Вы тут

Успамін пра Міколу Мятліцкага, пра час і крыху пра нас


З Міколам Мятліцкім мы знаёмыя з канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя. А сябравалі з пачатку 80-х. Мікола быў сватам у нас з Людмілай Рублеўскай на вяселлі. Мы з ім ездзілі ў мае Пугачы да маіх бацькоў. Мы разам шмат разоў выступалі ў школах і бібліятэках. І я шмат разоў, калі яшчэ быў халасцяком, начаваў у Міколы з Ірынай. На маіх вачах раслі і вырасталі іх дзеці — Ганначка і Валера. І, калі ўспамінаць усё, што мы разам перажылі, перадумалі, перамарылі, дык трэба напісаць цэлую кніжку. І, каб напісаць, трэба шмат часу. А цяпер якраз часу і няма. 20 сакавіка 2024 года Міколу Мятліцкаму, заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэату прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» ды ўладальніку іншых літаратурных узнагарод, было б 70 гадоў. На жаль, будзем святкаваць без юбіляра. Няхай мне даруе Мікола Міхайлавіч, што, успамінаючы яго, скарыстаюся тым, што ўжо было запісана ў маім дзённіку. Спадзяюся, чытачам «Звязды» будзе цікава адчуць жывы подых часу.


1981 год. Каралішчавічы. Семінар маладых літаратараў —  Мікола Мятліцкі, Ала Канапелька, Віктар Шніп.

23.07.1986. З Міколам Мятліцкім паехаў на дачу. Ён прывёз Вялюгіну газеты. Пагаварылі. Бачыліся з Леанідам Дайнекам і Алесем Савіцкім. Міколава дача стала, як панскі дом. Ехалі назад з Васілём Гігевічам...

30.10.1987. Паехаў у політэхнічны інстытут выступаць. Калі падышоў — ужо былі Вольга Гурская з Міколам Мятліцкім. Хуценька пайшлі на чацвёрты паверх у бібліятэку, дзе нас ужо чакала недзе жанчын сорак і адзін хлопец. Нашы кніжкі хадзілі па руках. Мікола гаварыў і чытаў вершы недзе болей паўгадзіны. За выступленне падарылі нам па букеце кветак.

28.11.1988. Вечар. Гатую гарбату. І раптам чую голас Люды: «Ідзі, нехта тэлефануе». Падымаю трубку. Галубовіч. Не разабрацца, што ён гаворыць. Пытаюся: «Адкуль звоніш?» — «З Мінску, ад Мятліцкага. Заўтра ідзеш?» — «Куды?» — «На пахаванне...» — «Якое пахаванне?..» — «Што, і ты не ведаеш? Янішчыц у пятніцу... Я ў Маскве ведаю, а вы тут, у Мінску, нічога не ведаеце. І Асташонак не ведае...» (...) «Добра, што вы ёсць, хлопцы», — казала пра Мятліцкага і мяне Янішчыц. Скардзілася, што няма сяброў, што ўсе зайздросцяць, гатовыя з’есці. На што я сказаў: «У вас на працы добры калектыў, як нідзе». — «Хлопцы харошыя, я з імі сябе адчуваю як дома». — «Вось пойдзеце на працу і супакоіцеся». — «Добра. Добра, што ты прыйшоў. Пачаставала б гарэлкай. Ды цяпер няма. Сазвонімся пасля. Я вас з Міколам Мятліцкім запрашу асобна. Пасядзім, пагамонім...»

19.12.1988. У суботу з Мятліцкім і Вадзімам Спрынчанам ездзілі да Міколы на дачу. Абвязвалі яблынькі ад зайцоў. Надвор’е было немарознае, ціхае. Нагаманіліся, але і намерзліся. Вадзім паехаў раней — яму трэба ў басейн. А мы яшчэ пакапаліся ў снезе. Грэліся каля каміна. Нагрэліся так, што ў Міколы загарэўся чаравік. Пасмяяліся.

14.01.1989. У нас дома быў Мікола Мятліцкі. Прынёс для Люды букет. Рукапіс яе ён падрыхтаваў да друку. Хваліў, віншаваў, жартаваў. Затым Мікола ўгаварыў мяне паехаць на дзень нараджэння да Вадзіма Спрынчана. Я ўзяў пляшку добрага віна і каробку цукерак. Мікола выкупіў карціну за 46 рублёў. У Вадзіма хораша пасядзелі. Калі сабачку далі костку і той пачаў грызці яе, Мікола пажартаваў: «Прыемна чуць, як трашчаць косці нашых ворагаў!..»

29.01.1989. Быў у Мятліцкага. Закончылі складанне рукапісу зборніка для «Школьнай бібліятэкі». У Міколы выйшаў сігнал «Горкага выраю». Задаволены, як хлапчук.

15.02.1996. Люда збіраецца перайсці на працу ў «ЛіМ». Учора да нас у рэдакцыю прыходзіў Мятліцкі. Пасля аперацыі ходзіць з кавенькай, але па-ранейшаму жартуе.

6.09.2010. Па дарозе ў Хойнікі, на Дзень беларускага пісьменства, аўтобусы з гасцямі з Мінска на мяжы Гомельскай і Магілёўскай абласцей сустрэла міліцыя. Нас суправаджалі па дарозе, абапал якой, недзе за кіламетраў пяцьдзясят да сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства, было на што паглядзець. Гэта і плакаты з віншаваннямі, і вялікія самаробныя лялькі ў нацыянальных строях, і цытаты з твораў класікаў беларускай літаратуры. Праязджаючы, побач з Глінішчамі можна было ўбачыць расфарбаваны аўтобусны прыпынак з вялікім намаляваным партрэтам Івана Мележа. На наступным прыпынку быў партрэт Якуба Коласа. На трэцім — Міколы Мятліцкага. А далей былі прыгожыя вобразы паляшучак і буслоў...

30.01.2017. Выдаём для публічных бібліятэк амаль 500 старонак вершаў Міколы Мятліцкага. Мікола вельмі задаволены тамінай і ні грама не сумняецца, што яе будуць чытаць. Гаворачы пра літаратуру, Мікола згадаў, як ён у свой час хадзіў у Акадэмію навук да N. Той адразу ж заявіў: «Сучаснай беларускай літаратуры няма. Быў адзін паэт, і той прапаў!» Мікола не спалохаўся вялікага начальніка і пачаў даказваць, што літаратура сучасная ў нас ёсць. І даказаў, і была падпісаная дамова з «Полымем», дзе публікацыі сталі ўлічвацца пры абароне кандыдацкіх дысертацый.

23.02.2017. Сёння нашу дачку Вераніку з малым Кастусём выпісалі з 7-й бальніцы «Маці і дзіця». Людміла ездзіла на выпіску. Прыехала. Глядзіць, што побач знаёмая нейкая жанчына. А гэта ж жонка Міколы Мятліцкага Ірына. Сёння якраз у адзін час з Веранікай выпісалі іх Ганну з дачкой Надзяй. Унучка Мятліцкіх крыху старэйшая за нашага ўнука. Міколу цяпер будзе радасці і натхнення на дзіцячыя вершы.

23.05.2018. Быў у Доме Дружбы, што на вуліцы Захарава. Удзельнічаў у прэзентацыі кнігі «Начныя птушкі» народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна, што выйшла ў «Мастацкай літаратуры» ў перакладзе Міколы Мятліцкага. Усё было добра. Дзякуючы Міколу, было сапраўднае свята паэзіі і сяброўства.

1.11.2019. Нядаўна выйшаў з друку творчы альбом народнага мастака Беларусі Івана Міско. Прэзентацыя адбылася ў кнігарні «Светач». Выступілі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Мікола Мятліцкі, паэтэса Аліна Легастаева, паэт-песеннік Фёдар Баравой. Іх запрасіў сам Іван Якімавіч. Ён робіць скульптурны партрэт Міколы.

5.02.2021. Раніцай было 16 градусаў марозу. У Доме прэсы прэзентавалі кнігу «Іван Мележ. Пясняр Палесся», што выйшла ў серыі «ЖЗЛБ». З выдавецтва ездзілі з Бадаком і Дайлідавым. Да нас далучыўся Мікола Мятліцкі, на якім ўся прэзентацыя і трымалася.
16.02.2021. Раніцай было 20 марозу. Бязветрана. Снег змерз, і па ім можна хадзіць, як па страсе. А дзясятай засвяціла сонца. Мікола Мятліцкі пасля ўскладання кветак да помніка Наваі захварэў. Кажа, што ў яго бранхіт.

16.09.2021. Усё больш халадае. Восень бярэ пад свой кантроль наша жыццё. На працы клопатаў хапае. Мікола Мятліцкі прыслаў абяцаныя ўспаміны. Кінуў вокам. Цікава. Будзем друкаваць і чакаць ад Міколы працягу.

17.09.2021. Прачытаў для «Полымя» аповед-успамін «Сполахі даўніх зарніц» Міколы Мятліцкага. Чытаецца, як п’ецца добрае віно. Не магу не прывесці цытату:

«У 2010 годзе на Свяце пісьменства, якое прайшло ў Хойніках дзякуючы здзейсненаму ў айчыннай літаратуры праслаўленым земляком Іванам Паўлавічам Мележам, да мяне падышла пажылая жанчына. Калона ўдзельнікаў свята пасля завяршэння ўрачыстасці адкрыцця ўжо рухалася пад шаты старавечнага Прозараўскага парка ў наваствораны краязнаўчы музей і да эстрадных пляцовак, дзе меліся выступаць і мы, пісьменнікі. На рагу цэнтральнай вуліцы каля двухпавярховага будынка пажыццёва памятнага мне ўнівермага, дзе зараз месціцца «дом рамёстваў», жанчына-зямлячка і звярнулася да мяне:

— Міхайлавіч, даўно яшчэ вас, калі матка мая жыла, хацела дужа пабачыць. Да не выходзіла. А сягоння вот сам Бог, як кажуць, у рукі паслаў! Ці ведаеце вы, што ў нашай Бабчынскай школе ў 1930 годзе быў Янка Купала?

— Не, не ведаю. Ніколі не чуў. Дый ці магчыма такое?

— Матка мая, светлая ёй памяць, была на гэтай сустрэчы. Каб ад каго іншага пачула, дык і сама б усумнілася. А то ж ад роднай маткі. А яна небыліц не любіла. Адукаваная. Настаўніцай працавала». Словам, у вёсцы Бабчын, дзе нарадзіўся Мікола Мятліцкі, бываў Янка Купала. Шкада, што Бабчын цяпер у чарнобыльскай зоне.

22.11.2021. Дзень выдаўся сонечным, але сумным. Патэлефанаваў Віктар Праўдзін і захацеў даведацца ў мяне, як там стан Міколы Мятліцкага, які трапіў у бальніцу. Я пра Міколу нічога не ведаў. Патэлефанаваў жонцы Міколы Ірыне. Яна ў слязах. Мікола адчуў сябе кепска 10 лістапада. Кашаль, тэмпература. Зрабілі тэсты. У Міколы і ў Ірыны знайшлі карону. У сына Валеры тэст адмоўны. Ірына і цяпер кашляе. Лечыцца дома. У мінулы панядзелак Мікола адчуў сябе лепей, павесялеў, нават добра паеў. І тут праз некалькі дзён стала яму зусім кепска. Кісларод у крыві ўпаў. Паклалі Міколу ў другую бальніцу, дзе быў Шабовіч і памёр. Пра Шабовіча Мятліцкі не ведае. Адзін раз Мікола патэлефанаваў Ірыне і сказаў, што яго да сябе кліча Ганад Чарказян. З суботы на нядзелю Мікола ўжо не змог сам дыхаць, адмовілі ныркі і пячонка. Словам, кепскія справы з Міколам.

23.11.2021. Па абедзе выпаў снег, падсвечаны праз аблокі, як праз гардзіны, сонцам. Навокал стала прыгожа, але нявесела. У галаве — Мікола Мятліцкі. І калі спаць клаўся, і калі ноччу прачынаўся, і раніцай, і на працы ўвесь дзень. Вельмі шкада, што такая з ім бяда надарылася. Не паспеў Мікола напісаць цалкам свае ўспаміны, якія планаваў і якія я прыспешаваў для «Полымя». Напісаў пра дзяцінства, універсітэт і, калі тэлефанаваў, паведаміў мне, што дапісвае пра «ЛіМ». Далей павінна было б быць пра «Мастацкую літаратуру» і пра «Полымя». Можа яшчэ і паправіцца. Дай бог! Але шанцаў амаль няма... Не здавайся, Мікола!

25.11.2021. Чацвер. Як там Мікола Мятліцкі? Учора нашы дзяўчаты тэлефанавалі дамоў Мятліцкім. Ніхто не адказаў. Магчыма, Ірына таксама ў бальніцы. Калі я з ёй размаўляў, дык яна вельмі страшна кашляла. Так, як у нас у вёсцы кажуць: «Кашляе, як у бочку».

27.11.2021. Субота. Лёг спаць недзе ў гадзіну ночы. Прачнуўся, калі яшчэ не было чатырох. Спрабаваў заснуць, не змог. Напісаўся верш «Прыпыніся на хвілю». Лёгка, быццам ён ужо быў напісаны, а мне заставалася толькі яго ўспомніць. А шостай пайшоў з Міёнай на Мухлю, хоць і не планаваў так рана.

З Міёнай дадому вярнуліся мокрыя, як трава, па якой гулялі. Паснедаўшы, лёг паспаць. А дзясятай прачнуўся. І мне стала сумна-сумна, як на могілках. І тут патэлефанавалі. І я даведаўся, што а шостай раніцы памёр Мікола Мятліцкі... Каранавірус...

2.12.2021. Ранкам, калі Алесь Бадак прыйшоў на працу, даведаўся, што Мікола Мятліцкі ў рэанімацыі напісаў свой апошні верш. Яго аддалі Ірыне, а тая пераправіла Алесю Карлюкевічу. Вось апошні верш Міколы.

У рэанімацыі

Нада мной схілілася шкляная маска.

З-пад яе позірк вачэй карых, вабна-спакусных.

— Прачынайцеся, калі ласка! —

Прамовілі прыгожыя, але прыхаваныя, вусны.

Толькі вочы. І разлёт чорных тоненькіх броў.

— Вам трэба здаць кроў!

— Як імя ваша, вочы і бровы?

— Вікторыя!

І грудзі мае выдыхнулі кавіднахворыя:

— Віват, мая Перамога, — Vіkto-rіa!

18 лістапада 2021 г.

3.09.2023. На Дзень беларускага пісьменства ў Гарадок з Шаркаўшчыны прыехаў мой сябра Міледзій Кукуць. Крыху паразмаўлялі. Пажартавалі. Міледзій узгадаў, як ён упершыню прыйшоў у рэдакцыю «Полымя» да галоўнага рэдактара, да Міколы Мятліцкага. Зайшоў у кабінет. У шапцы. Мікола, убачыўшы, што незнаёмец зайшоў да яго не зняўшы шапку, узвіўся: «Вы ведаеце, куды прыйшлі? Вы прыйшлі ў «Полымя», а «Полымя» — гэта храм беларускай літаратуры! Зняць шапку!» І Міледзій зняў шапку. Такім было знаёмства Кукуця і Мятліцкага. Праз нейкія час Мікола і Міледзій сталі добрымі знаёмымі, і цяпер Міледзій з усмешкай успамінае тую першую сустрэчу з Мятліцкім.

29.10.2023. У 1996 годзе ў Міколы Мятліцкага ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла «Бабчын: Кніга жыцця», за якую ён пазней атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. У Доме літаратара была прэзентацыя, і Мікола ўсім, хто прыйшоў на яе, падарыў выданне. Нам з Людмілай падпісаў па кніжцы. «Дарагая Людміла! Чытаю ўсё, што Ты творыш. Жадаю, каб за Паэзіяй не забывала пра мужа. Ён варты тваёй увагі. Мікола Мятліцкі. 6 лістапада 96» — так Мікола напісаў Людміле, а мне вось так: «Дарагі Віктар Шніп — ад душы, з сэрцам дарую табе Бабчын, як Паэту з вялікай літары. Люблю вас, Шніпы — эпохі нашай шыпы. Мікола Мятліцкі. 6 лістапада 96».

А чатырма гадамі раней Мікола падпісаў мне кніжку «Палескі смутак» (1991):

«Віктар!

З валожынскай курганнай стараны

К табе, мой друг, брыдуць начамі сны.

Дарогу ім — натхненнем заступі,

Ў паэзіі — час зорны не праспі.

Мікола Мятліцкі. 23.02.1992 г.»

Балада  Міколы Мятліцкага

(20.03.1954–27.11.2021)

Ты ідзеш дзяжурным па планеце,

Рыфмамі мацуеш кожны крок,

І табе твой Бабчын з неба свеціць,

І найболей — з хаты аганёк,

Дзе народжаны быў ты, дзе маці

Для цябе спявала ў час дажджоў.

І жыве ў табе, як птушка, шчасце,

І жыве ў табе, як верш, любоў.

Ты ідзеш. Твой човен за табою

Землякі нясуць, нібы твой дом.

І туман, як вечнасць, над ракою,

І трава напоўнена святлом

Продкаў нашых і твайго Палесся.

Ты ідзеш і ведаеш, куды.

І анёлы лётаюць над лесам,

Сеюць кропелькі жывой вады,

Каб твой лес не высах і ніколі

Не зрабіўся чорнаю сцяной.

Ты ідзеш па небе, як па полі,

І натхненне, як душа, з табой.

І бліжэй, бліжэй твой любы Бабчын,

І цячэ, як Млечны Шлях, рака.

І ўсё чуеш ты, і ўсё зноў бачыш,

І ўсё пішаш — аж баліць рука...

27.11.2021

Віктар ШНІП

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.