Вы тут

Марыя Мельнікайтэ ўнесла свой уклад у барацьбу з фашызмам


У серыі публікацый мы раскажам пра жанчын, мужных і адважных, якія ўнеслі свой уклад у барацьбу з фашызмам у час Вялікай Айчыннай вайны. Іх імёнамі названы вуліцы Мінска. 


На шырокай, прыгожай вуліцы, названай імем Героя Савецкага Саюза, мужнай дачкі літоўскага народа Марыі Іозаўны Мельнікайтэ, заўсёды шматлюдна. Тут размешчаны будынак адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы. Ідуць людзі да мемарыяла «Яма», прысвечанага ахвярам Халакосту. 

Імя адважнай партызанкі жыве ў назвах вуліц не толькі ў Мінску. Вуліца Мельнікайтэ ёсць таксама ў Цюмені, Шымкенце і Алматы. У Літве, Друскінінкаі і Зарасаі ў яе гонар у пасляваенны час былі ўстаноўлены помнікі, а ў Зарасаі — родным горадзе бясстрашнай змагаркі з фашызмам — быў адкрыты дом-музей Марытэ Мельнікайтэ.

Смелая, рашучая Марыя (Марытэ) выконвала самыя складаныя заданні партызанскага атрада. Нарадзілася ў 1923 годзе ў беднай сям’і каваля. З дзяцінства працавала на кандытарскай фабрыцы, каб дапамагчы сям’і. Калі Літва ўвайшла ў склад Савецкага Саюза, уступіла ў камсамол.

Калі пачалася вайна, Марыя была эвакуіравана ў Цюмень, дзе працавала на розных прадпрыемствах. Аднак дзяўчына мела гарачае жаданне змагацца з ворагам. Добраахвотна пайшла на фронт. У 1942 годзе паступіла ў разведшколу ў Балахне. Пасля заканчэння курса была накіравана ў партызанскі атрад імя Кестуціса, які дзейнічаў у Беларусі і Літве. Там Марыя атрымала псеўданім «Она Куасайтэ» і стала кіраўніком Зарасайского падпольнага павятовага камітэта ЛКСМ.

Бясстрашная дзяўчына ўдзельнічала ў шматлікіх баявых аперацыях, падрывала цягнікі, склады, атакавала гарнізоны, агітавала насельніцтва супраць акупантаў. Загінула Марыя ва ўзросце 20 гадоў ад рук фашысцкіх нелюдзяў. Група партызан, якую яна ўзначальвала, патрапіла ў засаду. У няроўным баі дзяўчына была паранена і захоплена ў палон. Немцы бязлітасна катавалі яе, але адважная партызанка нават не назвала свайго імя. Пахавана на беразе возера Зарасай. У 1944 годзе Марыі Іозаўне Мельнікайтэ пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Марыя Мельнікайтэ была глыбока аддадзеная сваёй краіне і змагалася за свабоду Літвы і Беларусі ад фашызму. Яе лідарскія якасці, сіла духу і вера ў перамогу дапамагалі натхняць іншых на барацьбу з ворагам. 

У раёне вуліц Мельнікайтэ і Заслаўская знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Яма». Помнік узведзены на месцы Мінскага гета — аднаго з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе. Тут 2 сакавіка 1942 года фашысты знішчылі каля пяці тысяч вязняў гета.

На маіх вачах да мемарыяла падыходзілі экскурсіі. Маладыя дзяўчаты і хлопцы ўважліва вывучалі надпіс на абеліску і слухалі расповед пра жахлівыя падзеі, якія адбываліся на гэтым месцы. 

Вуліца Мельнікайтэ прасякнута памяццю пра вайну. Тут можна атрымаць сапраўдны ўрок гісторыі. 

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.