Вы тут

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі адзначыў 60-гадовы юбілей


З моманту заснавання, БДУІР аказаў значны ўплыў на развіццё айчынных навукі, адукацыі і прамысловасці. Таму не дзіўна, што павіншаваць са святам слаўны калектыў прыбылі прадстаўнікі органаў кіравання краіны і флагманаў прамысловасці Беларусі. Прымаў гэтымі днямі ўніверсітэт і замежных гасцей — навукоўцаў з Расіі, Кітая, Узбекістана, Казахстана, Індыі, Таджыкістана і іншых краін.


Рэктар БДУІР Вадзім Богуш.

У рамках святочных мерапрыемстваў адбылося адкрыццё пастаяннай выставы навукова-тэхнічных распрацовак універсітэта. Таксама напярэдадні юбілейнага свята, 14 сакавіка, ВНУ арганізавала маштабную міжнародную навукова-метадычную канференцыю «Інжынерная адукацыя ў лічбавай супольнасці». Своечасовая і сучасная, яна прадугледжвала грунтоўныя тэхнічныя даклады і выступленні. А ў прывітальным слове рэктар БДУІР Вадзім Богуш адзначыў: «На якія б вяршыні не падымаліся тэхналогіі, як бы настойліва ні прабіваў сабе шлях у будучыню штучны інтэлект, самым каштоўным былі і застаюцца жывыя, чалавечыя зносіны. Тыя, што мы маем з вамі сёння». А тое, што ў Мінск на канферэнцыю асабіста прыехалі з розных стран, не абмежаваўшыся менш затратным і больш зручным анлайн-удзелам, пераважная большасць запрошаных, надало словам Вадзіма Анатольевіча асаблівы сэнс.
Кіраўнік універсітэта расказаў таксама аб укараненні сучасных тэхналогій.

«Мы з’яўляемся адным з першых універсітэтаў краіны, які пачаў займацца пытаннямі лічбавай адукацыі і дыстанцыйнага навучання. Метадам спроб і памылак, а таксама вывучаючы вопыт нашых калег, мы дастаткова нядрэнна рухаемся ў кірунку, звязаным з укараненнем сучасных тэхналогій у адукацыйны працэс. Гэтыя тэхналогіі становяцца элементамі ўніверсітэцкага інфармацыйнага асяроддзя і садзейнічаюць павышэнню якасці адукацыі», — сказаў ён.

Вадзім Богуш таксама адзначыў, што ключавая мэта ВНУ — стварэнне экаасяроддзя, якое спрыяла б якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Далей рэктар засяродіў увагу на адказнасці вучонага і педагога за будучыню тэхналагічнага развіцця: «З аднаго боку, без яго немагчымая эканамічная перавага і сапраўдны суверэнітэт для нашай краіны, а з другога — гэта патрабуе сур’ёзнага аналізу ў пытаннях бяспекі і развіцця тэхналогій».

Аднак вернемся да канферэнцыі. Яе удзельнікамі сталі каля 300 чалавек: вядучыя эксперты ў галіне падрыхтоўкі інжынерных кадраў, прадстаўнікі навучальных ўстаноў, профільных міністэрстваў і ведамстваў, якія курыруюць і укаранаюць лічбавыя рашэнні ў сферу адукацыі.

На пленарным пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні фарміравання новай маделі сучаснай інжынернай адукацыі. Асабліва цікавай гэта тэма была ў частцы арыентацыі на вырашэнне задач інавацыйнага развіцця краіны. Тут жа гаварылася і пра мнагамернае крэатыўнае мысленне, а таксама пра нанатэхналогіі, дапоўненную рэальнасць і інш.

На ўдзел у канферэнцыі было пададзена 240 дакладаў — рэкордная лічба. Таму і работа ў секцыях, якая пачалася пасля пленарнага пасяджэння, выдалася асабліва напружанай.

Падчас правядзення канферэнцыі.

Самай шматлікай была секцыя, прысвечаная падрыхтоўцы інжынерных кадраў ва ўмовах алічбоўкі эканомікі: удзел узялі 22 спікеры. Трэба адзначыць, што тэмы семінараў і пасяджэнняў закраналі розныя аспекты інжынернай адукацыі. Гэта і станаўленне асобы інжынера ва ўмовах гібрыдных пагроз, і інтэграцыя тэхнічнага і гуманітарнага — новы падыход да адукацыі інжынераў будучыні. Расійскія навукоўцы падзяліліся праблемамі і перспектывамі мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў сваёй краіне. Ішла размова і аб тым, якія стылі навучання выкарыстоўваюцца тэхнічнымі ВНУ сёння і якімі іх бачаць у будучыні. Разглядаліся нават філасофскія аспекты выкарыстання штучнага інтэлекту і такая праблема, як развіццё жыццеўстойлівасці студэнтаў інжынерных спецыяльнасцяў.

Канферэнцыя вылілася ў вялікую размову не толькі аб тым, якія формы і метады навучання інжынераў выкарыстоўваюцца сёння і якімі яны павінны быць у ідэале. Размаўлялі і аб надзённым, і аб тым, ці стане дабром для студэнтаў поўны пераход працэсу навучання да ІT-тэхналогій і ці не сыдзе са студэнцкага жыцця такая яго важная частка, як зносіны з выкладчыкамі і аднагрупнікамі...

У перапынку мы папрасілі Андрэя Ліхавіда, першага прарэктара Паўночна-Каўказскага федэральнага ўніверсітэта, адказаць, якія трэнды сёння існуюць у падрыхтоўцы інжынерных кадраў і як ён ацэньвае падрыхтоўку спецыялістаў у ВНУ Беларусі.

«У любым інжынеры самы важны складнік той, які ён атрымлівае ў працэсе адукацыі. Сёння прынята дзяліць: інжынер мінулага, сучаснага, будучага... Не стану доўга разважаць на гэтую тэму, выкажу сваё меркаванне. Ніякі штучны інтэлект не зробіць з рамесніка сапраўднага майстра. Сэнс адукацыі — спосаб мыслення, а галоўным трэндам і з’яўляецца тое самае мысленне. Так было ва ўсе часы. Мысленне інжынера адрозніваецца ад клінічнага мыслення доктара, ад навуковага мыслення навукоўца. Ніякі штучны інтэлект не заменіць урокі майстра — працэсу, дзе сваю ролю іграе нават самая нязначная дробязь, дзе інтанацыя і нават погляд маюць свой асаблівы сэнс. Калі ў эканоміку краіны прыйдуць інжынеры з мысленнем рамесніка, не будзе ніякай эканомікі...На шчасце, у Беларусі доўгі час захоўваецца сэнсавы суверэнітэт у інжынернай адукацыі. Гэтую сферу нельга назваць кансерватыўнай, але яна мае выразныя рысы суверэннасці, дзе гарманічна суіснуюць новыя тэхналогіі і традыцыі ў падрыхтоўцы інжынерных кадраў. І гэта — правільна абраны шлях», — зазначыў расійскі навуковец.

Алена ВІНАГРАДАВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.