Вы тут

Сталі вядомыя пераможцы 63-га Нацыянальнага конкурса «Мастацтва кнігі»


Найлепшыя праекты кніжных выдавецтваў атрымалі заслужаныя ўзнагароды па выніках 63-га Нацыянальнага конкурса «Мастацтва кнігі».


За перамогу змагаліся 35 выдавецтваў рознай формы ўласнасці і больш за 150 выданняў. Выбраць было няпроста, аднак кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі прафесійных колаў мастацтва і дзяржаўных органаў на чале з рэктарам БДАМ Міхаілам Баразной, зрабілі свой выбар.

— Мне асабліва прыемна прысутнічаць на гэтай сцэне сярод людзей, якія зацікаўлены ў тым, каб інтэлектуальная культура развівалася ў рамках такой традыцыйнай формы, як кніга, — заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўшанавання пераможцаў Міхаіл Баразна. — Гэта конкурс, які дэманструе з года ў год новыя грані і новую якасць. І на сёння, акрамя прыгожых ілюстрацый, выдатных фатаграфій і дызайну, мы разглядаем кнігу як сур’ёзны прадукт, таму кожны год ускладняюцца крытэрыі ацэнкі.

Таксама на мерапрыемстве прысутнічаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, які разам з рэктарам БДАМ уручыў дыпломы і бронзавыя статуэткі пераможцам. Ён падкрэсліў значнасць таго, што конкурс ахоплівае шырокае кола прафесіяналаў.

— Калі заходжу ў нашы выдавецтвы і бачу статуэтку Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», разумею: гэта знак якасці, тут працуюць прафесіяналы, на іх можна разлічваць, — дадаў ён. — Сёння ў нас ёсць магчымасці, каб конкурс пашыраўся. Гэта паспрыяе таму, каб якасныя кнігі, якія ў нас атрымліваюцца, станавілася ўсё больш значнымі на міжнароднай арэне.

Не будзем стамляць і адразу скажам, хто атрымаў гран-пры «Трыумф». Яго ўганараваная кніга «Прысмак каляровых рэвалюцый» Выдавецкага дома «Беларусь сегодня», аналітычнага цэнтра ЕСООМ і выдавецтва «Беларусь». Гэтае выданне ўяўляе сабой унікальны міжнародны аналітычны праект, напоўнены разважаннямі вядучых палітолагаў, аналітыкаў і публіцыстаў з розных краін свету на тэму феномена «каляровая рэвалюцыя».

Безумоўна, не застаўся без узнагарод і Выдавецкі дом «Звязда». Ён удастоіўся дыплома пераможцы ў спецыяльнай намінацыі «Садружнасць» за выданне кнігі «Сугучча», дыплома першай ступені ў тэматычнай намінацыі «Дзецям XXI стагоддзя» за выданне кнігі «Цуд-ягада», спецыяльнага дыплома ў тэматычнай намінацыі «ЛІТ-фармат» за выданне кніг Мікалая Чаргінца «Цяжкія дарогі жыцця «Трывожныя дні», і шэрагу дыпломаў іншай ступені ў розных намінацыях.

Таксама сярод пераможцаў конкурсу — «Тарас на Парнасе» укладальніка Віктара Шніпа выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў намінацыі «ЛІТ-фармат», два пераможцы ў намінацыі «За ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны»: «Сімвалы беларускай вечнасці. Гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці» Ігара Марзалюка выдавецтва «Беларусь» і «Шынуазры ў замках Радзівілаў XVIII стагоддзя. Раскоша ва ўсходнім стылі» Вольгі Бажэнавай ААТ «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа», «Казкі вялікага леса» Валерыя Кастручына выдавецтва «Народная асвета» ў намінацыі «Дзецям XXI стагоддзя» і многія іншыя.

Лепшым мастаком-ілюстратарам 2023 года стала Алена Карповіч, а лепшым дызайнерам — Максім Шніп. 

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».