Вы тут

Сёлета айчынны кінематограф святкуе 100-гадовы юбілей


Сёлета айчынны кінематограф адзначае прыгожую дату — 100 гадоў свайго існавання. За гэты час у гісторыю «Беларусьфільма» ўпісана шмат імён таленавітых творцаў, якія стварылі любімыя многімі фільмы, заявілі пра наша кіно ўсяму свету. 


Фота: БелТА

А вось пра тое, як на працягу года будуць святкаваць юбілей, якіх прэм’ер дачакаецца глядач у бліжэйшыя месяцы і наколькі запатрабаваная беларуская кінапрадукцыя ў краіне і за яе межамі, расказалі прадстаўнікі Міністэрства культуры і нацыянальнай кінастудыі на нядаўняй сустрэчы з журналістамі.

— Бягучы год для беларускага кіно знакавы, бо яно адзначае 100-гадовы юбілей. Але невыпадкова эмблемай стагоддзя беларускага кіно выбраныя знак «Беларускаму кіно — сто гадоў. Усё наперадзе» і сімвал Бураціна. Гэта бесклапотны чалавек, які заўсёды верыў у найлепшае, імкнуўся да поспеху і дабіваўся яго. Думаю, такі ж лёс і настрой і ў нашых сучасных кінематаграфістаў. Юбілейны год будзе сапраўды асаблівым годам, ён не звядзецца толькі да аднаго мерапрыемства 17 снежня 2024 года, — адзначыла начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. — Святочныя мерапрыемствы ў нас пройдуць на працягу года. Уключылася ў падрыхтоўку і правядзенне святочных, асветніцкіх, культурных мерапрыемстваў уся наша культурная грамадскасць. Гэта не толькі Міністэрства культуры, кінастудыя і кінапракатныя арганізацыі, але і нашы ўстановы вышэйшай адукацыі: Акадэмія мастацтваў, Універсітэт культуры і мастацтваў, факультэт журналістыкі БДУ, а таксама Нацыянальная акадэмія навук, архіў кінафотафонадакументаў і нашы абласныя ўпраўленні культуры, рэдакцыя часопіса «На экранах». Усе запрапанавалі свае мерапрыемствы для таго, каб год сапраўды прайшоў пад знакам кіно. Таксама ў рамках юбілейнага года запланаваны і разнастайныя выстаўкі. Акрамя часовых праектаў, варта чакаць адкрыццё новай экспазіцыі Музея гісторыі беларускага кіно.

— Наш музей актыўна рыхтуецца да 100-годдзя беларускага кіно. Найперш мы сканцэнтраваны на стварэнні новай пастаяннай інтэрактыўнай экспазіцыі. Інтэрактыўная яна таму, што мы хочам прыцягнуць увагу да яе розных катэгорый наведвальнікаў: і дзяцей, і студэнтаў, і дарослых людзей. Яны і так да нас прыходзяць, але настаў момант, калі патрэбна экспазіцыю абнавіць, і юбілей беларускага кіно — выдатная нагода зрабіць гэта, адлюстраваўшы комплексна насычаную гісторыю нашага кіно, — зазначыла загадчык Музея гісторыі беларускага кіно філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Вераніка Себруковіч. — На сёння ў нас сфарміравана рабочая група па стварэнні новай пастаяннай экспазіцыі. Ёсць праект навуковай канцэпцыі. І ўжо пэўныя намёткі мы маем па візуальным рашэнні, як будзем прадстаўляць свае ідэі. Вядома, у першую чаргу там будуць музейныя прадметы, бо яны аснова для музейнай экспазіцыі. Але будзем выкарыстоўваць і інфармацыйныя тэхналогіі. Напрыклад, мультымедыйныя экраны, што дазволіць больш глыбока пазнаёміцца з тэмай гісторыі беларускага кіно, з яго стваральнікамі і прадстаўнікамі.

Не абыдуць увагай таксама і тэму 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды вытворчыя і кінапракатныя арганізацыі краіны рыхтуюць свае кінаакцыі, каб як мага болей людзей самых розных узростаў змаглі прычыніцца да найлепшага беларускага кіно, у якім адлюстраваны падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Таксама Міністэрства культуры Беларусі атрымала прапанову ад расійскіх калег уключыць у гэтую акцыю яшчэ і савецкія кінастужкі, таму калі кінапракатчыкі прапрацуюць усе пытанні ў прававым полі, то лінейка фільмаў значна пашырыцца…

— Я хацеў бы засяродзіць увагу на тым, што зараз наша кінастудыя, акрамя ўсяго іншага, вельмі сур’ёзную ўвагу аддае выпуску кіначасопісаў. Гэты вопыт аднавіў наш міністр культуры пасля наведвання кінастудыі «Лендок». І цяпер мы робім кароткаметражныя фільмы, якія будуць папулярызаваць нашу краіну. Гэта расповед пра медыцынскіх работнікаў, пра нашы культурныя ўстановы, пра нашу прамысловасць і прадпрыемствы. Будзем паказваць найлепшае кіно нашай краіны ўсяму свету, — дадаў генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей. — Яшчэ я хацеў бы сказаць, што, безумоўна, у нас шмат знакавых фільмаў. Але і сучасныя кінаработы таксама паказваюць, якія прапановы мае «Беларусьфільм» для сучаснага гледача. Зусім нядаўна мы прапанавалі кінаработу нашага маладога рэжысёра Кірыла Халецкага. І ён далей працягвае працаваць над вытворчасцю фільмаў. З чаканых прэм’ер тая ж кінастужка «Час вярнуцца» — вельмі важная для краіны, іншая кінапрадукцыя. Мне хочацца яшчэ нагадаць і пра работу над фільмам беларуска-кітайскай вытворчасці. Зараз у Міністэрстве замежных спраў знаходзіцца сінопсіс на ўзгадненні. Таму мы не спыняемся ў працы, працэс рухаецца.

У сваю чаргу, начальнік аддзела маркетынгу кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Кузняцоў расказаў пра тое, ці дае прыбытак кінавытворчасць і што сёння робіцца для прасоўвання беларускага кіно як у краіне, так і за яе межамі: «Калі назваць некалькі лічбаў па выніках мінулага года, то 65% са 100 — гэта менавіта прыбытак па знешнеэканамічных дагаворах. Гэта сведчыць, што і нашы новыя фільмы, і наша кінабібліятэка карыстаюцца вялікім попытам, да іх ёсць інтарэс. 

І купляюць не толькі кінастужкі, а нават асобныя кадры. Пры падтрымцы нашага Міністэрства культуры, кіраўніцтва кінастудыі мы выйшлі на 51 рэгіён Расійскай Федэрацыі. Працуем там з кінапракатнымі дзяржаўнымі і прыватнымі арганізацыямі. Напрыклад, запрапанавалі ім ігравыя фільмы 2023 года — „Кіношнікі“, „На другім беразе“, „Ліст чакання“, аднак у іх выклікаюць інтарэс і нашы фільмы савецкага перыяду, кіно перыяду нашай незалежнай Беларусі. Таму дзесьці разлічваем, што і партнёры нам дапамогуць, каб і расійскі глядач убачыў нашы фільмы ў сваіх кінатэатрах».

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Усё наперадзе

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.