Вы тут

Крывавае пекла на «райскім востраве»


Многія жыхары Гаіці баяцца выходзіць з дамоў з-за бандыцкіх груповак, якія лютуюць у краіне, піша The New York Tіmes. Па словах месцічаў, па вуліцах ходзяць і маленькія дзеці з аўтаматамі. Яны страляюць у людзей, а пасля спальваюць іх целы. «Я не ведаю, як гэта кваліфікаваць. Яны ўвогуле людзі?» — з жахам распавяла NYT мясцовая радыёвядучая Бландын Таніс. Большасць жыхароў выходзяць на вуліцы толькі для таго, каб набыць ваду і прадукты. Эксперты адзначаюць, што запасы харчавання на Гаіці імкліва скарачаюцца, паколькі аўтамабільныя перавозкі цяпер небяспечныя, а парты знаходзяцца пад кантролем банд. У некаторых раёнах краіны ўжо некалькі месяцаў няма электрычнасці. На запраўках больш няма бензіну, і людзі набываюць паліва вёдрамі на чорным рынку. Урач сталічнай бальніцы Гаіці Жан-Марк Біке заўважыў, што пры адсутнасці чыстай пітной вады ўзрастае рызыка захворвання на халеру. Ён таксама падкрэсліў, што запасы крыві і кіслароду абмежаваныя. Што ж адбываецца на «райскім востраве»?


Цунамі гвалту

Сітуацыя ў сферы бяспекі і гуманітарная абстаноўка на Гаіці дэградуюць пасля забойства ў 2021 годзе прэзідэнта Жавенеля Маіза — з таго часу Арыэль Анры фактычна ўзначальвае краіну. Цяпер, паводле звестак СМІ, банды кантралююць больш за 80 працэнтаў тэрыторыі сталіцы і кансалідуюцца ў іншых рэгіёнах дзяржавы. Як адзначае CNN са спасылкай на даныя ААН, у краіне злачынныя групоўкі абыходзяцца з людзьмі як з таварам. Толькі за мінулы год у мэтах гандлю на вуліцах былі выкрадзены як мінімум 2490 чалавек. Калі іх сем’і не здольныя заплаціць за іх вызваленне, іх часта забіваюць.

Гэтыя ахвяры папаўняюць спіс загінулых у выніку стральбы, хваляў падпалаў і іншых злачынстваў. У ААН сцвярджаюць, што ў мінулым годзе ўзровень забойстваў на Гаіці павялічыўся ўдвая і склаў 41 забойства на кожныя 100 тысяч чалавек. Гэты паказчык — адзін з найвышэйшых у свеце. Акрамя таго, у выніку міжбандыцкіх войнаў больш за 300 тысяч мірных жыхароў засталіся без прытулку.

І хоць нацыянальная паліцыя Гаіці дабілася некаторых поспехаў у затрыманні крымінальных фігур і стрымліванні росту банд у ключавых раёнах горада, у сталічным рэгіёне злачынных груповак налічваецца каля сотні, паведаміла ТАСС. У сілавікоў няма дастатковай агнявой моцы і падрыхтоўкі, каб кантраляваць сітуацыю, таму гэтая служба становіцца ўсё менш папулярнай: паводле звестак ААН, толькі ў 2023 годзе паліцыю пакінулі 1663 афіцэры.

Дадатковым фактарам, які пагаршае становішча жыхароў Гаіці, можна лічыць голад у сельскай мясцовасці. Паколькі банды кантралююць ключавыя дарогі ў сталіцу краіны Порт-а-Прэнсе і яго наваколлі, транспарціроўка жыццёва важных імпартных прадуктаў харчавання і паліва рэзка запаволілася па ўсёй краіне. Як паведамляе CNN, у студзені быў учынены напад на школу Святога Іаана Боска: пагромшчыкі спрабавалі выламаць яе вароты і дабрацца да запасаў прадуктаў харчавання, ахвяраваных Сусветнай харчовай праграмай ААН. Ежа прызначалася для абедаў бедных навучэнцаў, часта яна аказвалася для іх адзінай за дзень.

На фоне такой сацыяльна-эканамічнай сітуацыі супраць Арыэля Анры былі настроены як злачынныя групоўкі, так і самі грамадзяне. Ён стаў фактычным кіраўніком Гаіці ў 2021-м. Пракурор Порт-а-Прэнса Бэд-Фор Клод спрабаваў выклікаць яго на допыт у сувязі з гібеллю Жавенеля Маіза, які быў смяротна паранены 7 ліпеня 2021 года падчас нападу невядомых на яго рэзідэнцыю. Як сцвярджалі ўлады, у злачынную групу ўваходзілі 26 грамадзян Калумбіі. Мясцовы партал навінаў Gazette Haіtі паведамляў, што праваахоўнікі пацвердзілі факт тэлефонных размоў у дзень злачынства паміж Анры і Жозэфам-Феліксам Бадзьё — адным з галоўных падазраваных. Але сам Анры на фоне гэтых абвінавачанняў проста адхіліў Бэд-Фора Клода ад пасады пракурора, абгрунтаваўшы сваё рашэнне тым, што Клод здзейсніў «грубую адміністрацыйную памылку».

Анры рэгулярна сутыкаўся з заклікамі да адстаўкі з тых самых часоў, як ён быў прыведзены да прысягі ў якасці прэм’ер-міністра пры падтрымцы міжнароднай супольнасці, адзначае ABC News. Сам ён неаднаразова заяўляў, што імкнецца да адзінства і дыялогу, але тлумачыў, што не можа правесці выбары, пакуль гэта не стане бяспечным. У лютым мінулага года ён нават стварыў пераходны савет, адказны за забеспячэнне правядзення ўсеагульных выбараў. Паводле слоў прэм’ера, гэта стала «значным крокам» на шляху да гэтай мэты. Тым не менш выбары так і не былі праведзены: яны неаднаразова адкладаліся, паколькі па ўсёй краіне расце колькасць забойстваў і выкраданняў.

Час «барбекю»

На фоне дэградацыі ў сферы бяспекі ў краіне сярод гаіцян пашыралася жаданне дабіцца адстаўкі прэм’ера. Пратэсты ўжо сталі звычайнай з’явай для насельніцтва краіны. Яшчэ ў пачатку лютага СМІ паведамлялі, што масавыя акцыі з патрабаваннем адстаўкі Анры паралізавалі работу гандлёвых прадпрыемстваў, банкаў і адукацыйных устаноў у некалькіх буйных гарадах краіны. Паліцыя прымяняла гранаты са слёзатачывым газам і гумовыя кулі для разгону беспарадкаў.

Абстаноўка на Гаіці, якая заставалася напружанай ужо доўгі час, зноў пачала абвастрацца. Эскалацыя адбываецца на фоне заявы былога афіцэра паліцыі, лідара аб’яднання банд G9 Джымі Шэрызье па мянушцы Барбекю, які заклікаў злачынныя групоўкі аб’яднацца і зрынуць Арыэля Анры. Больш за тое, Шэрызье прыгразіў грамадзянскай вайной, якая «прывядзе да генацыду», калі Анры застанецца на сваёй пасадзе, а міжнародная супольнасць працягне падтрымліваць яго. Ён заклікаў не дазволіць «групе багатых людзей» вырашаць лёс жыхароў працоўных кварталаў. Паводле слоў Шэрызье, ёсць толькі два варыянты развіцця падзей: Гаіці або стане раем, або, наадварот, ператворыцца ў пекла.

Барбекю актыўна раздае інтэрв’ю замежным СМІ, называючы ў іх сябе то гаіцянскім Робінам Гудам, то Фідэлем Кастра. Таксама Барбекю параўноўвае сябе з Франсуа Дзювалье (Папа Док), 31-м прэзідэнтам Гаіці, які ў сярэдзіне XX стагоддзя кіраваў у краіне, выкарыстоўваючы крывавыя метады. Па словах Шэрызье, ён не будзе хлусіць аб тым, што збіраецца здзейсніць «ціхую бяскроўную рэвалюцыю»: «Мая рэвалюцыя будзе крывавай. Але я і мае людзі не заб’ём ніводнага чалавека з ніжэйшых саслоўяў Гаіці. Дзеля іх мы ўсё гэта робім. Яны не могуць і не павінны вечна жыць у галечы».

У раёне міжнароднага аэрапорта сталіцы Гаіці працягваюцца сутыкненні банд і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, работа паветранай гавані прыпынена. Сутыкненні пачаліся, калі Анры прыбыў у Кенію на перагаворы: падчас іх бакі падпісалі пагадненне, у адпаведнасці з якім Найробі накіруе на гаіцянскую тэрыторыю міратворчы кантынгент з тысячы паліцэйскіх, якія будуць змагацца са злачыннасцю. Як паведамляла агенцтва Assocіated Press, 5 сакавіка самалёт прэм’ера, які вяртаўся праз ЗША, не змог прызямліцца ў аэрапорце Порт-а-Прэнса з-за перастрэлак. Борт быў вымушаны здзейсніць пасадку на тэрыторыі асацыіраванай са Злучанымі Штатамі астраўной дзяржавы Пуэрта-Рыка. З таго часу Анры знаходзіцца там.

У рамках новага абвастрэння на Гаіці 2 сакавіка члены ўзброеных груповак напалі на галоўную турму краіны ў Порт-а-Прэнсе. Як сцвярджае праваабарончая група RNDDH, па стане на люты ва ўстанове, разлічанай на 700 зняволеных, утрымлівалася каля 3,7 тысячы зняволеных. Ахвярамі нападу банд на турму сталі мінімум 12 чалавек. Як паведаміў Reuters адзін з супрацоўнікаў установы, каля сотні зняволеных палічылі за лепшае застацца ў сваіх камерах з-за страху быць забітымі крыжаваным агнём. Сярод іх — некалькі адстаўных калумбійскіх салдат, якія былі заключаны за меркаванае дачыненне да забойства прэзідэнта Жавенеля Маіза.

На гэтым фоне кіраўніцтва Гаіці 4 сакавіка ўвяло на тэрыторыі Порт-а-Прэнса надзвычайнае становішча і каменданцкую гадзіну «ў мэтах забеспячэння парадку і прыняцця адпаведных мер для аднаўлення кантролю над сітуацыяй». Але банды каторы раз паказалі, «хто ў доме гаспадар» — напалі на ўрадавыя будынкі, уключаючы прэзідэнцкі палац. Беспарадкі са стральбой ахапілі ўвесь цэнтр горада і найбліжэйшыя кварталы, паведамляе са спасылкай на крыніцу ў гаіцянскіх праваахоўных органах амерыканскі тэлеканал ABC News. Крыніца паведаміла, што буйнамаштабная атака ўзброеных груповак была загадзя запланавана і добра скаардынавана. Адразу некалькі груп адначасова атакавалі ўрадавыя будынкі, у тым ліку прэзідэнцкі палац, Міністэрства ўнутраных спраў і штаб-кватэру паліцыі заходняй акругі Гаіці, у які ўваходзіць Порт-а-Прэнс. Журналісты тэлеканала паразмаўлялі з мясцовымі жыхарамі, якія былі сведкамі інтэнсіўнай стральбы і чулі магутныя выбухі ў цэнтры горада. Сотні людзей збеглі з гэтага раёна, паколькі банды ўступілі ў разлютаваныя баі з паліцыяй.

Бандыты рвуцца да ўлады

Між тым днямі стала вядома аб адстаўцы гаіцянскага прэм’ера. «Мы прызнаем адстаўку пасля стварэння пераходнага прэзідэнцкага савета і прызначэння часовага прэм’ер-міністра», — заявіў Ірфан Алі, прэзідэнт Гаяны, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца старшынёй Карыбскага рэгіянальнага гандлёвага блока, вядомага як Carіcom. Яго члены арганізавалі ў панядзелак на Ямайцы экстранныя перагаворы, каб вырашыць праблему гвалту ў Гаіці. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел Канада, Францыя, ААН і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Для пераходу да выбараў у Гаіці будзе сфарміраваны прэзідэнцкі савет з сямі членаў з правам голасу і двух назіральнікаў, які прызначыць новага часовага прэм’ер-міністра, заявіў Алі.

Пакуль усё ідзе згодна з планамі бандытаў. Яны дэкларавалі сваёй мэтай звяржэнне Анры, і ў выніку ён сыходзіць у адстаўку. Пры гэтым і гаворкі не ідзе аб раззбраенні бандфарміраванняў, якія налічваюць тысячы. Вядома, што ў дэклараваны прэзідэнцкі савет будуць уваходзіць прадстаўнікі палітычных партый і арганізацый. Не выключана, што яны будуць проста шырмай для ўлады G9 і да таго падобных злачынных груповак. Як адзначаюць эксперты, арганізаваныя злачынныя групоўкі, у асноўным звязаныя з наркакартэлямі, у некаторых дзяржавах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна даўно ўжо сталі сур’ёзнай сілай і пагрозай нацыянальнай бяспецы. Добра ўзброеныя банды не толькі супрацьстаяць мясцовым сілавікам, але, як высвятляецца, здольныя і на маштабныя дзеянні, супастаўныя з паўстаннямі і дзяржпераваротамі.

«Гаіці — краіна шмат у чым няшчасная і правальная: то рэвалюцыі, то войны, то крывавая дыктатура, то жахлівыя стыхійныя бедствы, адзначыў nsn. fm загадчык кафедры міжнародных адносін і знешняй палітыкі Расіі МДІМЗ Барыс Мартынаў: «Гаіці сёння канцэнтруе ў сабе ўсе праблемы, звязаныя з уздымам транснацыянальнай злачыннасці, якая паўсюдна ўзняла галаву ў лаціна-карыбскай Амерыцы. Там і наркотыкі, і кантрабанда: зброя, чалавечыя органы, рэдкія віды жывёл і птушак, усё што заўгодна. Сілы крымінальных банд там шмат у чым пераўзыходзяць сілу дзяржавы. 

Я больш за ўсё апасаюся, што Гаіці ператворыцца ў крымінальна-тэрарыстычную дзяржаву, калі злачынцы дарвуцца да ўлады».

Багатыя Злучаныя Штаты так і не вырашылі праблему Гаіці, якая знаходзіцца ў іх «пад бокам». Абвал гэтай дзяржавы — правал самой Амерыкі. Аб гэтым заявіў расійскі сенатар Аляксей Пушкоў, паведаміла eadaіly. com. Так ён пракаментаваў паведамленне, якое размясціў у сваім тэлеграм-канале брытанскі блогер і радыёвядучы Пол Джозеф Уотсан. Паводле яго інфармацыі, прадстаўнікі Пентагона далі паказанні ў Кангрэсе ЗША, што Мінабароны краіны рыхтуецца да масавага прытоку гаіцян у Штаты на хвалі поўнага краху закона і парадку ў астраўной дзяржаве Карыбскага басейна.

Відавочна, што аднавіць парадак на Гаіці без міжнароднага ўмяшання немагчыма, перакананы старшы навуковы супрацоўнік Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН, эксперт Расійскага савета па міжнародных справах Магамед Кадзоеў. Эксперт патлумачыў ТАСС, што краіны рэгіёна, у тым ліку і ЗША, зацікаўлены ў стабілізацыі сітуацыі на Гаіці, але вырашыць праблему пакуль не ўдаецца ні Вашынгтону, ні ААН, ні суседзям у Лацінскай Амерыцы. «Краіна не можа працягваць у тым жа духу. Узровень гвалту, якому падвяргаюцца людзі, бесчалавечны», — заявіла намеснік спецпрадстаўніка ААН на Гаіці Ульрыка Рычардсан. Аднак пакуль гэта толькі словы. А на Гаіці працягваецца крывавае пекла…

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.