Вы тут

У Горкаўскім тэатры — прэм’ера: меладрама «Анфіса»


Меладраму «Анфіса» прадставілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Рэжысёр-пастаноўшчык — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянціна Еранькова. Што асабліва інтрыгуе — спектакль па п’есе Леаніда Андрэева, рускага пісьменніка, неадназначна прынятага і сваім часам, і новым. Сама біяграфія дзівака выклікае цікавасць, не кажучы ўжо пра паўзабытую п’есу аўтара «Чырвонага смеху», «Іуды Іскарыёта», «Баргамота і Гараські», «Жыцця Васілія Фівейскага»... 


Справа ў тым, што Леанід Андрэеў — адзін з любімых пісьменнікаў Валянціны Ераньковай. Яшчэ ў 1990-я рэжысёр звярталася да творчасці празаіка і драматурга — паставіла па яго апавяданні «Няма прабачэння» спектакль «Скарпіён». І тады, і сёння беларускага пастаноўшчыка вабілі цікавыя дыялогі, канцэптуальная мова, загадкавасць і нават містычнасць творчасці пісьменніка Сярэбранага веку. І вось напярэдадні 75-годдзя Валянціны Ераньковай, якое яна адсвяткуе 24 красавіка, тэатр імя Максіма Горкага падтрымаў ідэю новага спектакля па п’есе «Анфіса», напісанай у 1909 годзе. Дапамагалі ў яе ажыццяўленні мастак-сцэнограф Ала Сарокіна, мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка і кампазітар Аляксей Еранькоў. За відэакантэнт адказвала Аляксандра Мацук, асістэнтам рэжысёра выступіла Ульяна Комар. 

У сваёй творчасці Леанід Андрэеў уздымаў тэмы прыроды зла і пакут, веры, жыцця і смерці, магчымасці (або немагчымасці) існавання ў свеце кахання і прыгажосці... Але сюжэты, якія выбіраў аўтар, адпуджваюць многіх. Аднак папрокі ў яго адрас гучаць галоўным чынам таму, што пазбаўляў чытача надзеі — значна грубей, чым яго сучаснікі. Здрада, самагубства, забойства — у каго яшчэ з аўтараў, якія пісалі аб душы чалавека, вы знойдзеце столькі загадкавага, змрочнага і хваравітага? 

Ледзь не ўсё, што хвалявала аўтара стагоддзе таму, можна знайсці і ў творы «Анфіса». А яшчэ тут напрошваюцца паралелі з біяграфіяй творцы, які аднойчы напісаў у дзённіку: «Як для адных неабходны словы, як для іншых неабходна праца або барацьба, так для мяне неабходна каханне. Як паветра, як ежа, як сон — каханне складае неабходную ўмову майго чалавечага існавання...» Быў такі эпізод: калі Леанід Андрэеў закахаўся ў Аляксандру Велікагорскую, яна засведчыла, што той можа кахаць толькі ў пакутах. Калі ж яго не прымушаюць гэтага рабіць, ён не здольны на моцнае пачуццё. «Каханне = пакуты» — лейтматыў п’есы «Анфіса»... Пазней, дарэчы, Леанід Андрэеў спрабаваў заляцацца да замужняй сястры Шуры (чарговая паралель з п’есай). У рэшце рэшт пісьменнік ажаніўся з Аляксандрай, але пасля яе смерці шукаў кахання і пакут. 

Адно з гэтага ён дакладна знаходзіў. 

Так, сюжэт п’есы «Анфіса» няхітры: тры сястры — Аляксандра (на сцэне яе ўвасабляе Вераніка Пляшкевіч), Анфіса (іграе Вольга Здзярская) і Ніна (ролю выконвае Лізавета Гаўрылава, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў) — шукаюць кахання ў Фёдара Іванавіча Кастамарава (Аляксандр Гіранок), які знаходзіцца ў шлюбе з Аляксандрай, што, натуральна, не гарантуе ўзаемнасці пачуццяў. Між тым атрымалася не зусім меладрама, як заяўлена. Тут няма знарочыстага супрацьпастаўлення дабра і зла, характары герояў не пазбаўлены псіхалагічных нюансаў (а жанр патрабуе якраз выразнасці і непахіснасці амплуа), абыходзіцца амаль без істотных выпадковасцей, якія вызначаюць развіццё сюжэта (тым не менш лінія фаталізму надзвычай моцная). За сцэнамі сямейнымі, бытавымі, часта камернымі хаваецца ледзь не псіхалагічны трылер. Ніякага хэпі-энду — нават трагічны фінал прадыктаваны безвыходнасцю. А некаторыя сімвалы сведчаць пра тое, што ўсё паўтараецца, а выйсце ніяк не знаходзіцца.

Спектакль напоўнены эмоцыямі. Героі ў пэўны момант перастаюць саромецца і саміх сябе, і прагі пэўных пачуццяў. Леанід Андрэеў якраз і даследаваў тое, чаму, калі і як у душы чалавека нараджаецца зло і ці ёсць шлях назад — да святла. А што можа ўратаваць асобу? У спектаклі «Анфіса» даецца адназначны адказ — каханне. А калі чалавек не ўмее, не здольны любіць, кахаць? Фінал, здаецца, не пакідае прасторы для вольнай інтэрпрэтацыі, рашэнне, па Леаніду Андрэеву, відавочнае. Яго прытрымліваецца і рэжысёр спектакля ў НАДТ імя М. Горкага. 

Унутраныя супярэчнасці герояў, якіх нібы выпрабоўвае вышэйшая сіла, здольны адчуць і зразумець толькі чуйныя назіральнікі. Глядач, які засяродзіцца выключна на сюжэце, толькі і зможа вымавіць: «Так і трэба ім усім, хворым эгаістам». Аднак пастаноўка Валянціны Ераньковай не церпіць павярхоўнага погляду, няўважлівасці да сімвалаў, незаглыблення ў тэкст. А гаворка ідзе пра душу чалавека, магчыма, не самая змястоўная, але неабходная. Калі побач татальная непрымальнасць людзьмі падзей, з’яў, іншых людзей, у рэшце рэшт, варта зазірнуць у глыбіню сваёй душы і пашукаць адказы на пытанні, якія здаюцца простымі. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта rustheatre.by

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.