Вы тут

Больш за 120 тысяч чалавек паўдзельнічалі ў суботніку ў Гомелі


Больш чым 120 тысяч чалавек са звыш 200 прадпрыемстваў і арганізацый выйшлі на добраўпарадкаванне роднага горада падчас суботніка ў Гомелі. Агульнымі сіламі гамяльчан зароблены мільён рублёў. 

Сабраныя сродкі накіруюць на добраўпарадкаванне Дошкі гонару горада Гомеля, а таксама ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў сацыяльнай сферы горада.


Прапановы моладзі

Прадстаўнікі ўлады, кіраўніцтва і члены працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў усіх форм уласнасці горада, моладзь, жыхары мікрараёнаў жылой забудовы наводзілі парадак у парках, скверах, месцах масавага адпачынку, на прылеглых тэрыторыях устаноў.

Традыцыйна асаблівая ўвага жыхароў Гомеля — добраўпарадкаванню памятных месцаў, воінскіх пахаванняў. Маладзёжны працоўны дэсант разам са старшынёй Гомельскага гарвыканкама Уладзімірам Прывалавым правялі суботнік на алеі Герояў. Тут высадзілі больш за 100 каштанаў. Падтрымаў ініцыятыву знакаміты гамяльчанін — сын аднаго з кіраўнікоў гомельскага партыйнага падполля падчас Вялікай Айчыннай вайны Рамана Іларыёнавіча Цімафеенкі — Расціслаў Цімафеенка. Актыўны ўдзельнік патрыятычных сустрэч са школьнікамі і моладдзю, былы выкладчык кафедры філасофіі і гісторыі паліталогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Расціслаў Раманавіч заклікаў маладыя пакаленні любіць родны горад, захоўваць памяць аб яго мінулым.

Пасля пасадкі дрэў на Алеі Герояў прайшла імправізаваная дыялогавая пляцоўка кіраўніцтва горада з моладдзю. Уладзімір Прывалаў заклікаў актыўных маладых гамяльчан далучацца да новага праекта з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які цяпер распрацоўваецца ў Гомелі, і дасылаць свае прапановы ў гарвыканкам.

Прыборка талакой

Актыўны ўдзел у марафоне прыняў дэпутацкі корпус Гомеля. Дэпутаты Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў выйшлі на добраўпарадкаванне тэрыторыі аздараўленчага лагера «Луч».

У Савецкім раёне Гомеля ў суботніку ўзялі ўдзел калектывы Гомельскіх электрычных сетак, «Гомельгаз», Гомельскага домабудаўнічага камбіната, ААТ «Мілкавіта». Прадпрыемствы таксама дапамаглі з тэхнікай — пагрузчыкамі і самазваламі.

Калектыў прадпрыемства «Мілкавіта» на гарадскі суботнік выйшаў усім складам. Супрацоўнікі наводзілі парадак на прылеглай тэрыторыі завода, прыбіралі зялёную зону, бялілі бардзюры і дрэвы.

— Наводзіць парадак талакой на карысць сваёй Радзімы — гэта правільна, бо якім будзе наш раён, горад і вобласць залежыць ад нас саміх, — падзялілася падчас суботніка нядаўняя пераможца конкурсу «Місіс Мілкавіта» інжынер вытворчай лабараторыі прадпрыемства Алена Куляўцова.

Бацькі і дзеці

Каб усе ахвотныя гараджане змаглі далучыцца да суботніка, у Гомелі загадзя аб’явілі тэлефоны гарачых ліній для кожнага раёна. Вельмі актыўна гамяльчане падтрымалі навядзенне парадку на тэрыторыях новых мікрараёнаў жылой забудовы Хутар, Паўднёвы, Шведская горка. Жыхары новабудоўляў сем’ямі выходзілі на суботнік.

У Чыгуначным раёне члены аднаго з жыллёва-будаўнічых вытворчых кааператываў па вуліцы Народнага Апалчэння пад кіраўніцтвам свайго старшыні актыўна папрацавалі на дваровай тэрыторыі. Прыбіралі лістоту, сухія галінкі, рамантавалі пясочніцу, акультурвалі клумбы. Актыўна дапамаглі бацькам і дзеці. Жыхары дома працуюць на сваёй тэрыторыі заўсёды, з радасцю падтрымліваюць усе агульнагарадскія ініцыятывы па навядзенні парадку.

На тэрыторыі парку Фестывальны, што ў Савецкім раёне Гомеля, у поўным складзе на суботнік выйшлі некалькі шматдзетных сем’яў. Дружна працавалі разам з мамай Дзіянай яе чацвёра дзяцей — Міраслава, Сафія, Цімур і Уладзіслаў.

— Я сама заўсёды актыўна прымаю ўдзел у суботніках і дзяцей прывучаю да гэтага, — падзялілася Дзіяна Анатольеўна.

Папрацаваць на суботніку ў парк прыйшла і сям’я Малеевых.

— Мы жывём у пяціпавярховым доме на Рэчыцкім праспекце. Імкнёмся падтрымліваць парадак у пад’ездзе, каля дома, — расказала вялікае сямейства.

З самаварам і блінамі

У Савецкім раёне дружна, з самаварам, выйшлі на добраўпарадкаванне сквера «Кірмашаўскі» калектыў прадпрыемства «Кірмаш» і актыўныя гараджане. Сквер знаходзіцца побач з жылымі дамамі. Ён вельмі папулярны ў жыхароў раёна. Летась падчас рэспубліканскага суботніка дэпутаты Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў тут устанавілі абсталяванне для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Яго сваімі сіламі вырабілі супрацоўнікі прадпрыемства «Кірмаш». Цяпер падчас агульнагарадскога суботніка ў скверы працаўнікі «Кірмаша» і жыхары раёна ўладкавалі пешаходныя дарожкі, прыбралі тэрыторыю.

На суботнік з пачастункам — масленічнымі блінамі — выйшлі ветэраны працы ААТ «Гомельшкло». Так заслужаныя працаўнікі прадпрыемства вырашылі падтрымаць працоўны дэсант маладых працаўнікоў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і newsgomel.by

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.