (для непрацуючых грамадзян). Замацоўваецца абавязак мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў выплачваць за грамадзян у перыяд праходжання імі збораў і ўдзелу ў мерапрыемствах мабілізацыйнай падрыхтоўкі, страхавыя ўзносы на пенсійнае страхаванне, за выключэннем грамадзян, каму адпаведныя гарантыі і кампенсацыі прадастаўляюцца па месцы іх работы. Прадугледжваецца стварэнне ўпаўнаважанага органа, які ажыццяўляе фарміраванне дзяржаўнай палітыкі ў галіне мабілізацыйнай падрыхтоўкі эканомікі».

Ваенныя камісары надзяляюцца правам абмяжоўваць выезд за межы краіны грамадзян, якія парушаюць абавязкі па воінскім уліку і ўхіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу. Раней абмежаванне распаўсюджвалася на ваенную службу і не датычылася катэгорыі «закліканыя на ваенныя зборы».

Як падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ, гэта комплексны законапраект, які датычыцца не толькі пытанняў абароны, нацыянальнай бяспекі, а і працоўных адносін, пытанняў сацыяльнага забеспячэння. «Законапраект прайшоў экспертызу Экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі, — удакладніў сенатар. — Быў выказаны шэраг заўваг, якія Міністэрства абароны ўлічыла ў выніковым дакуменце. Змяненні наспелі, дакумент адпавядае рэаліям часу, той абстаноўцы, у якой мы цяпер жывём, у першую чаргу звязанай з геапалітычнай напружанасцю, пытаннямі абароны, неабходнасцю ўмацоўваць нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь у сувязі з дзеяннямі несяброўскіх краін і такой арганізацыі, як НАТА».

Крэдытныя гісторыі, манапольныя расследаванні і новыя паўнамоцтвы Беларускай гандлёва-прамысловай палаты

Адобраны сенатарамі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб крэдытных гісторыях» прадугледжвае пашырэнне крыніц фарміравання крэдытных гісторый за кошт юрыдычных асоб, якія рэалізуюць тавары, работы, паслугі на ўмовах адтэрміноўкі або растэрміноўкі аплаты. Прадастаўленне адпаведных звестак у Крэдытны рэгістр будзе ажыццяўляцца на добраахвотнай аснове. Прадугледжана магчымасць устанаўлення фізічнай асобай забароны на прадастаўленне крэдытнай справаздачы. Выключаецца мэтавае выкарыстанне крэдытных справаздач у мэтах нівелявання рызык злоўжывання звесткамі, якія змяшчаюцца ў іх. 

Карыстаючыся выпадкам, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА выказала ўдзячнасць «Беларусбанку» і, у прыватнасці, сенатару Віктару Ананічу, які з’яўляецца старшынёй праўлення ААТ «АСБ Беларусбанк», за прынятае рашэнне аб крэдытаванні грамадзян пры набыцці беларускіх тавараў пад 4 %. Спікер адзначыла, што гэты вопыт могуць пераняць і іншыя банкі. «Па-першае, гэта падтрымка нашых вытворцаў, — патлумачыла важнасць такога рашэння Наталля Качанава. — Па-другое, гэта магчымасць набыць людзям тое, што яны хочуць. Мы ведаем, наколькі цікава і маладым людзям сёння набыць тое, што ім падабаецца. Мы бачым: банкі ідуць насустрач нашым грамадзянам». 

Законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі» накіраваны на ўдасканаленне працэдур правядзення антыманапольных расследаванняў, аптымізацыю работы ў галіне кантролю за эканамічнай канцэнтрацыяй, павышэнне эфектыўнасці абароны інтарэсаў добрасумленных суб’ектаў гаспадарання. У прыватнасці, скарачаюцца тэрміны правядзення расследаванняў у мэтах своечасовага ўхілення абмежаванняў на таварных рынках (максімальны тэрмін правядзення антыманапольных расследаванняў скарачаецца з трох гадоў да дзевяці месяцаў). Устанаўліваецца магчымасць адклікання пададзенай заявы па справах аб нядобрасумленнай канкурэнцыі, што дасць магчымасць спыняць расследаванне ў выпадку прымірэння і самастойнага ўрэгулявання канфлікту паміж канкурэнтамі. Зацікаўленыя асобы будуць апавяшчацца аб тым, што ў дачыненні да іх праводзіцца антыманапольнае расследаванне з прадастаўленнем матэрыялаў для азнаямлення.

Таксама адобраны законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб гандлёва-прамысловай палаце». Беларуская гандлёва-прамысловая палата надзяляецца паўнамоцтвамі па распрацоўцы і ўнясенні ва ўстаноўленым парадку на разгляд Савета Міністраў праектаў нарматыўных прававых актаў урада па пытаннях, перададзеных ёй у адпаведнасці з заканадаўствам. Беларуская гандлёва-прамысловая палата будзе пералічваць частку даходаў у рэспубліканскі бюджэт у адпаведнасці з яе статутам. З’езды арганізацыі будуць праводзіцца не радзей як адзін раз у пяць гадоў. Старшыня выбіраецца тэрмінам на пяць гадоў.

З клопатам аб братах нашых меншых 

Сенатары адобрылі праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Законапраектам устанаўліваюцца правы і абавязкі ўладальнікаў жывёл (фізічных і юрыдычных асоб) у галіне абыходжання з жывёламі, замацоўваюцца павышаныя патрабаванні да ўтрымання небяспечных сабак, а таксама сабак, якія патрабуюць асаблівай адказнасці ўладальнікаў. Вызначаюцца агульныя патрабаванні па абыходжанні з жывёламі: не дапускаюцца дзеянні (бяздзеянне), якія могуць прычыніць шкоду здароўю, у тым ліку траўмы і калецтвы, або гібель жывёл, а таксама ўтрыманне, выкарыстанне жывёл ва ўмовах, не ўласцівых гэтым відам (пародам) жывёл. 

Па словах члена Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Марыі ВАСІЛЕВІЧ, у рабоце над законапраектам актыўны ўдзел прымалі і сенатары. «Найбольш абмяркоўвалася норма аб чыпіраванні, — удакладніла дэпутат. — На этапе разгляду законапраекта ў першым чытанні захоўвалася норма аб абавязковым чыпіраванні ўсіх сабак і катоў. Пасля грамадскага абмеркавання, якое праходзіла ў кастрычніку 2023 года, мы прыйшлі да высновы, што грамадства пакуль не гатова да гэтага. Такім чынам, законапраект утрымлівае не абавязак, а права ўладальнікаў на чыпіраванне сваіх жывёл».

З сенатараў — у дэпутаты

У сувязі з тым, што пяць членаў Савета Рэспублікі (Алег Дзячэнка, Юрый Наркевіч, Сяргей Рачкоў, Алег Раманаў і Кацярына Серафіновіч) выбраны дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання, разгледжана пытанне аб датэрміновым спыненні іх паўнамоцтваў у якасці сенатараў. Наталля Качанава павіншавала калег з выбраннем і пажадала паспяховай работы на карысць нашай краіны і нашага народа. «Няхай дэпутацкая дзейнасць, якой вы будзеце займацца на працягу пяці гадоў, прынясе і вам радасць ад работы, і, вядома, будзе на карысць нашай роднай Беларусі», — падкрэсліла спікер.

Віншаванні і пажаданні былі адрасаваны і сенатарам Дзмітрыю Дзямідаву і Наталлі Якубіцкай, якія выбраны старшынямі Віцебскага і Мінскага абаласных Саветаў дэпутатаў адпаведна, іншым членам Савета Рэспублікі, якія сталі дэпутатамі абласных і раённых Саветаў дэпутатаў. 

Як адзначыў у размове з журналістамі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Алег РАМАНАЎ, досвед, атрыманы падчас работы сенатарам, яму абавязкова спатрэбіцца падчас дэпутацкай дзейнасці. «Наша краіна паспяхова вырашыла тыя задачы, якія патрабаваліся абноўленай Канстытуцыяй, аднак гэта не гаворыць пра тое, што заканадаўчая работа завершана, — звярнуў увагу сенатар. — Жыццё не стаіць на месцы. Шмат работы, звязанай з удасканаленнем дзейнасці і грамадзянскай супольнасці, і палітычных партый, аб чым гаварыў на нядаўняй нарадзе кіраўнік нашай дзяржавы. Ёсць работа, звязаная з удасканаленнем эканомікі ва ўмовах выклікаў. Пэўныя задачы перад намі стаяць у сферы ўдасканалення духоўнага жыцця нашай краіны: гэта культура, адукацыя, мастацтва. І па ўсіх гэтых напрамках дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі наступнага склікання будуць напружана і адказна працаваць».

Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алега ДЗЯЧЭНКІ, перыяд дзейнасці ў Савеце Рэспублікі прайшоў вельмі хутка і незаўважна, але гэта былі прадукцыйныя гады, напоўненыя важнымі падзеямі і сур’ёзнымі справамі. «Набыты вельмі багаты вопыт парламенцкай работы, які ўключае ў сябе і заканатворчую дзейнасць, і работу з насельніцтвам (гэта і сустрэчы з грамадзянамі, і работа ў працоўных калектывах), — адзначыў ён. — Каштоўны досвед аттрыманы падчас падрыхтоўкі змяненняў і дапаўненняў да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мы правялі дзясяткі дыялогавых пляцовак, іншых мерапрыемстваў высокага ўзроўню. Спадзяюся, што гэты вопыт будзе выкарыстаны ў далейшай парламенцкай дзейнасці, каб і далей працаваць на карысць людзей, маіх выбаршчыкаў, Рэспублікі Беларусь».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.