Вы тут

Аб чым разважалі ўдзельнікі абласнога конкурсу «Я — заканадаўца»


У Гродзенскай вобласці падведзены вынікі творчых работ па тэме беларускага заканадаўства. Найлепшымі ў трох намінацыях прызнана шэсць праектаў. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла ў Шчучыне з удзелам прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса, выканаўчай улады, педагогаў, студэнтаў і школьнікаў.


Абласны конкурс «Я — заканадаўца» заснаваны асацыяцыяй мясцовых Саветаў пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў і праходзіць другі раз. Па словах арганізатараў, было прадстаўлена больш як шэсцьдзясят работ па трох тэмах. З іх журы выбрала шэсць найбольш крэатыўных і глыбокіх.

Свае работы фіналісты прадставілі ў музеі сімволікі СШ № 2 Шчучына. Дарэчы, адна з намінацый была прысвечана 30-годдзю Канстытуцыі Беларусі. Падчас прэзентацыі сваіх работ студэнтка Мірскага дзяржаўнага каледжа Марына Русак зазначыла, што станаўленне і развіццё краіны складваецца з невялікіх, на першы погляд, поспехаў і дасягненняў народа. І тут важна падпарадкоўвацца адзіным правілам паводзін, законам, якія забяспечваюць жыццядзейнасць спакойнага, здаровага і стабільнага грамадства. Канстытуцыя для людзей — гэта як камертон для музычных інструментаў, — лічыць дзяўчына.

Па словах старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюта, значная колькасць работ была даслана па тэме «Хто ён — мой дэпутат?» Відавочна, што гэта тэма цікавіць сучасную моладзь, асабліва падчас шырокай электаральнай кампаніі, якая адбылася ў другой палове сакавіка.

— Маладыя людзі сустракаліся з дэпутатамі падчас дыялогавых пляцовак, на форумах і пасяджэннях Маладзёжнага парламента. Таму і работы атрымаліся змястоўныя і глыбока прадуманыя. Магчыма, удзел у конкурсе стане для некаторых фіналістаў крокам у будучую дэпутацкую дзейнасць, — выказала меркаванне Алена Пасюта.

Дык які ён — наш дэпутат? Фіналістка конкурсу Дар’я Барыш, якая вучыцца ў гімназіі Шчучына, лічыць, што дэпутат павінен жыць паводле «залатога правіла», гэта значыць, ставіцца да сваіх выбаршчыкаў так, як хоча, каб ставіліся да яго. «Дэпутат не мае права быць фальшывым і двудушным», — рэзюміруе школьніца.

А вучань Трабскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Глеб Мікша прыкладам асобы дэпутата лічыць свайго бацьку — адказнага і прыстойнага чалавека. Па яго шляху марыць пайсці і сённяшні школьнік. У будучым ён плануе звязаць сваё жыццё з малой радзімай і рабіць усё магчымае для развіцця роднага аграгарадка.

Таксама цікавасць у шырокай аўдыторыі выклікала тэма «Я прапаную зрабіць наступны год годам...» У гэтай намінацыі было выказана нямала ідэй. Найбольш слушнымі, на думку журы, сталі работы двух фіналістаў. Акцэнт рабіўся на патрыятычным складніку прапановы. Напрыклад, вучань Воранаўскай сярэдняй школы Яўген Вараб’ёў прапануе ад Года якасці перайсці да Года нацыянальных брэндаў. У Беларусі выпускаецца шмат прадукцыі, якой можна ганарыцца. Яна атрымала шырокую сусветную вядомасць. Але такой прадукцыі можа быць яшчэ больш.

Свае бачанне ў гэтай намінацыі выказаў дыпламант конкурсу, вучань Пескаўскай школы Мастоўскага раёна Алег Мандзік. Ён лічыць, што павінен быць Год адказнасці, каб усе адчувалі адказнасць не толькі за стваральную працу, але і за незалежнасць краіны, а пры неабходнасці маглі яе абараніць.

Конкурс атрымае працяг і ў далейшым, паведамілі яго арганізатары. Бо гэта не толькі спаборніцтва праектаў, але і дачыненне моладзі да жыцця краіны. Каб маладыя людзі маглі ўсвядоміць сваю ролю ў грамадстве.

— Конкурс «Я — заканадаўца» вельмі важны і патрэбны як для саміх удзельнікаў, так і для дзяржавы, — падкрэсліў старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў Анатоль Нікіцін. — Па-першае, моладзь будзе глыбей ведаць законы краіны. Па-другое, удзельнікі праекта змогуць на сваім узроўні данесці гэтыя законы да сваіх равеснікаў, бацькоў. Ну і галоўнае, усім будзе больш камфортна жыць у краіне, законы якой адпавядаюць спадзяванням усіх яе жыхароў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота dzyannіca.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.