Вы тут

У перыяд святочных дзён выяўлена 79 парушэнняў ПДР


У Мінску завяршылася акцыя «П’янаму і бяспраўнаму не месца на дарозе!». У сталічнай ДАІ распавялі, колькі парушальнікаў выявілі за адзін дзень. Толькі 10 сакавіка ў горадзе затрыманы 13 нецвярозых аўтамабілістаў і 29 кіроўцаў, якія селі за руль без правоў кіроўцы. Рэйды праводзілі з 7 да 11 сакавіка.


Дзяржаўтаінспекцыя падкрэслівае, што нецвярозае кіраванне з’яўляецца смяротна небяспечным парушэннем. Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення пагражае штраф у памеры да 200 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі да пяці гадоў. У выпадку паўтору такога парушэння надыходзіць крымінальная адказнасць, а машыну канфіскуюць незалежна ад таго, каму яна належыць.

Што ж датычыцца язды без вадзіцельскага пасведчання, то за гэта можна атрымаць штраф у памеры ад пяці да 20 базавых велічынь, за паўторную на працягу года — ад 20 да 50 БВ, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт. За гэта правапарушэнне таксама прадугледжана крымінальная адказнасць.

У Дзяржаўтаінспекцыі Брэста расказалі, на што звярталі ўвагу пры правядзенні нядаўніх рэйдаў, і папярэдзілі мясцовых аўтамабілістаў аб штрафе і эвакуацыі ў выпадку паўторных парушэнняў.

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Брэста правялі прафілактычную акцыю «Па кантролі за выкананнем правілаў прыпынку і стаянкі транспартных сродкаў» і расказалі пра тое, за што эвакуіруюць аўтамабілі беларусаў і выпісваюць штрафы часцей за ўсё. Па словах інспектараў, менавіта праблема недахопу парковачных месцаў «прыводзіць да хаосу на вуліцах, стварае праблемы для кіроўцаў і павялічвае верагоднасць дарожна-транспартных здарэнняў».

Паводле інфармацыі ДАІ, выпадкі, калі кіроўцы з-за адсутнасці свабодных парковачных зон займаюць месцы, прызначаныя для інвалідаў, не рэдкія.

Дзяржаўтаінспекцыя Гомельскай вобласці правяла 11 сакавіка ранішнюю адпрацоўку «Фільтр» у рамках прафілактычнай акцыі «П’янаму і бяспраўнаму не месца на дарозе!» на тэрыторыі Рэчыцкага раёна і абласнога цэнтра.

Пасля святочных дзён вартавыя дарог спынялі максімальна магчымую колькасць транспартных сродкаў, асаблівую ўвагу ўдзялялі фізічнаму стану вадзіцеляў, наяўнасці ў іх неабходных дакументаў, у першую чаргу пасведчання. Па выніках «Фільтра» выяўлена 79 парушэнняў ПДР, два кіроўцы затрыманыя за кіраванне транспартам у стане ап’янення, пяць — з-за адсутнасці правоў.

У іншых раёнах вобласці таксама праводзілася ўзмоцненая адпрацоўка, падчас якой выяўлена больш за 200 парушэнняў ПДР, затрыманы шэсць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, зарэгістравана 35 парушэнняў з боку ўразлівых удзельнікаў дарожнага руху — пешаходаў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Парушальнікаў не любяць нідзе

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.