Вы тут

Уладзімір Андрэйчанка ўручыў пашпарты маладым беларусам


Урачыстасць адбылася ў рамках Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», ініцыіраванай ГА «БРСМ» у 2004 годзе. З таго часу яна набыла вялікую папулярнасць і стала ўжо традыцыйнай. А ўрачыстыя абставіны далучэння моладзі да дарослага жыцця падкрэсліваюць значнасць гэтай падзеі.


Фота: БелТА

Аб гэтым сказаў Уладзімір Андрэйчанка, вітаючы маладых людзей у Авальнай зале парламента: «Сёння вы не проста атрымліваеце пашпарты — вы атрымліваеце пуцёўку ў дарослае жыццё. Памятайце, што быць грамадзянінам — вялікая адказнасць... Дзе б вы ні былі, увесь час памятайце пра сваю Радзіму, вялікую і малую, любіце яе і ганарыцеся ёю...»

Ён падкрэсліў таксама і тое, што сёлетняе традыцыйнае свята напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь незвычайнае, бо праходзіць у год юбілею галоўнага закона дзяржавы. «У 1994 годзе, калі мы тут прынялі Канстытуцыю, прагаласавалі за яе, з гэтай трыбуны Прэзідэнт выступаў і даваў клятву. Ён прыняў краіну, калі ў нас на паліцах магазінаў нічога не было. Яны пустыя былі... Цяжкі час быў. І Прэзідэнт расставіў прыярытэты развіцця краіны: экспарт, каб зарабіць валюту, харчаванне, каб накарміць людзей, і жыллё. Тры прыярытэты. Прэзідэнт сказаў тады: трэба краіну адвесці ад бездані... І, дзякуючы яму, таму што Прэзідэнт сапраўды патрыёт нашай краіны, нам гэта ўдалося. А сёння ўжо гэта сучасная, незалежная дзяржава, якая сама будуе эканоміку, і яна ў нас паспяхова развіваецца. Таму яшчэ раз паўтаруся: трэба любіць сваю краіну, сваіх людзей, традыцыі і, самае галоўнае, рабіць пасільны ўнёсак у развіццё нашай дзяржавы», — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Падчас размовы з падлеткамі спікер расказаў аб асаблівасцях заканатворчага працэсу, распрацоўцы законапраектаў і алгарытме прыняцця законаў. Дарэчы, Палата прадстаўнікоў сёмага склікання прыняла ўжо 364 законапраекты. Перад уручэннем пашпартоў юнакам і дзяўчатам Уладзімір Андрэйчанка адказаў на іх пытанні, якія датычыліся розных галін жыцця краіны і грамадства. Так, адзін з падлеткаў пацікавіўся, што такое — быць патрыётам. «Быць патрыётам — гэта значыць любіць усё сваё: сваю краіну, сваіх людзей, паважаць свае традыцыі, сваю гісторыю. Гэта наша краіна, і мы павінны быць патрыётамі. І перш чым даваць нейкія ацэнкі, заўсёды трэба падумаць: а што мы самі зрабілі? І трэба самім рабіць усё, каб краіна станавілася лепшай і багацейшай...» — зазначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

«Гэтая сустрэча, безумоўна, запомніцца на ўсё жыццё, — падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы навучэнец Віцебскага кадэцкага вучылішча Ілья Арлоў. — Атрыманне пашпарта — вельмі важная падзея. Ён для мяне як знак патрыятызму. Цяпер я сапраўдны грамадзянін сваёй дзяржавы і патрыёт. 

Я шчыра ганаруся нашай краінай і нашымі людзьмі — добрымі, спагадлівымі, заўсёды гатовымі прыйсці на дапамогу і падтрымаць у цяжкую хвіліну».

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.