Вы тут

Алена Адамчык: Я заўсёды рухаюся нібыта ў машыне часу


Усё сышлося: сакавік, жаноцкасць, мода і вытанчаныя выявы, у якіх адбілася эпоха. Алена Адамчык прадстаўляе не першы фотапраект, у якім галоўнымі гераінямі становяцца жанчыны — прыгожыя, элегантныя, паспяховыя, упэўненыя ў сабе. Але на гэты раз справа не толькі ў тым, хто адлюстраваны, але і ў тым, як: выстаўка мае назву, якая гаворыць сама за сябе: «Мастацтва. Мода. Вінтаж. Аналагавая фатаграфія Алены Адамчык». Нашы вочы як адзін з органаў пачуццяў счытваюць вобраз, які чапляе адметнасцю і адгукаецца, правакуючы думкі пра тое, што ёсць прыгажосць. Самы час пра гэта паразважаць на выстаўцы разам з Аленай Адамчык.

 


Фотавыстава – сапраўдны экскурс у гісторыю, таму што ўсе фотаздымкі на ёй з мінулага. З таго самага, калі фатографы мелі грувасткія камеры, выбудоўвалі кампазіцыю, сачылі за святлом, праяўлялі плёнкі, перакладвалі паперу з адной ванначкі ў іншую, каб атрымаць і замацаваць выяву, высушвалі гатовы здымак... Праца, што патрабавала цярпення. Для многіх яна стала захапленнем на ўсё жыццё. Прыкладам чалавека з такім захапленнем для Алены быў бацька-ўрач. А для яе самой захапленне стала справай жыцця і прывяло да поспеху: беларуская фотамастачка здымае і выстаўляецца ў розных краінах свету.

Алена знайшла падыход да людзей і ведае, да чаго яны адчувальныя, дзе б ні жылі. 

— Гэты праект прысвечаны аналагаваму фота, якое існавала да таго, як усе перайшлі на «лічбу». Выстаўлены толькі мае аналагавыя фотаздымкі. Куратарам выстаўкі выступіла мая дачка, яна таксама займаецца фатаграфіяй. Ядзвіга сама выбірала здымкі, усё асэнсавала і аб’яднала ў пэўную гісторыю. Вядома, што сам аўтар часам не так добра можа вырашыць, што паказваць на выстаўцы. Яна выбрала 40 аналагавых фотаздымкаў, яны усе існуюць у адзінкавым экзэмпляры. Таму гэта выстаўка ўжо быццам гісторыя як паводле выкарыстанай тэхналогіі, так і з пункту гледжання моды, якая існавала на той час, калі яны былі зроблены.
Выстава звяртае да 80-х — 90-х гадоў мінулага стагоддзя, менавіта праз моду, якая была тады ў Беларусі. Справа ў тым, што ў той час пачала паўставаць модная індустрыя ў савецкіх, а пасля і пастсавецкіх рэспубліках, з’явіліся мадэльныя агенцтвы, пайшлі модныя паказы, якія было цікава глядзець і здымаць. Мой муж (пісьменнік Адам Глобус) набыў часопіс «Мода» за 1981 год, а там манекеншчыцы — якраз усе мае мадэлі. Прынамсі, яны бралі ўдзел у паказах падчас кірмашу ў Лейпцыгу ў 80-я гады, дзе Беларусь прадстаўляла сваю модную індустрыю. Мяне заўсёды цікавіла мода, я была ў захапленні ад прыгожых жанчын, шмат фатаграфавала дзяўчат-мадэляў. Мне падабалася вопратка, якую яны насілі. Для жанчын гэта вельмі істотна — выглядаць элегантна і прыгожа. Потым для мяне гэта вылілася ў вялікі фотапраект з шэрагу серый: «Беларускі», «Жанчыны Еўропы», «Жанчыны свету» і іншыя. 

— Гэты праект як экскурс у гісторыю фота і ў гісторыю моды. Выстаўляеце здымкі, што адлюстроўваюць вобразы канца мінулага стагоддзя. А ці ёсць для вас працяг гэтай тэмы сёння? 

— Так, фота даюць уяўленне пра тое, як апраналіся жанчыны, які быў макіяж, якая фрэзура, стыль... Вобраз часу ў жаночым вымярэнні. І мне гэта вельмі цікава дагэтуль. Нядаўна мая сяброўка рабіла модны паказ у Фларэнцыі. Яна мадэльер, запрасіла мяне, і я фатаграфавала яе мадэляў. Гэта была элітная прэзентацыя ў замку Торнабуоні, паказвалі толькі ўрачыстыя бальныя строі — доўгія сукенкі са шлейфам. У гэтым ёсць асаблівы шарм. Так што я працягваю спазнаваць і адлюстроўваць свет моды і прыгажосці. Толькі магчымасці ўжо іншыя. 

— Зараз калі ўсе карыстаюцца «лічбай», аналагавае фота — архаіка. Калісьці гэта было мастацтва, у нечым падобнае да алхіміі. З прыходам лічбавага фота знікла чараўніцтва і фотамастаком можа назваць сябе ледзь не кожны... 

— І я не лічу, што гэта кепска — ёсць шмат магчымасцяў сябе рэалізаваць і паказаць. І знятае на «лічбу» можа быць мастацтвам. У мастацтве важна не тое, як яно зроблена, якімі тэхнічнымі сродкамі, тут ужо пачынаецца зусім іншае вымярэнне. Мастацтва ў тваёй галаве і сэрцы, і яно альбо ёсць, альбо не. Калі гаворка пра фота, то гэта асаблівы погляд на свет, яго адметнае адчуванне. Гэта перадаць можна як праз аналагавае фота, так і праз лічбавае — залежыць ад чалавека, які здымае. Які захапляецца тым, што бачыць, які ўмее злавіць момант, каб ім захапляліся іншыя. Я жыла ў рэальным свеце, у рэальным асяроддзі, побач з рэальнымі людзьмі, якія натхнялі. Але была яшчэ і цікаўнасць, з-за якой брала ў рукі камеру і гатовая была працаваць з усімі складанасцямі, якіх вымагае аналагавае фота. Бо я па натуры даследчыца — з’яўляюся кандыдатам навук, мяне цікавіць усё новае, звязанае з пазнаннем свету. 

— І ўсё ж адбыўся пераход да фотасправы, якой вы прысвяцілі жыццё…

— Але я абараніла дысертацыю і мяне дагэтуль цікавяць праблемы біялогіі і геранталогіі — маё даследаванне было на сутыкненні гэтых галін. Спецыялізацыя вельмі цікавая і вырашае важныя праблемы. Калі паглядзець мой фотаархіў, то можна сказаць, што часткова я выконваю сваю місію як герантолаг, таму што на маіх даўніх здымках жанчыны засталіся вельмі прыгожымі. 

— Ці дапамагае ў працы фатографа схільнасць да навуковага падыходу — каб думаць і бачыць шырэй? 

— Справа ў тым, што і мастацтва, і навука для мяне неаддзялімыя ад чалавека і яму належаць. Яны заўсёды ішлі поруч. На мастацтва ўплываюць нейкія прарывы ў навуцы, адкрыцці. Трэба бачыць і разумець, як усё мяняецца ў свеце, захапляцца гэтым, каб пасля адлюстраваць сваё адчуванне. І ў навуцы гэта істотна. Ты вядзеш нейкую тэму (калі я займалася геранталогіяй, то было адчуванне, што гэта таксама недзе мастацтва), і каб зрабіць навуковае даследаванне або напісаць артыкул, ты цалкам мусіш быць у гэтым. Без захаплення тут немагчыма. Таму што трэба ўцямна акрэсліць, чаму ты ставіла эксперымент, як ты яго рабіла і якія вынікі атрымала. І дзеля чаго наогул гэта ўсё было. І праца з фота залежаць ад развіцця навукі і тэхналогій. Калі прыйдуць іншыя тэхналогіі, то мастацкі погляд чалавека на свет усё адно будзе вызначальным. Зразумела, што тэхналогіі рухаюцца, яны і далей будуць мяняцца, а чалавек застаецца чалавекам. І чым ён адрозніваецца ад іншых істот? Яму ўсё цікава і хочацца пакінуць пасля сябе нейкі след, думкі для нашчадкаў. 

Калі я пачынала асвойваць усю гэтую хімію, то гадзінамі сядзела ў лабараторыі, дзе працавалі з аналагавым фота. Для мяне гэта было цікава як эсперымент і новы досвед. Гэта таксама быў пошук — выказаць сябе праз выяву, выбудаваць кампазіцыю, а яшчэ і перадаць колер... 

— Ці захоўваеце свае старыя плёнкі?

— Канешне, у мяне захоўваюцца плёнкі, але ж іншая справа, як іх выкарыстоўваць цяпер. Гэта вельмі складана, не надта танна. У мяне ўсё размеркавана па гадах, па тэмах: мода, музыка, ландшафты і гэтак далей. Ёсць негатывы, а ёсць слайды, якіх я рабіла шмат. Выкарыстоўвала ўсе магчымасці хіміі, якія траплялі ў фатаграфію на пэўным этапе. Захаваліся ўнікальныя здымкі, якія мне ў свой час аддрукаваў часопіс «Савецкае фота». У мяне тады ў сябрах былі вядомыя, але яшчэ афіцыйна непрызнаныя паэты Аляксей Паршчыкаў і Аляксандр Яроменка, якіх ужо няма на гэтым свеце. Легендарныя асобы, яны былі вельмі актыўнымі людзьмі. Казалі: «Лена, у цябе такія класныя здымкі, трэба іх у „Савецкае фота“». Я адказала, што не маю часу на гэта, а яны ўзялі і самі аднеслі мае слайды ў часопіс. Галоўны рэдактар «Савецкага фота» ў той час Лілія Ісакаўна Ухтомская потым са мной сустрэлася і сказала: «Слайды, сапраўды, вельмі прыгожыя, трэба іх друкаваць». Яна надрукавала мае здымкі ў «Савецкім фота». Рэдакцыя часопіса тады карысталася лабараторыяй АПН, дзе былі якасныя машыны і рэагенты. І яна прапанавала мне надрукаваць са слайдаў фотаздымкаў на паўнавартасную выстаўку. Я пагадзілася, хоць гэта было не танна. Але я тады ўсё, што зарабляла, пускала на працу. У выніку мне надрукавалі фотаздымкаў на вялікую выстаўку, якую я паказала ў Вільнюсе. Прапанова паступіла ад галерэі «Vartai», якая выстаўляла толькі мастакоў і да таго моманту ніколі не працавала з фота. Іх прыцягнулі мае каляровыя фотаздыкі. На той час у Прыбалтыцы была адмысловая школа фатаграфіі, яны былі найлепшыя ў Еўропе па чорна-белых здымках. Але галерэя выставіла мае каляровыя фота, надрукаваныя ў Маскве на Зубаўскім бульвары ў АПН, каб паказаць, што значыць колер у фотамастацтве. Я прывезла здымкі і была першым фатографам, якога выставілі ў гэтай галерэі... Тая выстаўка стала вялікай падтрымкай для мяне. А ў часопісе «Савецкае фота» мяне назвалі найлепшым у СССР фатографам, які працуе з колерам... 

— Наколькі вам было цікава цяпер вярнуцца ў канец ХХ стагоддзя? Таму што такая выстаўка, дзе спалучаецца тэхналогія мінулага з модным вобразам, працуе нібыта машына часу.

Я заўсёды рухаюся нібыта ў машыне часу. Мне як навукоўцу цікава, як жыццё развіваецца — яно ж не лінейнае, і час не лінейны (гэта складаная філасофская катэгорыя, дзе ёсць доля суб’ектыўнага ўспрымання). Чалавек жыве ў пэўным часе, але можа яго павярнуць для сябе, напрыклад, праз дзённікі. Я вяду дзённікі: вось так гартаеш як-небудзь старонкі і быццам пранізваеш часы, якія ты ўжо пражыў. А глядзець старыя фотаздымкі наогул вельмі цікава. Там жанчыны, твае сяброўкі — прыгожыя, маладыя. Пры тым, у кожнай свой шлях і лёс, што іх ужо змяніў і знешне, і ўнутрана. Ад гэтага адчуванне прыгажосці яшчэ больш глыбокае — яна з часам набыла іншую вартасць. Няўжо гэта не фантастыка?!... 

Ларыса ЦІМОШЫК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.