Вы тут

Як у ДАІ змагаюцца за бяспеку ўсіх удзельнікаў дарожнага руху?


Гарады апанаваў электратранспарт — самакаты, гіраскутары, манаколы і іншыя навамодныя прылады. Не трэба скідаць з рахункаў і звычайныя веласіпеды. Асабліва шмат іх з’яўляецца вясной і летам, калі рэзка павялічваецца колькасць ахвотных паганяць пад цёплым ветрыкам. Вось тады пешаходам трэба быць асабліва ўважлівым: у любую секунду з-за спіны можа вынырнуць які-небудзь шустры «гоншчык» на двухколавым транспарце. Прычым за рулём часам знаходзяцца і падлеткі, у якіх інстынкт самазахавання яшчэ адсутнічае, а таму яны не баяцца рызыкі.


Самакатаў і веласіпедаў шмат, а таму і аварый больш

Усё часцей людзі выкарыстоўваюць веласіпеды і сродкі персанальнай мабільнасці (СПМ) для мэтавых паездак, а не ў якасці забавы. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ДАІ МУС Беларусі Аляксандр Занімон. Па словах прадстаўніка ДАІ, такая практыка звязана з бурным развіццём у гарадах профільнай інфраструктуры. «Мы запыталі інфармацыю ў буйных сэрвісаў, якія даюць у арэнду як веласіпеды, так і сродкі персанальнай мабільнасці. За апошнія два-тры гады колькасць карыстальнікаў і паездак павялічылася ў два разы. Растуць і продажы веласіпедаў і СПМ», — адзначыў Аляксандр Занімон.

Але разам з тым гэта правакуе рост дарожна-транспартных здарэнняў. «На працягу апошніх гадоў павялічылася колькасць ДТЗ, асабліва ў кантэксце павароту направа, калі транспартны сродак перасякае пешаходны пераход. Гэта ўласціва, перш за ўсё, вялікім гарадам. У сельскай мясцовасці да веласіпедаў на дарогах прывыклі ўжо даўно», — сказаў прадстаўнік ДАІ.

Павелічэнне колькасці веласіпедаў і СПМ спрыяе некалькім карысным тэндэнцыям. «Людзі паступова прыходзяць да таго, што веласіпед становіцца паўнавартасным транспартам. Гэта добра з пункту гледжання разгрузкі транспартных патокаў, памяншэння выкіду ў атмасферу шкодных рэчываў і фарміравання ў людзей культуры здаровага ладу жыцця», — заўважыў Аляксандр Занімон.

Толькі са святлом

Прадстаўнік ДАІ адзначыў, што практычна на ўсіх сродках персанальнай мабільнасці ёсць актыўнае святло, чаго не скажаш пра веласіпеды. «Даволі рэдка можна ўбачыць, каб у цёмны час сутак веласіпедыст ехаў са святлом, чамусьці велааматары грэбуюць гэтым. Больш за тое, на многіх „двухколавых“ іншы раз няма і катафотаў. Аднак наяўнасць святла з’яўляецца, акцэнтую ўвагу, абавязкам веласіпедыстаў, каб пазбегнуць аварый. Мы яшчэ раз заклікаем іх усталяваць светлавыя прыборы. Перш за ўсё для бяспекі ўсіх удзельнікаў руху», — падкрэсліў Аляксандр Занімон.

І яшчэ. Сёлета веласіпедыстаў вярнулі на праезную частку. Аляксандр Занімон прывёў статыстыку: пасля таго, як у 2006 годзе з ПДР знікла норма аб перамяшчэнні веласіпедыстаў па краі дарогі (максімум за метр ад яго), колькасць загінулых веласіпедыстаў зменшылася ўтрая.

У новых правілах ДАІ вярнула гэтую норму, але дазволіла перамяшчацца толькі там, дзе абмежавана максімальная хуткасць перамяшчэння. «Гэта зоны з абмежаваннямі ў 30 і 20 кіламетраў за гадзіну. Да таго ж апошнім часам стала актыўна ўкараняцца ўладкаванне веласіпедных дарожак не на ходніках, а па краі праезнай часткі», — растлумачыў прадстаўнік ДАІ. У якасці прыкладу — рашэнне ў Мінску па вуліцы Веры Харужай.

Трымайце хуткасць

Як правіла, сродак персанальнай мабільнасці прызначаны для індывідуальнага перамяшчэння альбо сумеснага, калі гэта прадугледжана канструкцыяй вырабу. Максімальная хуткасць, з якой можна перасоўвацца на СПМ, — не больш за 25 кіламетраў за гадзіну, адзначыла начальнік аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху ГУ ДАІ МУС Вераніка Раманькова.

«Акрамя таго, пры перасячэнні праезнай часткі па пешаходным пераходзе хуткасць „мабільных вадзіцеляў“ павінна быць роўнай хуткасці пешахода, які ідзе пешшу. Пры набліжэнні да праезнай часткі пераканайцеся ў бяспецы. Таксама нельга перамяшчацца на прыладзе, будучы ў стане алкагольнага ап’янення. Дзецям да 14 гадоў перамяшчацца на СПМ можна толькі ў пешаходных і жылых зонах. Тут вялікая ўвага павінна быць з боку бацькоў», — нагадала Вераніка Раманькова.

Што датычыцца веласіпедаў, то цяпер дазволілі перамяшчацца на іх круглы год. «Калі раней у правілах былі пэўныя абмежаванні, напрыклад, перамяшчэння ў галалёдзіцу, то цяпер пры належным аснашчэнні веласіпеда і чалавека можна перамяшчацца на іх круглы год.

Велааматарам таксама можна не спешвацца на пешаходных пераходах, аднак, як і ў папярэднім выпадку, рабіць гэта неабходна з хуткасцю пешахода, які ідзе пешшу. Калі праезную частку перасякае веласіпедыст, якому менш за 14 гадоў, ён абавязаны спешыцца», — адзначыла прадстаўнік ДАІ.

У выпадку парушэння веласіпедыстамі правілаў дарожнага руху яны могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. «Павышаную ўвагу да веласіпедыстаў павінны праяўляць і вадзіцелі», — падкрэсліла Вераніка Раманькова.

Пры загарадным руху ва ўмовах недастатковай бачнасці або ў цёмны час сутак трэба абавязкова выкарыстоўваць адзенне са святлоадбівальнымі элементамі. «Падкрэслю: менавіта адзенне. Мы рэкамендуем выкарыстоўваць камізэлькі павышанай бачнасці. Яны значна павялічваюць глядзельнае ўспрыманне для кіроўцаў, што, безумоўна, павышае бяспеку», — адзначыла Вераніка Раманькова.

Патэнцыяльны забойца

З мэтай прафілактыкі траўматызму і скарачэння колькасці ДТЗ, у першую чаргу, па прычыне нецвярозага стану, у нашай краіне стартавала акцыя «П’янаму і бяспраўнаму не месца на дарозе!» Яна, аднак, не звязаная з тым, што «п’яных» аварый стала больш. Зусім наадварот.

«Дынаміка станоўчая: калі казаць пра два месяцы гэтага года, то такіх здарэнняў стала менш у два разы. У 2023-м іх было здзейснена 30, сёлета — 11. Тая ж дынаміка з ДТЗ па віне бяспраўнікаў: у 2022-м іх было 212, у 2023-м — 161», — прывяла даныя ДАІ Вераніка Раманькова. Паводле яе слоў, калі п’яны садзіцца за руль, то ён патэнцыяльны забойца. Такія здарэнні маюць цяжкія наступствы як для самога кіроўцы, так пасля і для сям’і пацярпелага.

Эксперты адзначаюць, што пакаранне няўхільна знойдзе ўсіх парушальнікаў. Пры гэтым Аляксандр Занімон нагадаў, што пры перасячэнні пешаходнага перахода веласіпедысты і самакатчыкі павінны выконваць хуткасны рэжым, і калі яны рухаюцца хутчэй за пешахода, то будуць пакараны. Прычым будуць аштрафаваны нават праз некаторы час, пасля звароту кіроўцаў, якія падалі звесткі з відэарэгістратараў.

Адказаў спецыяліст і на пытанне, як пакараюць кіроўцу таксі, які перавёз дзіця да 12 гадоў без дзіцячага аўтакрэсла. Усё проста: та-
кога аўтамабіліста, нават які праявіў чуласць у дапамозе дабрацца да патрэбнага пункта маме з дзіцем, пакараюць у адпаведнасці з правіламі дарожнага руху.

Святлафоры з падсветкай тратуара

Звыш 200 мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне бяспекі дарожнага руху на вулічна-дарожнай сетцы, рэалізавана ў Мінску летась, паведаміў намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс Лівановіч. Работы, прадугледжаныя канцэпцыяй «Добрая дарога» на 2021–2025 гады, праводзіліся ў тым ліку на дваровых тэрыторыях і паблізу ўстаноў адукацыі. Інфраструктура ўдасканальвалася з улікам абстаноўкі, якая існуе.

Абсталяваны астраўкі бяспекі, паркоўкі транспарту, дадатковыя палосы для руху і іншае. Арганізаваны пілотныя зоны па тэсціраванні пешаходных святлафораў з падсветкай тратуара і праезнай часткі, па фіксацыі парушэнняў правілаў прыпынку і стаянкі, праезду аўтамабіляў на чырвоны сігнал святлафора. «Працягваецца работа па пашырэнні аўтаматызаванай сістэмы кіравання дарожным рухам, развіцці магістральнай вулічна-дарожнай сеткі, веладарожак», — распавёў Дзяніс Лівановіч.

Усяго ў Мінску ў 2023 годзе адбылося 565 дарожна-транспартных здарэнняў, што на 1,4% менш, чым у 2022-м. У іх загінулі 24 чалавекі. Часцей за ўсё аварыі звязаны з сутыкненнем транспартных сродкаў і наездам на пешаходаў. Ад агульнай колькасці загінулых на долю пешаходаў прыпадае 58%.

Застаецца актуальнай праблематыка траўміравання непаўналетніх. За мінулы год з удзелам дзяцей здарылася 68 аварый — зніжэнне да 2022 года на 8%. У 57% выпадкаў дзеці былі пешаходамі, у 17% — пасажырамі транспартных сродкаў, у астатніх — веласіпедыстамі.

Нагрузка на МКАД будзе расці

У Мінску на МКАД плануецца стварыць сістэму ідэнтыфікацыі, кіравання і інфармавання ўдзельнікаў дарожнага руху з забеспячэннем аўтаматычнага кантролю. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на пасяджэнні камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры Мінгарвыканкаме.

Дзяніс Лівановіч адзначыў, што Мінская кальцавая аўтамабільная дарога з’яўляецца адной з самых загружаных магістраляў у горадзе. Гэтая папулярнасць мае адмоўны бок: на МКАД адбываецца больш за 7% ад агульнай колькасці ўліковых ДТЗ, на яе прыпадае траціна загінулых у аварыях.

«Трагедыя ў Смалявіцкім раёне, у выніку якой загінулі 13 чалавек, прымусіла ўсіх нас глыбей засяродзіцца на пытанні бяспекі не толькі грузавых і пасажырскіх перавозак, але і ў цэлым дарожнага руху, — адзначыў Дзяніс Лівановіч. — Мінск як эканамічны цэнтр краіны будзе развівацца ўсё хутчэй, што прыцягне прыток грамадзян, якія не толькі пражываюць тут, але і працуюць у горадзе. Як вынік — нагрузка на МКАД будзе расці. Тыя метады рэгулявання дарожнага руху, якія сёння прымяняюцца на Мінскай кальцавой аўтадарозе, састарэлі і не дазваляюць у належнай меры забяспечваць бяспеку. Не прыняўшы комплексныя меры, будзем кожны год фіксаваць гібель людзей. Нароўні з рэалізацыяй інфраструктурных рашэнняў кіраванне рухам на МКАД павінна перайсці ў сферу тэхналогій і аўтаматызацыі, каб як мага менш залежаць ад чалавечага фактару».

Намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама адзначыў, што першапачаткова меркавалася ўкараніць сістэму як у Мінску, так і на прылеглых дарогах Мінскай вобласці да МКАД-2. Але прынята рашэнне абмежавацца тэрыторыяй горада. Будзе распрацавана адпаведная канцэпцыя, дзе вызначаць асноўныя кірункі дзейнасці і выканаўцаў. Яе асноўная задача — знізіць нагрузку на МКАД з боку грузавога транспарту.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Ліхачам і п’яным на дарозе не месца

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.